Вы тут

У Тамашоўцы Брэсцкага раёна працуе адзіны ў краіне музей касманаўтыкі


Нават той, хто ніколі не быў раней у Тамашоўцы і не ведаў пра яе знакамітых выхадцаў, і то заўважыў бы нейкую касмічную рыторыку навокал. Вуліцы тут носяць імёны Гагарына і Клімука, рэстаран называецца «Космас», спартыўны цэнтр — «Зорны»... А ў школе размяшчаецца сапраўдная тутэйшая славутасць — музей касманаўтыкі. Няцяжка здагадацца, што апошняе нездарма. З суседняй вёскі Камароўка паходзіць наш касманаўт, Герой Савецкага Саюза, Пётр Клімук.


На­тал­ля Га­дун у за­ле му­зея.

Першы раз музей адчыніў свае дзверы ў далёкім 1978 годзе. На яго адкрыцці самым ганаровым госцем была маці касманаўта Марфа Паўлаўна. Яна дарэчы, перадала некаторыя асабістыя рэчы сына, фотаздымкі, падзялілася ўспамінамі. Музей паступова набываў вядомасць, сюды сталі прыязджаць экскурсіі.

Але першая экспазіцыя, якая была абсталяваная з вялікай любоўю стваральнікамі музея, праз дзясяцігоддзі стала выглядаць крыху несучаснай на фоне новых павеваў. Кругом жа паяўляліся інтэрактыўныя спосабы падачы матэрыялу і афармлення. У Тамашоўскім музеі таксама задумалі рэканструкцыю. У 2003 годзе сюды прыйшлі спецыялісты з брэсцкага камбіната «Мастацтва», і праз год наведвальнікаў сустрэў ужо зусім іншы музей.

Вядома, усе каштоўныя арыгінальныя экспанаты засталіся на сваіх пачэсных месцах, але экспазіцыя атрымала крышачку больш касмічнага напаўнення, асаблівай аўры, якую дае мноства сіняга колеру, асаблівая музыка, падсветка. Музей складаецца з трох прасторных залаў. Першай з'яўляецца ўласна калідор, які імітуе від праходу з ракеты на станцыю. Ёсць нават макет поручняў, па якіх рухаюцца касманаўты. На сценах з аднаго боку нанесены роспісы ў выглядзе сузор'яў, якія падсвечваюцца ультрафіялетам, з другога — гісторыя пазнання Сусвету ў карцінках і выявы лятальных апаратаў. Тут жа партрэты беларускіх лётчыкаў — Герояў Савецкага Саюза. А калі пачынае гучаць музыка, на столі «запальваюцца» зоркі. Цікавае адчуванне. Расказваюць, што Клімук, калі зайшоў сюды ўпершыню, прамовіў: «Вось даць бы бязважкасць, дакладна адчуў бы сябе як у космасе».

Экскурсію праводзіць захавальнік фондаў Наталля ГАДУН. Наталля Пятроўна паказвае макет апарата «Спадарожнік-1» у натуральную велічыню з мініяцюрай сучаснага спадарожніка. Ён знаходзіцца ўжо ў другой зале. У яе цэнтры ўзвышаецца макет трохступеньчатага ракетаносьбіта СССР. Тут жа на відным месцы цэлы россып кніг пра космас, фотаздымкі сучасных ракет — усё гэта перадаў музею Пётр Клімук.

Пётр Клі­мук з ад­на­клас­ні­ца­мі.

Трэцяя зала прысвечаная яму самому, пакаральніку касмічных прастораў. На сцяне прымацаваны партрэт бацькоў земляка Марфы Паўлаўны і Ільі Фёдаравіча. Ёсць нават школьная парта, за якой сядзеў будучы касманаўт. Прадстаўлены і макет дома, у якім ён нарадзіўся. Там, дарэчы, цяпер жыве яго сястра Антаніна. Ёсць і макет школы, дзе вучыўся Пётр. Адным з яго аднакласнікаў быў Герой Беларусі Пётр Пракаповіч. Любы з мясцовых жыхароў скажа, што дзякуючы знакамітым землякам Тамашоўка стала адным з найпрыгажэйшых аграгарадкоў на Брэстчыне. І школа, у якой знаходзіцца музей, мае надзвычай прывабны выгляд, багатую спартыўную базу.

Паводле слоў Наталлі Гадун, найбольшую цікавасць наведвальнікі праяўляюць да эксклюзіўных касмічных экспанатаў, сярод якіх, напрыклад, сапраўднае амартызацыйнае крэсла. Яно вылітае па форме цела касманаўта, у ім Пётр Клімук здзейсніў адзін са сваіх трох палётаў. Побач за шклом — гідракасцюм, ён неабходны пры пасадцы на ваду. Ёсць тут і бачок, які выкарыстоўваюць у бязважкасці для піцця. Ну а касмічная ежа ў бляшанках, пакетах і цюбіках самая сапраўдная, прывезеная з Зорнага гарадка.

Крэс­ла кас­ма­на­ўта.

Апошні раз касманаўт-зямляк наведваў малую радзіму ў верасні мінулага года. Тады ён прывёз з сабой прадстаўнікоў ХХХІ Міжнароднага кангрэса ўдзельнікаў касмічных палётаў, Герояў Расіі Аляксандра Самакуцяева і Сяргея Аўдзеева. Традыцыйна сустрэча атрымалася душэўнай. На яе прыйшлі і былыя аднакласніцы Пятра Ільіча. А ў 2014 годзе ён наведаў музей са сваімі беларускімі калегамі Уладзімірам Кавалёнкам і Алегам Навіцкім. Музею яны пакінулі свае аўтографы.

— Мы рады ўсім гасцям, — расказвае захавальніца фондаў настаўніца Наталля Гадун. — Найбольшая колькасць экскурсантаў — гэта школьнікі, і не толькі нашы, але і з блізкага, нават далёкага замежжа. Вось, напрыклад, кітайскія школьнікі больш чым касмічныя атрыбуты разглядалі макеты вясковых пабудоў, рэчы з этнаграфічнага кутка, бо ў іх усё гэта адрозніваецца ад нашага. А ў канцы мінулага года мы сустракалі праўнучку Канстанціна Цыялкоўскага Алену Аляксееўну Цімашэнкаву. Ёй таксама спадабаўся наш музей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Р. S. Зусім нядаўна ў адзінага ў Беларусі музея касманаўтыкі з'явіўся малодшы брат — невялікую экспазіцыю на тэму космасу адкрылі ў школьным музеі вёскі Ноўка пад Віцебскам. Алег Арцем'еў паспрыяў. Беларусь становіцца касмічнай краінай.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

А што ў сталіцы — тое і ў рэгіёнах.

Спорт

Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча распавядае, ці лёгка вырасціць чэмпіёна

Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча распавядае, ці лёгка вырасціць чэмпіёна

Як правільна вызначыць від спорту, які падыходзіць для вашага дзіцяці, ці варта ўвогуле прымушаць яго хадзіць на трэніроўкі?

Грамадства

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

Даша нарадзіла раней за тэрмін з дапамогай кесаравага сячэння. 

Грамадства

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

Яны з розных прычын засталіся без дому і сродкаў на пражыванне.