Вы тут

У Мінску з'явіцца больш арэнднага жылля і будуць развівацца спадарожнікі


Кожны год пастановай урада зацвярджаецца праграма будаўніцтва жылля на год. Згодна з ёй сёлета спецыялісты плануюць пабудаваць мінімум 4 мільёны квадратных метраў жылля. Урад падлічыў і колькі грамадзяне пабудуюць для сябе сваімі рукамі. Улады разлічваюць, што ў 2019-м людзі ўзвядуць 1 мільён 750 тысяч «квадратаў» прыватнага жылля. Прычым 800 тысяч з іх — у Мінскай вобласці.

Спецыялісты шмат гаварылі аб неабходнасці даць новы штуршок развіццю гарадоў-спадарожнікаў. У выніку вырашана пабудаваць у такіх гарадах удвая больш, чым летась. На першым месцы стаяць Смалявічы, дзе хочуць узвесці тры панэльныя дамы для мінчан, у Рудзенску — 1—2 дамы, па будынку ў Заслаўі, Фаніпалі і Дзяржынску.

Прыкметнае змяненне ёсць у планах па будаўніцтве арэнднага жылля — калі ў 2018-м планавалі 90 тысяч квадратных метраў, то сёлета — больш за 135 тысяч «квадратаў». Будаваць масава хочуць у Гродзенскай вобласці (33,25 тысячы квадратных метраў), у Гомельскай (28,35 тысячы квадратных метраў) і Брэсцкай (26,25 тысячы квадратных метраў) абласцях.


Браць прыклад з Мінска

Як гаварылася падчас нядаўняй сустрэчы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі з мэрам Мінска Анатолем Сіваком, аб'ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы будуць штогод скарачацца, пры гэтым мяркуецца актыўна развіваць гарады-спадарожнікі.

Усяго ў сталіцы на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў стаіць больш за 198 тысяч чалавек — трэцяя частка ад агульнарэспубліканскай колькасці. З іх 5797 — шматдзетныя сем'і, якія маюць першачарговае права для накіравання на будаўніцтва.

Як расказала намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава, працягнецца развіццё арэнднага жылля, прапануюцца новыя падыходы да фарміравання кошту будаўніцтва жылля, прапрацоўваюцца больш гнуткія рашэнні ў дачыненні да прыватнага сектара.

Намеснік старшыні камітэта паведаміла, што праблему жылля для льготнікаў трэба вырашыць за два гады. Дарэчы, жыллё з дзяржаўнай падтрымкай у Мінску сёлета будзе будавацца толькі для льготных катэгорый грамадзян, у асноўным для шматдзетных сем'яў.

Варта падкрэсліць, што да 2016 года ў галоўным мегаполісе краіны ўводзілася каля 1 мільёна квадратных метраў жылля штогод. Будаўніцтва вялося як на свабодных пляцоўках, так і на тэрыторыях, якія не рэканструююцца. Цяпер свабодных участкаў практычна не засталося, патрабуецца знос прыватнага сектара, прамысловых аб'ектаў. Аб'ёмы ўводу жылля скараціліся. Калі летась было пабудавана 718 тысяч «квадратаў», то план на гэты год— 670 тысяч квадратных метраў жылля.

Сёлета ўключыць у план будаўніцтва плануецца каля 1900 шматдзетных сем'яў.

Будуецца 15 дзіцячых садкоў, а не хапае 20

Што датычыцца Мінска, сёлета спецыялісты-забудоўшчыкі плануюць раскрыць новыя пляцоўкі ў Чыжоўцы і Лошыцы. Працягнецца забудова ў межах вуліц Шаранговіча — Гарэцкага — Рафіева. Узводзяць жыллё і прыватныя інвестары. Па інвестыцыйнай праграме на будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры выдзяляецца каля 170 мільёнаў рублёў. Запланаваны фінансавыя сродкі і на будаўніцтва 15 дзіцячых садкоў. «Такога ніколі не было. Заўсёды ўзводзілася не больш за пяць—сем аб'ектаў для дзяцей, але мікрараёны будуюцца і маюць патрэбу ў сацыяльнай інфраструктуры», — дадала Ірына Гонтарава.

