Вы тут

Хто ж такія маладнякоўцы?



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Хто ж такія маладнякоўцы?

Уводзіны ў культурна–гістарычны кантэкст

20–я гады ХХ стагоддзя — гэта адзін з самых плённых перыядаў у развіцці беларускай літаратуры і адначасова самы неадназначны, у некаторых момантах нават спрэчны адносна літаратурнага дыскурсу. Так, менавіта літаратура бачылася ідэолагам найбольш уплывовым чыннікам, своеасаблівым рычагом для ажыццяўлення пастаўленай задачы: стварэння і выхавання новага чалавека, грамадзяніна сацыялістычнай дзяржавы. Вялікую ролю ў папулярызацыі новай ідэалогіі адыгралі літаратурныя згуртаванні, і дзякуючы пастанове ЦК ВКП(б)Б ад 18 чэрвеня 1925 года «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры» (якая, па сутнасці, пазітыўная шмат у чым — хаця б таму, што прадугледжвала недапушчэнне манаполіі на літаратурна–выдавецкую дзейнасць праз адну літаратурную арганізацыю), з’явілася магчымасць існавання ў Беларусі побач з «Маладняком» і іншых літаратурна–мастацкіх згуртаванняў: «Узвышша», «Полымя», кароткачасовых «Беларуская літаратурна–мастацкая камуна», «Пробліск» і іншых. Забягаючы наперад, трэба адзначыць, што пастанова была першай ластаўкай таго курсу, якая прывяла да антынацыянальных і антыіндывідуальных з’яў у літаратуры. У пачатку 20–х гадоў ХХ стагоддзя, нягледзячы на разнастайнасць розных літаратурных груповак, з боку мастацкай вартасці тагачасная паэзія не змагла пазбегнуць штампаў, беднай рыфмы, неапрацаванай формы і перанасычанасці рэвалюцыйнай лексікі ў вершах. Такая сітуацыя была выклікана «адсутнасцю літаратурных кадраў» [цытуецца паводле 9, с. 25], таму старэйшым паэтам даводзілася вельмі далікатна і цярпліва апекавацца тымі, хто спрабаваў нешта пісаць. Абавязковая палітычная ангажаванасць часам прыводзіла да абсурднасці ў паэзіі і паказвала слабую арыентацыю аўтараў ў палітыцы партыі: вершы на грамадскую тэматыку патрабавалі належнай апрацоўкі, бо з’яўляліся агітацыйнай і адукацыйнай платформай, аднак, зноў жа, — мастацкая вартасць твора заставалася працяглы час на другім плане. Так разумелі літаратуру і яе задачы. «Часам яны [грамадскія матывы. — М. П.] даволі няўдала, амаль бяз усякай композыцыі, пераплятаюцца з мотывамі каханьня» [1, с. 28]. Нельга не назваць яшчэ адну характэрную адзнаку паэзіі адзначанага перыяду: сюды ўваходзяць вершы, дзе паэт паказальна шчыра пазіцыянуе сябе як «дзіця рэвалюцыі», «сын Кастрычніка», паказвае сваю прыналежнасць да тагачаснай рэчаіснасці:

Мы дзеці рэволюцыі, Кастрычніка сыны!

У дзень радасьці кіпучае на сьвет зьявілісь мы.

Над нашаю калыскаю ня сумны матчын сьпеў —

Грымелі дні агністыя, змаганьня гром гудзеў.

[12, с. 3]

«Бурапенны», «няспынны» рух, які ўвасабляў у творчасці маладых аўтараў дынаміку новага жыцця, мог цалкам пераўтварыць паэзію ў агітацыйную ўлётку ці рэкламу, а мог наадварот — зрабіць твор наватарскім і неардынарным для традыцыйнай тагачаснай паэтычнай перспектывы:

Бурапеніў, буяніў на бруку

вечар — бунтар-гарманіст.

Бурапеніў, ня то што проста

Са стрэхамі дождж гаманіў.

