Вы тут

Пляжны футбол будзе адным з самых відовішчных відаў спорту на Гульнях


Пляжны футбол будзе адным з самых відовішчных відаў спорту на Гульнях

Развіццё пляжнага футбола ў краіне набірае абароты. Летась Мінску даверылі правядзення Еўралігі (аналаг чэмпіянату Еўропы), а сёлета наша каманда выступіць на дамашніх Еўрапейскіх гульнях. У адной групе з беларусамі будуць змагацца зборныя Партугаліі, Швейцарыі і Румыніі.


Старшыня асацыяцыі «Федэрацыя пляжнага футбола» краіны Аляксей Сычоў адзначае, што правядзенне Еўралігі ў Мінску — гэта пэўная адзнака міжнароднай супольнасці таго, што зроблена ў Беларусі для пляжнага футбола. У той жа час буйная падзея мінулага лета стала пунктам адліку для больш інтэнсіўнага развіцця віду спорту ў краіне. Далей — больш. Дзякуючы Еўрапейскім гульням Мінск атрымаў шматфункцыянальны сучасны стадыён для пляжных відаў спорту. Нягледзячы на тое, што ён мае толькі 1300 глядацкіх месцаў, аб'ект атрымаў высокую ацэнку ад міжнародных спецыялістаў. «Запаўняльнасць стадыёна ў САК «Алімпійскі» паказала, што пляжны футбол вельмі папулярны ў нашай краіне», — адзначае Аляксей Сычоў.

На І Еўрапейскія гульні зборная Беларусі не трапіла, спынілася ўсяго за крок. А вось на гэтых Гульнях перад беларускай зборнай стаіць няпростая задача — трапіць у лік прызёраў, што з пункту гледжання кіраўніцтва федэрацыі цалкам дасягальная мэта. «Улічваючы прагрэс, які зборная паказвае на працягу апошніх 5-7 гадоў, гэта рэальна, — дзеліцца меркаваннем Аляксей Сычоў. — 10 гадоў таму мы былі ў другой дваццатцы, у другім дывізіёне, а ў 2013 годзе змаглі перайсці ў элітны дывізіён, дзе гуляюць 12 наймацнейшых зборных Еўропы, і ў апошнія тры гады замацаваліся на 5-6 месцы на кантыненце».

Трэба адзначыць, што сёлета беларуская зборная значна амаладзілася, калі ў 2017 годзе сярэдні ўзрост футбалістаў складаў 30 гадоў, то сёння гэта 26-27 гадоў. Павялічылася колькасць трэніровачных збораў, у тым ліку ў зімовы час, з'явілася магчымасць гуляць таварыскія матчы з наймацнейшымі зборнымі і клубамі.

Да цяперашняга сезона, які будзе вельмі насычаны, падрыхтоўка пачалася ў канцы 2018 года. Сёлета футбалістам давядзецца прайсці адразу некалькі складаных спартыўных экзаменаў — акрамя Еўрапейскіх гульняў пройдзе чэмпіянат Еўропы, адбор на Сусветныя пляжныя гульні і адборачныя матчы чэмпіянату свету.

У рамках падрыхтоўкі наша зборная ўжо правяла два зборы ў Санкт-Пецярбургу, згуляла таварыскія матчы з наймацнейшымі расійскімі клубамі, у тым ліку з чэмпіёнам Расіі клубам «Крыстал». «Таксама ў сакавіку ў нацыянальнай каманды быў збор у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, дзе яны згулялі на адкрытым пяску, у красавіку плануем зборы ў Францыі і Германіі», — расказаў Аляксей Сычоў. А ўжо ў маі на кваліфікацыі да Сусветных пляжных гульняў можна будзе меркаваць пра гатоўнасць каманды да Еўрапейскіх гульняў. Напярэдадні трэнерскі штаб з 16 кандыдатаў вызначыць 12 футбалістаў, якія прадставяць нашу краіну. «Фаварытаў турніру назваць складана, — кажа Аляксей Сычоў. — Напрыклад, Расія — двухразовы чэмпіён свету і неаднаразовы чэмпіён Еўропы, партугальцы — чэмпіёны свету, іспанцы — чэмпіёны Еўропы. Прахадных матчаў мы не чакаем, але вопыт у беларускай каманды маецца, бо мы перамагалі і Расію, і Партугалію, любы сапернік нам па сіле».

