Вы тут

Як дзіцячыя кардыяхірургі выратоўваюць жыцці немаўлятам


Беларускія дзіцячыя кардыяхірургі нядаўна правялі ўнікальную аперацыю на сэрцы дзіцяці, якое важыла ўсяго 1 кілаграм 135 грамаў. Дагэтуль у свеце аналагічных умяшанняў немаўлятам з такой вагой не рабілі. Дзіця з'явілася на свет раней тэрміну і мела патрэбу ў неадкладнай дапамозе. Пры нараджэнні ў яго выявілі прыроджаны парок сэрца, а дакладней стэноз клапана лёгачнай артэрыі, з-за чаго кроў з сэрца ў лёгкія паступае вельмі марудна. Аперацыя прайшла паспяхова, але патрабавала сур'ёзнай падрыхтоўчай работы і літаральна ювелірнага майстэрства не толькі кардыяхірургаў, але і неанатолагаў, анестэзіёлагаў і іншых спецыялістаў. Мы пабывалі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі, дзе вопыт нашых дзіцячых кардыяхірургаў пераймаюць медыкі з іншых краін свету, і паназіралі, як аперыруюць і выходжваюць немаўлят вагой усяго кілаграм.


Штогод у нашай краіне дзецям робяць каля 21 тысячы хірургічных аперацый. У РНПЦ дзіцячай хірургіі іх выконваюць каля пяці тысяч. Як правіла, яны самыя складаныя і высокатэхналагічныя.

— Адзін з трэндаў развіцця дзіцячай хірургіі — мінімальнае ўмяшанне для дасягнення мэты, — расказвае дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі, галоўны пазаштатны дзіцячы кардыяхірург Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Канстанцін ДРАЗДОЎСКІ. — Колькасць мініінвазіўных аперацый пастаянна расце. Самыя актуальныя ўмяшанні — пры апендыцыце. Калі ёсць паказанні для выдалення, перад урачом заўсёды стаіць выбар: выконваць адкрытую аперацыю ці лапараскапічную, калі робіцца ўсяго два невялікія надрэзы ў брушной поласці і мінімальная рызыка для развіцця спайкавых працэсаў. Лапараскапічная аперацыя — больш выгадная і для ўрача, і для пацыента.

І такія ўмяшанні пры апендыцыце, паводле даных дырэктара цэнтра, у краіне робяцца ў 50—95 % выпадкаў у залежнасці ад клінікі. У Гомельскай вобласці — самы высокі паказчык — 95 %.

— Вынік у Гомелі тлумачыцца тым, што там дастаткова хірургаў, якія валодаюць гэтым метадам. Увогуле ж у свеце няма клінік, дзе усе аперацыі — лапараскапічныя. Звычайна іх 70—80 %, — тлумачыць Канстанцін Драздоўскі.

Аперацыя патрэбна з першых сутак...

Адным з важных паказчыкаў узроўню дзіцячай хірургіі лічыцца паспяховасць лячэння неданошаных дзяцей. Напрыклад, такога захворвання, як некратычны энтэракаліт.

— Такая сітуацыя ўзнікае, калі ў дзіцяці маленькая вага цела, неразвіты кішэчнік, у ім з'яўляюцца язвы, з-за чаго набліжаецца катастрофа: калі змесціва кішэчніка трапіць у брушную поласць, гэта яўная пагроза жыццю, — расказвае дырэктар цэнтра.

Трэба адзначыць, што важаць немаўляты, якім даводзіцца рабіць аперацыі на кішэчніку, усяго 1-1,5 кг, і ад хірурга патрабуецца філіграннае майстэрства. Толькі ўявіце: дыяметр кішэчніка ў такога пацыента — усяго 4 міліметры! Падчас аперацый выкарыстоўваецца спецыяльны інструмент, ніткі, і, натуральна, хірургічнае павелічэнне.

Адзін з такіх пацыентаў, Ванечка, зараз знаходзіцца ў рэанімацыі. Ён з'явіўся на свет у 2-м раддоме ўсяго месяц таму і важыў 900 грамаў. Ваня адзін з тройні, але са здароўем яму пашанцавала менш за братоў. Амаль адразу пасля нараджэння ён быў дастаўлены ў РНПЦ дзіцячай хірургіі, дзе яму зрабілі першую аперацыю.