[3, с. 103]

З аднаго боку, тут вельмі складана ўявіць апісаны А. Александровічам вечар, які буяніў і бурапеніў на бруку, а з іншага — гэта поўнае супрацьпастаўленне паказу ў паэзіі «дарэвалюцыйнага» вечара — лагоднага, ціхага, дзе хаваецца «агністы пагляд» (М. Багдановіч) каханай, мілай сэрцу дзяўчыны.

Так, рэвалюцыйны змест, як неаднойчы паўтаралі самі маладнякоўцы, патрабаваў рэвалюцыйнае формы і наадварот: «Нязвыклыя ўзгадаванаму на клясычных мэтрах і рытмах вуху песьні, дзіўныя для яго песьні. Новыя вобразы прынесьлі з сабою маладнякоўцы. Новыя словы папрыносілы з саламяных стрэх. Далі і новыя рытмы. Для абывацеляў, для мяшчанства выдаюцца яны, маладнякоўцы, нейкімі “богахульнікамі”, “недаверкамі”» [7, с. 90].

Новую генерацыю ўдзельнікаў паслярэвалюцыйнага літаратурнага працэсу ў асноўным складалі хлопцы і дзяўчаты сялянскага ці рабочага паходжання, большасць якіх толькі–толькі навучыліся пісаць і, паддаўшыся ўсеагульнай захопленасці «новым, бурапенным жыццём», маглі лічыць, што гэтага было дастаткова, каб называцца пісьменнікамі. Канешне, такі погляд прывёў да таго, што ў літаратуры пачалі з’яўляцца «писатели–однодневки» (Клейнбарт), аднак такая сітуацыя нікога не здзіўляла, бо яна цалкам апраўдвала сябе: перайманне і запазычванне, першыя спробы, якія былі не схаваныя «ў стол», а надрукаваныя ў перыядычных выданнях (тут больш датычыць часопіса «Чырвоны сейбіт», газеты «Савецкая Беларусь» і рэгіянальных выданняў з паэтычнымі старонкамі) — гэта першыя крокі да паэтычнай самастойнасці аўтараў, таксама гэта аказала ўплыў на эфектыўнасць рэалізацыі асноўных функцый самой літаратуры (пазнаваўчая, выхаваўчая, эстэтычная і г. д.), разам з тым на развіццё беларускай мовы ў цэлым. А. Бабарэка ў артыкуле «За творчую працу» (1925) зазначае, што «пішуць ня толькі тыя, што атрымалі якую–небудзь адукацыю, <…> пішуць простыя вясковыя хлопцы», і сам факт гэтага пісання стаў сведчаннем культурнага росту Беларусі, Кастрычніцкая рэвалюцыя спрычынілася да «творчасці культурных каштоўнасьцей на сваёй роднай мове» [4, с. 104].

Гісторыя ўзнікнення аб’яднання

Гісторыя аб’яднання «Маладняк» апісваецца ў літаратурных крыніцах па–рознаму, таму для ўзнаўлення факталагічных звестак мы звярнуліся да ўспамінаў пісьменнікаў таго часу або лістоў. Напрыклад, вось так падае пачатак існавання літаратурнага аб’яднання «Маладняк» А. Дудар:

«28–га лістапада 1923 году. У невялікім цёмным пакоі сабралося сем чалавек. Холадна. Усе ў кажушках, у пацертых шынелях. Вулічны ліхтар неахвотна паглядае праз вокны і кідае на сталы і на падлогу тусклыя палосы сьвету.

— Ну, хлопцы, пачынаем сход!

— Пачынаем!..

— Слова Вольнаму!

Вольны паднімаецца.

— Так што, таварышы, цяпер ужо зусім насьпела пытаньне аб заснаваньні аб’яднаньня літаратараў. Мы былі сьведкамі цэлага шэрагу патуг у гэтым напрамку. Але з іх нічога не выйшла, бо ня было пэўных вызначаных форм аб’яднаньня. Туды ішлі ўсе і кожны цягнуў у свой бок. Нам трэба заснаваць сваё аб’яднаньне, даць яму пэўны напрамак, аформіць яго!..