«Для мяне і многіх гульцоў нашай зборнай такія спаборніцтвы пройдуць упершыню ў жыцці, — адзначае віцэ-капітан беларускай зборнай Іван Мірановіч. — Гэта шанц прадэманстраваць сілу, уменне і даказаць балельшчыкам, што мы — адна з наймацнейшых зборных Еўропы. Па канкурэнцыі адбору на Гульні летась было відаць, што на гэты турнір хацела трапіць любая краіна, гэта значыць, ён сапраўды значны. Узровень удзельнікаў вельмі сур'ёзны, таму кожная каманда зможа змагацца за прызавыя месцы».

Нагадаем, стадыён для пляжнага футбола ў САК «Алімпійскі» быў пабудаваны летась, пры яго будаўніцтве былі выкананы ўсе неабходныя патрабаванні для правядзення спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. «Цяпер адно з асноўных пытанняў падрыхтоўкі аб'екта да турніру — гэта дасыпка пяску, спатрэбіцца яшчэ 120—160 тон, гэта каля двух чыгуначных вагонаў, — расказвае менеджар спартыўнага аб'екта САК «Алімпійскі» Уладзімір Міневіч. — 500 тон ужо высыпана. Пясок мае ўласцівасці прасядаць і сыходзіць у зямлю, а ў нас ёсць пэўныя патрабаванні па яго стане. Напрыклад, таўшчыня пласта пяску павінна складаць 25—35 сан-тыметраў. Пясок (кварцавы) на нашым стадыёне беларускай вытворчасці, яго вырабляюць у Добрушы на шклозаводзе». Уладзімір адзначае, што пясок адпраўлялі ў канадскую лабараторыю, якая займаецца тэставаннем матэрыялу для падобных спаборніцтваў. Па 10-бальнай сістэме наш пясок атрымаў дзевяць балаў, адзначым, што дзесяць не атрымліваў яшчэ ніхто.

На фінішную стадыю падрыхтоўка стадыёна выходзіць з 20 красавіка, каб захаваць поле ў парадку падчас неспрыяльных умоў надвор'я. Пясок накрываецца адмысловым пакрыццём, каб пазбегнуць пападання атмасферных асадкаў, лістоты і смецця. У канцы красавіка ў «Алімпійскім» пачнуцца мантажныя работы па ўстаноўцы часовай інфраструктуры, чакаецца, што ў першых чыслах чэрвеня арэна будзе цалкам гатовая.

Падчас спаборніцтваў у месцы правядзення гульняў па пляжным футболе будуць прадугледжвацца месцы харчавання, адпачынку, забаў як для гледачоў, так і для асоб, якія суправаджаюць спаборніцтвы, у тым ліку спартыўных камандаў, тэлевізійных кампаній, журналістаў.

На фінал турніру па пляжным футболе білетаў ужо няма, на папярэднія стадыі іх таксама засталося няшмат.

Каментарыі

Намеснік віцэ-прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі пляжнага футбола Габіно Рэналес:

— Мы ўпэўненыя, што спаборніцтвы па пляжным футболе ў Беларусі пройдуць на самым высокім узроўні. Калі зыходзіць з таго, што я бачыў на тэставых спаборніцтвах летась, то ў мяне няма сумневаў, што Беларусь правядзе найлепшыя Еўрапейскія гульні. Упэўнены, сувязь беларускай каманды са сваімі балельшчыкамі дапаможа ім выступіць на самым высокім узроўні. Лічу, у гэтых Гульняў ёсць усе шанцы стаць самай яркай падзеяй лета.

Старшыня Каардынацыйнай камісіі ІІ Еўрапейскіх гульняў Спірас Капралас:

— Папулярнасць гэтага віду спорту ў свеце расце з кожным годам, таму зараз можна смела сказаць, што мы знаходзімся на парозе яго ўключэння ў праграму Алімпійскіх гульняў. Нягледзячы на вялікую колькасць моцных камандаў, лічу, што зборная Беларусі — адзін з галоўных фаварытаў будучых спаборніцтваў. У вашай каманды будзе добрая падтрымка гледачоў, што стане пэўнай перавагай над іншымі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Яркае лета, гарачы пясок

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.

Культура

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Беларусьфільм» паказаў свой найцікавейшы фільм за апошні час. Ён пра вайну

«Як думаеш, а заўтра нехта пра нас успомніць?» — пытаецца на вялікім экране адзін ветэран у другога і атрымлівае абнадзейлівы адказ. 

Спорт

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

З агнём Еўрапейскіх гульняў карэспандэнт «Звязды» адправілася ў кар’еры

Сярод 450 шчасліўчыкаў, якім даверана несці факел з агнём ІІ Еўрапейскіх гульняў, аказалася наша Дар'я Лабажэвіч.

Грамадства

Будні сельскага ўрача

Будні сельскага ўрача

З якімі наступствамі аптымізацыі прыходзіцца яму сутыкацца падчас работы.