У кінатэатры «Цэнтральны» яшчэ можна заспець колькі польскіх фільмаў з праграмы кінафестывалю «Вісла» і скласці крыху шырэйшае ўяўленне пра кінематограф Польшчы. Ужо другі фестываль — ён арганізуецца фондам «Падтрымка» і пасольствам Польшчы ў Беларусі — паказвае найбольш прыметныя польскія карціны апошніх гадоў.
Гэтым разам паказы апроч Мінска былі таксама арганізаваныя ў Віцебску. Праграма ўключыла ў сябе як папулярнае жанравае кіно, так і, напрыклад, «Халодную вайну» Паўла Паўлікоўскага — уладальніка шматлікіх фестывальных узнагарод і намінанта на прэмію «Оскар».
Пасля мінскага кінафестывалю «Лістапад», дзе «Халодная вайна» была фільмам адкрыцця, гэта стала яшчэ адной магчымасцю ўбачыць рэзанансную карціну пра складанасці асабістага жыцця ў камуністычнай Польшчы на вялікім экране.
У цэлым кінафестываль «Вісла» — апошняя карціна будзе паказана ўжо заўтра — падрыхтаваў публіцы шэраг польскіх фільмаў, якія найбольш поўна дэманструюць разнастайнасць кінакантэнту і развіццё кінаіндустрыі ў Польшчы.
Адкрыццё «Віслы» 12 красавіка адбылося «Дачкой трэнера», якую прадставіла выканальніца галоўнай ролі Караліна Брухніцкая. Між тым да ўвагі гледачоў засталіся тры карціны.
«Вольт» ад аўтара добра вядомых стужак «Па-банку» і «Па-банку ІІ, альбо Удар у адказ» Юліўша Махульскага расказвае пра яшчэ аднаго віртуознага ашуканца, які намагаецца атрымаць карону Казіміра Вялікага.
Польскі трылер «Вежа. Светлы дзень» Ягоды Шэльца пакажа небяспечнае ўз’яднанне дзвюх сясцёр і іх сем’яў у загарадным доме. Знамянальна, што самае страшнае пачынаецца ў дзень прычасця адной з гераінь.
Чорная камедыя «Прыступ панікі» Паўла Маслёны прадстаўляе сабой серыю эпізодаў з асобнымі героямі, з якімі здараецца нешта незвычайнае. Тут і выпадковая сустрэча з былым мужам, і першая траўка ў жыцці падлетка, і жаданне адной з гераінь схаваць сваю працу ў порнаіндустрыі.
Усе фільмы паказваюцца на польскай мове з рускімі субцітрамі.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.