Вы тут

Як будзе будавацца Гродна ў найбліжэйшыя 10 гадоў


У Гродне прадстаўлены праект комплекснай забудовы горада да 2030 года. Згодна з ім, вектар жылой забудовы змесціцца на поўнач, у новы буйны мікрараён Грандзічы. А ўсяго ў праекце — забудова адразу чатырох новых мікрараёнаў, якія значна зменяць знешні воблік горада. Некаторыя ўжо знайшлі інвестараў.


На «плямах» вырастуць шматпавярховікі

Горад актыўна будуецца. Распрацавана некалькі праектаў комплексных забудоў абласнога цэнтра. І работы там ужо вядуцца. Інтарэс да будаўніцтва жылля праяўляюць многія кампаніі, некаторыя ў гэтых мэтах нават набылі ўчасткі праз аўкцыён.

Літаральна два месяцы таму вядомая сталічная кампанія «Амкадор-Прамбуд» набыла ў Гродне права арэнды зямельнага ўчастка плошчай 40 сотак. Гэты ўчастак даволі працяглы тэрмін знаходзіўся ў распрацоўцы пад шматпавярховік, які ўпісалі ў жылы мікрараён. Трэба сказаць, што барацьба за лапік зямлі вялася сур'ёзная — прэтэндавалі тры салідныя кампаніі. Сталічная фірма ўрэшце выйграла таргі, прапанаваўшы амаль 420 тысяч рублёў, што ўдвая больш за першапачатковую цану.

Дом мінімум на 10 паверхаў з'явіцца каля скрыжавання чатырох магістраляў, паміж бульварам Ленінскага Камсамола і вуліцай Горкага, непадалёку ад гістарычнага цэнтра. Шматпавярховік абяцае быць павышанай камфортнасці, з офісамі для арэнды і гандлю на першым паверсе.

Сёлета будуць здавацца два дамы на 19 паверхаў у мікрараёне Дзевятоўка. А ў Альшанцы пачне засяляцца маналітны вышынны дом, у якім на першым паверсе размесціцца дзіцячая амбулаторыя. Усяго ў горадзе зараз 7 дамоў на 19 паверхаў.

На ўскрайку, але па санітарных нормах

У хуткім часе першыя навасёлы пачнуць абжываць новы мікрараён Грандзічы. Гэта паўночнае крыло горада, яго ўскраек. З пашырэннем межаў вёска Грандзічы ўлілася ў горад і дала назву новаму жылому раёну. Першы камень быў закладзены ў верасні мінулага года. Дарэчы, курс на поўнач — новая канцэпцыя забудовы горада. Зараз тут разгорнута самая маштабная будоўля.

У новым мікрараёне плошчай 80 гектараў будуць пражываць 65 тысяч гродзенцаў. Тут вызначаць 22 кварталы, з іх 8 — гэта індывідуальная жылая забудова. На першым этапе пабудуюць два мікрараёны, дзе палепшаць свае жыллёвыя ўмовы 11 тысяч гараджан.

Першыя два дамы на 150 кватэр будуць здадзены ўжо вясной. А да канца года будзе ўведзена дзевяць жылых дамоў. У праект закладзена будаўніцтва дзіцячага садка.

Пры будаўніцтве мікрараёна ў першую чаргу была звернута ўвага на санітарна-ахоўную зону. Справа ў тым, што за тры кіламетры знаходзіцца вытворчы філіял прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы». А базавая санітарна-ахоўная зона для гэтага прадпрыемства складае 500 метраў.

Як паведамілі ў гарвыканкаме, яшчэ ў 2015 годзе згодна з патрабаваннямі заканадаўства ў галіне забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва для прадпрыемства быў распрацаваны праект санітарна-ахоўнай зоны з разлікамі рассейвання выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры, узроўняў фізічнага ўздзеяння і ацэнкай рызыкі для жыцця і здароўя людзей. Пастаянна вядзецца аналітычны кантроль. Больш таго, вытворчасць вапны перанесена з Гродна ў Краснасельск.

Шчыльна і рацыянальна

Жылыя новабудоўлі настойліва «ўціскваюцца» ў гарадское асяроддзе. І для гэтага ёсць нямала рэзерваў. Можна выкарыстаць пустыя тэрыторыі ці знесці старыя пабудовы. Распрацаваны генплан, які прапануе нямала новых жылых ансамбляў.

Адзін з такіх комплексаў узводзіцца на месцы вытворчых пляцовак і вайсковых часцей, якія падлягаюць вынасу за межы гарадскіх тэрыторый. Участак пад забудову плошчай 90 тысяч «квадратаў» знаходзіцца ў раёне вуліц Татарская і Камбайнёрская. Жыхароў гэтых вуліц адсялілі ў выніку даволі сур'ёзнага падтаплення пры прарыве цепласетак. Зараз тут рыхтуецца пляцоўка пад новабудоўлю. Шматпавярховікі вырастуць і на месцы былой ваеннай часці, што знаходзілася на вуліцы Пралетарскай — Шчорса.

