Вы тут

Як 5-я армія 3-га Беларускага фронту вызваляла краіну


Адным з самых таленавітых савецкіх военачальнікаў Другой сусветнай вайны быў двойчы Герой Савецкага Саюза, Маршал Савецкага Саюза Мікалай Іванавіч Крылоў.


16-гадовым юнаком у 1919 годзе ён уступіў у Чырвоную Армію. Потым Мікалай Крылоў камандаваў узводам, ротай, батальёнам. Ён змагаўся на Паўднёвым фронце і ў Закаўказзі, штурмаваў Спаск, браў Уладзівасток. У гады Вялікай Айчыннай вайны з 1941 года М. І. Крылоў у якасці начальніка аператыўнага аддзела штаба, начальніка штаба Прыморскай арміі, легендарнай 62-й арміі, камандарма-21, камандарма-5 ваяваў на Паўднёвым, Паўночна-Каўказскім, Сталінградскім, Данскім, Паўднёва-Заходнім, Заходнім, 3-м Беларускім франтах. Ён быў удзельнікам абароны Адэсы, Севастопаля, Сталінградскай бітвы, Смаленскай, Беларускай і Усходне-Прускай аперацый.

Аўтар гэтых радкоў акцэнтуе ўвагу чытачоў на ролі 5-й арміі і яе камандуючага Мікалая Крылова ў вызваленні Беларусі і асабліва ў правядзенні аперацыі «Баграціён», Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі.

Як вызвалялі Багушэўск

З кастрычніка 1943 года М. І. Крылоў стаў камандуючым 5-й арміі Заходняга фронту, які ў красавіку 1944 года перайменавалі у 3-і Беларускі фронт. У склад гэтай арміі ўваходзілі 72-і і 65-ы стралковыя карпусы ў складзе шасці дывізій, 153-я і 2-я гвардзейская танкавыя брыгады. Ужо ў першыя дні Беларускай наступальнай аперацыі 5-я армія была на перадавых пазіцыях.

Развіваючы наступленне, 23 чэрвеня 1944 года войскі 5-й арміі падышлі да ракі Лучоса. Але тут вораг, умела выкарыстоўваючы высокі бераг ракі, моцным агнём прыціснуў да зямлі батальён капітана Луева. Але нашы байцы знайшлі брод трошкі на поўдзень і нечакана нанеслі ўдар, знішчыўшы нямецкую часць і заняўшы на заходнім беразе Лучосы плацдарм. Дакладна гэтаксама атрымалася і ў іншым месцы, дзе перадавы рухомы атрад 854-га стралковага палка, неадступна пераследуючы адыходзячага ворага, сходу захапіў узведзены нямецкімі салдатамі мост, заняў на заходнім беразе Лучосы населены пункт Зарэчча, прыкрыўшы пераправу галоўных сіл дывізіі.

Камандуючы 5-й арміяй генерал-лейтэнант Мікалай Крылоў, кіруючы бітвай са свайго перадавога назіральнага пункта, кожную хвіліну быў у курсе баявых падзей. Там, дзе прыходзілася цяжка, камандарм дапамагаў артылерыяй, авіяцыяй і інжынернымі сродкамі.

У сярэдзіне дня 24 чэрвеня 1944 года 315-я і 144-я стралковыя дывізіі, пераадольваючы супраціўленне ворага, шчыльна падышлі да Багушэўска, які быў пераўтвораны нямецкім камандаваннем у моцны вузел абароны, прыкрыты трыма лініямі траншэй, дротавым і міннымі загародамі. Акрамя таго, на дарогах, якія праходзілі сярод балот, праз кожныя 100—150 метраў стаялі дрэва-земляныя брустверы ці бункеры, якія прыкрывалі штурмавыя гарматы. У самім горадзе амаль на кожным кроку ў руінах былі абсталяваны агнявыя кропкі.

Вось што ўспамінаў аб вызваленні Багушэўска 25 чэрвеня 1944 года сам Мікалай Іванавіч у артыкуле «На галоўным напрамку»:

«Але як бы моцна ні быў умацаваны Багушэўск, усё ж яго трэба было вызваляць, і вызваляць неадкладна. Ён з'яўляўся ключавым апорным пунктам у абароне ворага на напрамку галоўнага ўдару арміі і 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса. Сваім выгадным размяшчэннем ён трывала прыкрываў міжазер'е Кічына — Серакаротня, накіраванае на Сянно.