Сем маладых паэтаў... Загаварылі горача, жыва.

— Якую даць назву?

— Прыняць назву “Маладняк”» [13, с. 3].

Кантэкст, перадумовы, удзельнікі, пераломныя перыяды

Своеасаблівай перадгісторыяй узнікнення літаратурнага аб’яднання «Маладняк» быў часопіс «Чырвоны сейбіт» пад кіраўніцтвам Шукевіча–Траццякова (Третьяков). Былі ў гэты час і іншыя кансалідацыі пісьменнікаў — вакол газет «Савецкая Беларусь», «Звязда», «Беларуская вёска», часопіса «Полымя». Усе згуртаванні ўяўлялі сабою аб’яднанні пісьменнікаў–«масавікоў», былі прысвечаны пачатковым спробам пісьма, падыходзілі па сваім напрамку і агульнай атмасферы тым, хто патэнцыйна цягнецца да літаратуры. Разнастайнасць творчых аб’яднанняў паслярэвалюцыйнага часу назіраецца ў іншых краінах — напрыклад, ва Укране: ВАПЛІТЭ, «Авангард», «Молодняк», «Гарт»; у Расіі — «Перевал» (з часопісам «Красная новь»), «Кузница», ЛЕФ, РАПП і інш., кожная групоўка мела на мэце паказаць сваё бачанне развіцця мастацкага метаду і яго рэалізацыю ў пралетарскай літаратуры, што так ці інакш адлюстравалася ў літаратурнай палеміцы. Аднак, тут нельга не пазбегнуць асаблівасцей літаратурнага развіцця асобнай краіны і абагульняць не выпадае.

Нягледзячы на высокі колькасны паказчык і ўсеагульны доступ да друкаванага слова, паслярэвалюцыйная паэзія ўсё яшчэ заставалася на ўзроўні глыбокага вяртання да вясковай рэчаіснасці. Першапачаткова падыход да ролі літаратуры ў грамадстве нагадваў «споведзь» альбо «замалёўкі» аўтара: паэты выказвалі тое, што іх хвалявала. Рэвалюцыйныя штампы пераўтваралі вершы ў агітацыйныя ўлёткі. Як вядома, у большасці выпадкаў гэта былі неапрацаваныя па змесце і форме творы, адчуваецца свядомае ці несвядомае перайманне з ўзораў народнай паэзіі, з творчасці Я. Купалы і Я. Коласа, тыповым прыкладам нам могуць паслужыць радкі А. Русака: «Я хлапчук малады і здаровы, усю весну пасу я каровы»[1]. Нягледзячы на адсутнасць патрэбных для новай эпохі пісьменніцкіх кадраў, патрэбны быў погляд новы. Слоўнае мастацтва патрабавала стварэння органа з прэтэнзіяй на манапалістычнае існаванне, які б не толькі рэгуляваў і кіраваў беларускім літаратурным працэсам, але і мог аб’яднаць беларускіх пісьменнікаў. Таму, трэба думаць, утварэнне аб’яднання «Маладняк» — гэта з’ява, выпрадукаваная часам, а значыць заканамерная.

