Вы тут

Учора кіраўнік дзяржавы з афіцыйным візітам наведаў Турцыю


Перагаворы прэзідэнтаў дзвюх краін прайшлі ў Белым палацы ў Анкары — афіцыйнай рэзідэнцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Беларускага лідара прынялі з нацыянальным каларытам: на пад'ездзе картэж Аляксандра Лукашэнкі сустрэла кавалерыя з 40 коннікаў, якія суправадзілі яго да галоўнай палацавай брамы.


Спачатку сустрэча прайшла ў вузкім фармаце, затым да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся члены прадстаўнічых дэлегацый.

Па выніках перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што беларуска-турэцкія адносіны выходзяць на новы ўзровень. «Наша сустрэча паклала пачатак новага ўзроўню ўзаемаадносін ва ўсіх сферах. Галоўнае цяпер профільным міністрам, ураду выканаць нашы дамоўленасці. Мяркую, што цяперашні ўзровень развіцця нашага партнёрства дазваляе нам ставіць яшчэ больш амбіцыйныя мэты», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што Турцыя — адзін з ключавых партнёраў Беларусі ў рэгіёне, узаемадзеянню з гэтай краінай надаецца вялікае значэнне. Ён адзначыў, што першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Турцыі ў Мінск у лістападзе 2016 года адкрыў новую старонку ў гісторыі беларуска-турэцкіх адносін. «Тады быў дадзены прыкметны імпульс палітычнаму, эканамічнаму, культурнаму, гуманітарнаму супрацоўніцтву. Гэта быў выбухны крок, які надаў сур'ёзную дынаміку нашым адносінам», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што падчас перагавораў бакі «адкрыта і канструктыўна абмеркавалі ўвесь спектр важных тэм двухбаковага парадку дня». Быў адзначаны пазітыўны і плённы дыялог паміж краінамі. «У палітычнай сферы ў нас няма абсалютна ніякіх рознагалоссяў, у тым ліку па найважнейшых міжнародных пытаннях. Нашы пункты гледжання абсалютна супадаюць», — заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асновай беларуска-турэцкага супрацоўніцтва з'яўляецца эканоміка. Бакі падчас перагавораў вызначылі прыярытэтныя напрамкі ў галіне гандлю і інвестыцый, абмеркавалі перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў у машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, фінансах, хімічнай і лёгкай прамысловасці.

«Добра, што ад простага гандлю мы паступова пераходзім да больш прасунутай формы эканамічнага ўзаемадзеяння — прамысловай кааперацыі. Зборка трактароў МТЗ у Турцыі сведчыць пра нашы сур'ёзныя намеры на гэтым кірунку. Разам будзем працаваць над аналагічнымі праектамі па іншых відах беларускай тэхнікі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У індустрыяльнай зоне «Кырыккале» ў 80 км ад Анкары ў красавіку быў сабраны першы беларускі трактар. Перад перагаворамі яго прадэманстравалі Аляксандру Лукашэнку. Зборачную вытворчасць трактара BELARUS у Турцыі плануецца запусціць у ліпені. Падтрымку аказвае азербайджанскі бок. «Мы гэта зрабілі з апярэджаннем разам з нашымі турэцкімі сябрамі і прадстаўнікамі Азербайджана. Вельмі цікавая форма. Думаю, што няшмат такіх прыкладаў у свеце, калі па беларускіх тэхналогіях мы пачалі вытворчасць у адной з краін, а потым разам прыйшлі ў дружалюбную Беларусі і Азербайджану Турцыю», — заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Асобная ўвага на перагаворах была аддадзена пытанням стымулявання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У іх ліку — аптымізацыя лагістычных маршрутаў пры арганізацыі дастаўкі грузаў, працяг работы па стварэнні ў Беларусі банка з турэцкім капіталам, лакалізацыя сумесных вытворчасцяў на тэрыторыі дзвюх краін. «Мы чакаем ваш банк у Беларусі. Гатовыя да таго, каб вы маглі набыць беларускі банк або ўвайсці ў капітал нейкага беларускага банка», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь таксама зацікаўлена ў далейшым пашырэнні кантактаў у сферах тэхналогій, інавацый, адукацыі і мае намер нарошчваць узаемадзеянне ў галіне сумесных навуковых распрацовак, акадэмічных праграм, абмену студэнтамі і выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў.

