Вы тут

Дарункі для Еўкі


Каменныя дзевачкі як абярэгі ад бяздзетнасці і самоты


У нашых продкаў было прынята да вялікіх святаў рыхтавацца загадзя. Вельмі загадзя, ледзь не за некалькі тыдняў. І гэта нядзіўна: перад важным днём гадавога цыкла варта зрабіць сапраўды шмат. Старанна прыбраць хату і двор, вычысціўшы ўсе куты ад павуціння, пылу, старых непатрэбных рэчаў. Наведаць могілкі, прыбраць і ўпрыгожыць свежымі кветкамі месцы пахавання продкаў і блізкіх сямейнікаў. Завітаць у мясціны, што лічацца цудадзейнымі і памоцнымі, навесці парадак і тут. Зрэшты, паспець назбіраць прадуктаў і прыгатаваць усе неабходныя рытуальныя стравы. Разам з ачышчэннем цела, прасторы навокал, крок за крокам пасля кожнага выкананага дзеяння, прыходзіць і адчуванне ачышчэння душы: усе неабходныя справы зробленыя, можна з чыстым сэрцам у чыстай хаце святкаваць аж некалькі дзён.

З моцным укараненнем на нашых землях хрысціянства ледзь не ўсе працэсы ачышчэння, падрыхтоўкі да новага жыццядайнага вяснова-летняга ўраджайнага сезона пачалі суадносіцца з, бадай, самым галоўным святам — Вялікаднем. Ды і адлік часу правядзення многіх традыцыйных рытуалаў цяпер пачынаецца ў залежнасці ад гэтага дня. Часта пабачым у апісаннях, што пэўнае дзеянне варта выконваць за тыдзень, за некалькі дзён да ці пасля Уваскрасення Хрыстовага.

Таму пачынаем рыхтавацца да вялікага свята разам. І сёння (а таксама ў некалькіх наступных нумарах) згадаем адзін з перадвелікодных абрадаў, што дагэтуль жыве ў Лельчыцкім раёне і ўнесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Гэта традыцыя пакланення каменным крыжам, ці, як іх ласкава і па-свойску называюць мясцовыя, «Каменным дзевачкам».

Жыхары вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна дакладна не адкажуць, чаму менавіта перад Вялікаднем варта наведваць месцы сілы — каменныя крыжы, што растуць з зямлі. Не раскажуць з упэўненасцю, што патрэбна рабіць, прыйшоўшы да «дзевачак». Не згадаюць і час, калі пачалі да іх хадзіць і з якой прычыны скіраваліся да каменнай Евы ўпершыню. Так павялося. Так рабілі продкі. Варта шчыра папрасіць — і дзевачка дапаможа.

Згодна з мясцовай легендай, каменныя крыжы ў лесе з’явіліся не проста так. Вельмі даўно дзяўчынка з сімвалічным іменем Еўка пайшла ў поле жаць жыта разам з маці, але працавала вельмі марудна. Калі ж маці прасіла яе не ленавацца, дапамагаць, казала, што моцна стамілася. Тым часам да маці з дачкой рухалася хмара, і трэба было пакласці снапы хутчэй, але дзяўчынка марудзіла, таму маці не стрымалася і пракляла дачку, пажадала, каб тая акамянела. Прагрымеў гром, дзяўчынка пераўтварылася ў камень…

Нават і не згадаць таго часу, калі жыхары і госці вёсак Данілевічы і Баравое пачалі прыязджаць да «Каменных дзевачак», каб пакінуць ім ахвяру ў выглядзе фартушкоў, ручнічкоў, упрыгожанняў, цацак, велікодных яек, цукерак, і просяць дапамагчы са здароўем, нараджэннем дзіцяці, у асабістым жыцці і дабрабыце. Пры гэтым не існуе дакладнай памяткі, як сябе паводзіць у прысутнасці «дзевачак»: можна рабіць усё, што ў дадзены момант будзе на душы. Напрыклад, спяваць песні, чытаць малітвы, звяртацца да Еўкі сваімі словамі, фармулюючы ўласную просьбу. Нехта прыходзіць сюды раз на год — перад Вялікаднем, а нехта часцей — па патрэбе душы, каб пагутарыць і выказаць тыя страхі і боль, што перашкаджаюць жыць.

Але не ўсё так проста. Ёсць пэўныя правілы, якія варта выконваць. Так, фартушкі, што павязваюць на камяні, павінны быць пашытыя ўручную, не на швейнай машыне. Абавязкова варта прынесці ахвяру, хоць самую дробную — цукерку, пярсцёнак, пацеркі, хустачку, як дзяўчынкі любяць. А ахвяру, паабяцаную каля дзевачкі, неабходна выканаць, інакш Еўка (і прыклады таму мясцовыя згадаюць) будзе з’яўляцца хлусу ў снах і патрабаваць свой падарунак.

Каля «Каменных дзевачак» мясцовыя жыхары праводзяць і рытуал ачышчэння. Збіраюць усе хусткі і фартушкі, што за год назбіраліся ў гэтым месцы і спальваюць іх у вогнішчы, прыгаворваючы: няхай мінулае ідзе да Бога дымам.

Дапамагаюць «дзевачкі»? Мясцовыя дакладна не скажуць. Але адзначаць з упэўненасцю: варта верыць, і просьба, самае таемнае жаданне здзейсніцца. Згадаюць мноства прыкладаў, як пасля візіту да камянёў у бяздзетных нараджаліся дзеці, «хранічна» нежанатыя хлопцы знаходзілі добрых жонак, дзяўчаты — мужоў. А хто выконвае тыя жаданні, Бог ці камень, ці ж важна?

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?