Заснавальнікамі творчага аб’яднання «Маладняк» з’яўляюцца М. Чарот, В. Вольны, А. Дудар, А. Бабарэка, Я. Пушча, А. Александровіч, пасля да творчае групоўкі далучыліся П. Трус, А. Якімовіч, Я. Падабед, Я. Пфляубаум, Н. Чарнушэвіч, К. Чорны і інш. Папулярнасць арганізацыі з цягам часу вырасла: ужо ўвосень 1925 года яна налічвала больш за 500 удзельнікаў. У вырашэнні ідэйна–мастацкай платформы суполкі вялікі колькасны паказчык выліўся ў нізкі якасны ўзровень літаратуры, таму арганізацыя зведала некалькі крызісных момантаў. М. Гарэцкі ў працы «Маладняк за пяць гадоў» дзеліць гісторыю аб’яднання на тры перыяды: першы ахоплівае тры гады (1923–1925 гады ўключна) і з’яўляецца «часам збірання і аб’яднання творчых сіл» [4, с. 106]. Трэба адзначыць, што ў гэты час маладнякоўцы прадуктыўна працуюць на глебе беларусізацыі: паводле М. Гарэцкага, «шмат якія настаўнікі, выкладчыкі беларускае мовы і літаратуры, шчыльней падыходзілі да пролетарскае ідэолёгіі пасьля выступленьняў маладнякоўцаў ў іхняй мясцовасьці» [8, с. 12]. У наступны перыяд (1926–1927 гады) арганізацыя зведала, паводле М. Гарэцкага, два крызісы. Першы — гэта ўтварэнне ў 1926 годзе (восень) аб’яднання «Узвышша», калі «Маладняк» пакінулі А. Бабарэка, У. Дубоўка, К. Крапіва, Я. Пушча, К. Чорны, што сведчыць пра востры канфлікт унутры суполкі на падставе рознагалоссяў у пытанні далейшага развіцця творчасці. Паўплывала і несупадзенне бачання функцый літаратуры. Вядома, што напачатку «Маладняк» выходзіў як часопіс ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ, а ў гэты час — як орган Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». У гэты час арганізацыя мела цалкам арганізаваныя філіі ў Маскве (1924), Віцебску (лістапад 1924), Полацку (7 сакавіка 1925), Барысаве (4 красавіка 1925), а таксама ў Слуцку, Бабруйску, Магілёве, Мазыры і г. д. Аб’яднанне складалася з розных нацыянальных секцый — рускіх, польскіх, яўрэйскіх і літоўскіх пісьменнікаў [10, с.14–19].

Другі крызіс адбыўся, калі часопіс пакінулі А. Александровіч, А. Вольны, А. Дудар, М. Зарэцкі, М. Чарот і аб’ядналіся з былымі «нашаніўцамі» («Полымя»). Да таго ж, у 1927 годзе ўтварыліся яшчэ альтэрнатыўныя аб’яднанні — «Беларуская літаратурна–мастацкая камуна» на чале з Я. Відуком, П. Шукайлам, М. Шалаем, У. Гародняй і г. д., і «Пралетарска–сялянская беларуская літаратурная суполка» («Пробліск»), у склад якой уваходзілі Я. Туміловіч, Я. Бобрык, Т. Кляшторны, А. Гурло, І. Плаўнік і інш. Праўда, новыя літаратурныя арганізацыі выклікалі ў таварышаў з іншых груповак сумневы наконт іх прыналежнасці да творчага працэсу. Такім чынам, з «Маладняка» выйшлі ўсе арганізатары: «ўтваральнікі, будаўнікі і правадыры Маладняка блізка што ўсе павыходзілі з аб’яднаньня і на парозе 1928 года кінулі сваім маладзейшым сябрам даволі цяжкую спадчыну ў організацыйным і моральным сэнсе, дык маладзейшыя сябры, ужо даволі моцныя з ідэолёгічнага і формальна–мастацкага боку потым зноў здолелі падняць організацыю на належную вышыню» [8, с. 23]. М. Гарэцкі з умовамі часу піша пра сучасную «належную вышыню» арганізацыі: «“Маладняк” здолеў ужо гаварыць ад імя пралетарскае беларускае літаратуры ў Маскве, у Ваппе, ён завязаў шчыльную сувязь зь літаратурнымі арганізацыямі савецкае Украіны». Таксама «Маладняк» наладзіў выступленні і арганізацыю літаратурных вечарын, аднак нам вядомая далейшая гісторыя аб’яднання: на Усебеларускім з’ездзе «Маладняка» (25–28.11.1928) арганізацыя абвясціла сябе 1–м з’ездам БелАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў), статут якога быў прыняты пазней — 10 сакавіка 1929 года. Кіруючымі органамі былі Праўленне і яго Сакратарыят, а друкаваным — часопіс «Маладняк» (з № 12, 1928). Так, БелАПП працягвала распачатую ў час «Маладняка» літаратурную працу, аднак менавіта яна спрыяла з’яўленню вульгарна–сацыялагічнай крытыкі на чале з Л. Бэндэ, А. Кучарам, С. Васілёнкам, што прынесла вельмі вялікую шкоду беларускай літаратуры: арганізацыя выконвала ролю цэнзара і органа, які на падставе літаратурна–крытычнага абгрунтавання мог «абяліць» партыю ад рэпрэсій у дачыненні да пісьменнікаў.