Я загадаў магутным артылерыйскім агнём і ўдарамі авіяцыі, а затым сіламі дзвюх стралковых дывізій, узмоцненых танкамі, атакаваць гэты апорны пункт ворага — Багушэўск...

Затым пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі 3-га штурмавога авіякорпуса войскі арміі рушылі на штурм Багушэўска. 215-я стралковая дывізія сумесна з 153-й танкавай брыгадай двума палкамі наносіла ўдар з раёна Бугая на паўночную ўскраіну Багушэўска; 144-я стралковая дывізія і 2-я гвардзейская танкавая брыгада наступалі на Багушэўск з усходу і паўднёвага ўсходу. У бітве за Багушэўск воіны гэтых часцей і злучэнняў праявілі выключную смеласць і адвагу. І там, дзе праціўнік аказваў супраціўленне, адважная пяхота, уварваўшыся ў размяшчэнне ворага, знішчала яго агнём і гранатай у рукапашнай сутычцы. Ад пяхоты не адставалі і разлікі процітанкавых гармат. Бой у Багушэўску доўжыўся амаль усю ноч. Толькі да трох гадзін раніцы горад быў цалкам ачышчаны ад непрыяцеля. Было захоплена шмат палонных і трафеяў, у тым ліку два эшалоны харчавання, што накіроўваліся ў Германію».

Не пусціць фашыстаў на Віцебск

Да 26 чэрвеня войскі 5-й арміі прасунуліся ўперад на 110—115 км і выйшлі да рэк Ула і Усвейка. У той жа час раніцай гэтага дня група нямецкіх салдат і афіцэраў на чале з камандзірам 206-й пяхотнай дывізіі генералам Хітэрам прарвалася на Замашэнне, за 20 км на паўднёвы захад ад Віцебска, а другая не менш моцная група з астаткаў 4-й авіяпалявой, 197-й і 246-й пяхотных дывізій ворага ўдарыла ў напрамку прамежка паміж азёрамі Саро і Бораўна, мяркуючы тут прарвацца на Лепель.

Праз шмат гадоў камандзір 72-га корпуса генерал Казарцаў, які ў той час знаходзіўся на назіральным пункце ў Чашніках, успамінаў:

«У 10.50 26 чэрвеня займеў па радыё наступны загад камандарма-5 (М. І. Крылова): «63-ю стралковую дывізію з 153-й танкавай брыгадай і палком самаходна-артылерыйскіх установак-152 неадкладна накіраваць па маршруце Мялешкі, саўгас Ходцы і заняць паласу абароны на фронце Задарожжа, Быкава з задачай не падпускаць групу праціўніка, якая прарвалася ў кірунку Віцебска, і контратакамі знішчыць яе. Астатнія дывізіі рухаць па раней зададзеным маршруце да Бярэзіны».

Генерал Казарцаў павярнуў полк другога эшалона 63-й стралковай дывізіі, вобразна кажучы, па камандзе «кругом!». Частку яго пасадзіў на аўтамашыны і перакатамі накіраваў да саўгаса «Ходцы» (29 км на паўднёвы захад ад Віцебска), дзе надзейна прыкрыў трохкіламетровы прамежак паміж азёрамі Саро і Бораўна.

У гэты час асноўныя сілы 63-й стралковай дывізіі, перадаўшы сваю паласу 277-й стралковай дывізіі, здзейснілі 80-кіламетровы марш і да зыходу 26 чэрвеня выйшлі да часцей іх узмацнення ў раён Замашэння (19 км на паўднёвы захад ад Віцебска). Тут яны ўступілі ў жорсткі бой з групамі нямецкіх салдат і афіцэраў, якія рваліся на поўдзень.

28 чэрвеня 1944 года часці 5-й арміі блізка падышлі да ракі Бярэзіны. Дабіваць рэшткі часцей віцебскай групоўкі ворага, акружаных у лясах паміж Чашнікамі і возерам Лукамль, Мікалай Крылоў даручыў 159-й і 215-й стралковым дывізіям, якім актыўна дапамагалі партызаны брыгады імя Заслонава.

