Вы тут

Як у цэнтры Мінска кіруюць беларускім спадарожнікам


Мінчане і госці сталіцы, якія бывалі ў раёне Акадэміі навук, маглі звярнуць увагу на масіўную антэну, якая размешчана на даху будынка па адрасе Сурганава, 6. Але мала хто ведае, што верхні паверх будынка займае Навукова-інжынернае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы». Яно з'яўляецца адным з асноўных распрацоўшчыкаў Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі (ДЗЗ), а з 2004 года вызначана яе Нацыянальным аператарам. Акрамя гэтага, прадпрыемства забяспечвае бесперабойную эксплуатацыю Беларускага касмічнага апарата. Да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі нашы карэспандэнты на свае вочы паглядзелі, як працуе гэта ўстанова.


Як гэта працуе

...Экскурсію па прадпрыемстве для нас правёў начальнік цэнтра эксплуатацыі Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі Васіль Сівуха. Паводле яго слоў, на прадпрыемстве працуе каля 180 чалавек, а непасрэдна ў Цэнтры эксплуатацыі касмічнай сістэмы — 118. Астатнія супрацоўнікі займаюцца распрацоўкамі саміх геаінфармацыйных сістэм, праграмнага забеспячэння.

Цэнтр кіравання палётам беларускага касмічнага апарата па маштабах не надта падобны на тое, што мы звычайна бачым у кіно. Адзін вялікі экран, з дзясятак камп'ютараў перад ім... З іншага боку, які сэнс рабіць велізарную колькасць экранаў для аднаго апарата? З гэтага дастаткова кампактнага памяшкання праводзяцца сеансы сувязі, тут ствараюцца планы здымак, па оптавалаконнай сувязі яны перадаюцца ў Плешчаніцы (там знаходзяцца камандна-вымяральны пункт і антэна сістэмы кіравання спадарожнікам для прыёму і перадачы). Такім чынам спадарожнік і атрымлівае інфармацыю. Па зваротным напрамку са спадарожніка паступае тэлеметрычная інфармацыя, якая аналізуецца ў згаданым цэнтры.

Звязацца са спадарожнікам можна толькі ў пэўны час, калі ён знаходзіцца ў зоне бачнасці пункта ў Плешчаніцах (у радыусе дзвюх тысяч кіламетраў ад іх). Колькасць даступных сеансаў за суткі — два-тры разы днём і два-тры разы ноччу. Дарэчы, за дзень апарат робіць 15 абаротаў вакол Зямлі — і прыблізна пяць разоў уваходзіць у зону радыёбачнасці. Падчас сувязі ў каманды ёсць 10—12 хвілін, каб закласці на борт праграму палёту, згодна з якой спадарожнік будзе здымаць патрэбныя ўчасткі мясцовасці. Пасля ў зоне радыёбачнасці ён перадае адзнятую інфармацыю на прыём на антэну — тую самую, якая знаходзіцца на будынку па адрасе Сурганава, 6.

Складанасці здараюцца

Далей мы ідзём у аддзел планавання мэтавага прымянення. Тлумачым: прадпрыемства атрымлівае заяўкі на тэрыторыі, якія трэба сфатаграфаваць. У гэты аддзел паступаюць пачатковыя ўмовы, напрыклад, траекторыя палёту, пасля чаго спецыялісты вывучаюць, калі атрымаецца зняць патрэбную тэрыторыю. Робіцца прагноз надвор'я на час пралёту — калі яно дазваляе, то плануецца здымка з усімі параметрамі.

Дарэчы, а што трэба рабіць, калі на спадарожніку раптам нешта перастала працаваць? Такія сітуацыі прадугледжаны: апарат пяройдзе ў бяспечны рэжым — рэжым сонечнай арыентацыі, гэта значыць, павернецца «спіной» да сонца, адключыць усе праграмы і будзе зараджаць усе батарэі да максімуму. Пасля чаго ён чакае каманду, пакуль у камандным цэнтры вырашаюць, што рабіць, — напрыклад, пераканфігураваць абсталяванне. Дарэчы, гэта звычайная практыка, адзначыў Васіль Сівуха.

