Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Ці савой аб пень, ці пнём аб саву


Фота insales.ru

Чытаеш рубрыку «...Народ на провадзе!», і самому хочацца нешта расказаць.

Некалі, у першай палове 1960-х гадоў, не было ў нашай вёсцы ніякіх тэлевізараў, дзеці ўвесь свой час праводзілі на вуліцы. Зімой гулялі ў снежкі, каталіся на санках, на лыжах, а ўжо летам...

У нас было рукою падаць да рэчкі, да возера, трохі паводдаль — лес. А значыць, купайся, лаві сабе рыбу, хадзі ў ягады і грыбы!

Гэта, вядома ж, прыемныя заняткі. Але больш за ўсё мы любілі іншы. Дарогі былі, можна сказаць, пустыя, машын — амаль што ніякіх. Значыць, садзіся на ровар, гойсай і нічога не бойся... Хіба што кола, якое спусціць.

Каб напампаваць яго, патрабаваўся адмысловы — як у нас казалі — вэнталь. У мяне, на жаль, яго не было. А таму, калі тата (светлай памяці!) па нейкіх справах сабраўся ў Паставы, я папрасіў, каб прывёз. Адзінае... Мне, малому, тады здавалася, што Паставы — гэта вельмі вялікі горад, і ўсе там размаўляюць па-гарадскому — па-руску. Значыць, нашага вэнталя могуць і не знаць? Я папытаўся ў старэйшых хлопцаў, як ён называецца правільна. «Ніпель», — сказалі тыя, а я сказаў тату.

Праўда, ён, пакуль ехаў да горада ды ўладжваў там свае справы, слова гэта забыўся і ў краме папрасіў... фіцэлі.

— А што гэта? І для чаго? — здзівілася прадавачка.

— Ну, каб уставіць і потым пампаваць.

(Як — тата яшчэ і «на пальцах» паказаў).

Збоку гэта, мусіць, смешна выглядала, бо ўсе пакупнікі пакаціліся ад рогату. А потым, адсмяяўшыся, нейкі афіцэр (у той час у Паставах гарнізон стаяў) папрасіў прадаць яму ніпелі.

— Во-во... І мне таксама, — спахапіўся тата.

Карацей, з прыгодамі, але ён такі выканаў маю просьбу... Хоць потым і казаў, што прадавачка нідзе б не дзелася — зразумела б і нашы вэнталі, бо яно ж ці савой аб пень, ці пнём аб саву. Хіба не так?

Пятро Харэцкі, г. Мінск


Хай будзе і... байцзю

Фота therumdiary.ru

Што ні край, то звычай, не кажучы ўжо пра мову... А таму нашы турысты-падарожнікі, выязджаючы за межы краіны, у няёмкае становішча трапляюць часта. Максім Танк у адным з вершаў расказваў, як у Балгарыі дзеўка падавала суп таратор, як спытала ў едака, ці спадабаўся? Наш чалавек кіўнуў галавой: маўляў, вельмі — смачна так, што за вушы не адцягнеш! А яна — чамусьці засмуцілася. Спытаў потым, ці прыйдзе на сустрэчу? Яна таксама згодна кіўнула і... не прыйшла, бо наш ківок згоды (ён потым даведаўся) па-балгарску «гучыць» як адмова... І наадварот.

Пра свае невясёлыя прыгоды расказваў некалі і гумарыст Задорнаў. У Амерыцы ў рэстаране ім падалі смажаную рыбу разам з налітым у невялічкія піялы кампотам (у ім яшчэ долькі апельсінаў плавалі). «Гэта — каб потым запіць», — вырашыў госць і нават быў прылажыўся... А сябра — спыніў, сказаў, што ў піяле зусім не кампот, што да рыбных страў там падаюць пасудзінкі з вадой (долькі апельсіну ў ёй — для водару), каб... спаласнуць потым пальцы.