«Рэвалюцыйны зьмест патрабуе рэвалюцыйнае формы!», або Ідэйны патэнцыял, матывы, паэтычнае рэфарматарства «маладнякоўцаў»

Паэтычная творчасць «Маладняка» ў першую чаргу выклікае асацыяцыі з «бурапеннай», жыццярадаснасцю, сцвярджэннем «новага жыцця». Сапраўды, паэзія першага перыяду (1923–1925 гг. — паводле М. Гарэцкага) адзначаецца такім пафасам — як, напрыклад, у вершы А.Бабарэкі «Яна з высокіх гор вякоў…» (1924):

І вольны, радасны, вясёлы

У хорам прыдзеш ты ка мне.

Тагды вянок — сусьветны золак —

Адзенем мы зямной вясьне.

[5, с. 227–228]

Маладнякоўцы ў вершах звяртаюцца да адрасата з заклікам будаваць сваю будучыню разам — як, напрыклад А. Александровіч ў вершы «Кавалям жыцця» (1923):

Гэй, браты, кавалі жыцця новага,

Вы прыміце мяне ў грамаду сваю!

[2, с. 18–19]

Паводле Н. Гілевіча, «паэзія “Маладняка” першых паслякастрычніцкіх год па свайму агульнаму характару, зместу, ладу не магла быць іншай, чым яна была: бадзёрай, жыццярадаснай, нястрымна–імклівай, часам залішне гучнай» [8, с. 72]. Заўважым, што якраз паэзія ў гэты час набывае першаступеннае значэнне, а не проза, бо менавіта праз першую лягчэй за ўсё ўздзейнічаць на чытача ці слухача, ідэйна выхаваць, заахвоціць, патлумачыць селяніну ці рабочаму прынцыпы «новага жыцця». Нягледзячы на рэвалюцыйныя штампы, адкрытае перайманне, перагрувашчванне «камсамольскімі нотамі»[2], няўдалыя формы і часам заблытаны змест, у цэлым «маладнякоўцы ўзварушылі тады ўсю Беларусь» [8, с. 12]. «У гэты ж час “Маладняк” уводзіць у беларускую літаратуру мотывы грамадзянскай барацьбы, мотывы рабочыя, мотывы заводзкія, — мотывы зусім новыя для беларускай літаратуры» [11, с. 96].

Аднак старэйшыя пісьменнікі лічылі інакш: яны не разумелі, называлі «хворым», напрыклад, верш «Веснавое» (1924) Я. Пушчы, дзе паэт на этапе пошуку свайго аўтарскага «я» займаўся пошукам арыгінальных вобразаў і тропаў, што прывяло да разбурэння сумарнага архетыпа:

Раніца

Ў полі рыкае

Ў зялёную сінь.

Раніць

Грудзі рака ей.

Вісне вясны каласнік.

