Вы тут

40 гадоў таму адбылася прэм'ера фільма «Месца сустрэчы змяніць нельга»


Лета 1945-га. Малады камандзір разведроты Шарапаў трапляе пасля фронту па размеркаванні ў Маскоўскі крымінальны вышук, у аддзел па барацьбе з бандытызмам. Якраз у гэты час у горадзе лютуе няўлоўная банда «Чорная кошка», пакідаючы за сабой след з нябожчыкаў і нераскрытых спраў... 40 гадоў таму адбылася прэм'ера шматсерыйнага фільма «Месца сустрэчы змяніць нельга», а праз 30 гадоў, у красавіку 2009-га, у Кіеве каля будынка МУС адкрылі помнік Жаглову і Шарапаву. У 2016-м помнік героям фільма паставілі таксама каля будынка ГУУС Масквы на Пятроўцы, 38.


Дэтэктыў паводле рамана братоў Вайнераў «Эра Міласэрнасці» стаў адной з найлепшых работ не толькі рэжысёра Станіслава Гаварухіна, але і ўсіх занятых акцёраў. Перагледзець фільм можна на наступным тыдні ў эфіры «Беларусь 3», а да таго — прыгадаць тое-сёе з гісторыі стварэння карціны.

На ролю капітана Жаглова прэтэндавалі Юрый Кузьмянкоў, Леанід Яноўскі, Яўген Сцяжко, але выбралі Высоцкага — практычна без проб. Хадзілі чуткі, што рэжысёр спецыяльна запрашаў на мастацкую раду заведама непрыдатных для вобраза акцёраў, каб падрыхтаваць глебу для прыняцця Высоцкага. І гэта быў стрэл у яблычак: Высоцкі не толькі бліскуча сыграў неадназначнага капітана міліцыі, але і прывёў у карціну многіх іншых акцёраў: Аляксандра Бяляўскага — Фокса, Віктара Паўлава — Леўчанку, Івана Бортніка — «Прамакашку». Гэта ён прыдумаў картавы каларыт дробнаму зладзюжку «Кірпічу» — Садальскаму, фатаграфію Вары як падказку для Шарапава, ён зняў сцэну допыту Фокса, сцэны з Груздзевым і нават пэўны час падмяняў Гаварухіна ў якасці рэжысёра, калі той вымушаны быў паехаць на фестываль з папярэднім сваім фільмам... А вось спяваць Высоцкаму ў гэтай карціне не далі. Але менавіта яго за ролю Жаглова адзначылі дзвюма ўзнагародамі: прызам журы Усесаюзнага кінафестывалю ў 1981-м і Дзяржпрэміяй СССР у 1987-м (пасмяротна).

Доўга шукалі і акцёра, які ўвасобіць палкага ідэаліста Шарапава, — перабралі амаль паўтара дзясятка кандыдатур, у тым ліку вельмі вядомых — Аляксандра Абдулава, Станіслава Садальскага, Сяргея Ніканенкі, — але тэлевізійнае кіраўніцтва настойвала: толькі Уладзімір Конкін. І хоць самі сцэнарысты не атаясамлівалі маладога інтэлігентнага акцёра з разведчыкам, які 42 разы хадзіў праз лінію фронту, зацвердзілі менавіта яго — вельмі ўжо быў падобны да «камсамольца, партрэт якога ў газетах друкуюць».

Насуперак дамоўленасці паміж Дзяржтэлерадыё СССР і Адэскай кінастудыяй фільм атрымаўся не сямі-, а пяцісерыйным — дзве серыі скарацілі ў працэсе цэнзуравання і перамантажу. Усе выразаныя кадры, каля дзвюх гадзін, рэжысёр аддаў на Адэскую кінастудыю, дзе яны і згубіліся.

  • А вы ведалі, што?..
  • У сцэне ў більярднай шары ў лузу за Высоцкага і Кураўлёва заганяў майстар — адзін з найлепшых більярдыстаў Адэсы Уладзімір Іваноў, паколькі абодва акцёры зусім не ўмелі «катаць шары».
  • Падчас здымак у Адэсе Высоцкі працягваў іграць у тэатры ў Маскве — яго везлі на міліцэйскай «Волзе» з аэрапорта, а грымёр па дарозе пераўтварала Жаглова ў Гамлета.
  • Падчас здымак пагоні за Фоксам ледзь не загінулі каскадзёры: машына перакулілася і ўпала не проста ў раку Яўзу, а пагрузілася ў метровы глей...
  • Фінальную сцэну, дзе Вара застаецца жывой і бярэ з дзетдома падкідыша, даздымалі ў апошні момант, каб «перапісаць» трагічны фінал.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».