На самым версе

Аб самой антэне на даху будынка расказаў начальнік аддзела прыёму даных Сяргей Несцяронак. Крыху тэорыі: падчас сеанса сувязі
спадарожнік рухаецца па пэўнай траекторыі, пачатковы пункт сеанса вызначаецца з дапамогай складаных разлікаў, антэна наводзіцца ў гэты пункт, а затым павінна суправаджаць апарат да заканчэння сеанса. Антэна прымае сігнал, які апрацоўваецца, дэкадзіруецца і фарміруецца ў пэўны файл. Дарэчы, прадпрыемства таксама прымае інфармацыю і з агульнадаступных метэаралагічных спадарожнікаў. Гэтая інфармацыя выкарыстоўваецца для фарміравання прагнозу надвор'я, а таксама — для пошуку цеплавых анамалій — напрыклад пажараў.

«Цяпер ідзе канструктарская работа па стварэнні сістэмы, якая будзе адсочваць усе цеплавыя анамаліі ў Беларусі і перадаваць іх у МНС. Гэта наша распрацоўка», — пракаментаваў спецыяліст.

Мы падняліся на дах. Масіўная антэна (яе маса 14 тон) была створана маскоўскай кампаніяй, расіяне таксама вырабілі сістэму кіравання і мадэрнізавалі яе ў 2016 годзе (да 2026 года павінна адпрацаваць). Кіруецца антэна пяццю рухавікамі, якія паварочваюць яе на працягу часу сеанса на вугал каля 180 градусаў такім чынам, каб яна не «страціла» спадарожнік, захоплены ў момант пачатку працэсу.

Зрабі сам

Мала проста атрымаць інфармацыю са спадарожніка, яе яшчэ трэба сабраць разам. «Ёсць некалькі ўзроўняў апрацоўкі касмічных здымкаў. Па сутнасці, спачатку — гэта проста набор мікракадраў, а вось з дапамогай адмысловага праграмнага забеспячэння для апрацоўкі гэты набор пераўтворыцца ў канчатковы прадукт — здымак», — растлумачыў Васіль Сівуха, калі паказваў нам аддзел апрацоўкі даных.

Некаторым спажыўцам патрэбныя больш высокія ўзроўні апрацоўкі. Дарэчы, самы высокі ўзровень — ортафотатрансфармаваныя малюнкі, ужо накладзеныя на рэльеф мясцовасці і прывязаныя па пунктах на Зямлі з вялікай дакладнасцю. Усё залежыць ад запыту заказчыка, — як ён захоча, так на прадпрыемстве і зробяць.

Аб тэхніцы і штучным інтэлекце

У цэлым, як можна ацаніць тэхнічны ўзровень прадпрыемства? Як расказаў намеснік дырэктара НІРУП «Геаінфармацыйныя сістэмы» па навуковай рабоце, кандыдат тэхнічных навук Барыс Чарнуха, тэхнічны ўзровень беларускай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання адпавядае сусветнаму, айчынная сістэма разлічана на даванне спажыўцам касмічнай інфармацыі з раздзяленнем 2,1 метра для чорна-белых і 10,5 метра — для каляровых малюнкаў.

На пяткі чалавечым магчымасцям — асабліва ў сферы высокіх тэхналогій — наступае штучны інтэлект. Магчыма, хутка патрэба ў чалавеку пры апрацоўцы касмічнай інфармацыі адпадзе? «Размовы пра замену нашых супрацоўнікаў на нейкія прадукты, якія адносяцца да сферы штучнага інтэлекту, цяпер не правамерныя. Не толькі ў сілу спецыфікі работы — я пакуль не ведаю такіх дасягненняў штучнага інтэлекту, якія дазволілі б нават абмяркоўваць магчымасць замены нашых спецыялістаў», — адказаў вучоны.