[18, с. 28–29]

Маладыя паэты часта скардзіліся на «нявытрыманасць старой крытыкі ў адносінах да маладнякоўскай творчасьці» і «неразуменьне з боку старых пісьменнікаў» [8, с. 13], што цалкам апраўдана: у сваю чаргу маладнякоўцы не прымалі класічную спадчыну, разумелі, што толькі яны, народжаныя новай эпохай, змогуць даць чытачу адпаведнае часу мастацтва слова, але гэта адбудзецца толькі тады, «калі яны <…> адсунуць у вачох чытача аўтарытэт старых у бок з свае дарогі» [8, с. 7]. Магчыма, некаторыя маладнякоўцы сапраўды не прымалі творчай спадчыны старэйшага пакалення, аднак перайманне адбывалася, мы бачым гэта практычна ў кожнага, пра што сведчыць артыкул А. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925): «У нашу пару гэтая плынь [ідэалізацыя сацыяльнага перавароту. — М. П.] у постаці “Маладняка”, якая ўбірае ў сябе ўсе здаровыя элементы і дасягненні адраджанізму, развіваецца ў новы кірунак маладнякізму. Адраджанізм вырастае ў маладнякізм» [4, с. 91]. Маладнякоўцы з гонарам называлі Я. Купалу «хросным бацькам», у прывітальнай кніжачцы да 20–гадовага юбілею творчасці песняра «Маладняк — Янку Купалу» (1925) яны пішуць: «Ваша песьня, узросшая паміж палыньня, прынесла вялікі плён; яе “зерне чыстае, як вока” запала ў сэрца малодшага пакаленьня, і ўзрасьціла бунтоўны Маладняк» [16, с. 8]. У наступным артыкуле У. Дубоўка перабольшана зазначае, што «выхоўваўся ён [«Маладняк». — М.П.] толькі і выключна на творах Янкі Купалы» [16, с. 9].

Хаця сам А. Бабарэка называе «маладнякізм» кірункам, аднак ідэйную платформу плыні ён акрэслівае слаба: «Мастацкая творчасць, непадзельна злучаная з ёю грамадзкая праца і накірованая на станаўленьне ў жыцьці “маладога…”, альбо “Маладое” ў яго ўсебаковых праявах у мастацкай творчасці і працы…» [5, с. 99]. Пад пададзенае А. Бабарэкам тэарэтычнае абгрунтаванне тэрміна «маладнякізм» не падыходзяць вершы літаратурнага аб’яднання другой паловы 1920–х: у паэзіі «маладнякоўцаў» усё больш праяўляюцца матывы тугі і суму, калі раней было «здаровае сялянскае каханне» (М. Гарэцкі), то цяпер гэта — здрада. Жыццярадаснасць пачатку 1920–х адрозная ад жыццярадаснасці другой іх паловы. Пра «фармальную школу паэзіі» ўжо ў 1924 годзе пісаў невядомы аўтар пад псеўданімам Грышка ў «Маладняку»: «Калі ня лічыць петушыных адгалоскаў дарэволюцыйнай поэзіі, дык за гэтыя годы нават толькі адна тэорыя процівапаставіла сябе  марксызму, — гэта тэорыя “фармальнай школы паэзіі”. Гэтая школа за аснову ў поэзіі бярэ яе форму, а ня зьмест» [11, с. 94]. Сапраўды, з боку «маладнякоўцаў» была цікавасць да кірунку, і «формальная школа поэзіі» — гэта рускі імажынізм.