Сталіцы нашай краіны выдзелена 850 мільёнаў рублёў на капітальнае будаўніцтва і для падрыхтоўкі мегаполіса да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. У той жа час зразумела, што і жыхароў трэба забяспечыць сацыяльнай інфраструктурай. У сталіцы сёння не хапае 20 дзіцячых садкоў і сямі школ. Гарвыканкам дэталёва даследаваў гэтае пытанне. І высветлілася, што месцы мінчан у дзіцячых садках часта займаюць дзеці жыхароў Мінскай вобласці, якія працуюць у сталіцы. Часцей за ўсё гэтая праблема актуальная для садкоў каля МКАД.

«Квадраты» для ўсіх і сваіх

Цяпер ужо штогод у сталіцы ўводзяцца ў эксплуатацыю адзін-два дамы з жылымі памяшканнямі камерцыйнага выкарыстання. Сёлета пабудаваны адзін такі жылы дом у раёне вуліцы Выгоцкага плошчай каля пяці тысяч квадратных метраў. Яшчэ адзін падобны аб'ект з жылой плошчай 19 тысяч «квадратаў» будуецца ў межах вуліц Кірэенкі — Адоеўскага, дзе заказчыкам выступае завод эфектыўных прамысловых канструкцый. Летась пабудавана 8,7 тысячы «квадратаў» арэнднага жылля.

У мэрыі цяпер прапрацоўваецца пытанне ўвядзення арэнднага дома для работнікаў бударганізацый. Дом у Мінску будзе ўзводзіцца не за сродкі горада, а сіламі будаўнічых арганізацый непасрэдна для супрацоўнікаў будаўнічага комплексу.

Дарэчы, даволі радыкальны бонус для работнікаў вынес на абмеркаванне член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Грышук, які да нядаўняга часу ўзначальваў Гродзенскі мясакамбінат.

Ён прапанаваў даць магчымасць прадпрыемствам пагашаць працэнты за жыллёвы крэдыт сваіх работнікаў. Што і казаць, меры даволі смелыя і не кожнае прадпрыемства можа сабе гэта дазволіць. Таму ініцыятыва будзе разглядацца пазней і прынята як рэкамендацыя. Разам з тым Анатоль Грышук упэўнены, што такая мера — адна з самых дзейсных па замацаванні работніка на вытворчасці.

На сесіі гарадскога Савета ў Гродне прагучаў зварот да дэпутатаў-кіраўнікоў аб удзеле на прынцыпах кааперацыі ў будаўніцтве арэндных кватэр. Увогуле, было вырашана, што будаўніцтва жылля будзе актывізавана. У першую чаргу кватэры атрымаюць шматдзетныя і тыя, хто мае патрэбу, а такіх у горадзе больш за 1200 чалавек.

Эксперымент са спадарожнікамі

Распрацаваны праект указа, паводле якога запланавана будаўніцтва эксперыментальнага жылога дома для мінчан у Смалявічах.

Праект указа прадугледжвае аказанне грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на тэрыторыі Мінска, дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва ў гэтым доме ў рамках Указа № 240 (ён прадугледжвае дзяржаўныя субсідыі на пагашэнне крэдыту на жыллё). Але галоўная навізна ў тым, што падаваць заяву на будаўніцтва ў эксперыментальным доме змогуць нават тыя, хто стаў на чаргу зусім нядаўна. Аб пачатку падачы заявак загадзя апавясцяць праз СМІ і адміністрацыі раёнаў. Калі ахвотных будавацца ў Смалявічах набярэцца больш, чым кватэр у доме, тады перавага будзе аддавацца тым, хто стаў на чаргу раней.

Хутчэй за ўсё, гэта будзе звычайны дом тыпавых спажывецкіх якасцяў. Мяркуецца, што будзе ён у канструкцыях МАПІДа. Улады інфармуюць аб тым, што цана квадратнага метра там будзе ніжэй, чым у Мінску. Калі гэты эксперымент актыўна падтрымаюць жыхары сталіцы, тады па такім прынцыпе сітуацыя будзе развівацца і далей.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.