Касмічная пасяўная

Заказчыкамі матэрыялаў аэракасмічнага дыстанцыйнага зандзіравання выступаюць розныя ведамствы (іх, дарэчы, 11). У якіх сферах гэтыя матэрыялы могуць прынесці найбольшую карысць? На думку намесніка дырэктара па навуковай рабоце, усё залежыць ад таго, наколькі тыя ці іншыя арганізацыі і ведамствы гатовыя працаваць з касмічнай інфармацыяй. Тут шмат нюансаў — ад наяўнасці спецыялістаў да патрэбнага абсталявання. Яшчэ, упэўнены спецыяліст, у ведамствах патрэбныя лідары, якія збяруць вакол сябе каманду, каб перайсці да новай тэхналогіі работы гэтага ведамства, заснаванай на выкарыстанні касмічнай інфармацыі.

«Калі такіх людзей няма, то мы можам стукацца ў гэтыя ведамствы, расказваць ім, як выдатна магло б у іх быць, якая ў нас добрая інфармацыя. Але гэта, што называецца, ілбом аб сцяну, — сказаў Барыс Чарнуха. — Калі ёсць у ведамствах людзі, якія разумеюць перспектыву такога супрацоўніцтва, — вось там яно развіваецца. Я магу сказаць, што ў Беларусі цяпер найбольш паспяхова і эфектыўна касмічная інфармацыя выкарыстоўваецца ў МНС, Дзяржаўным камітэце па маёмасці, Белгідрамеце, Міністэрстве лясной гаспадаркі, некаторых сілавых ведамствах».

Напрошваецца пытанне — ідзе пасяўная, хіба здымкі з космасу не могуць дапамагчы паспяховай барацьбе за ўраджай? «На жаль, нельга сказаць, што з Міністэрствам сельскай гаспадаркі ёсць такі ўзровень супрацоўніцтва, як з іншымі ведамствамі, у сілу розных абставін», —
дадаў суразмоўнік «Звязды».

Начальнік цэнтра Васіль Сівуха пры гэтым нагадаў, што функцыя прагнозу ўраджайнасці ўскладзена на Белгідрамет. НІРУП «Геаінфармацыйныя сістэмы» ў свой час распрацавала і перадало ў Белгідрамет спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для такога прагназавання, а цяпер у рамках супрацоўніцтва перадае неабходныя здымкі. Дарэчы, паводле яго слоў, гэты прагноз штогод пацвярджаецца больш чым на 80 %.

ЗША цікавіліся Непалам

Якія буйныя замежныя заказчыкі звяртаюцца да арганізацыі? Напрыклад, каля чатырох гадоў таму да арганізацыі звярнулася адна з кампаній са Злучаных Штатаў Амерыкі з просьбай сфатаграфаваць пэўную тэрыторыю Непала. З чым звязаны такі дзіўны для абывацеля заказ з краіны — сусветнага лідара ў касмічнай галіне? Барыс Чарнуха нагадаў простую ісціну: спадарожнік можа здымаць толькі там, дзе ён у пэўны момант ляціць. Калі ў краіны ёсць неабходнасць у здымцы канкрэтнай тэрыторыі, але яе спадарожнікі там у патрэбны момант не пралятаюць, тады лагічна звярнуцца да калег, чый спадарожнік ляціць над патрэбнай часткай планеты. Такім чынам, практыка ўзаемнага абмену паслугамі ў гэтай сферы распаўсюджана шырока. Дарэчы, Непал сфатаграфаваць было даволі складана з-за няпростых умоў надвор'я.

Аб Карпатах і Чарнобылі

Існуе Міжнародная хартыя па маніторынгу і прадухіленні надзвычайных сітуацый, яна аб'ядноўвае мноства краін. Калі здараюцца нейкія катастрофы глабальнага маштабу, то Хартыя прыцягвае для маніторынгу развіцця падзей усе даступныя сродкі сваіх удзельнікаў. Ад Беларусі ў Хартыю ўваходзіць наша МНС, а забеспячэнне касмічнай інфармацыяй ажыццяўляецца праз «Геаінфармацыйныя сістэмы», паколькі гэтая структура з'яўляецца Нацыянальным аператарам Беларускай касмічнай сістэмы ДЗЗ.