Паводле М. Мушынскага: «Калі ж весці размову па вялікаму рахунку, то трэба сказаць, што ў беларускай літаратуры цікавасць да імажынізму, асновай і сцягам якога была барацьба за вобразнасць, — гэта рэакцыя на рытарычна–дэкламацыйнае вершаванне, павярхоўна–бадзёрае, але бяскрылае апісальніцтва, на якое хварэлі многія тагачасныя маладыя ды і не толькі маладыя паэты» [17, с. 30–31]. Так, тэорыя паэтычнага рэфарматарства не апраўдала сябе цалкам у паэзіі, хоць заявы маніфеста гучалі даволі правакацыйна: «Тема, содержание — эта слепая кишка искусства — не должны выпирать, как грыжа, из произведений». Таксама: «Мы, настоящие мастеровые искусства, мы, кто отшлифовывает образ, кто чистит форму от пыли содержания лучше, чем уличный чистильщик сапоги, утверждаем, что единственным законом искусства, единственным и несравненным методом является выявление жизни через образ и ритмику образов» [19]. Як бачым, кірунак характарызаваўся вызваленнем формы і вобразу ад зместу, гульнёй сэнсам, эксперыментатарствам, словатворчасцю і быў даволі папулярны, аднак літаратурная моладзь асабліва пераймала з творчасці С. Ясеніна, памылкова лічачы яго прамым прыкладам імажынізму, пазней крытыкі таксама памылкова, назавуць гэтае сляпое перайманне «ясеніншчынай» і залічаць матывы, узятыя з творчасці рускага класіка, у праявы антыпралетарскага духу: «Ясеніншчына — гэта самае шкоднае зьявішча нашага літаратурнага дню… <…> …гэта праціўная, напудраная і нагла–размаляваная расейская мацяршчына, збытэчна змочаная п’янымі сьлязьмі, і таму яшчэ больш гідкая» [6, с. 129].

Калі падсумаваць…

Каб зрабіць высновы пра паэзію “Маладняка”, неабходна глыбока ўліцца ў кантэкст «бурапены», бо без гэтага наўрад ці ўдасца зразумець і ацаніць вартасць метафізікі творчасці, фальклорных алюзій, ірацыянальных пачаткаў, адстойванняў «права на паэтычную свабоду». Без адпаведных каментарыяў не ўдасца лёгка прыйсці да поўнага паразумення з перыядам, і часам можна задумацца: графаман ці талент? У дадатак, у бібліятэках, на жаль, мы маем далёка не поўныя зборы твораў. Кажучы пра выдавецкія «хібы» і цэнзурныя праўкі савецкіх часоў, асабліва пра тыя, якія датычаць рэпрэсаваных пісьменнікаў, можна згадаць В. Казлоўскага — своеасаблівага беларускага дэкадэнта. У свой час не прайшлі цэнзуру шмат якія яго вершы, і доўга яны былі пераблытаныя з вершамі С. Дарожнага, аднак «паслядоўніка Маякоўскага» (так называў паэт сам сябе) сёння «адкрылі», і мы можам прывесці адзін з яго вершаў — «Рукамі жорсткімі за постаць ашчаперыў»[3], напісаны, паводле аўтарскай пазнакі, 12 лютага 1929 года. Верш ў абсалютна іншым святле паказвае асобу паэта і ўвогуле сам перыяд:

Рукамі жорсткімі за постаць ашчаперыў,

Рукамі жорсткімі убраньне разарваў...

Ня клікай, любая, ня клікай на вячэру.

Ня клікай, любая, уславіць каравай.

 

Рукамі жорсткімі за шыю ашчаперыў,

Рукамі зьверскімі сьціскае шыю ён.

Пусьці... пусьці... ой, любы... Петра... Петра...

За што душыць... за што сюды... за што прывёў...

 

Паветра мне... паветра... шыю... шыю...

Туман і змрок... туман... і змрок... і звон.

Вятры-ж рыдаюць, стогнуць, выюць.

І цяжкі сон... і вечны сон.

Такі верш наўрад ці мог друкавацца ў час, калі дэкадэнцтва, містыка і «духоўнае вар’яцтва» лічыліся брудам, блюзнерствам. Вершы павінны былі адпавядаць рэвалюцыйным рэаліям. А юнацкае светаўспрыманне патрабавала новых форм і рытмаў, тэм і вобразаў, творчасці ў межах уласнай фантазіі.

Перыяд паэтычнай «бурапенны», авангарднасці і рэфарматарства, агульнай захопленасці літаратурай наўрад ці калі зможа паўтарыць сваю вышыню: друкаваліся раней творы рознай мастацкай вартасці, аднак друкаваліся і чыталіся. Літаратурны працэс «маладнякоўскага» перыяду быў насычаны, меў асаблівасці, і калі разглядаць аб’яднанне ў межах ідэйна–палітычнага фактару, — пачатак і канец яго былі лагічнымі.