— Мы выдалілі пашкоджаную частку кішэчніка, вывелі стому. Цяпер хлопчык знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні, пакуль харчуецца праз зонд, набіраецца сіл і чакае другой, рэканструкцыйнай аперацыі, задача якой — злучыць прасветы кішэчніка і аднавіць яго цэласнасць, — тлумачыць загадчык аддзялення дзіцячай хірургіі Андрэй Запалянскі.

Адметна, што яшчэ два дзесяцігоддзі таму смяротнасць у групе такіх неданошаных дзяцей складала 80—90 %, у 2009 годзе — 60 %. А за апошнія чатыры гады яе ўдалося знізіць да 10 %. Часта, паводле назірання медыкаў, цяжарнасць менавіта пасля экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) заканчваецца нараджэннем дзіцяці з малой масай цела. А ўлічваючы, што такія тэхналогіі становяцца ўсё больш даступнымі, актуальнасць хірургічнай дапамогі немаўлятам толькі ўзрастае.

Яшчэ адна катэгорыя маленькіх пацыентаў РНПЦ дзіцячай хірургіі — тыя, хто праглынуў батарэйкі, манеты і іншыя прадметы.

— Манеты былі ўведзеныя ў 2016 годзе, і дзеці пачалі іх каштаваць. Для нас гэта быў своеасаблівы выклік, — працягвае Канстанцін Драздоўскі. — Але самыя небяспечныя з іншародных целаў — батарэйкі, якія выклікаюць апёкі стрававода, і ў выніку патрабуецца некалькі аперацый. З 2017 года колькасць такіх умяшанняў пачала крыху змяншацца, спадзяёмся, гэта вынік нашай інфармацыйнай кампаніі.

У цэнтры, дарэчы, маецца ўсё сучаснае эндаскапічнае абсталяванне, якое дазваляе абследаваць стрававод, страўнік, кішэчнік дзіцяці, у тым ліку і нованароджанага. З году ў год колькасць эндаскапічных аперацый у Беларусі павялічваецца. Прыкладна палова з іх выконваецца ў РПНЦ дзіцячай хірургіі. У 2016-м тут з'явіўся новы эндаскапічны комплекс, які дазваляе выконваць бронхаскапію нават немаўлятам — галоўнае, каб іх вага была хоць бы 1,5 кг. Пакуль самы маленькі пацыент, які прайшоў гэту працэдуру, важыў 1800 грамаў. Раней аказваць дапамогу такім дзецям магчымасці не было.

Удыхнуць жыццё ў малюсенькае сэрца

РНПЦ дзіцячай хірургіі — адзіны ў нашай краіне цэнтр, дзе робяцца кардыяхірургічныя аперацыі для карэкцыі парокаў сэрца.

— У Расіі, ЗША, Германіі, Францыі такіх цэнтраў у краіне некалькі, таму яны могуць выбіраць сабе спецыялізацыі. Бо прыроджаных парокаў сэрца — больш за 250. Сярод іх ёсць рэдкія і складаныя. Напрыклад, у Германіі кожны цэнтр спецыялізуецца на пэўных відах парокаў, паспяхова аперыруе іх, усе пра гэта ведаюць, і жанчыны мэтанакіравана едуць туды нараджаць. У нас няма магчымасці выбіраць — мы аперыруем усё. Атрымліваецца, што ў год мы робім 1040—1200 аперацый па карэкцыі парокаў сэрца, — кажа Канстанцін Драздоўскі. — Пры гэтым лятальнасць у нас на дастаткова нізкім узроўні, лічбы адпавядаюць сусветным.

Яшчэ некалькі гадоў таму каля 80 % дзяцей з парокамі сэрца нараджаліся ў рэгіёнах. Каб даставіць іх у сталіцу, патрабавалася 3-4 гадзіны.

