Вы тут

Распрацоўваецца Нацыянальная стратэгія ў інтарэсах пажылых грамадзян


Добрая навіна: мы сталі жыць даўжэй, і гэта тэндэнцыя стабільная. Дрэнная: да 2040-га кожны чацвёрты беларус будзе ва ўзросце 65 і болей. Такім чынам, Беларусь — не проста старая, па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, але і краіна, што ўстойліва, інтэнсіўна старэе. Гэта ў прынцыпе характэрна для еўрапейскіх дзяржаў: паказчык старэння насельніцтва ў Германіі, напрыклад, 21,5 %. У Беларусі — 14,7 %, толькі ў Казахстане — 7 %, дзякуючы высокай нараджальнасці.


Як паменшыць негатыўны ўплыў узросту і захаваць яго перавагі, абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала «Сацыяльныя практыкі і стратэгіі актыўнага даўгалецця — патэнцыял для развіцця грамадства», што правялі Пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях і па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы.

«У нашай краіне амаль 14 % ВУП ідзе на пенсіі і дапамогі, і па ўсіх прагнозах з цягам часу гэтая сума будзе павялічвацца», — падкрэсліла старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Тамара КРАСОЎСКАЯ.

Навукова-даследчы інстытут Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распрацоўвае Нацыянальную стратэгію дзеянняў у інтарэсах пажылых грамадзян. Змяненне ўзроставай структуры — гэта не пагроза, а выклік сучаснасці.

«Больш за 2,5 мільёна грамадзян атрымліваюць пенсію. Сацпаслугі дома аказваюцца 91 тысячы беларусаў, дзейнічае 72 дамы-інтэрнаты для пажылых і інвалідаў. Праблема старэння насельніцтва — комплексная, закранае ўсе бакі жыцця», — падкрэсліў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр РУМАК.

Чалавек мае права на актыўны лад жыцця ў любым узросце, дзяржава павінна забяспечыць для гэтага ўмовы. Напрыклад, наяўнасць у парках побач з дзіцячымі — спецыяльных зон для пажылых ці стварэнне безбар'ернага асяроддзя з улікам іх патрэбнасцяў.

«Старасці таксама трэба вучыць: як рухацца, як харчавацца, як мець зносіны», — згадзіліся ўдзельнікі круглага стала. Не пераацаніць у гэтай справе ролю сясцёр міласэрнасці, якіх працуе 225, урачоў агульнай практыкі, што здольныя ўлічваць шматлікія «ўзроставыя» змяненні, супрацоўнікаў ФАПаў (яны ў некаторых населеных пунктах увогуле застаюцца адзіным пунктам прыцягнення).

Сацыяльная актыўнасць таксама дае эфект: у тых, хто займаецца ў гуртках, становіцца валанцёрам, мае шырокае кола стасункаў, — рызыка інфаркту скарачаецца на 14 %, інсульту — на 8 %. Прасцей і заўважыць першыя прыкметы дэменцыі.

Для захавання паўнаты жыцця вельмі важна папярэдзіць захворванні і адмовіцца ад «злачынстваў» супраць уласнага арганізма. Асабліва для мужчын: беларусы наведваюць медыкаў у тры разы радзей за беларусак — і то, відаць, пасля «штуршка» ад прыгожай паловы. У тым ліку і таму, магчыма, напэўна, жывуць на дзесяць гадоў менш. Раней жылі менш на дванаццаць.

«Адаптацыя асяроддзя да патрэб сталых жыхароў у выніку атрымліваецца рэнтабельнай у памеры сто сем да аднаго», — падзялілася замежным досведам міжнародны эксперт Раіса СІНЕЛЬНІКАВА. Яна падкрэсліла: не трэба выхоўваць у сталых людзях эгаізм і залежнасць ад блізкіх і краіны, не варта ставіцца, як да непаўнацэнных, лічыць нейкімі «паўграмадзянамі». Наадварот, упэўнены эксперт, пасля 65 гадоў чалавеку трэба працаваць, дзяліцца ведамі, ганарыцца тым, што ён запатрабаваны.

Нездарма такімі карыснымі для абодвух бакоў атрымаліся дамы для дзяцей-сірот і для пажылых людзей, пабудаваныя побач. Малыя займелі бабуль і дзядуль, дарослыя — «унукаў», якія глядзяць з павагай да мудрасці.

Зразумела, забяспечыць усіх беларусаў «залатога» ўзросту ўтульнымі рабочымі месцамі, адпаведным медабслугоўваннем, дастатковай сувяззю з іншымі не атрымаецца адразу. Аднак першым адказам глабальным зменам павінна стаць Нацыянальная стратэгія. Тады дыскрымінацыі па ўзросце не будзе не толькі ў заканадаўстве, але і ў галовах і сэрцах.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».