Менавіта ў той памятны дзень, 28 чэрвеня, за ваенны талент, камандзірскае майстэрства, праяўленыя пры вызваленні Беларусі ў час аперацыі «Баграціён», камандуючаму 5-й арміяй генерал-лейтэнанту Мікалаю Іванавічу Крылову было прысвоена званне генерал-палкоўніка.

Барысаў, Будслаў, Вілейка, Смаргонь...

Вельмі важна, што 5-я армія 3-га Беларускага фронту першай фарсіравала раку Бярэзіну і ўдзельнічала ў вызваленні горада Барысава. І зноў з самага лепшага боку праявіў сябе батальён капітана Луева, які ўвесь час абапіраўся на разведчыкаў партызанскай брыгады «Жалязняк». Бясшумна фарсіраваўшы Бярэзіну, байцы ўдарылі па ворагу, знішчыўшы два кулямётныя разлікі, захапіўшы шашэйны мост. За батальёнам капітана Луева ноччу пераправіліся астатнія батальёны палка.

У апошні дзень чэрвеня 1944 года часці 5-й арміі перарэзалі шашу Бягомль — Мінск. На працягу 1 і 2 ліпеня 1944 года войскі 5-й арміі прасунуліся на 50—60 км. К зыходу 2 ліпеня часці 72-га стралковага корпуса, вызваліўшы Параф'янава і Будслаў, перарэзалі на гэтым участку чыгунку Полацк — Вілейка, а левафлангавы перадавы атрад корпуса заняў важны вузел шашэйных дарог — Даўгінава.

2 ліпеня войскі 5-й арміі на чале з М. І. Крыловым нанеслі ўдар па Вілейцы. Націск быў настолькі моцным, што ні адзін нямецкі акупант не выйшаў з горада. У сярэдзіне дня з ходу захапілі пераправы праз Вілію. У гэты ж дзень пераправіліся цераз яе і вечарам завязалі бой за Смаргонь.

За ўмелае і выдатнае камандаванне войскамі ў Беларускай наступальнай і Усходне-Прускай аперацыях Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 красавіка 1945 года М. І. Крылову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Ва ўзнагародным лісце аб прысваенні Мікалаю Іванавічу гэтага высокага звання камандуючы войскамі 3-га Беларускага фронту генерал арміі Іван Чарняхоўскі пісаў:

«Праведзеныя 5-й арміяй аперацыі па сваім размаху, рашучасці дзеянняў, тэмпах руху, умелым манеўры на полі бою і выніках з'яўляюцца павучальнымі аперацыямі
ў сучаснай вайне».

* * *

Пасля перамогі над Германіяй 5-я армія ў поўным складзе была перакінута на Далёкі Усход і ўключана ў склад Далёкаўсходняга фронту. За паспяховы разгром супрацьстаячых груповак Квантунскай арміі М. І. Крылоў 8 верасня 1945 года быў другі раз удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

З кастрычніка 1945 года Мікалай Іванавіч займаў вельмі адказныя ваенныя пасады. У 1962 годзе яму было прысвоена званне Маршала Савецкага Саюза. У сакавіку 1963-га М. І. Крылоў быў прызначаны Галоўнакамандуючым Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэння СССР — намеснікам міністра абароны СССР.

Сярод узнагарод М. І. Крылова былі палкаводчыя ордэны Суворова першай ступені і Кутузава першай ступені, чатыры ордэны Леніна, чатыры ордэны Чырвонага Сцяга, ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі, шмат медалёў, 8 ордэнаў і медалёў замежных краін.

Мікалая Іванавіча не стала 9 лютага 1972 года — на 70-м годзе жыцця.

Такім чынам, з імем гэтага чалавека звязана вызваленне многіх гарадоў і населеных пунктаў Беларусі, у тым ліку Багушэўска, Віцебска, Барысава, Бягомля, Будслава, Даўгінава, Вілейкі, Смаргоні.

На жаль, імя гэтага чалавека ў Беларусі ніяк не ўвекавечана. Нават у шасцітомнай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» няма хаця б кароткай біяграфічнай даведкі аб ім. Але ж выправіць недарэчнасць ніколі не позна. Асабліва сёлета, калі святкуем 75-годдзе вызвалення, да якога Мікалай Крылоў меў самае непасрэднае дачыненне.

Эмануіл ІОФЕ, доктар гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?