Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра няўдалы дамашні матч гандбольнай зборнай і іншыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Беларускія гандбалісты прайгралі чэхам у адборачным матчы чэмпіянату Еўропы — 24:26. Нагадаем, на старце адборачнага турніру наша зборная саступіла ў Мінску камандзе Босніі і Герцагавіны — 29:30, а затым у гасцях абыграла фінскую зборную з лікам 27:20 і чэхаў — 31:30.

— Вельмі засмучаны такім вынікам. Гэта была складаная гульня, — адзначыў галоўны трэнер беларускай зборнай Юрый Шаўцоў. — З сярэдзіны другога тайма пачалі дрэнна дзейнічаць у абароне. І ў нападзенні не ўсё ўдалося. Варатар сапернікаў адбіў некалькі важных мячоў. Магчыма, дзесьці хлопцы трохі спяшаліся. Не хапала і кідкоў Улада Кулеша з далёкай дыстанцыі. Зборная Чэхіі — вельмі добрая каманда, роўны з намі па сілах сапернік. Два матчы з імі паказалі, што каманда можа выйграць на выездзе, а затым саступіць дома. Думаю, у нас па-ранейшаму вельмі добрыя шанцы на выхад з групы. Паражэнне ёсць паражэнне. Але задачу выхаду на чэмпіянат Еўропы ніхто не адмяняў.

У другім нядзельным матчы каманда Босніі і Герцагавіны на сваёй арэне разграміла фінаў — 31:19. Турнірнае становішча ў пятай адборачнай групе пасля чатырох гульнявых дзён: Чэхія — 6 ачкоў, Боснія і Герцагавіна — 6, Беларусь — 4, Фінляндыя — 0.

Нагадаем, у фінальную стадыю кантынентальнага першынства выйдуць па дзве найлепшыя дружыны з васьмі кваліфікацыйных квартэтаў, а таксама чатыры найлепшыя каманды, якія занялі трэція месцы.


2. Беларуская каманда ў групавых практыкаваннях па мастацкай гімнастыцы заваявала залатую ўзнагароду на этапе Кубка свету ў Сафіі. Выступленне з пяццю мячамі Ганны Гайдукевіч, Анастасіі Рыбаковай, Ганны Швайбы, Арыны Сушчынскай і Карыны Ярмоленкі арбітры ацанілі ў 23,600 бала. Другое месца занялі гімнасткі з Японіі (23,250 бала), замкнулі тройку прызёраў расіянкі (23,150).

У індывідуальных спаборніцтвах за крок ад п'едэстала (чацвёртае месца) у практыкаванні з булавамі спынілася беларуска Аліна Гарнасько, у кампазіцыі з мячом яна заняла пятае месца.


3. Арына Сабаленка засталася на 10-й пазіцыі ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 35-м месцы, Вікторыя Азаранка займае 61-ю пазіцыю, у Веры Лапко 70-е месца.

Нагадаем, у канцы гэтага тыдня, 20—21 красавіка, беларускія тэнісісткі ў складзе нацыянальнай зборнай згуляюць у Брысбене супраць каманды Аўстраліі ў паўфінальным матчы Кубка Федэрацый.


4. Валейбалісты «Шахцёра» сталі ўладальнікамі залатых узнагарод чэмпіянату Беларусі. У чацвёртым матчы фіналу плэй-оф з лікам 3:1 яны абыгралі сталічны «Будаўнік».

Валейбалісты «Шахцёра» трэці раз запар сталі чэмпіёнамі Беларусі. Падапечныя Віктара Бекшы перамагалі ў 2017 і 2018 гадах. Аднак мінскі «Будаўнік» застаецца самай тытулаванай валейбольнай камандай, выйграўшы раней чэмпіёнскі тытул сем разоў.


5. Завяршыліся паядынкі 3-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Мінскае «Дынама» выйграла ў футбалістаў «Гарадзеі», брэсцкае «Дынама» адолела ў гасцях дзеючага чэмпіёна краіны барысаўскі БАТЭ з мінімальнай перавагай — 1:0. «Іслач» перайграла «Нёман» — 1:0, «Віцебск» згуляў унічыю з «Тарпеда» — 1:1, «Гомель» з буйным лікам перайграў «Энергетык-БДУ» — 3:0, «Дняпро» саступіў «Славіі» — 1:2, «Тарпеда-БелАЗ» і «Мінск» не змаглі выявіць пераможцу — 1:1. У заключным паядынку 3-га тура салігорскі «Шахцёр» сустрэўся на сваім полі са «Слуцкам».

Становішча ў групе лідараў: «Дынама» (Брэст) — 9 ачкоў (3 матчы), «Дынама» (Мінск) — 7 (3), «Гомель» — 6 (3), «Шахцёр» — 6 (2), БАТЭ — 6 (3), «Іслач» — 6 (3).

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Паражэнне ёсць паражэнне

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.