Вы тут

Алесь Свірскі: “Прыгожае цела палюбіць лёгка, але ж яднае душа ”


Мы ведаем, як выглядае сучасная беларуска, а якой яна была ў старажытнасці? Якімі былі стасункі паміж людзьмі, ці шмат мы ў гэтым страцілі? Што можа расказаць пра жанчыну песня і танец? Чым адметная добрая жонка? Пра гэта сёння разважае музыка Алесь Свірскі, мастацкі кіраўнік беларускага народнага фальклорнага ансамбля «Вербіца» Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода.


Народны аматарскi ансамбль "Вербiца" быў створаны ў 1979 годзе. У яго рэпертуары – аўтэнтычныя народныя песні і сучасныя апрацоўкi, абрадавыя i лiрычныя песнi розных рэгiёнаў Беларусi. Арыентацыя на захаванне iх першароднага гучання i стылю выканання, iмкненне зберагчы народныя традыцыi, абрады, танцы i мову беларусскага народа – галоўнае творчае крэда калектыву. Акрамя спеўнай группы, у “Вербіцы” ёсць танцоры i музыкi (гармонiк, цымбалы, скрыпка, кантрабас).

Лепшыя якасці ў жанчыны…

Шчырыя вочы, гарачае сэрца і ўзаемнасць у стасунках.

Кажуць, што жанчына – гэта загадка…

Так, і задача мужчыны ўсё жыццё яе разгадваць. Напэўна, гэта магчыма, але, калі ўжо разгадаў, не трэба гэтага паказваць (усміхаецца).

Што ні ў якім разе нельга казаць жанчыне?

Хлусню. Не трэба падманваць, бо губляецца давер і павага, а менавіта яны – залог шчаслівых адносін.

Добрая жонка – гэта якая?

Тая, што заўсёды цябе чакае, каханне якой ты заўжды адчуваеш, з ёю табе добра і хораша. І яна смачна гатуе (усміхаецца). Хоць у нас час -- я не лічу, што месца жанчыны на кухні. Калі за нейкімі прычынамі каханая не можа ці не хоча гатаваць, ці проста стамілася, я сам усё зраблю. Гэта мне не замінае, карона не падае. І калі трэба ў хаце прыбраць, нічога дзіўнага ў гэтым не бачу. А вось адпрасаваць штаны сабе можа толькі мужчына, таму гэтым займаюся выключна асабіста.

Калі б жанчыны былі музычным інструментам, то якім?

Самым дасканалым – голасам. Голас можа выказаць сум, радасць, дзіцячасць ці нейкія трывогі. Такі розны, універсальны, ён адлюстроўвае самыя разнастайныя пачуцці. Як і нашыя жанчыны.

Вы працуеце ў калектыве, большую частку якога складаюць жанчыны. Ці ўзнікаюць у сувязі з гэтым якія-небудзь асаблівасці ў працы?

Узнікаюць. Прыемна працаваць (усміхаецца).  Мая каханая таксама спявае ў нашым калектыве.

Гэта натхняе?

Напэўна, гэта больш яднае нас і ўзмацняе наша каханне. У паездках мы разам. Ёй няма хваляванняў, дзе я і чым заняты, ды і што тут казаць, няма прычын для рэўнасці. Яна – мая падрымка, бо я кіраўнік, і бываюць моманты, калі мне набходна дапамога блізкага чалавека.

Як ставіцеся да рэўнасці?       

Шмат чытаў пра гэта і шмат разважаў. Напэўна, у нейкай ступені рэўнасць мае права быць. Бо тады партнёр будзе адчуваць, што за яго нехта хвалюецца, перажывае. А калі чалавек не раўнуе, можна сказаць, што яму ўсё роўна. Ці гэта ўжо такі давер і ўпэўненасць. Але, як спяваў Высоцкі: “Не люблю ўпэўненасці сытай”.

Калі хлопец у танцы “лапаць”, будзе “лапцем” па жыцці

У інтэрв’ю вы не раз казалі, што ў кожнай песні ёсць гістарычны код. Таму цікава даведацца: якімі прадстаюць беларускія жанчыны ў нашых песнях?

