Вы тут

Чаму зноў «успыхнула» шматпакутная Лівія?


У Лівіі разготваецца поўнамаштабны ваенны канфлікт. За ходам падзей у паўночнаафрыканскай краіне без перабольшання сочыць увесь свет. У мінулы чацвер фельдмаршал Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Халіфа Хафтар загадаў войскам пачаць наступленне на Трыпалі для «вызвалення ад тэрарыстаў». У радыёзвароце заклікаў салдат выбіць глебу з-пад ног бандытаў і канчаткова вызваліць радзіму. У той жа час ён абяцаў бяспеку ўсім, хто не возьме ў рукі зброю і падыме белы сцяг. За ноч ЛНА здзейсніла неверагодны кідок да сталіцы — спыніць яе ўдалося толькі за 27 кіламетраў ад Трыпалі. Таксама аператыўны штаб урада нацыянальнай згоды (УНЗ) Фаеза Сараджа паведаміў, што ваенныя самалёты Лівійскай нацыянальнай арміі нанеслі ўдар па адзіным дзеючым аэрапорце лівійскай сталіцы Міціга, з-за чаго былі адменены ўсе рэйсы. Лаяльныя ўраду нацзгоды ўзброеныя сілы абвясцілі аб пачатку ваеннай аперацыі «Вулкан гневу» супраць ЛНА. Чаму зноў «успыхнула» шматпакутная Лівія?


Геапалітычны «хаб»

Лівія — адзін з вузлавых геапалітычных пунктаў свету. Яе берагавая лінія мае самую вялікую працягласць сярод усіх краін Афрыкі, размешчаных у міжземнаморскім рэгіёне. Яна складае каля 1850 кіламетраў. Гэтая краіна знаходзіцца вельмі блізка да Еўропы, а адлегласць паміж лівійскім і еўрапейскім узбярэжжамі можна пераадолець менш чым за гадзіну. Не дзіўна, што менавіта праз гэтую краіну праходзіць галоўны шлях міграцыі з Чорнага кантынента. Узяць пад кантроль гэты працэс, нягледзячы на шматлікія спробы, дасюль так і не ўдалося.

Лівія размяшчаецца з аднаго боку паміж Егіптам і Суданам, а з другога — паміж Тунісам, Алжырам і Марока. Менавіта тут перакрыжаванне кантынентальных шляхоў, якія звязваюць Еўропу, Афрыку і Азію. Лівія чацвёртая па плошчы сярод афрыканскіх краін і шаснаццатая ў свеце (тэрыторыя — 1,75 млн кв. км). Насельніцтва — каля чатырох мільёнаў чалавек.

Да стратэгічнага геаграфічнага размяшчэння варта дадаць і прыродныя багацці. Яшчэ ў часы Муамара Кадафі знайшлі значныя запасы вады (насамрэч стратэгічны рэсурс для гэтых мясцін — 95 працэнтаў тэрыторыі Лівіі займае пустыня), паспяхова рэалізоўваўся маштабны праект па арашэнні палеткаў. Лівія валодае вялікімі запасамі нафты і прыроднага газу, ажыццяўляе хуткую і недарагую перапрацоўку вуглевадародаў. Таксама тут выяўлены багатыя радовішчы золата. Паводле статыстыкі, у гэтай краіне знаходзіцца больш за трэць усіх вядомых запасаў энерганосьбітаў у Афрыцы. Лівія забяспечвае 11 працэнтаў імпарту «чорнага золата» ў ЕС. Для Трыпалі гэта асноўны напрамак гандлю. Галоўныя спажыўцы лівійскай нафты, паводле звестак Міжнароднага энергетычнага агенцтва, — Іспанія, Францыя, Германія і Італія.

Вуглевадароды ўяўляюць немалую цікавасць і для інвестараў. Мінулай восенню BР і італьянская Еnі абвясцілі пра намер актывізаваць работу над сумеснымі праектамі здабычы энерганосьбітаў, якія былі замарожаны пяць гадоў таму. Як мяркуюць эксперты, зрыў паставак лівійскай нафты нанясе сур'ёзны ўдар па еўрапейскіх нафтаперапрацоўчых заводах, а гэта ў сваю чаргу можа прывесці да павышэння сусветных цэн на нафту.

