Вы тут

У Беларусі зарэгістравана больш за 300 тысяч хворых на цукровы дыябет


Распаўсюджанасць цукровага дыябету ў свеце імкліва ўзрастае. Паводле статыстыкі, за апошнія 15 гадоў колькасць хворых на планеце павялічылася ледзь не ўдвая.


Фота: 4damki.ru

У Беларусі зарэгістравана больш за 300 тысяч хворых на цукровы дыябет, паведаміла намеснік галоўнага ўрача Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера г. Мінска Вольга ШЫШКО. Пры гэтым на 90—95 % гэта дыябет другога тыпу, на першы тып прыходзіцца ўсяго 5—10 %. Дарэчы, гэта дзве прынцыпова розныя хваробы, але ў аснове абедзвюх ляжаць праблемы з інсулінам. Пры дыябеце першага тыпу характэрна змяншэнне ці поўнае спыненне выпрацоўкі інсуліну. Хвароба ўзнікае з-за паталогіі імуннай сістэмы пераважна ў дзяцінстве ці падлеткавым узросце. Пры дыябеце другога тыпу інсулін выпрацоўваецца ў дастатковай колькасці, але арганізм не ў стане яго засвоіць. Гэта хвароба ўзнікае часцей у сталым узросце, прычым часта дыягнастуецца з затрымкай.

— Часта хвароба праходзіць схавана. Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у Беларусі каля 490 тысяч хворых на цукровы дыябет. Як бачым, зарэгістравана іх значна менш. Таму пытанне невыяўляльнасці застаецца актуальным, — кажа Вольга Шышко. — Да захворвання ёсць моцная генетычная схільнасць, але праявіцца цукровы дыябет другога тыпу, калі весці няправільны лад жыцця.

Яго развіццю спрыяе атлусценне ці лішняя маса цела, гіпадынамія, недастатковае ўжыванне агародніны і фруктаў. Сярод фактараў рызыкі — наяўнасць дыябету ў блізкіх сваякоў, а ў жанчын — яшчэ і нараджэнне дзяцей з масай цела большай за 4 кг у акушэрскім анамнезе. Для своечасовага выяўлення цукровага дыябету другога тыпу рэкамендуецца пасля 40 гадоў вызначаць узровень глікеміі. Гэты аналіз выконваецца ў любой паліклініцы падчас дыспансерызацыі.

Калі вы шмат п'яце і ўвесь час адчуваеце смагу, пры гэтым губляеце вагу, гэта нагода звярнуцца да ўрача. Магчыма, такія непаладкі ў арганізме ў будучыні могуць перарасці ў цукровы дыябет.

Сярод распаўсюджаных эндакрынных хвароб і паталогіі шчытападобнай залозы.

— Пасля катастрофы на ЧАЭС у нас назіраўся пад'ём захваральнасці на рак шчытападобнай залозы. Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала адзіным наступствам менавіта павелічэнне дзіцячага раку гэтай лакалізацыі, — расказвае загадчык кансультацыйна-дыягнастычнага аддзялення цырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Таццяна Лявонава. — Калі за дваццаць гадоў да аварыі было ўсяго 19 дзяцей і 40 падлеткаў з ракам шчытападобнай залозы, то праз 30 гадоў мы маем 1,5 тысячы прааперыраваных дзяцей.

Пры гэтым да аварыі было 1900 дарослых, хворых на рак, зараз іх — больш за 30 тысяч. Зрэшты, у апошнія гады лічба па выяўленні новых выпадкаў раку шчытападобнай залозы зменшылася і стала стабільнай — каля 1100 чалавек у год. Сярод іх 30—35 дзяцей, у якіх рак з'яўляецца генетычна абумоўленым.

— Сёння мы далёка не лідары ў свеце па раку шчытападобнай залозы, — тлумачыць Таццяна Лявонава. — Больш за нас хварэюць, напрыклад, у ЗША, Францыі. Смяротнасць ад раку гэтай лакалізацыі складае 0,4 чалавека на 100 тысяч. Большасць пацыентаў пераадольваюць 10-гадовы парог выжывальнасці.

— Залог поспеху ў лячэнні раку шчытападобнай залозы — своечасова выявіць, зрабіць аперацыю ў вопытнага анколага і прайсці лячэнне ёдам, — падкрэслівае эксперт.

Сярод іншых распаўсюджаных паталогій шчытападобнай залозы — гіпатэрыёз, або зніжэнне яе функцыі. Сёння на ўліку па гэтай прычыне знаходзіцца 112,5 тысячы беларусаў. Найлепшым метадам выяўлення паталогій шчытападобнай залозы Таццяна Лявонава называе ультрагукавую дыягностыку:

— МРТ, КТ, пазітронна-эмісійная тамаграфія, якая імкліва развіваецца, мала дапамагае ўрачу ў выяўленні паталогій шчытападобнай залозы, лепш за ўсё прайсці УГД.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Схаваны дыябет

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.