У гэтай сувязі становіцца важным маніторынг сумежных тэрыторый. Можна спрагназаваць надзвычайныя сітуацыі, якія потым адбудуцца на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, Прыпяцкі водны басейн мае прытокі, якія цякуць з поўдня, з Украіны і бяруць пачатак у Карпатах. Касмічная інфармацыя аб стане снежнага покрыва ў Карпатах аказваецца карыснай пры прагназаванні магчымых паводак у нас на Палессі.

Іншы прыклад: лясны пажар у Чарнобылі ў 2015 годзе, які доўгі час не пацвярджаў украінскі бок. «А мы яго выявілі досыць аператыўна, пачалі інфармаваць і па лініі МНС, праз СМІ. Удалося хутка прыняць меры, для Беларусі гэты пажар ніякіх негатыўных наступстваў не меў», —
расказвае Барыс Чарнуха.

Цягнем-пацягнем усе галіны

Трэба разумець, што кошт стварэння і эксплуатацыі касмічных сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі досыць высокі. Беларуская сістэма не выключэнне. Ці атрымліваецца акупіць яе дзейнасць? Па словах намесніка дырэктара па навуковай рабоце, у непілатуемай касманаўтыцы, існуе тры асноўныя кірункі — дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі, рух і касмічная сувязь. Дык вось, трэцяе і — часткова — другое з'яўляюцца камерцыйна выгаднымі, паколькі маецца цікавасць інвестараў.

Дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі з космасу звычайна адносяць да датацыйных кірункаў. Аднак стварэнне касмічнай тэхнікі ДЗЗ патрабуе найноўшых тэхнічных рашэнняў, таму для іх дасягнення падцягваюцца ўсе сумежныя галіны.

Што датычыцца грашовага пытання, то для ацэнкі эфектыўнасці ўкладання грошай у навукова-тэхнічную дзейнасць у нашай краіне ёсць спецыяльныя методыкі. У адпаведнасці з імі, ацэнка эфектыўнасці такіх работ ідзе па комплексным прынцыпе, які прадугледжвае, што ўсе выдаткі на стварэнне сістэмы і яе эксплуатацыю параўноўваюцца з даходамі ад выкарыстання навукова-тэхнічных рашэнняў, атрыманых пры стварэнні касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямлі, за кошт стварэння новай прадукцыі і паслуг на аснове гэтых рашэнняў.

«Калі казаць канкрэтна, тыя рашэнні, якія былі распрацаваны пры стварэнні беларускай касмічнай сістэмы, пазней былі пакладзены ў аснову розных праектаў, у тым ліку ў праграмах Саюзнай дзяржавы, камерцыйных кантрактах. Дык вось, такая комплексная ацэнка на сёння паказвае перавышэнне даходаў над выдаткамі больш чым на 18 мільёнаў долараў. Яшчэ адзін паказчык — умоўнае імпартазамяшчэнне ад давання здымкаў беларускім спажыўцам — перавысіў 15 мільёнаў долараў», — расказаў Барыс Чарнуха.

Як доўга яшчэ палятае?

Беларускі касмічны апарат быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2012 годзе і лятае без малога сем гадоў. Наколькі ён тэхналагічны сёння — і калі будзе выведзены з арбіты?

«Мы разам з прадпрыемствам-вытворцам пастаянна маніторым яго тэхнічны стан. Ён — калі казаць простай мовай — увесь абчэплены рознымі датчыкамі, якія дазваляюць ацэньваць яго асноўныя тэхнічныя сістэмы, — расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце. — Гэта значыць, можна ўбачыць, ці існуе дэградацыя параметраў, якая яе хуткасць. На аснове такога аналізу мы робім прагноз аб магчымай працягласці працаздольнасці спадарожніка».

