Вы тут

У Іўеўскім гадавальніку хвойныя саджанцы вырошчваюць паскораным метадам


У гэтым сезоне плануецца ўзнавіць каля 300 гектараў лясных культур, што на 100 гектараў больш, чым летась. Асноўная ўвага ў лясгасе аддаецца хвойным пасадкам, якія значна пацярпелі ад засухі і лясных караедаў. Каб паскорыць рост саджанцаў, іх пачалі вырошчваць у цяпліцах. Пасадачнага матэрыялу цяпер хапае не толькі для свайго раёна, але і для іншых.


Такіх цяпліц у гадавальніку Іўеўскага лясгаса некалькі. На выгляд саджанцы нагадваюць суцэльны зялёны дыван з пушыстым ворсам. Так яно і ёсць. Бо маленькія елачкі і хвойкі вельмі далікатныя і мяккія.

Звычайна пасадачны матэрыял вырошчваецца ў адкрытым грунце, але нядаўна тут сталі практыкаваць цяплічны варыянт. І значна выйгралі. Як паведаміў галоўны ляснічы лясгаса Віталь Брэйва, выхад сеянцаў і саджанцаў павялічыўся ў тры разы. Адпаведна, зменшыліся і затраты. Напрыклад, у адной цяпліцы можна вырасціць паўмільёна соснаў на плошчы ў шэсць сотак. У адкрытым грунце гэта заняло б 25 сотак.

Яшчэ адна цяпліца адведзена пад елачкі. Ім тут ужо па два гады, але высаджваць у лес яшчэ рана. Для больш хуткага росту верх цяпліцы зацемнены спецыяльным тэнтам. Хвойныя пароды, як вядома, не любяць гарачага надвор'я і прамых сонечных промняў. Тым не менш новыя пасадкі больш устойлівыя да пацяплення клімату. Падрыхтоўкай насення займаецца як сам лясгас, так і шчучынскі цэх, куды паступае матэрыял з усёй Гродзенскай вобласці.

У цэлым лес узнаўляецца пародамі, якія лічацца карэннымі для Беларусі, — гэта бяроза, асіна, сасна, елка, дуб, вольха і іншыя. Таксама пачала распаўсюджвацца лістоўніца.

— Склад лесу не змяняецца, — тлумачыць Віталь Брэйва. — На кожным участку фарміруюцца тыя пароды, якія раслі да таго, як тут адбылася прамысловая ці санітарная высечка. Альбо высах ельнік. Стаіць задача — захаваць натуральны лясны склад. Гэта работа вядзецца згодна з праектам, які складаецца на 10 гадоў. У кожнага ўчастка ёсць свой «пашпарт» і пад яго высаджваюцца драўняныя пароды. Каб лес быў якасны, і створаны наш гадавальнік. Які будзе пасадачны матэрыял, такі і будзе лес.

І справа гэта не хуткая. Спелым лічыцца той лес, якому пад 100 гадоў. І хоць Іўеўскі раён — адзін з лясістых (плошча лесу тут складае 46 %), работа па ўзнаўленні вядзецца актыўна. Яно і зразумела, бо тое, што садзіцца зараз, — гэта задзел для будучых пакаленняў. У сучасных умовах трэба ўлічваць і клімат.

У лясгасе пакуль не бяруцца рабіць прагнозы па стане ельнікаў на гэты год. Візуальна ўсыханне назіраецца менш, чым летась, канстатуе Віталь Брэйва. Лес нядрэнна выйшаў з зімы, летась аслабленых дрэў было значна больш. Але пры засусе ці караедах узнаўленне лесу будзе весціся яшчэ больш узмоцнена.

Дзякуючы цяпліцам, пасадачным матэрыялам забяспечваюцца і іншыя лясгасы. Хапае і на тое, каб прадаць за мяжу. Беларускімі сеянцамі ўзнаўляюцца і расійскія лясы. Днямі зялёны тавар адправілі ў Смаленск. А ўсяго летась у Расійскую Федэрацыю прададзены адзін мільён сеянцаў елак на 62 тысячы рублёў.

А яшчэ ў гадавальніку займаюцца вырошчваннем дэкаратыўных відаў. І попыт на іх толькі расце. Напрыклад, горад набывае ліпы, бярозы, рабіны, вербы. Шырокае распаўсюджванне атрымалі ядлаўцовыя віды, кізілавыя, барбарысы, якім можна прыдаць розную форму. Такімі раслінамі больш цікавяцца мясцовыя жыхары, якія займаюцца азеляненнем сваіх двароў. Усё больш папулярнымі ў насельніцтва становяцца хвойныя дрэвы, якія ачышчаюць паветра ад бактэрый сваімі фітанцыдамі. Многія сталі садзіць каля дамоў яліны — канадскія альбо блакітныя, каб упрыгожваць іх на Новы год. Усяго ў гадавальніку вырошчваецца каля 80 відаў раслін — кустоў і дрэў. Каб знайсці нешта новае, работнікі лясгаса выязджаюць у іншыя гадавальнікі ці Батанічны сад.

— Зараз многія цікавяцца бэзам — гэты хмызняк набывае папулярнасць паўсюдна. Таксама пытаюць пра язмін садовы, — расказвае начальнік гадавальніка Наталля Жамойта. — Вось і шукаем, дзе магчыма. Часта звяртаемся ў Батанічны сад. Чаранкавалі там каля тысячы саджанцаў. Потым у сябе разводзім. Калі людзі бачаць такія цудоўныя расліны, прычым рознай формы, многія хочуць упрыгожыць імі свае сядзібы.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Паўмільёна соснаў на шасці сотках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.