Вы тут

Будаўніцтва анкалагічнага цэнтра ў Гродне распачнецца ўжо сёлета


Пытанне, якое датычыцца анкалагічнага цэнтра, паступіла ад гродзенца Юрыя Куляшова падчас акцыі, прымеркаванай да «Вялікай размовы з Прэзідэнтам». Жыхар абласнога цэнтра нагадаў аб тым, што гродзенскі рэгіён — адзіны ў краіне, дзе няма свайго анкадыспансера. І пацікавіўся: калі пачнецца яго будаўніцтва?


Патрэба ў такой установе сапраўды даўно наспела, адзначылі ў абласным упраўленні аховы здароўя. У Гродзенскай вобласці на ўліку стаіць каля 30 тысяч анкахворых, якія вымушаны ездзіць у Брэст альбо ў Мінск.

Захады па стварэнні такога цэнтра ў Гродне рабіліся неаднаразова. На жаль, не спраўдзіліся спадзяванні па рэалізацыі дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Праблема будзе вырашацца паступова.

Падрыхтавана праектная дакументацыя, вызначаны крыніцы фінансавання. На гэтыя мэты будуць накіраваны і сродкі дзяржаўнай інвестпраграмы. Стаіць задача ўвесці аб'ект у эксплуатацыю ў максімальна кароткі тэрмін. Па словах намесніка начальніка аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Наталлі Антановіч, неабходная база створана, ёсць вопытныя спецыялісты, якія змогуць выкарыстоўваць найноўшую методыку лячэння на самым сучасным абсталяванні. Новыя тэхналогіі дазволяць удасканаліць работу па раннім выяўленні анказахворванняў і своечасова аказваць патрэбную дапамогу. Плануецца, што тут будзе працаваць каля тысячы работнікаў.

Сёлета, згодна з інвестыцыйнай праграмай, будзе выдзелена 10 мільёнаў рублёў на пачатак работ. Паралельна плануецца адкрыццё крэдытнай лініі з арабскімі інвестарамі. Мяркуецца, што на ўвесь аб'ект, які размесціцца на базе клінічнай бальніцы № 3, спатрэбіцца каля 100 мільёнаў долараў, палова з якіх — гэта кошт абсталявання. Работы будуць весціся ў некалькі этапаў і разлічаны да 2020 года.

Адразу плануецца пачаць будаўніцтва радыелагічнага корпуса. Другая чарга — гэта аперацыйны блок і сяміпавярховы лячэбны корпус. Затым пачнецца рэканструкцыя будынкаў існуючай бальніцы пад палатныя аддзяленні. У адным з такіх карпусоў размесціцца паліклініка на 300 наведванняў у змену. Побач з ёй будзе пабудаваны пансіянат і блок клінічных кафедраў з вучэбнымі памяшканнямі і залай на 150 месцаў. Агульная плошча аб'екта будзе дасягаць 9 гектараў.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Аб'ект найважнейшага прызначэння

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.