Вы тут

У Мінскім планетарыі пройдуць канцэрты да Дня касманаўтыкі


Насычаную музычна-адукацыйную праграму прапануюць наведвальнікам у сталічным планетарыі — дарэчы, адзіным, які захаваўся ў Беларусі з часоў СССР.


Так, 11 красавіка тут адбудзецца першы з цыкла канцэртаў, прысвечаных першаму палёту чалавека ў космас. Сумесна з клубам «Імпровіз» узорнага эстраднага аркестра Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі планетарый прадставіць канцэрт «Юрый Гагарын быў сапраўдным трубачом».

А ўвечары 12 красавіка ў «зорнай зале» пройдзе канцэрт эксперыментальнай музыкі, які будзе суправаджацца поўнакупальным візуальным шоу. Мультыінструменталіст і гукарэжысёр Сяргей FіllFree, гітарыст-наватар Яўген Зыковіч і lіve-loopіng музыкант Ілья Дзягель абяцаюць адлюстраваць у сваім выступленні асноўныя гістарычныя вехі развіцця астраноміі — ад старажытных друідаў, якія занатоўвалі месцазнаходжанне зорак, да першага выхаду чалавека ў космас і карцінак, якія можна ўбачыць сёння ў найсучаснейшыя тэлескопы. Паўнату віртуальнага касмічнага падарожжа забяспечаць таксама шэсць праектараў, якія будуць працаваць сінхронна і забяспечаць агляд на 360 градусаў; праекцыяй будзе кіраваць дырэктар планетарыя Аляксандр Мікуліч

Для сталічнага планетарыя, заўважым, гэта далёка не першая акцыя: праект жывой музыкі «Музыка і зоркі», зладжаны з улікам акустыкі і спецыфікі ўстановы, распачаўся яшчэ некалькі гадоў таму, і ў яго межах у «зорнай зале» збіраюць аншлагі канцэрты эксперыментальнай і класічнай музыкі. Акрамя таго, тут працуе адноўленая ў 2014 годзе абсерваторыя, рэгулярна праходзяць адукацыйныя лекцыі, майстар-класы і тэматычныя выстаўкі, дэманструюцца навукова-папулярныя фільмы пра космас і спецыяльныя сферычныя кінастужкі, арыентаваныя на розны ўзрост — ад самых маленькіх да дарослых гледачоў.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.