Вы тут

Першы дзень «Мотавелаэкспа-2019» прайшоў у Шчомысліцы


Брутальныя байкеры, матацыклы з аэраграфіяй, дрыфт-трайкінг, спаборніцтвы па самай маруднай яздзе і на самы гучны выхлап, неверагодныя трукі на матацыклах і безліч яскравага, прыгожага і бліскучага «жалеза»... Такім выдаўся першы дзень выставы, які хутчэй нагадваў сапраўднае байкерскае шоу.


Матацыклетны фрыстайл

Яскравая калона матацыклістаў пад’ехала да аграгарадка Шчомысліца, што пад Мінскам, у абед. Да гэтага часу ўсе жадаючыя маглі палюбавацца байкерамі ў Мінску побач з Лядовым палацам на Прытыцкага, адкуль гэта рознакаляровае хараство, якое трэсла паветра гулам матораў і ровам дынамікаў, накіравалася да месца асноўных мерапрыемстваў. Тыя, хто здолеў трапіць у аграгарадок, ні разу не пашкадавалі.

Стантрайдынг — вулічны фрыстайл на спецыяльна пераробленых пад трукі спартыўных матацыклах і квадрацыкле, з якіх і пачалося мерапрыемства, вартыя таго, каб рабіць гэта асобным відовішчам. Хлопцы з каманды Freestyle Stunt Band (FSB) паказалі і сінхроннае катанне, і разнастайныя трукі. Стопі — язда на пярэднім коле, вілі — на заднім, дрыфт — праходжанне паваротаў на максімальнай хуткасці падчас рэгулюемага заносу, акрабатыка, стоячы на матацыкле, і шмат іншых відовішчаў. Назіраць за гэтым можна бяскнца, хаця гэта не толькі прыгожа, а, здаецца, вельмі страшна.

— Я ў горадзе ўвогуле не езджу апошнія пяць гадоў, мне гэта нецікава, і яшчэ гэта небяспечна, бо там іншыя хуткасці, а на пляцоўках закрытага карыстання, дзе мы адпрацоўваем трукі, зусім іншы рух, амаль няма хуткасці. Усё робіцца пад 100-працэнтным кантролем, — падзяліўся адзін з выступоўцаў, Дзмітрый ТРУХАНОВІЧ з Лунінца.

Пасля выступлення хлопцы яшчэ і ўсіх жадаючых дзяўчат на рулі пракацілі з ветрыкам. А падчас другога выезду-выступлення Дзмітрый нават гуму спаліў на заднім коле.

Відовішчным таксама стала выступленне байкера на кросавым матацыкле, які разганяўся па дошках, прыладжаных да борта грузавіка, і пераскокваў праз кабіну машыны.

 

Скутары, трохкалёснікі і іншае «жалеза»

Акрамя разнастайных матацыклаў, на выставе былі і ншыя прылады. Усе жадаючыя, напрыклад, маглі паспрабаваць трымаць баланс на прыстасаванні, якое нагадвала руль на пружыне. Быў тут і вілі-трэнажор для абучэння яздзе на заднім коле — прыстасаванне не рухаецца, пакуль ты на ім займаешся, і матацыкл стаіць пярэднім колам угару. Асвоіўшы вілі, можна пераходзіць да вілі-павука, ці, як яго завуць матацыклісты, Станці. Байк пры гэтым стаіць на дыбах ледзьве не перпендыкулярна зямлі і ты на ім ужо рухаешся. Гэты трэнажор зрабілі спецыяльна для моташколы I Ride. Яе кіраўнік Уладзімір АЛФІМАЎ, па сумяшчальніцтве гаспадар матацыкла з шыпованымі коламі для язды на лёдзе, расказаў, што на гэтым дзіве зручна рассякаць па Мінскім моры:

— Летась кінулі кліч і каталі ўсіх жадаючых па лёдзе, прывязваючы да матацыкла цюбінг. Сёння яго прывезлі на аўтобусе, бо ездзіць на такім па звычайных дарогах нельга, а так яго можна «пераабуць» у звычайныя колы.

Не менш відовішчная частка выставы знаходзілася і ў памяшканні гандлёвага цэнтра «Глобус Парк», дзе байкерскія клубы стварылі свае лакацыі. Вочы разбягаліся ад колераў і бляску «жалеза». Тут вам і рарытэтныя дзіцячыя трохкалёснікі савецкіх часоў, побач з якімі выстаўлены сучасныя гірацыклы. І сапраўдныя творы мастацтва ў выглядзе матацыклаў з аэраграфіяй, і скутары, і дзіцячыя матацыклы, і дарослыя шыкоўныя сродкі руху, капіць на якія трэба не менш як год.

Самым смелым спецыялісты са студыі татуіроўкі і перманентнага макіяжу нават рабілі тат пад дэвізам «Ёсць тату? Дабі!». І ўсё гэта суправаджалася жывым гукам музычных каманд, якія давалі чапраўдныя рок-канцэрты.

Госці выставы, многія з якіх былі з маленькімі дзецьмі, засталіся ў захапленні. А некаторыя нават далучыліся да мотакалоны, як, напрыклад, Валера на сваім Кавасакі-ніндзя і ў шлеме, зробленым пад галаву монстра з фільма «Драпежнік», які не лічыць сябе зазўятым байкерам:

— Гэта добрая магчымасць патусавацца, паглядзець на людзей, адчуць еднасць з іншымі. На матацыкле я амаль увесь год езджу: і на працу, і для душы.