Ведаеце, амаль усе нашыя песні пра каханне. І ёсць шмат пра цяжкую жаночую долю. Але лёгкай быць не магло: трэба было працаваць, гадаваць дзяцей ды гнуць спіну ў полі. Не сказаць, што ў мужчын доля была лягчэйшая: яны таксама шмат працавалі і часта ваявалі. Колькі ёсць рэкруцкіх і салдацкіх песень! Але людзі знаходзілі час на вячоркі і сустрэчы, танцы і спеўкі. Дарэчы, танцы былі вельмі цікавымі, яны выхоўвалі маладзён.

Напрыклад, першы танец на вячорках яшчэ з часоў ВКЛ дазваляў юнаку дакранацца толькі да локця дзяўчыны. Танец гэты вельмі просты. Людзі становяцца ў кола, за рукі не бяруцца. Спачатку ідуць плаўныя рухі і саскокі. А потым яны па кругу бяруцць адзін аднога за локаць. Хлопцы – левую руку за спіну, а правай рукой кранаюць правы локаць дзяўчыны.

Гэта танец, калі ўсе прыглядаюцца адзін да аднаго. Бо людзі збіраліся з некалькіх вёсак, навошта ж яшчэ былі гэтыя танцы? Гэта сустрэча не толькі, каб бавіць час, але і каб хлопец абіраў сабе дзяўчыну.

Другі танец, напрыклад, “Млын”, быў такі: выбіралі сабе пару, але яшчэ не ведалі адзін аднаго. Станавіліся ў кола, чаргуючыся: хлопец-дзяўчына, хлопец-дзяўчына. Правыя рукі ў цэнтр кола, і ішлі па крузе, тры пляскі ў далоні – і ў другі бок. А пасля ўжо ішла полечка, тады хлопец мог трошкі ўзяць дзяўчыну за талію, патанцаваць, і пры гэтым падчас танца маглі трошкі паразмаўляць. Потым зноў станавіліся ў кола, ішлі ў адзін бок, у другі – зноў полька. Але кожны раз моладзь мяняла партнёраў – так яны знаёміліся.

Далей танец – падэспань. Асаблівасць яго ў тым, што дзяўчына стаіць спінай і трымае руку ўверсе, далонню да неба. Хлопец кладзе далонь зверху, і такім чынам, калі ён захінае яе на сябе, дзяўчына па інэрцыі выпрамляецца. Тады можна паглядзець, які ў яе стан, наколькі прыгожая постаць і як яна панясе каромыслы з вёдрамі (смяецца). Гэта і гумар, і ўсур’ёз, бо праз танцы маладыя людзі прыглядаліся.

Дарэчы, тады такога не было, што людзі ажаніліся, пажылі нейкі час і разыходзіліся. Яны сур’ёзна ставіліся да таго, каго сабе выбіраюць.  Як дзяўчына спявае, як танчыць, як смяецца… такая яна будзе і ў жыцці. Тое ж тычыцца і хлопцаў. Калі ён ў танцы “лапаць”, то і будзе “лапцем” па жыцці. Дзяўчаты ж таксама абіралі жаніхоў.

Для мужчын былі сілавыя танцы, якія праводзіліся, пакуль дзяўчаты адпачывалі. Напрыклад, танец-гульня “Патэльня”. З мужчынскіх кушакоў на зямлі выкладвалася кола. Хлопцы браліся за рукі, і, калі вядучы скажа “гарачая патэльня”, кожны павінен паспрабаваць адзін аднаго запіхнуць ў кола, а сам застацца па-за яго межамі. Тыя, хто трапіў у кола, выбываюць. Вядучы блытае: “Гарачы… пацалунак”, – хлопцы ідуць па крузе і нічога не робяць. ”Гарачае… надвор’е”, – таксама. Калі ён скажа “гарачая патэльня”, мужчыны трапляюць у кола, пакуль не застанецца адзін, самы моцны і самы спрытны. 