Карацей, не так проста нашаму чалавеку за межамі. Як, дарэчы, і замежнікам тут, у нас. Я ад відавочцаў чуў пра кітайцаў, якія прыехалі будаваць электрападстанцыю.

Значыць, пасялілі іх у вагончыках побач з аб'ектам. У начальнікі прызначылі сваіх жа прарабаў, так што ў веданні моў рабочыя патрэбы не мелі, хіба...

Людзі ў нас, як вядома, гасцінныя. Дзядзька Франак, напрыклад, да тых кітайцаў прыгледзеўся ды і запрасіў іх у госці. На стол закускі нейкай наставіў, пляшку самагону прынёс — моцнага, чысцюткага. Вось толькі... Жонка напярэдадні нарыхтоўкі рабіла — скарыстала шмат воцату. Пустыя бутэлькі з-пад яго хацела выкінуць, але муж пераняў. Сказаў: «Навошта? Хай паслужаць яшчэ», а затым спаласнуў ды наліў гарэлкі.

Госці гэты прадукт, вядома ж, не зганьбілі: чаркі падымалі дружна, асушалі да дна, таму гаспадар час ад часу хадзіў па «дабаўку». І прыносіў — у бутэльках з-пад воцату.

Колькі іх выпілі, ніхто не лічыў, а калі і лічыў, — то ці збіўся, ці забыўся, бо расставаліся позна і, як выглядала, у добрым гуморы: абодва бакі былі задаволены! Кітайцы — тым, што «знутры» паглядзелі на тутэйшае жыццё, што добра пасядзелі. А гаспадар — дык яшчэ і слова з іхняй мовы запомніў — «байцзю». Было ў ім нешта тутэйшае — не тое ад нашага «бывай!», не тое ад «дзякуй!»...

Толькі назаўтра дзядзька даведаўся, што яго ўчарашнія госці зранку ўжо збегалі ў краму. Са словам «байцзю» пальцам паказвалі на адну з паліц ды працягвалі грошы. «За паўгадзіны ўвесь воцат размялі! Піць яго будуць, ці што?» — не разумела прадавачка.

Перакладчык потым сказаў (а яна ўжо і Франку...), што ў Кітаі гарэлку робяць з рысу і называецца яна байцзю.

...Так ці інакш, але гэтая назва прыжывацца стала і ў нас. Ва ўсякім разе ў дзядзькі Франка самагону цяпер ніхто і не просіць. Кажуць: «Будзь чалавекам: налі па чарцы байцзю!»

(«Каб ты воцату напіўся! Альбо смалы...» — жонкі ім жадаюць потым).

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Смачны бабе арэх...

Фота best-group.info

На пачатку сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя пакупнікоў у крамы ніхто не заманьваў: не трэба было ніякай рэкламы, акцый, зніжак, прызоў. Людзі прыходзілі самі: загадзя прапытвалі, калі што прывязуць, чакалі, займалі чаргу, як маглі, стараліся задобрыць работнікаў гандлю, завесці так званы блат. Цётка Маня, напрыклад, якая жыла побач, магла нечага насмажыць, напячы, наварыць маладзенькай бульбачкі і прынесці да нас у краму, каб пачаставаць. А заадно, глядзіш, і заручыцца, што пакінем ёй што-нішто з дэфіцытаў, калі прывязуць...

Вельмі рэдка, напрыклад, але ж прывозілі дрожджы. І добра яшчэ, калі ў дробнай расфасоўцы — іх зручней прадаваць, а вось кілаграмовыя «цагліны»... Як іх дзяліць?.. А яшчэ ж і сабе хочацца пакінуць. І патрэбным людзям прадаць...

Адна з нашых работніц так і зрабіла: прыхавала дражджэй — не тое кілаграм, не тое два. А тут раптам трывога: пазванілі, што да нас праверка з санстанцыі едзе (прычым — з абласной!), што «абследаваць» будзе ну ўсе куточкі!