[1] Цытуецца паводле Л. Клейнбарта [14, с. 333].

[2] «Камсамольская нота» — назва зборніка паэзіі «маладнякоўцаў» А. Вольнага і А. Александровіча, выдадзены ў 1924 годзе, А. Бабарэка называе зборнік «першай ластаўкай маладняцкай творчасці».

[3] Верш пададзены паводле сайта svaboda. оrg. — Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/transcript/24792969.html. — Дата доступу: 24.03.2019.


Літаратура:

1. Адамовіч, А. Да гісторыі беларускае літаратуры / А. Адамовіч. — Мінск: Выдавец ІП Зьміцер Колас, 2005. — 1464 с.

2. Александровіч, А. Бібліятэка беларускай паэзіі: Выбранае / А. Александровіч. — Мінск: Беларусь, 1970. — 176 с.

3. Александровіч, А. Вечар: верш / А. Александровіч // Маладняк. — 1925. — №8. — С.103.

4. Бабарэка, А. Збор твораў: у 2 т. / А. Бабарэка. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2011. — Т. 1: Літаратурна–крытычныя працы. — 939 с.

5. Бабарэка, А. Збор твораў: у 2 т. / А. Бабарэка. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2011. — Т. 2: Проза, паэзія, філязофія, публіцыстыка, запісныя кніжкі, дзёньнікі, лісты. — 726 с.

6. Бухарын, Н. Злыя нататкі / Н. Бухарын // Узвышша. — 1927. — № 1. — С. 128–133.

7. Гайдуковіч, У. Раніца рыкае / У. Гайдуковіч // Маладняк — 1925. — №8. С. 88–100.

8. Гарэцкі, М. І. Маладняк за пяць гадоў, 1923–1928 / М. І. Гарэцкі. — Мінск: Бел. дзярж. выд–ва, 1928. — 122 с.

9. Гілевіч, Н. С. Акрыленыя рэвалюцыяй / Н. С. Гілевіч. — Мінск: Выд–ва М–ва Вышэйш., сярэд. спец. і праф. Адукацыі БССР, 1962. — 187 с.

10. Гісторыя беларускай савецкай літаратуры, 1917–1940; рэдкал. В. В. Казлова і інш. — Мінск: Вышэйшая школа, 1981. — 452 с.

11. Грышка. Па мастацкіх куткох: крытыка // Маладняк. — 1925. — №4. —С. 93–97.

12. Дудар, А. Мы дзеці рэвалюцыі…: верш / А. Дудар // Маладняк. — 1924. — №2. — С. 3.

13. Дудар А. Усебеларускае аб’яднаньне паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк»: Этапы // Заря Запада (г. Віцебск). — 1924. — 25 нояб. — С. 3.

14. Клейнборт, Л. М. Молодая Белоруссия / Л. М. Клейнборт. — Минск: Белгосиздат, 1928. — 508 с.

15. Лойка, А. Галгофа: (Кніга лёсаў) / А. Лойка. — Слонім: Слонім. друк., 2001. — 288 с.

16. Маладняк — Янку Купалу: да 20–гадовага юбілею Янкі Купалы. — Менск: Выданне ЦБ Маладняка, 1925. — 62 с.

17. Мушынскі, М. І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства (20–30–я гады) / М. І. Мушынскі; рэд. А. М. Адамовіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1975. — 376 с.

18. Пушча, Я. Збор твораў: у 2 т. / Я. Пушча. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. — Т. 1: Вершы, паэмы, артыкулы. 1922–1930; прадм. Л. Мазанік. — 382с.

19. Маніфест імажыністаў. — Рэжым доступу: http://dugward.ru/library/serebr/lit_deklaracii.html. — Дата доступу: 26.03.2019.

 

Марыя ПАЎЛОЎСКАЯ

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».