Вы тут

Праект «Прадпрымальная землеўласніца» прыцягвае актыўных беларусаў


Сацыяльны праект пакрысе пераходзіць ад тэорыі да практыкі. Спецыялісты ўжо правялі аналіз глебы на агародах патэнцыйных прадпрымальніц і вызначыліся, якая агародніна на чыім участку лепш «прыжывецца». Пакуль чакаюць насенне і інвентар, арганізатары і ўдзельнікі аграрнага бізнесу не сядзяць на месцы і расказваюць пра сваю ініцыятыву іншым. Усё больш беларусаў жадаюць даведацца пра магчымасці заробку на агародніне і калі не далучыцца да праекта, разлічанага для рэалізацыі пакуль толькі ў Аршанскім раёне, то хоць бы паслухаць, як гэта працуе. Нядаўна «Прадпрымальная землеўласніца» пабывала ў Крычаве, дзе падзялілася сваім вопытам з мясцовымі жыхарамі, зацікаўленымі зарабляць з агарода.


Ідэі самаразвіцця і кампетэнцыя прадпрымальнасці

Асобны праект «Як на зямлі зарабіць грошы», магчыма, пачнуць рэалізоўваць у Крычаве наступнай вясной. Пакуль жа тут, у мясцовым бізнес-цэнтры, пры актыўнай падтрымцы райвыканкама, гатовага далучацца да ўсіх пачынанняў, якія пасадзейнічаюць развіццю раёна, зладзілі адукацыйныя семінары. Да мерапрыемства далучыліся і карэспандэнты «Звязды», якія працягваюць сачыць за рэалізацыяй праекта.

— У Крычаве мы расказваем пра магчымасць заробку на сваім участку ўсім зацікаўленым, а не толькі жанчынам, і гэта добра, бо людзям з розных месцаў трэба кааперавацца адно з адным, — лічыць Рыма ЕПУР, выканаўчы дырэктар праекта «Прадпрымальная землеўласніца». Хоць наш праект, які фінансава падтрымлівае кампанія «Кока-кола», датычыцца толькі Аршанскага раёна, мы можам падзяліцца сваім вопытам арганізацыі і да восені ўжо падрыхтуем мясцовых людзей, з якімі вясной можам стартаваць наступным годам. Калі будзе цікавасць, то мы будзем шукаць грошы, каб рэалізаваць праект на зямлі таксама і для Крычаўскага раёна.

Яна не выключае, што ўжо нават сёлета можна будзе купіць крыху насення для мясцовых, каб яны ў маі пасадзілі тую ж спаржу ці спаржавую фасолю. А спецыялісты-аграномы змогуць пад'язджаць кансультаваць людзей і сюды, а не толькі на Аршаншчыне.

Крычаўская ўлада не спіць у шапку і ўжо арганізавала шэраг мерапрыемстваў, якія павінны станоўча адбіцца на эканоміцы раёна. Так, летась тут адкрыўся бізнес-цэнтр па падтрымцы ўсіх ініцыятыў раёна, які быў створаны ў межах праекта «Садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Рэспублікі Беларусь, які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Старшыня Крычаўскага райвыканкама Дзмітрый БАЧКОЎ пазіцыянуе яго як «цэнтр ініцыятыўных людзей» і спадзяецца, што ён стане месцам для акумуляцыі ідэй, скіраваных на самаразвіццё.

Пад цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва ў 2016 годзе прыстасавалі будынак мясцовага рынку, які знаходзіўся ў валоданні камунальнікаў. Напачатку пад гэта выдзелілі 25 квадратных метраў. Гэтае памяшканне стала зручным, бо тут сканцэнтраваны ўсе службы: падатковая, зямельная, адно акно і іншыя. Так што можна атрымаць кансультацыю адразу па ўсіх пытаннях.

Цяпер у цэнтры арганізавана 12 рабочых месцаў з усім неабходным абсталяваннем, каб людзі не думалі, дзе ім арганізаваць работу, а прыходзілі са сваімі ініцыятывамі і маглі рэалізоўваць іх тут. Адукацыйныя мерапрыемствы таксама стараюцца праводзіць для людзей. Вось як сённяшняе, кажа старшыня райвыканкама:

— Нам неабходна ўстойлівасць з пункту гледжання развіцця ініцыятыў, якая будзе прывязана да дакладных патрэб насельніцтва. І людзі праяўляюць сябе. Праз упраўленне па працы і сацыяльнай абароне можна шляхам субсідавання выдзяляць няхай і невялікі, але стартавы капітал у 2000 рублёў, калі чалавек звернецца да нас з ідэяй і прадставіць свой бізнес-план. Вось, напрыклад, да нас прыйшла пару гадоў таму Наталля Батранец, якая была не занятая ў эканоміцы. Яна пры нашай падтрымцы адкрыла краму для пчаляроў, і яна ж прапанавала правесці ў 2017-м форум пчаляроў. Летась гэтае мерапрыемства ўжо стала значна большым.

У канцы 2017-га ў Крычаве правялі першы форум ініцыятыўных людзей і пачалі рэалізоўваць розныя праекты. Летась прайшоў другі форум, дзе мясцовыя і даведаліся аб праекце «Прадпрымальная землеўласніца» ды вырашылі навучыцца зарабляць на ўласнай зямлі.