— Для ўрачоў, якія везлі дзіця, нагрузка была надзвычайная. І, скажу шчыра, часам не паспявалі. Цяпер 80—90 % дзетак з парокамі сэрца нараджаецца ў РНПЦ «Маці і дзіця». Праз 15 хвілін яны аказваюцца ў нас, што таксама ўплывае на вынік, — упэўнены Канстанцін Драздоўскі.

Сэрца тут таксама лечаць мініінвазіўна. Калі да 2014 года большасць аперацый была адкрытымі, то цяпер пераважаюць эндаваскулярныя ўмяшанні. У артэрыі робіцца пракол, праз які пранікае катэтарная тэхніка і рухаецца далей.

— Палітыка нашага цэнтра ў тым, што калі ёсць магчымасць вылечыць дзіця без адкрытага разрэзу, без траўматычнай аперацыі, мы робім гэта. Мы выконваем да 800 эндаваскулярных умяшанняў у год. Існуе шмат прылад, якімі закрываюць пратокі, пашыраюць клапаны, ставяць стэнты, спіралі, — усё гэта ў нас ёсць, — кажа дырэктар цэнтра.

Яшчэ адна важная рэч для выратавання жыцця дзяцей — метад экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі (ЭКМА). Ён дазваляе насычаць кроў кіслародам пры цяжкіх формах лёгачнай недастатковасці. І выратоўваць дзяцей, якія раней паміралі, напрыклад, ад пнеўманіі.

— Дзіця захварэла на грып, ён даў ускладненне — пнеўманію. Развіваецца дыхальная недастатковасць, перастаюць дзейнічаць лёгкія. У такім выпадку мы памяшчаем дзіця на апарат экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі, які замяняе сабой работу сэрца і лёгкіх. Інфільтрацыйны працэс у арганізме праходзіць, і дзіця папраўляецца і працягвае жыць, — расказвае Канстанцін Драздоўскі.

Яшчэ адным вялікім поспехам кардыяхірургаў цэнтра можна лічыць лячэнне парушэнняў рытмаў сэрца. Раней такія пацыенты чакалі 17-гадовага ўзросту і вымушаны былі прымаць вялікую колькасць медыкаментаў. Толькі тады ім рабілі радыёчастотную каагуляцыю (прыпяканне праблемнага ўчастка). Цяпер аперацыі выконваюцца 5—6-гадовым дзеткам. Яны цалкам папраўляюцца, ідуць у школу, могуць займацца спортам і паўнацэнна жыць без лекаў. Такіх аперацый тут паспяхова зрабілі ўжо больш за шэсць дзясяткаў.

Пяць аперацый у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах

Яшчэ 20—25 гадоў таму беларускія дзіцячыя кардыяхірургі вучыліся ў Расіі, Азербайджане. Цяпер РНПЦ дзіцячай хірургіі сам з'яўляецца адукацыйным цэнтрам. Складаныя аперацыі транслююць непасрэдна з аперацыйнай для ўрачоў, якія павышаюць кваліфікацыю. У нашых кардыяхірургаў вучацца калегі з Расіі, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Узбекістана і нават Эквадора.

У пачатку гэтага года дэлегацыя беларускіх кардыяхірургаў пабывала ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. У клініцы Аль-Касімі сем хірургаў і шэсць медыцынскіх сясцёр правялі пяць паспяховых аперацый дзецям з прыроджанымі парокамі сэрца. Самым маленькім пацыентам стаў сямімесячны малы. У выніку замежныя калегі папрасілі беларускіх кардыяхірургаў дапамагчы ў стварэнні на базе шпіталя цэнтра дзіцячай хірургіі.

На радзіме ў кіраўніцтва РПНЦ дзіцячай хірургіі таксама задачы амбіцыйныя. Плануецца ўдасканальваць аказанне хірургічнай дапамогі дзецям у абласных цэнтрах, арганізаваць на базе РНПЦ цэнтр ЭКМА, паступова аснасціць такімі апаратамі ўсе абласныя дзіцячыя бальніцы, стварыць дзіцячую эндаскапічную службу і шмат іншага. А таксама штодзень рабіць сапраўдныя цуды, дарыць надзею і далей працягваць выратоўваць дзіцячыя жыцці.

Алена КРАВЕЦ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.