Вы тут

Гомельскай бібліятэцы імя Герцэна ў красавіку спаўняецца 100 гадоў


У чарзе па беларускамоўную кнігу трэба было чакаць па дзве-тры гадзіны

Аб гэтым сведчыць «Палеская праўда», датаваная 1928 годам, калі гаворка ідзе аб Гомельскай бібліятэцы імя Герцэна. Сёлета ў красавіку яна адзначае свой 100-гадовы юбілей. Прыгожая лічба, за якой драматычная, а часам і трагічная гісторыя — перажытая разам з краінай і цалкам адданымі бібліятэчнай справе супрацоўнікамі.


Бібліятэка імя Герцэна сёння.

Бібліятэчны канфіскат

Стагоддзе таму, 10 красавіка 1919 года, у доме № 59 па вуліцы Замкавай (цяпер гэта праспект Леніна) адкрылася цэнтральная бібліятэка. У фондзе былі выданні на іўрыце, рускай, польскай, французскай і нямецкай мовах.

За першы год работы было зарэгістравана звыш васьмі тысяч чытачоў, а самай вялікай папулярнасцю і тады карысталася белетрыстыка. Яе было няшмат, таму кожную такую кнігу чыталі за год 8-9 разоў. У першае дзесяцігоддзе існавання ўстанове культуры катастрафічна не хапала кваліфікаваных кадраў. Тым часам, расказвае архівіст Марыя Алейнікава, у 1920-я гады сюды паступілі на закрытае захоўванне агітацыйныя кнігі і брашуры дарэвалюцыйнага перыяду, якія былі канфіскаваныя з вучылішчаў і прыватных бібліятэк:

— Цікава, што сярод іх былі заканадаўчыя акты ўстаноўчага сходу, літаратура па ўсеагульным выбарчым праве, духоўная літаратура, кнігі манархічнага зместу і парнаграфічная літаратура. Гэтыя выданні захоўваліся ў спецыяльных шафах і выдаваліся толькі па дазволах. Дарэчы, у 1930-я гады мінулага стагоддзя адбылася чыстка бібліятэк і з іх масава канфіскавалі тыя кнігі, якія знаходзіліся на закрытым захоўванні. Фонд бібліятэкі тады паменшыўся на шасці тысяч адзінак.

Імем публіцыста і рэвалюцыянера

Рух бібліятэк-перасовак, які павінен быў ахапіць масы ведамі, закрануў і гомельскую цэнтральную бібліятэку. Звычайна справа арганізоўвалася такім чынам: прыкладна 200 кніг выдавалася на адзін
месяц на адно з прадпрыемстваў ці арганізацый горада. У 1923-м было ўкамплектавана пяць такіх перасовак: для цукерачнай фабрыкі «Прасвет», піўзавода «Спартак», дзяржмлына «Чырвоны млынар», Дома селяніна, завода «Рухавік рэвалюцыі».

З 1925 года ўстанова ўпершыню згадваецца як Цэнтральная губернская бібліятэка імя Аляксандра Герцэна. Ёсць меркаванне, што яго імя было прысвоена ў сувязі з 55-годдзем з дня смерці рускага рэвалюцыянера-публіцыста.

З памяшканнем, а таксама і з прафесійнымі кадрамі ў гэтай бібліятэцы, як і ў іншых, усё было дрэнна. Настолькі, што нарэшце гэта было заўважана ўладамі. І тады ў чэрвені 1935 года выйшла пастанова ЦК КП(б)Б «Аб стане бібліятэчнай справы ў сістэме Наркамасветы БССР», у якім звярталася ўвага мясцовых улад на іх безадказнае стаўленне да стварэння неабходных умоў для звычайнай работы бібліятэк. Пасля рэкамендацыі выдзеліць для бібліятэк памяшканні, а таксама знайсці сродкі на рамонт, закупку новага абсталявання і літаратуры для Герцэнкі ў 1938 годзе знайшлі месца ў двухпавярховым будынку па вуліцы Камсамольскай, 67. На першым паверсе размясціўся абанемент, на другім — чытальная зала і кабінет загадчыка. У памяшканнях былі паркетныя падлогі, засланыя дыванамі, вазы з партрэтамі пісьменнікаў, карціны мастакоў, прыгожыя люстры і люстэркі...