— Калі людзі ўбачаць няхай яшчэ не росквіт, а хоць бы першыя парасткі рэалізацыі сваёй ініцыятывы, у іх будзе яшчэ больш зацікаўленасці, — упэўнены Дзмітрый Бачкоў. — А яшчэ важна, каб было навучанне і перакваліфікацыя людзей, каб яны маглі рэалізоўваць сябе.

Думку аб неабходнасці пастаяннага навучання, бо свет імкнецца да таго, што людзям давядзецца за жыццё мяняць некалькі прафесій і мець розныя кампетэнцыі, падтрымлівае і Рыма Епур. Яна дадае, што ў Еўропе, у прыватнасці, вельмі цэніцца цяпер кампетэнцыя прадпрымальнасці. Сюды ўкладваецца ўменне дамаўляцца, камунікаваць, выбудоўваць стасункі і іншае. Усё тое, што трэба для бізнесу на зямлі.

Золата, якое цудоўна вырасце

Першая група на семінары амаль цалкам складалася з навучэнцаў Крычаўскага агра-тэхнічнага каледжа, якія, нягледзячы на юны ўзрост, пісалі ў анкетах даволі дарослыя думкі. Накшталт жадання правесці аналіз глебы на сваім участку і ідэі аб вырошчванні часнаку і памідораў як прыбытковых культур.

У моладзі старшыня райвыканкама бачыць патэнцыял аграрнай будучыні краю і хоча, каб дзеці з маленства разумелі, што да чаго, знаёміліся з укладам сельскага жыцця. «Хочам, каб вучні аграрных класаў атрымалі і навыкі працы, і веды. Вядома, яны не стануць адразу бізнесменамі, аднак задзейнічаюць свой мозг, даведаюцца, як гэта працуе», — кажа ён.

У межах сустрэчы прысутныя не толькі даведаліся пра сам праект і магчымасці заробку, але і атрымалі некаторыя падказкі ад арганізатараў. Напрыклад, пра тое, што яны самі могуць купіць насенне спаржы і паспрабаваць вырасціць яе на ўласным участку ўжо гэтым летам.

— Спаржа засейваецца, і тры гады вы, лічыце, на тым месцы нічога не робіце. Яна расце як хрэн, — кажа Рыма Епур. — На чацвёрты год з соткі спаржы вы можаце атрымаць 700 долараў, на пяты — тысячу, на шосты і далей — 1200, і так цягам 15 гадоў. Гэта золата, якое цудоўна вырасце. Тым больш што гэта экапрадукцыя, па якую паедуць пакупнікі з Расіі. Вялікія фермерскія гаспадаркі такой экалогіі не створаць, бо ўсе выкарыстоўваюць хімію, а ў невялікіх дапаможных гаспадарках — калі ласка.

Праект «Прадпрымальная землеўласніца» быў разлічаны на 600 удзельніц, якія ўжо прайшлі навучанне. Аднак зацікаўленых з Аршанскага раёна ўжо значна больш.

— Людзі працягваюць цікавіцца гэтым сацыяльным пачынаннем, прычым кажуць, што даведаліся пра яго ад суседзяў і знаёмых. Яны запісваюцца, хочуць удзельнічаць, — кажа Яніна ЛАПАЦЕНКА, адміністратар Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва г. Барань, што ў Аршанскім раёне. — Нават званілі з аднаго прадпрыемства з іншага раёна, якое закрываюць, і прасілі арганізатараў прыехаць да іх, каб дапамагчы заняць людзей, аднак мы фізічна не можам пакуль ахапіць усіх ахвотных.

Рыма Епур мяркуе арганізаваць паездку для старшынь сельскіх Саветаў Крычаўскага раёна і звазіць іх на Століншчыну, каб паказаць ім, як там працуюць моцныя «агароднінныя» прадпрымальнікі. Каб наступным годам можна было арганізаваць падобны аграрны праект і ў гэтым раёне.

— Людзі ездзілі з намі па гаспадарках, і яны мянялі сваё стаўленне да аграбізнесу і свайго ўдзелу ў ім проста на вачах. На пачатку і ў канцы мерапрыемства гэта былі ўжо жанчыны з зусім іншымі запытамі, — кажа яна. — Па маіх разліках, пры правільна выбудаванай сістэме (з дапамогай бізнес-інкубатара, лініяй перапрацоўкі прадукцыі, наладжанай сістэмай рэалізацыі агародніны) можна па годзе зарабіць 300 долараў у месяц.

Падчас першай паездкі з «Прадпрымальнай землеўласніцай», калі мы наведвалі прыватныя гаспадаркі, пачула фразу: «У нас на Століншчыне самы вялікі працэнт тых, хто працуе на сваім агародзе, і самы вялікі аб'ём гандлю ў сельпо, а ў пасаг дораць цяпліцу». Гэта яскрава пацвярджае, наколькі там людзі зацікаўлены ў аграрным заробку. Пры гэтым зямлі там ужо не хапае на ўсіх ахвотных. У Крычаўскім і Аршанскім раёнах яе пакуль можна ўзяць у карыстанне. Так што тыя, хто далучыцца да праекта, думаецца, не пашкадуюць. Наступны крок — грады. Так што яшчэ сустрэнемся.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».