ЗЛЖ-байкер і гучны выхлап

Некаторыя наведвальнікі адзначалі, што сёлета выстава як ніколі насычана забаўляльнымі мерапрыемствамі конкурсамі. Напрыклад, спаборніцтвы на самы гучны выхлап, які замяралі па-даросламу, з дапамогай спецыяльнай апаратуры. Няхай гэта было не так відовішчна, але ж затое гледачы пачулі, што «галасы» матацыклаў — гэта вам не проста роў матору, а кожны мае сваё адценне.

Не абыйшлося і без жартаў. У спаборніцтвах за мотагарнітуру Sena дзельнікам прышлося кідаць шыны, бегаць з гірамі і прыкідвацца матацыкламі, несучы на спінах дзяўчат. Пры гэтым яны яшчэ рухаліся на драўляных калодках, а пазней, адзін за адным з напарніцамі — на нечым, што нагадвала парныя лыжы. Удзельнічалі ў конкрусе ўсе жадаючыя, а перамога і прыз дасталіся Максіму АРЫКА, які найлепш шпацыраваў з сястрой свайго сябра Нінай. Хлопец захапляецца байкерствам трэці год і ездзіць на класічным матацыкле.

— Я нацэльваўся дакладна на перамогу, бо прыз добры, а тут і пара была для спаборніцтваў. Дарэчы, на сапраўдных лыжах у мяне не вельмі атрымліваецца, а тут зладжана прайшлі. Вельмі добрае ўражанне ад выставы, лепшае, чым летась. Конкурсы з’явіліся, так што насычанасць большая, і шанс на ўдзел у значна большай колькасці людзей, у тым ліку і ў звычайных гледачоў, што і само мерапрыемства робіць больш дынамічным.

У самым смачным конкурсе званне «Самага ЗЛЖ-нага байкера» — чалавека, які выступае за здаровы лад жыцця, дасталася Яраславу, які здолеў хутчэй за ўсіх выпіць упакоўку ёгуртаў ад «Здравушкі».


Адпачынак, спаборніцтвы і праца на двух колах

Пакуль самыя маленькія госці выставы на асобнай пляцоўцы змагаліся за свае прызы, гледачоў уражвала шоу юных байкераў з мотаклубаў DrivePark і MotoKids. Яны паказвалі свае ўменні рабіць трукі: стантрайдынг, дрыфт і язду з перашкодамі.

12-гадовая Злата БАСАК, напрыклад, займаецца амаль тры гады. Пачынала разам са старэйшым братам, які праз год кінуў заняткі, а дзяўчынка засталася і працягвае ездзіць на пітбайку:

— Гэта весела. Страшнавата бывае, толькі калі разганяешся. Кідаць не збіраюся, думаю, матацыкл з часам падрасце разам са мной.

Вучоба ў моташколе пачынаецца з таго, што дзіця сядае за руль квадрацыкла. Узрост тут амаль не абмежаваны. Адзін з навучэнцаў, Данік, прыйшоў, калі яму не было і шасці гадоў.

— На першых занятках мы саджаем іх за руль і яны проста едуць, а інструктар глядзіць, ці здатныя яны да гэтага. Спачатку яны адпрацоўваюць разгон, тармажэнне, паркоўку, пасля ставім іх у калону па крузе ездзіць, і абганяць забараняецца, — кажа Андрэй НОВІКАЎ, заснавальнік моташколы DrivePark. — Пры гэтым мы гарантуем бяспеку, бо на пляцоўцы адразу бачым, як дзеці сябе паводзяць. На квадрацыклах яны адпрацоўваюць павароты, і калі бачым, што ўсё нармальна, можна перасядаць на матацыкл. І пасля пачынаюцца трукі. Язду на заднім коле матацыкла дзеці называюць «паставіць на казу».

Акрамя паказальных выступленняў юныя спартсмены паўдзельнічалі ў незвычайных спаборніцтвах, дзе той, хто прыязджае апошнім, становіцца пераможцам. Сутнасць і складанасць задання ў тым, каб ехаць на самай маруднай хуткасці, амаль без падгазоўкі і пры гэтым утрымаць раўнавагу.

Пакуль адны на колах забаўляліся ды сябе паказвалі, іншыя іх ахоўвалі. Мотакалону суправаджалі супрацоўнікі ДАІ на машынах і матацыклах. А на месцы выставы прцавалі дзве двухкалёсныя машыны МНС Рэспубліканскага атрада спецыяльнага назначэння. Падобнага кшталту прылад у атрадзе тры: для ўрача і ратавальнікаў.

— Тут у нас аварыйна-ратавальнае абсталяванне. Гідраўлічная станцыя з разжымам, кусачыкамі і дамкратам. Для вялікіх аварый яно не надта прыдатнае, аднак калі трэба лакальна дапамагчы там, дзе не патрэбна вялікая машына, мы больш аператыўныя і мабільныя, — кажуць Аляксандр МАМЧЫЦ, камандзір аддзялення Цэнтра пошукава-ратавальных работ і пажаратушэння, куды ўваходзіць і матацыклетнае падраздзяленне, і ратавальнік Раман ФІНСКІ.

Адным словам, насычанасць першага дня выставы сапраўды ўразіла. Другі дзень таксама абяцае быць багатым на падзеі, у прыватнасці крос-кантры веламарафонам для ўсіх жадаючых і кастам-драг, які сёння не змаглі правесці з-за надта «забітай» паркоўкі. Так што далучайцеся, відовішчаў яшчэ хопіць.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.