Вы тут

Як развіваюцца Касцюковічы


Малая радзіма вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Аляксея Русецкага, Алеся Пісьмянкова заўсёды славілася не толькі сваімі талентамі, але і маляўнічымі мясцінамі. І калі б не Чарнобыль, які, на жаль, закрануў гэты прыгожы край, жыццё тут яшчэ больш віравала б. Але апошнім часам раён зноў пачаў імкліва развівацца. Асабліва гэта бачна па Касцюковічах. Тут з'явіліся вялікі ФАК з басейнам, некалькі буйных гандлёвых цэнтраў, сацыяльныя аб'екты. А галоўнае — поўным ходам ідзе будаўніцтва жылля. І маладыя матулі з каляскамі на вуліцах горада сёння зусім не рэдкасць.


Ну чым не га­рад­скі пей­заж?

І жыллё, і інфраструктура

Будаўніцтва ў Касцюковічах не прыпыняецца. І начальнік адзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Уладзімір Сусько на правах галоўнага архітэктара горада запрашае пераканацца ў гэтым. 40-кватэрны дом на вуліцы Максіма Горкага, дзе мы робім першы прыпынак, здадзены летась у снежні, частка яго жыхароў — сем'і, якія будаваліся па 240-м Указе. Другая палова дома аддадзена пад арэнднае жыллё. Від збоку крыху псуе цеплатраса, трубы якой акаляюць дзіцячую пляцоўку. Але, як запэўнівае спецыяліст, гэта з'ява часовая. Вунь, махае ён рукой убок, новая кацельная будуецца. Старая знаходзіцца за горадам, на тэрыторыі цэментнага завода, гэта пяць кіламетраў ад райцэнтра. З уводам новай паменшацца страты па дастаўцы энерганосьбітаў, а значыць і сумы ў жыроўках грамадзян. Здача аб'екта запланаваная ўжо сёлета.

— Горад імкліва расце, развіваецца і інфраструктура — усё ўзаемазвязана, — адзначае галоўны архітэктар. — План па будаўніцтве жылля летась перавыканалі на 107 %, а калі ўлічваць і індывідуальнае жылле, то на ўсе 140. Па горадзе здадзена 2200 квадратных метраў жылля, а індывідуальнага 2070 — пры заданні 1800.

Як грыбы пасля дажджу

Новы мікрараён знаходзіцца ў маляўнічай мясціне, побач з возерам Баравец і яго ўтульнымі месцамі адпачынку. Непадалёк узводзіцца яшчэ адзін 40-кватэрны дом, які мы едзем глядзець. Здача ў чэрвені. На будаўнічай пляцоўцы аж дым курыць. Шчыруюць работнікі ПМК № 260.

— Апошнія трынаццаць гадоў не сядзім без работы — працуем і зімой, і летам, — усміхаецца майстар Андрэй Матыка. — Моладзі шмат, нехта праходзіць практыку. Амаль усе мясцовыя.

Аляксандр Пільнікаў з Бялынкавіч асвойвае ў магілёўскім ліцэі прафесію зваршчыка. Зараз праходзіць практыку ў ПМК. Прызнаецца, што ўмовы працы яму падабаюцца. І ў будучым не супраць звязаць свой лёс з Касцюковічамі.

Галоўны забудоўшчык горада — ПМК № 260 — наогул аўтарытэтная арганізацыя. Уладзімір Сусько прапануе з'ездзіць на вуліцу Камсамольскую і паглядзець, як узорна яна рыхтуецца да ўзвядзення чарговага жылога дома. Адметнасць у тым, што фінансаванне яшчэ пакуль не пачалося, а ПМК за свае абаротныя сродкі ўжо падрыхтавала катлаван і падвезла будматэрыялы. «Вось як трэба працаваць, — заўважае мой гід. — Дом яшчэ налета будзе здавацца, а забудоўшчык ужо паклапаціўся правесці падрыхтоўчыя работы. Пакуль сухое надвор'е, можна зрабіць якасны фундамент, каб потым дом не «гуляў».

Касцюковіцкая Рублёўка

Дарэчы, мікрараён, дзе ўзводзіцца дом, маладзёжны. Яго ў народзе ахрысцілі АБВГДэйка. Тут дамоў пад нумарам адзін — паўалфавіта. З аднаго з іх выходзіць маладая сям'я з каляскай. Як высветлілася, Ганна і Дзмітрый справілі наваселле тут пяць гадоў таму, а ў чарзе на кватэру стаялі ўсяго год. Мужчына працуе ў ПМК, а жонка ў калгасе «Парыжская Камуна». Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку. Сужэнцы прызнаюцца: ім падабаецца жыць у малым горадзе. І крамы пад бокам, і некалькі рынкаў у горадзе, і фізкультурны цэнтр з басейнам, а галоўнае — прырода, свежае паветра, птушкі пяюць, з гэтым у мегаполісе дэфіцыт.

Ган­на і Дзміт­рый: «А нам па­да­ба­ец­ца ў Кас­цю­ко­ві­чах».