Урад, парламент і саюз плямёнаў

У 2011 годзе ў ходзе грамадзянскай вайны лідар лівійскай рэвалюцыі Муамар Кадафі быў забіты, што прывяло да разбуральных наступстваў для краіны як у палітычным, так і эканамічным плане. З тых часоў Лівію перманентна ліхаманіць. Да 2017-га засталося два буйныя супрацьлеглыя адзін аднаму цэнтры сілы. Урад нацыянальнай згоды на чале з Фаізам Сараджам базуецца ў Трыпалі. У Тобруку (паўночны ўсход краіны) засядаюць Палата прадстаўнікоў і Часовы ўрад на чале з Абдалой Абдурахманам ат-Тані. Уздоўж межаў Лівіі з Алжырам, Нігерам і Чадам пражываюць берберы і плямёны тубу, яны перыядычна канфліктуюць як з УНЗ, так і з Часовым урадам. Мяцежны саюз плямёнаў — тая самая Джамахірыя — прызнала сваім лідарам сына Кадафі Саіф аль-Іслама, які вызваліўся ў 2016 годзе з палону.

Найбуйнейшае і найбольш шматлікае вайсковае фарміраванне ў краіне — Лівійская нацыянальная армія пад началам Халіфы Хафтара — падтрымлівае (няхай і фармальна) урад у Тобруку. Фельдмаршал — 75-гадовы кадравы ваенны, удзельнічаў у звяржэнні лівійскай манархіі ў 1969 годзе, быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў лідара Лівійскай Джамахірыі Муамара Кадафі і навучаўся ў маскоўскай Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ, паведамляе ТАСС. У 1986-м Хафтар у рангу палкоўніка быў узяты ў палон узброенымі сіламі Чада падчас канфлікту паміж дзвюма краінамі. Кадафі, які афіцыйна не прызнаваў наяўнасць лівійскіх узброеных сіл на тэрыторыі Чада, адмовіўся ад Хафтара і ўзятых разам з ім у палон вайскоўцаў. З тых часоў будучы лідар ЛНА жыў у Чадзе, Заіры (цяпер Конга) і Кеніі, пасля чаго перабраўся ў ЗША і, па некаторых звестках, кантактаваў з ЦРУ. Пасля звяржэння Кадафі Халіфа Хафтар вярнуўся на радзіму, прыняўшы актыўны ўдзел ва ўзброенай барацьбе з тэрарыстычнымі фарміраваннямі. У 2015 годзе Палата прадстаўнікоў прызначыла яго камандуючым ЛНА. Да 2016-га падкантрольныя фельдмаршалу войскі ўстанавілі кантроль над ключавымі нафтавымі тэрміналамі краіны.

На Трыпалі

Спробы шэрагу краін і ААН прымірыць Трыпалі і Тобрук так і не ўвянчаліся поспехам. Пры гэтым летась пасля нападу тэрарыстаў на падкантрольныя Ураду нацыянальнай згоды экспартныя тэрміналы Нацыянальнай нафтавай карпарацыі Лівіі войскі Хафтара выбілі іх, але не саступілі тэрыторыю назад. У 2019-м у ходзе маштабнай аперацыі супраць ісламісцкіх радыкалаў, кантрабандыстаў і крымінальных бандаў на паўднёвым захадзе краіны ЛНА заняла большую частку — каля 90 працэнтаў — тэрыторыі краіны.

А 4 красавіка афіцыйны прадстаўнік ЛНА брыгадны генерал Ахмед аль-Місмары ахарактарызаваў улады ў Трыпалі як «незаконныя фарміраванні». Халіфа Хафтар у той жа дзень аддаў загад пачаць наступленне на сталіцу краіны.

Нельга сказаць, што гэты загад прагучаў як гром сярод яснага неба. Наадварот, яго чакалі ўжо некалькі гадоў, але наступленне на Трыпалі ўсё роўна стала нечаканасцю, адзначае ruроstеrs.ru. Яшчэ 29 сакавіка, выступаючы ў Бенгазі, Халіфа Хафтар абвясціў, што ў наступныя два тыдні Лівія зноў атрымае адзіны ўрад, які падрыхтуе і правядзе ўсеагульныя выбары. Тады гэта было ўспрынята так, быццам Хафтар меў на ўвазе перагаворы з Фаізам Сараджам, якія былі намечаны на 14—16 красавіка. Менавіта на гэтых перагаворах павінна было абмяркоўвацца правядзенне выбараў і стварэнне адзінага ўрада.