Працэсы, якія патэнцыйна могуць прывесці да выхаду спадарожніка са строю, вядомыя — і іх не так шмат. Гэта тое, што звязана з падтрыманнем арбіты, з забеспячэннем аптымальных умоў для здымкаў.

Яшчэ адзін фактар — уздзеянне касмічнага выпраменьвання, асабліва цяжкіх часціц. Напрыклад, пры пападанні яны спрыяюць дэградацыі панэляў сонечных батарэй спадарожніка. Гэта значыць, могуць змяншацца выхадныя токі такіх батарэй, якія зараджаюць хімічныя акумулятары. Цяжкія часціцы ўплываюць і на фотапрыёмныя матрыцы, якія фарміруюць выяву ў аптычнай сістэме.

Адсочваючы хуткасць дэградацыі асноўных элементаў, можна спрагназаваць, колькі апарат будзе працаваць. «Цяпер прынята такое рашэнне, што прагнозны тэрмін спадарожніка ацэньваецца да канца 2021 года», — праінфармаваў Барыс Чарнуха.

Да гэтага часу апарату будзе 9,5 года, а разліковы тэрмін эксплуатацыі — усяго пяць. Фактычна, двайны тэрмін. Гэта можна ацэньваць як нагоду для стварэння і вываду на арбіту яшчэ аднаго спадарожніка.

Што ўяўляе сабой вывад спадарожніка з эксплуатацыі? Ён будзе пераведзены з арбіты на траекторыю пахавання, будзе паступова зніжацца, пакуль не згарыць у атмасферы. Пакідаць непрацуючы спадарожнік на арбіце нельга — цяпер вельмі актуальнай з'яўляецца праблема касмічнага смецця. У сістэме стандартаў Еўрапейскага касмічнага агенцтва — там, дзе апісваецца жыццёвы цыкл вырабаў для космасу, — як абавязковы прапісаны этап утылізацыі, вываду з арбіты і пахавання абсталявання.

А там — і новы пачатак

Дарэчы, «Геаінфармацыйныя сістэмы» з'яўляюцца непасрэдным удзельнікам распрацоўкі новага беларуска-расійскага спадарожніка. «Цяпер ажыццяўляецца этап эскізнага праектавання, у рамках якога разліковым шляхам, шляхам разнастайнага мадэлявання ўдакладняюцца тэхнічныя параметры новага апарата і сістэмы ў цэлым, кошт, тэрміны распрацоўкі. Этап эскізнага праектавання заканчваецца ў канцы 2019 года. Пакуль арыенціровачны тэрмін яго вываду на арбіту — 2023 год», — расказаў вучоны.

Такім чынам, паміж заканчэннем планавага тэрміну работы дзеючага беларускага спадарожніка — канец 2021 года, і запускам новага — у 2023-м, больш за год. Дзе будуць браць інфармацыю беларускія спажыўцы?

«Наша сістэма забяспечвае заказчыкаў здымкамі не толькі з Беларускага касмічнага апарата. Ён працуе ў складзе арбітальнай групоўкі аналагічных расійскіх спадарожнікаў. Ужо дасягнуты пагадненні аб уключэнні ў склад гэтай групоўкі расійскіх спадарожнікаў, аналагічных таму, які быў у свой час запушчаны разам з нашым — гэта спадарожнікі серыі «Канопус», — растлумачыў Нацыянальны аператар ДЗЗ.

Калі беларускі спадарожнік перастане існаваць, то Беларусь мае магчымасць прымаць інфармацыю з «Канопусаў». Акрамя таго, на прадпрыемстве прымаюць інфармацыю з вялікай колькасці агульнадаступных спадарожнікаў. Зараз сродкі беларускай касмічнай сістэмы дапрацоўваюцца для прыёму інфармацыі з гэтых апаратаў і перадачы яе заказчыкам. Гэтыя меры дазваляюць спадзявацца, што беларускія спажыўцы касмічных здымкаў не адчуюць інфармацыйнага вакууму да ўвядзення ў эксплуатацыю новага спадарожніка.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.