Кватэры для кніжак

Зусім хутка Вялікая Айчынная вайна прымусіла забыць пра ўвесь бібліятэчны дабрабыт, які толькі пачаў наладжвацца ў пачатку 1940-х. Між тым фонды ў той час налічвалі звыш 70 тысяч кніг, чытальная зала была абсталявана на 106 месцаў. Кнігі, як і абсталяванне з многіх гомельскіх прадпрыемстваў, эвакуявалі ў Казань. Але ж назад вярнулася зусім няшмат — тое, што пасля вызвалення горада над Сожам у лістападзе 1943 года са сталіцы Татарскай АССР змагла прывезці тагачасная загадчыца Надзея Чумбурава.

Бібліятэка адраджалася амаль з нуля. У красавіку 1945-га яна размяшчалася ў будынку па завулку Пушкіна, 3 — у пакоі плошчай 35 квадратных метраў. З абсталявання: чатыры стэлажы, этажэрка для часопісаў і газет, два сталы, шэсць зэдлікаў, дзве вітрыны. Палову з 10 тысяч кніг сабралі яе чытачы. Паколькі літаратуры на ўсіх не хапала, супрацоўнікі не толькі насілі кнігі на буйныя прадпрыемствы горада, але і практыкавалі чытанне мастацкай літаратуры па радыё.

Пытанне пра будаўніцтва памяшкання для бібліятэкі паднімалася штогод, аднак станоўчага рашэння не было. У 1953-м пад бібліятэку была выдзелена камунальная кватэра ў жылым доме № 2 па вуліцы Леніна (цяпер Камсамольская), плошчай 61 квадратны метр. Праз чатыры гады ў двух пакоях кватэры і ваннай змяшчалася 35 тысяч кніг. У пакоі плошчай 16 «квадратаў» знаходзілася чытальная зала на 20 месцаў, а ў кухні — абанемент.

Прытулак для пісьменнікаў

«Палеская праўда», 1928 год.

Толькі ў канцы 1961 года бібліятэка імя Герцэна пераехала ў новае памяшканне па праспекце Леніна, 12. Ста дзевяноста квадратных метраў хапіла на чвэрць стагоддзя. А ў трагічным чарнобыльскім 1986 годзе адбылося перасяленне ў суседні будынак па праспекце Леніна, 18. Там, на першым паверсе жылога дома, пачаў сваю дзейнасць літаратурна-мастацкі салон «Сустрэчы на Замкавай», які і дагэтуль збірае творчую інтэлігенцыю горада над Сожам. Ва ўтульнай атмасферы імправізаванай кавярні аматары мастацтва сустракаюцца з гомельскімі пісьменнікамі, слухаюць у аўтарскім выкананні творы, абмяркоўваюць іх.

Падрыхтоўка да цэнтралізацыі бібліятэчнай сеткі завяршылася 1 кастрычніка 1977 года. У склад Гомельскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўвайшлі 18 гарадскіх бібліятэк. Іх усе аб'ядноўвае цяпер Герцэнка.

З новымі тэхналогіямі ў наступнае стагоддзе

12 верасня 2009 года Гомельская гарадская бібліятэка імя Герцэна зноў перасялілася — на вуліцу Савецкую. Цяпер у адрэстаўраваным гістарычным будынку № 26 — сучасны прасторны камп'ютарызаваны храм асветы. Камфорт і інфармацыйныя тэхналогіі кардынальна змянілі магчымасці бібліятэкі, падкрэслівае дырэктар ДУ «Сетка публічных бібліятэк горада Гомеля» Таццяна Уласава:

— Мы змаглі стварыць мультыкультурны цэнтр. Мы значна пашырылі не толькі інфармацыйныя магчымасці бібліятэкі, але і стварылі камфортныя ўмовы для вольнага часу. Бібліятэчныя супрацоўнікі імкнуцца да таго, каб атмасфера ў нас панавала асаблівая. І гэта атрымліваецца. Мы займаемся тут выставачнай дзейнасцю, у нас ёсць музей аўтографа. Сярод яго рэдкіх экспанатаў — аўтографы касманаўта Юрыя Гагарына, маршала Сямёна Будзённага, рэжысёра Кшыштафа Занусі... Віртуальныя сэрвісы мы прапануем праз свой сайт. У сацыяльных сетках прасоўваем многія праекты і акцыі. У далейшым, здаецца, наша ўстанова будзе ўяўляць нейкі сімбіёз віртуальных сэрвісаў і рэальных стасункаў у сценах бібліятэкі — у тым ліку з папяровай кнігай на традыцыйных носьбітах. Між іншым, назіраем тэндэнцыю: людзі пры наяўнасці стасункаў віртуальных хочуць рэальных. Я ўпэўнена, што кніга на традыцыйных носьбітах нікуды не знікне з нашага жыцця.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: У чарзе па беларускамоўную кнігу трэба было чакаць па дзве-тры гадзіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».