Вы тут

Што патрэбна, каб знізіць цэны на кватэры?


У мінулым месяцы ўступіў у сілу новы ўказ Прэзідэнта аб долевым будаўніцтве. У Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры пракаментавалі, што зменіцца дзякуючы гэтаму дакументу.


Летась у снежні быў падпісаны Указ № 473 аб долевым будаўніцтве. А 13 сакавіка гэтага года ўступіла ў сілу пастанова ўрада № 156, якой зацверджана Палажэнне аб парадку заключэння, выканання і скасавання дагавораў стварэння аб'ектаў долевага будаўніцтва. Мы даведаліся, што новага ўтрымліваюць гэтыя нарматыўна-прававыя акты.

Карупцыі тут не месца

У практыцы ёсць нямала выпадкаў, калі забудоўшчыкі (долевае будаўніцтва) для актывізацыі продажу кватэр і прыцягнення да іх спажыўцоў, зніжаюць цэны на кватэры. Па раней дзеючым заканадаўстве такое рашэнне афармлялася загадам кампаніі. Праваахоўныя органы ўбачылі ў такой схеме рэалізацыі кватэр карупцыйны складнік. Таму ў новым указе прапісаная норма, згодна з якой непрададзеныя кватэры знаходзяцца ў забудоўшчыка не больш за месяц. Калі заказчык хоча знізіць на іх цану, ён павінен апублікаваць па гэтых кватэрах праектную дэкларацыю з указаннем новай цаны.

Набываць жыллё будзем толькі за рублі

Да цяперашняга часу дзейнічала норма, згодна з якой кошт кватэр у дагаворах долевага будаўніцтва прапісваўся ў беларускіх рублях з прывязкай да долара. Новым указам такая магчымасць выключана. Праўда, гэтая норма распаўсюджваецца толькі на дамы, дакументацыя па якіх атрымана пасля ўступлення ў сілу новага ўказа.

Сапраўды, у нашай краіне ўзяты курс на дэдаларызацыю. У гэтай сувязі было прынята рашэнне, што разлікі за жыллё мэтазгодна рабіць у беларускіх рублях без прывязкі да замежнай валюты. Міністэрствам эканомікі распрацаваны прагнозныя індэксы цэн у будаўніцтве, якія разлічваюцца на некалькі гадоў. Калі да моманту здачы дома ў эксплуатацыю яны павялічацца ў параўнанні з тымі, якія ўлічваліся пры першапачатковым разліку кошту, то забудоўшчык мае права аўтаматычна павысіць кошт жылля. Да таго ж у апошнія гады ў нашай краіне не назіраецца рэзкіх скачкоў курсу рубля ў адносінах да долара, ён застаецца адносна стабільным.

Каб будоўля не стала даўгабудам

Згодна з ранейшым заканадаўствам, калі забудоўшчык не ўкладваўся ў нарматыўныя тэрміны ўводу дома ў эксплуатацыю, ён павінен быў папярэдзіць пра гэта дольшчыкаў за два месяцы. У новым указе гэты тэрмін скарочаны да аднаго месяца. Зараз падрыхтаваны новы праект пастановы ўрада аб правілах заключэння дагавораў падраду, у якім прапануецца працягваць нарматыўны тэрмін будаўніцтва толькі адзін раз.

З іншага боку, часам у будаўніцтве ёсць шмат дольшчыкаў, якія не разлічваюцца па рахунках месяцамі. Значыць, з імі трэба скасоўваць дагаворы і заключаць іх з іншымі дольшчыкамі. У міністэрстве лічаць, што нельга бясконца падаўжаць нарматыўны тэрмін будаўніцтва, бо гэта выліваецца ў вялікую трагедыю для дольшчыкаў, асабліва тых, хто плаціць своечасова.

Абмен без грошай

Па дзеючым раней заканадаўстве, дольшчык у працэсе будаўніцтва меў права памяняць адну кватэру ў доме на іншую. Але пры гэтым ён павінен быў скасаваць першы дагавор, атрымаць унесеныя на будаўніцтва кватэры грошы з індэксацыяй, а затым заключыць другі дагавор і ўнесці грошы на будаўніцтва новай кватэры. Сума індэксацыі заставалася на руках у дольшчыка.

Пагадзіцеся, гэта не зусім лагічна. Таму распрацоўшчыкамі ўказа было прынята рашэнне, што ў такіх выпадках з дольшчыкам будзе заключацца дадатковае пагадненне да існуючага дагавора з указаннем нумара новай кватэры. А грошы, якія накіроўваліся на будаўніцтва першага жылога памяшкання, будуць залічвацца і пры будаўніцтве іншай кватэры без індэксацыі.

І яшчэ, на практыцы ўзнікалі выпадкі, калі пасля заканчэння будаўніцтва дома цана на кватэры ў ім зніжалася. Часцей за ўсё гэта датычылася жылля людзей, якія будавалі сабе кватэры з дзяржаўнай падтрымкай. Раней пераплачаныя грашовыя сродкі вярталіся толькі Беларусбанку на пагашэнне льготнага крэдыту. Цяпер яны будуць акумулявацца і на іншых крыніцах фінансавання (субсідыі, камерцыйны крэдыт, уласныя сродкі), у тым ліку на разліковых рахунках саміх дольшчыкаў.

Ключы толькі пасля дзяржрэгістрацыі

Новым указам прадугледжана, што кватэры будуць перадавацца дольшчыкам толькі пасля таго, калі яны зарэгіструюць свае правы ўласнасці на жыллі.

Эксперты Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры нагадваюць, што да ўступлення ў сілу новага дакумента дольшчык мог атрымаць дакументы на жылое памяшканне і ключы, а потым доўгі час не рэгістраваць свае правы на яго. А ў выніку забудоўшчык быў вымушаны несці выдаткі па аплаце камунальных плацяжоў за кватэру. Часта гэта былі не адзінкавыя жылыя памяшканні ў доме, а аплата «камуналкі» за іх асабліва моцна біла па кішэні заказчыкаў зімой у ацяпляльны перыяд і пагаршала іх фінансавае становішча. Цяпер гэтага не будзе.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?