Пачалася забудова былога ваеннага гарадка па вуліцы Лідскай. Тут будзе ўведзена 115 тысяч «квадратаў» жылля ў чатырох шматпавярховіках. Амаль столькі ж складзе плошча вышынных дамоў у мікрараёне Вясновы. Тэрыторыя знаходзіцца на ўзбярэжжы ракі Нёман. Гэта будзе элітны мікрараён. Такім бачаць яго сталічныя архітэктары, якія прапануюць свой праект з дамамі экстра-класа са шкла, метала і бетону. Для гэтага пад знос падпадае каля 50 дамоў прыватнай забудовы. У найбліжэйшай перспектыве трэба знесці яшчэ каля 100 дамоў у розных частках горада пад новабудоўлі.

У першую чаргу забяспечыць шматдзетных

Для гэтай катэгорыі кватэры пабудуюць у новых мікрараёнах Грандзічы і Альшанка. У мінулым годзе было здадзена 460 кватэр, сёлета будзе яшчэ 309.

У чарзе на жыллё ў гарвыканкаме стаіць 1308 шматдзетных сем'яў. Як расказалі ў гарадскім упраўленні капітальнага будаўніцтва, у 2020 годзе ўсе шматдзетныя сем'і, якія зараз стаяць на чарзе, будуць забяспечаны жыллём. Многія актыўна карыстаюцца магчымасцю пабудаваць уласны дом у раёнах індывідуальнай жылой забудовы, дзе ўчасткі для іх выдзяляюцца ў першую чаргу.

Дзе тая вуліца?

Паралельна з будаўніцтвам вуліцы атрымліваюць і свае назвы. Прыкметна, што многія з іх называюцца ў гонар знакамітых гродзенцаў, якія прынеслі славу гораду. У мікрараёне Грандзічы з'явілася вуліца Аляксандра Курловіча ў памяць аб двойчы чэмпіёне Алімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы, ганаровым грамадзяніне Гродна. У будучыні гэта вуліца стане праспектам.

У гэтым жа мікрараёне ўвекавечана імя вядомага гродзенскага гісторыка-краяведа Віктара Саяпіна. Прафесійны мытнік захапіўся гісторыяй свайго горада і выпусціў каля дзясятка цікавых і пазнавальных кніг з успамінамі аб мінулым горада, аб тым, што ўдалося, а што не ўдалося захаваць.

У гонар яшчэ аднаго гродзенца, заслужанага будаўніка Рэспублікі Беларусь Віктара Глухава, названа вуліца новага мікрараёна. Віктар Глухаў некалькі дзесяцігоддзяў узначальваў буйное будаўнічае прадпрыемства «Гроднажылбуд». Большасць жылля ў горадзе пабудавана менавіта гэтым прадпрыемствам.

Новая вуліца на месцы былога ваеннага гарадка атрымала назву Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Дэпутаты гарсавета на мінулай сесіі прынялі пад увагу ініцыятыву Гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, якія выступілі з адпаведнай прапановай. Яшчэ адна вуліца таго ж мікрараёна атрымала назву Прынёманская.

Дамы каля калодзежа

Калодзеж гэты не просты, а знакаміты. Менавіта каля яго разыгралася драматычная сцэна ў фільме «Белыя росы», калі стары Фядос Ходас (Усевалад Санаеў) махаў сякерай на Мішку Кіселя (Станіслаў Садальскі). Калодзеж — гэта адзінае, што засталося ад той вуліцы, дзе на пачатку 80-х гадоў здымалі культавы фільм. Літаральна нядаўна вуліцу знеслі, каб расчысціць месца новым дамам, а калодзеж аднеслі бліжэй да дарогі. Зараз яго можна пазнаць яшчэ і па скульптурнай кампазіцыі двух галоўных герояў — Ходаса і Цімафея, каля якіх ляжыць той самы пёс Валет.

На мес­цы «кі­нош­най» вёс­кі бу­дзе но­вы мік­ра­ра­ён.

А на месцы прыватнай забудовы ўжо ў найбліжэйшыя гады з'явіцца новы жылы комплекс, які будзе мець выгляд сучаснага шматпавярховага ансамбля. Ужо завершана ўзвядзенне сямі- і дзевяціпавярховага дамоў на 167 кватэр. Зараз вядзецца будаўніцтва каркасна-маналітных высотак на 11 і 14 паверхаў на 240 кватэр. Жыллё тут карыстаецца попытам, і ўсе кватэры ў новых дамах ужо прыдбаны. Мабыць, таму, што месца тут зручнае — абжыты мікрараён, добрае транспартнае злучэнне. Ёсць тут і міні-рынак, але ў новым жылым ансамблі на яго месца прыйдзе сучасны гандлёвы цэнтр.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».