Вы тут

Чаму нельга выліваць ваду праз акно?


Нядаўна наводзілі парадак на лецішчы, і я, лянуючыся выходзіць на ганак, выплюхнула брудную ваду праз акно. Бабуля, якая гэта бачыла, вельмі за гэта на мяне сварылася: маўляў, нельга так рабіць, але растлумачыць чаму, не змагла. Можа, вы раскажаце? Ці ёсць яшчэ нейкія забароны, звязаныя з акном?

Марына Грыгаровіч,  Полацк


Фота yandex.ru

У космасе сялянскага жытла вокнам належала выключнае месца. Акно-вакно было вокам хаты, якое, з аднаго боку, «глядзела» ў той свет, з другога — выступала ў якасці сакральнага канала сувязі з небам, таму вакол яго сфарміраваўся цэлы комплекс уяўленняў, рэгламентацый, абрадавых забарон і прадпісанняў.

Асабліва выразна роля акна была праяўлена ў структуры пахавальна-памінальных абрадаў. Знакам таго, што ў хату прыйшла бяда, для аднавяскоўцаў быў белы ручнік, вывешаны на аканіцу: яго вывешвалі адразу пасля смерці чалавека, па адных тлумачэннях, «каб душа магла памыцца і выцерціся», па іншых — «каб забяспечыць душы дарогу на той свет». Тое ж самае рабілі і на Дзяды, дзень пахавання, на дзявяты, саракавы дзень, год пасля смерці, у іншыя дні ўшанавання продкаў на падаконнік клалі першы блін для душ памерлых, ставілі кубак з вадой, каб душы памерлых, калі наведваюць родную хату, маглі памыцца ў гэтай вадзе. Існавала павер'е, што ў такія дні, калі глядзець у акно з вуліцы ў хату, можна ўбачыць сваіх памерлых сваякоў. У народных павер'ях акно ўспрымалася як своеасаблівая кантактная зона з душамі памерлых. Паўсюдна птушка, якая заляцела ў акно, прадказвала бяду. Прадказаннем бяды лічылася і тое, калі птушка стукалася дзюбай у шыбу.

Акно, як найбольш неабароненая частка хаты, зачынялася дзвюма сакральна-магічнымі экранамі: з унутранага боку гэта былі фіранкі з вышытымі ці вытканымі «ахоўнымі» ўзорамі, а па ўсім перыметры вонкавага боку вокнаў размяшчаліся ліштвы, якія дзякуючы складаным знакавым кампазіцыям, што ўключалі ў сябе сакральныя элементы традыцыйнага народнага арнаменту, у першую чаргу выконвалі функцыю хатняга абярэга, у другую — дэкаратыўную ролю. Акрамя таго, уначы вокны абавязкова зачынялі аканіцамі.

Калі гаспадары назаўсёды пакідалі хату, вокны абавязкова трэба было закрыць — іх забівалі шырокімі дошкамі крыж-накрыж. Такія дзеянні перасцерагалі хату ад таго, каб у ёй пасяліліся нячысцікі.

У культуры ўсходніх славян акно супрацьпастаўлялася дзвярам. Яно было «нерэгламентаваным» выхадам для таго, каб «падмануць» лёс, смерць, хваробы і г. д. Калі ў сям'і «не гадаваліся» — паміралі — дзеці, то немаўля, каб пахрысціць, перадавалі ад родных на рукі хросным бацькам праз акно. Менавіта так рабілі з удавой або ўдаўцом падчас паўторнага шлюбу. Вось што фіксавалі этнографы: «Калі маладая — удава і пахавала не аднаго, а двух мужоў, то да трэцяга яе ўносяць праз вакно — каб і гэты не памёр»; «...дык гэтая новая жонка мусе лезці праз вакно, каб выхітраваць смерць, бо калі пахавалі папярэднюю жонку, дык з таго часу смерць стаіць на ганку і пільнуе, пакуль гаспадар праз дзверы ўвядзе новую жонку. А калі новая жонка ўлезла праз вакно, дык смерць і не ведае, што гаспадар жанаты, ды стаіць на ганку й пільнуе».

Паўсюдна лічылася, што гэты шлях (выхад з акна) заўсёды павінен быць «чыстым», і ён надзяляўся асаблівай святасцю. Акрамя гэтага, існавала павер'е, што пад вокнамі стаіць Анёл, які захоўвае хату і ўсіх яе жыхароў. Таму праз акно катэгарычна забаранялася пляваць, выкідаць смецце, выліваць брудную ваду і да т. п.

Аксана КАТОВІЧ

Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».