У нас, здавалася б, парадак? Калі б не дрожджы... «У краме іх не схаваеш, — думае прадавачка. — І далей ад яе не адыдзешся. Ну хіба ў прыбіральню?»

Прадукту ёй вельмі шкада было, але ж сябе — «шкадней». Так што занесла яна тыя дрожджы ў «шпакоўню» і... «Утапіла».

Прыехала санстанцыя, усё праверыла і заўваг, дзякуй богу, не пакінула — хутка паехала далей. Мы толькі хацелі перахрысціцца ды з палёгкай уздыхнуць, як бачым — бяжыць да нас баба Маня. Здалёк гарлапаніць:

— А дзяўчаткі ж мае! А што ж гэта вы з прыбіральняй зрабілі? Яна ж мае градкі топіць! Ды каб жа ўвосень... Альбо вясной, перад тым, як ускопваць, а то цяпер... У мяне ж там агурочкі па пальцу...

Вось так, дзякуючы візіту санстанцыі, мы падкармілі частку гарода ў бабы Мані: на дражджах — усё там расло. Вось толькі есці гэта зусім не хацелася.

Тамара Аляхновіч, г. Слуцк


Дзеўкам — навука,

альбо Не руш чужых груш

Фота gusti.shop

Летась з мужавай падачы

Прыкупіла Зося дачу,

І калі цяпло настала,

З ім капала, засявала,

Не забыла пра кусточкі —

Засадзіла ўсе куточкі...

Дыхту ў працы задавала,

І, здавалася, усё мала!

 

Аж датуль,

пакуль аднойчы,

Ёй не кінулася ў вочы,

Што суседка, дзеўка-ружа,

Дужа ж пяліцца... на мужа,

Што гадзінкі не мінае

Усё Івана падзывае:

Знойдзе, хітрая, прычыну,

Каб зайшоў хоць на хвіліну!..

Ці сама «на ўсё заб'е»,

І «да Зосі» зазірне:

Прынясе якой салаты,

Ці заварыць «нам» гарбаты...

 

Побач ходзяць не зладзеі,

Зосі шэпчуць дабрадзеі:

— Ты у горад, а яна

Купіць добрага віна,

Ды з тваім сядзіць, гужуе,

Мо калі і заначуе?

 

Як «казалам» гэтым верыць?

Зосі трэба ўсё праверыць:

Сыпле ў ложак перцу добра,

Прыкрывае зверху коўдрай

(Будзе «ружачцы» навука,

Хай пакруціцца, гадзюка!):

— Я у горад, — кажа мужу, —

Не сумуй адзін тут дужа...

 

А назаўтра ў двор цішком...

Чуе — гоман за акном:

Яе «верны» светлым ранкам

Ледзь не плача ля каханкі:

Не дацямяць з ёй ніяк,

Што ўначы пайшло не так?

Сверб на спінцы? Ды балючы...

А ніжэй — лішай пякучы...

 

Скуль яно ўсё ўзялося,

Зразумела толькі Зосі:

Не падманвала «разведка» —

Начавала ў іх суседка.

Ды цяпер жа будзе знаць,

Як Іванку адбіваць!

Галіна Нічыпаровіч,

в. Магільна,

Уздзенскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж...

Спадабаўся ліст спадара Харэцкага, яго, трэба разумець, чыстасардэчнае: «Чытаеш рубрыку «...Народ на провадзе!» і самому хочацца нешта расказаць».

Цікава: як доўга ён чытаў чужыя гісторыі? Як даўно збіраўся расказаць сваю? І зрабіў-такі! А вы?

Пішыце! Бо — нагадаем — усе «вясёлыя і праўдзівыя...» «Звязда» не проста друкуе, а яшчэ і праводзіць конкурс — на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае пад старшынствам спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны, і маленькае рэдакцыйнае на чале з першым намеснікам галоўнага рэдактара спадарыняй Наталляй Карпенкай — працуе. Пераможцаў чакаюць прызы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.