Ці гульня “Яшчур”, якая праводзілася на Купалле. Бралася такая доўгая жэрдка, якая пабывала ў купальскім вогнішчы, і вось ёй хлопец круціў па крузе, што было, дарэчы, небяспечна. А астатнія павінны былі пераскокваць, бо, калі не пераскочыш, атрымаеш гарачай галавешкай па нагах. Такім чынам выяўляўся спрыт.

Многае ў тыя часы было разумным і правільным. Мы, на жаль, адышлі ад гэтага. Нам навязалі чужую культуру, але яна нішчыць наш код, што закладзены ў крыві продкамі. Шкада – мы свайго не беражом і нават цураемся.

Як па-вашаму, колькі жыве каханне?

Пакуль жыве чалавек. Гэта пачуццё нараджаецца, расце, выспявае, дае нейкі плён – і кожны этап па-свойму цудоўны.

Спачатку чалавек павінен прайсці праз ружовыя акуляры, якія ўзнікаюць пры першым знаёмстве, і закахацца ў душу, не мацаючы цела. Гэта вялікая справа, бо прыгожае цела палюбіць лёгка, але яно зменлівае: пакуль мы маладыя, усе прыгожыя. Калі чалавек пакахаў душу, гэта пачуццё можна пранесці праз усё жыццё. Таму так радасна бачыць бабуль і дзядуль, якія прагульваюцца па вуліцах, ходзяць у кавярні і падарожнічаюць разам.

Але часам каханне знікае, ці мы аддаем яго іншаму чалавеку…

Так, чалавек заўсёды шукае. Добра, калі ён знаходзіць сваю палавінку адразу, і ўсё атрымліваецца. А бывае такое, што людзі разам шмат гадоў і ў нейкі момант разумеюць, што не падыходзяць адзін аднаму. Ці некаторыя проста жывуць побач, без кахання, “дзеля дзяцей”. Калі дзеці вырастуць, яны не ацэняць гэтага. Каб не жыць з болем штодзень, лепш сказаць “прабач” і адпусціць.

Як жанчыне даведацца, што мужчына сапраўды закаханы ў яе?

На мой погляд, каханне – гэта перш-наперш клопат пра чалавека. Калі мужчына кахае жанчыну, ён будзе хвалявацца, каб ёй было добра і ўтульна. І не толькі ў кветкава-цукерачны перыяд, а на працягу ўсяго жыцця.

Гэта нават глыбей… Каханне – сёння гэта слова, на жаль, мае павярхоўны сэнс. Людзі сустракаюцца і – што тут хаваць – адразу разам жывуць. Пажылі – добра калі год! – “мы не падыходзім адзін аднаму”. Гэта ўсё так лёгка. Чалавек быццам матылёк лётае з кветачкі на кветачку. Пры гэтым губляецца нейкі глыбокі сэнс жыцця, узнікае звычайны спартыўны інтарэс, прага да нейкага параўнання партнёраў. А сапраўднае каханне – гэта клопат, павага, давер.

Ці ёсць рысы, па якіх можна вызначыць, што мужчына падыходзіць да сур’ёзных стасункаў?

Выхаванне мужчыны праяўляецца адразу. Таксама бачна, культурны, прыстойны ён, ці не дужа. Тое, як хлопец ставіцца да сваёй маці, адразу адлюстроўвае, як ён будзе адносіцца да сваёй жонкі. Гэта закладзена з дзяцінства. Калі ён не паважае сваёй маці, не трэба думаць, што ён будзе паважаць іншых жанчын. Можа, толькі напачатку, а потым – “ведай сваё месца” ды і ўсё.

Што такое быць жанчынай?

Жанчына – гэта сусвет, космас, глыбіня. І, безумоўна, такая жанчына, якая сама гэта разумее і правільна сябе падае, заслугоўвае вялікай павагі. З такой цікава.

Напэўна, жанчынай быць цяжка, гэта вялікая праца. Сёння многія хочуць быць на ўзроўні з мужчынамі, што мае права быць. Толькі ў іх губляецца нейкая жаноцкасць і пяшчота…

Каханне – гэта калі…

Адзін без аднога не можна існаваць і дня.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота аўтара і з архіва Алеся СВІРСКАГА

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.