Яшчэ лепш, калі ў цябе свой дом. Тых, хто аддае перавагу індывідуальнаму будаўніцтву, у горадзе таксама хапае. Каб не быць галаслоўным Уладзімір Сусько вязе на вуліцу Краснапольскую, якую жартам называе мясцовай Рублёўкай. Уздоўж дарогі тут стаяць прыгожыя катэджы. Насупраць лес, за ім рэчка. Сапраўды Рублёўка.

Бум на арэнднае жыллё

Сёння ў Касцюковічах афіцыйна зарэгістравана каля 16 тысяч чалавек. І гэта лічба не памяншаецца. Аграгарадкі таксама развіваюцца. У ліку перспектыўных — Белая Дуброва, вядомая сваім гусіным фестывалем. Тут шмат было пабудавана жылля да 2009 года, і народ зараз актыўна яго прыватызуе. У аграгарадках Муравілле і Новыя Саматэвічы наогул няма пустуючага жылля.

— Сёння ў Касцюковічах у чарзе на жыллё стаіць 523 сям'і, з іх 64 — шматдзетныя, — удакладняе статыстыку па гараджанах начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Касцюковіцкага райвыканкама Мікалай Патапенка. — Апошніх мы маглі б забяспечыць квадратнымі метрамі хоць сёлета, але некаторыя адмаўляюцца і працягваюць стаяць на чарзе. Астатнія таксама доўга не чакаюць. За апошнія гады чарга паменшылася амаль на чвэрць. Па сутнасці, мы б маглі будаваць і болей, былі б ахвотныя. Вельмі прывабныя ўмовы будаўніцтва па Указе № 235: крэдыт выдаецца пад 1 %, але чалавек павінен адпрацаваць не менш як 10 гадоў у раёне. І такія людзі ёсць. Касцюковічы — горад, які развіваецца. Тут працуе адно з найбуйнейшых у краіне прадпрыемстваў — Беларускі цэментны завод. Ёсць цэлы мікрараён, дзе жывуць сем'і яго работнікаў.

Вялікі попыт у раёне на арэнднае жыллё, або, як афіцыйна яно называецца, — жыллё камерцыйнага выкарыстання.

— Такія кватэры ў нас асабліва запатрабаваныя, — удакладняе Мікалай Патапенка. — На сёння плата за яго бярэцца з улікам паніжальнага каэфіцыента — 1,53 рубля за квадратны метр. Атрымліваецца нават танней, чым плаціць за кватэру, пабудаваную з улікам крэдыту. Не кажучы ўжо пра жыллё па найме, якое прапануюць гараджане. На арэндныя кватэры ў нас спачатку быў попыт па пяць—шэсць ахвотных на адну. І зараз як толькі нешта вызваляецца, адразу ж знаходзіцца чарговы арандатар. Мы пастаянна інфармуем жыхароў праз наш сайт і сродкі масавай інфармацыі. На вёсцы каэфіцыент на арэнднае жыллё яшчэ ніжэйшы. У некаторых населеных пунктах і чаргі нават няма. Любы можа прыехаць і жыць. Нават з Магілёва.

З перспектывай на будучае

— Штогод у нас уводзіцца не менш чым тры тысячы квадратных метраў жылля ў раёне, — кажа намеснік старшыні Касцюковіцкага райвыканкама Вячаслаў Максачоў, які курыруе пытанні будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі. — На сённяшні дзень ужо распрацавана горадабудаўнічая дакументацыя на пляцоўку пад будаўніцтва чатырох дамоў. На перспектыву, у адпаведнасці з генпланам, у нас падабраныя яшчэ дзве пляцоўкі, дзе будзе весціся забудова як шматкватэрнага жылля, так і індывідуальнага. Наогул па будаўніцтве жылля ад людзей у нас пытанняў не ўзнікае. Ад моманту пастаноўкі на чаргу і да моманту ўключэння ў спіс на будаўніцтва канкрэтнага дома праходзіць у сярэднім тры—чатыры гады. Шматдзетныя сем'і наогул атрымліваюць такую прапанову на працягу года.

Уладзімір Петрусевіч, старшыня Касцюковіцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Я ведаю некалькі прыкладаў, калі маладыя людзі, у тым ліку з Магілёва, заставаліся ў Касцюковіцкім раёне і дагэтуль тут працуюць. Вырашальную ролю ў гэтым адыграла жыллё. Людзі бяруць крэдыты і будуюць. І гэта добры знак таго, што яны пажадалі застацца. Для моладзі самае галоўнае — дзе жыць. Перспектыўны аграгарадок Новыя Саматэвічы. Там жыве шмат людзей, якія працуюць на Беларускім цэментным заводзе. Наогул, заўсёды агітую моладзь заставацца ў раёне, бо ў нас вельмі добрыя перспектывы хутка атрымаць жыллё. Вось зараз на час пасяўной за мной замацаваная гаспадарка «Машавое-агра», а там тры стажоры працуюць, якія вучацца ў Клімавіцкім аграрным каледжы. Гаспадарка забяспечвае спецыялістаў жыллём, і я між іншым пра гэта хлопцам нагадваю. У нас менш гарадской мітусні, прыгожая прырода, шчырыя людзі — што яшчэ трэба?

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?