Вы тут

Што робіцца ў Магілёўскай вобласці, каб своечасова дыягнаставаць рак


Урачы б'юць трывогу: колькасць анкахворых год ад году расце. Магілёўшчына не выключэнне. За апошнія тры гады лічба пацыентаў, якім упершыню быў пастаўлены такі дыягназ, склала больш за пяць тысяч чалавек. Раней яна вышэй планкі ў пяць тысяч не падымалася. Значны прырост далі раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — Краснапольскі, Слаўгарадскі, Чавускі. Але, як ні дзіўна, рэкорд паставіў чысты ад уздзеяння радыенуклідаў Кіраўскі раён. Ён у гэтых сумных паказчыках нават апераджае не толькі сярэднеабласны, але і сярэднерэспубліканскі ўзровень.


— Усяго сёння ў нас на ўліку знаходзяцца больш за трыццаць дзве тысячы жыхароў, — удакладняе Антон Лысоў. — На першым месцы рак скуры, на другім, трэцім, чацвёртым — коларэктальны, рак лёгкіх, страўніка... Хвароба, як правіла, доля людзей састарэлых. Сярэдні ўзрост нашых пацыентаў складае 65—67 гадоў. Сёння абсталяванне дазваляе дыягнаставаць захворванне на ранніх стадыях, але трэба і самому быць пільным. Калі паяўляюцца якія-небудзь выдзяленні, кроў, кашаль, які ні з чым не звязаны, беспрычыннае пахудзенне, трэба ісці да доктара. А пасля сарака гэта трэба рабіць нават тады, калі трывожных сімптомаў няма. Запішыцеся на прыём да ўчастковага, зрабіце флюараграфію, гастрафібраскапію. Жанчыны раз у тры гады павінны наведваць гінеколага і здаваць аналіз на цыталагічнае даследаванне, а ва ўзросце ад 45 да 65 гадоў пабываць на прыёме ў мамографа і зрабіць здымкі малочных залоз, паўдзельнічаць у скрынінгу раку малочнай залозы. Толькі мамаграфія дазваляе ўстанавіць раннія бессімптомныя выпадкі раку.

— Адны кажуць, што рост ракавых захворванняў наўпрост звязаны з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, другія, што са спадчыннасцю, трэція звязваюць гэта з дрэннай экалогіяй і няправільным харчаваннем...

— Што менавіта выклікала гэта захворванне, са стапрацэнтнай гарантыяй сказаць немагчыма. Не выключана, што яно і спадчыннае: група людзей жыве ў аднолькавых умовах, аднолькава харчуецца, вядзе аднолькавы лад жыцця. Ёсць, канешне, генетычная схільнасць, але наколькі яна іграе ролю, цяжка сказаць.

Чалавек на працягу жыцця нажывае пэўныя захворванні, у выніку якіх узнікае злаякасная пухліна. Нездарма ж кажуць, што трэба весці здаровы лад жыцця. Інакш на пэўным этапе сістэма дасць збой. Чаму шмат раку тоўстай кішкі? Таму што мы няправільна харчуемся. Нам падабаецца смажанае, а трэба ўжываць здаровую ежу. Інакш адбываецца раздражненне слізістай тоўстага кішэчніка, узнікае паліп, а з яго потым развіваецца рак. Каб гэта не стала сюрпрызам, трэба раз у пяць гадоў рабіць калонаскапію.

— Рак — хвароба непрадказальная. Неаднаразова прыходзілася чуць, што нават апошняя стадыя гэтага захворвання не заўсёды прысуд...

— Так. Ёсць выпадкі, калі аперыруеш хворага і пачынаеш сумнявацца, што вынік будзе добры, але, на шчасце, усё атрымліваецца інакш. І такое нярэдка здараецца. Людзі яшчэ жывуць па 15—20 гадоў. Ужо і забудзешся пра таго пацыента, сустрэнеш яго дзе-небудзь, а ён: доктар, вы мяне памятаеце? І гэта заўсёды радасна, бо разумееш, што твая работа прыносіць карысць.

— Сёння медыцына здольная выратаваць чалавека ад страшнага захворвання, калі дыягназ будзе пастаўлены своечасова. Што робіцца для таго, каб папярэдзіць хваробу?

— Мы праводзім рэканструкцыю аднаго з будынкаў нашага дыспансера пад марфалагічны корпус, дзе будзе два аддзяленні — імунагістахіміі і гісталагічнае. Гэтыя аддзяленні прызначаныя для таго, каб мы як мага хутчэй і найбольш якасна выдавалі заключэнні аб марфалагічнай і гістахімічнай структуры пухліны. Ад гэтага даследавання залежыць, якім будзе лячэнне. Думаю, што да канца красавіка будаўніча-мантажныя работы будуць закончаныя. Ужо праведзены таргі па набыцці медыцынскага абсталявання.

Раней мы карысталіся паслугамі абласнога патолагаанатамічнага бюро — гэта іншая юрыдычная асоба, якая працавала адасоблена ад нас. Былі пэўныя складанасці — даўжэй рабіліся аналізы, а зараз гэты час паменшыцца на пару тыдняў. Выйгрыш хоць невялікі ў часе, але пры гэтым захворванні вельмі важны. Мы, на жаль, знаходзімся ў ролі даганяючага. І калі паспяваем дагнаць, атрымліваем станоўчы вынік. Калі не, усё адбываецца наадварот.

Прагрэс, вядома, даў магчымасць рабіць тое, што немагчыма было яшчэ 15—20 гадоў таму. Зараз больш становіцца пацыентаў, у якіх захворванне выяўлена на ранніх стадыях — першай або другой. А значыць, чалавек жыве даўжэй. Я не магу сказаць, што мы сёння вылечылі хворага, але мы дасягнулі працяглай рэмісіі, людзі жывуць па 5,10,15, 20 гадоў.

— У канцы мінулага года анкадыспансер атрымаў новае высокатэхналагічнае абсталяванне для аперацыйнай хірургічнага корпуса. Як яно сёння выкарыстоўваецца?

— Дзякуючы яму мы пачалі ўкараняць відэаасісціраваныя аперацыі. Гэта калі робіцца пракол лапараскапічным або торакаскапічным спосабам і пухліна выдаляецца. Вельмі эфектыўная аперацыя на ранніх стадыях злаякасных новаўтварэнняў. Чалавек на трэці-чацвёрты дзень можа ўжо вярнуцца дадому.

Акрамя гэтага сёння ў нас адбываецца рэканструкцыя лабараторыі радыенукліднай дыягностыкі, якая здавалася ў эксплуатацыю ў 1992 годзе. Будзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, якое дазволіць на самых ранніх стадыях выяўляць змяненні ў лімфавузлах. Ад гэтага будзе залежаць аб'ём аператыўнага ўмяшання і прамянёвай тэрапіі.

— Летась адбылася непрыемная гісторыя з прамянёвымі паскаральнікамі, якія выйшлі са строю і іх доўга не маглі адрамантаваць. Чаму такое адбылося?

— Сапраўды, праблемы былі. Цяпер прамянёвыя паскаральнікі працуюць. Абсталявання ў нас дастаткова, але яго трэба своечасова рамантаваць, не чакаць па паўгода і болей. Каб такога не адбывалася, трэба было б перагледзець заканадаўчую базу і дазволіць медыцынскім установам самастойна весці перамовы з пастаўшчыкамі абсталявання. Цяпер усё гэта робіцца цэнтралізавана, а таму вельмі доўга. Дарэчы, рамонт паскаральнікаў абышоўся дзяржаве ў 48 тысяч рублёў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Пакуль мы ўсё яшчэ ў ролі даганяючага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.