Аднак ужо 29—31 сакавіка шэраг часцей ЛНА быў прыведзены ў стан баявой гатоўнасці, і за кошт мабілізацыі пачалося фарміраванне новых брыгад. Тады ж ЛНА ўвайшла ў горад Гар'ян непадалёк ад Трыпалі. Усе гэтыя дзеянні суправаджаліся пагрозамі на адрас так званых трыпалійскіх груповак. Але канфлікт паміж ЛНА і баевікамі, якія забяспечваюць бяспеку лівійскай сталіцы, доўжыцца ўжо даўно, і складана было ўявіць, што гэтым разам усё будзе сур'ёзна. Толькі ў ноч з 4 на 5 красавіка стала зразумела, што, кажучы аб адзіным урадзе, Хафтар меў на ўвазе зусім не тое, што многія падумалі, заўважае ruроstеrs.ru. Баевікам груповак з Місураты і Зінтана давялося тэрмінова збірацца і імчацца насустрач ЛНА, якая імкліва рушыла да Трыпалі.

Небяспечная сітуацыя

У Нью-Ёрку прайшло экстраннае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН па Лівіі. Савет бяспекі заклікаў войскі Хафтара спыніць наступленне. ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія і ААЭ ў сумеснай заяве заклікалі ўсе бакі да неадкладнай дээскалацыі сітуацыі, паколькі баявыя дзеянні ўскладняюць магчымасць дасягнуць палітычнага рашэння. У заяве таксама ўтрымліваецца папярэджанне, што працяг выкарыстання ваеннай сілы можа «адкінуць Лівію назад да хаосу».

Міністры замежных спраў краін «вялікай сямёркі» перасцераглі Хафтара ад прасоўвання да Трыпалі. У сумеснай заяве адзначаецца, што «не існуе ваеннага рашэння лівійскага канфлікту».

Масква ж заявіла, што не варта «ў аднабаковым парадку прызначаць вінаватых», лівійцы павінны самі вызначаць свой лёс. «Прычына лівійскага крызісу заключаецца ў тым, што зрабілі натаўцы з гэтай краінай у 2011 годзе. Менавіта з тых часоў яна ператварылася ў разбураную дзяржаву, давайце называць рэчы сваімі імёнамі, і ў чорную дзірку, праз якую ідуць на поўдзень тэрарысты, незаконная кантрабанда зброі, а на поўнач — патокі нелегальных мігрантаў», — заявіў падчас візіту ў Егіпет міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. Яго егіпецкі калега Самех Шукры сказаў, што праблемы Лівіі не могуць быць вырашаны ваеннымі сродкамі.

Халіфа Хафтар адмовіўся сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі, у Жэневе, з Фаізам Сараджам у адказ на прапанову генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша. Фельдмаршал заўважыў, што не спыніць ваенную аперацыю да таго часу, пакуль яго войскі «не перамогуць тэрарызм». Раней Гутэрыш, які знаходзіўся з трохдзённым візітам у Лівіі, напісаў у «Твітэры», што пакідае краіну з «цяжкім сэрцам».

Агульнанацыянальная канферэнцыя, запланаваная на 14—16 красавіка ў Гадамесе, перанесена на фоне эскалацыі канфлікту. Пра гэта заявіў спецыяльны прадстаўнік генеральнага сакратара ААН у Лівіі Гасан Саламе. «Мы вырашылі дзейнічаць асцярожна і не спяшаючыся, каб не прапусціць гістарычную магчымасць, — адзначаецца ў заяве эмісара, апублікаванай у «Твітэры» місіі ААН у Лівіі. — Мы прыкладзём усе намаганні, каб правесці форум як мага хутчэй, запрасіўшы на яго ўсе без выключэння бакі, аднак толькі тады, калі яго поспех будзе гарантаваны, эскалацыя пераадолена і возьмуць верх розум і мудрасць».

«Сітуацыя зараз вельмі небяспечная. Галоўнае, што супрацьстаянне неадкладна трэба спыніць», — падкрэсліў генсек ААН Антоніу Гутэрыш. — Для мяне зразумела, што трэба перазапусціць сур'ёзны палітычны дыялог і сур'ёзныя перагаворы, але гэта немагчыма без спынення гвалту». А фельдмаршал Хафтар пакуль не сказаў свайго слова.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Вясна фельдмаршала

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.