Прэзідэнт Турцыі нагадаў, што ў 2016 годзе бакі паставілі задачу дасягнуць узроўню тавараабароту ў 1 мільярд долараў. Летась краіны крыху не дацягнулі да гэтай адзнакі, ён склаў 984 мільёны долараў. «Мы вырашылі яшчэ больш папрацаваць над гэтым пытаннем і павялічыць тавараабарот да 1,5 мільярда долараў. Турцыя і Беларусь маюць такі патэнцыял», — упэўнены Рэджэп Таіп Эрдаган.

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што цяперашні ўзровень тавараабароту не адпавядае патэнцыялу беларуска-турэцкіх адносін. «Калі мы прымалі рашэнне аб мільярдзе тавараабароту, мы акуратна прамаўлялі гэтую лічбу. Я не думаў, што мы так хутка дасягнём гэтай мяжы. І сёння мы ўжо гаворым пра паўтара мільярда. Я паабяцаў Прэзідэнту Турцыі, што ў нас ніколі не будзе ніякіх закрытых тэм у нашых адносінах — ці то пастаўкі харчавання, ці то супрацоўніцтва па лініі ваенна-прамысловага комплексу. Мы ў гэтых адносінах поўныя рашучасці рабіць сур'ёзныя і радыкальныя крокі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

За два гады пасля візіту Прэзідэнта Турцыі ў Беларусь узаемны тавараабарот вырас на 20 %. «Гэта вельмі добры прырост, але лічбы не адпавядаюць патэнцыялу дзвюх дзяржаў. Мы можам, павінны і зробім значна больш, чым зрабілі нават за гэтыя два гады», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і Турцыі падпісаны пакет дакументаў. Былі заключаны міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, мемарандум аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі юстыцыі, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Беларусі і Прэзідыумам абароннай прамысловасці Адміністрацыі Прэзідэнта Турцыі.

Акрамя таго, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Міністэрства прамысловасці і развіцця Турцыі падпісалі мемарандум аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве ў Антарктыцы. Былі падпісаны дарожная карта развіцця супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Навукова-даследчым саветам Турцыі на 2019—2021 гады і пратакол дзясятага пасяджэння беларуска-турэцкай сумеснай міжурадавай эканамічнай камісіі.

Гэтыя дакументы, сказаў Аляксандр Лукашэнка, ствараюць дадатковыя ўмовы для пашырэння ўзаемавыгадных беларуска-турэцкіх сувязяў у палітычным, гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і гуманітарным кірунках.

Слова бізнесу

Дарэчы, на двухбаковым бізнес-форуме, які прайшоў у Анкары ў дзень візіту Прэзідэнта Беларусі, нашы прадпрыемствы заключылі кантракты на 325 мільёнаў долараў. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч.

Буйны кантракт на 200 мільёнаў еўра заключыў «Нафтан». Прадпрыемства на працягу шасці гадоў будзе пастаўляць у Турцыю нітрылакрылавую кіслату, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці штучных валокнаў. ААТ «Гродна Азот» падпісала з турэцкай кампаніяй кантракт на пастаўку поліаміднай ніткі на суму больш за 14,7 мільёна долараў. ААТ «Амкадор» па ўмовах заключанага кантракта паставіць у Турцыю 30 адзінак снегаўборачнай тэхнікі на суму каля 1 мільёна 350 тысяч долараў.

«Магілёўхімвалакно» заключыла з дзвюма турэцкімі кампаніямі мемарандумы аб намерах. Беларускае прадпрыемства плануе ажыццявіць пастаўкі поліэфірнага валакна на рынак Турцыі ў аб'ёме да 20 тысяч тон да канца 2021 года на суму каля 64,5 мільёна долараў. ААТ «Полацк-Шкловалакно» закупіць у турэцкага ТАА «Эціпродактс» тэхнічную борную кіслату на 7,9 мільёна долараў.

Генеральны дырэктар ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынгу «БМК» Анатоль Савянок на бізнес-форуме ў Анкары падпісаў з турэцкімі кампаніямі рамачныя пагадненні аб пастаўках металапрадукцыі на суму звыш 14 мільёнаў долараў. Турцыя з'яўляецца традыцыйным рынкам у структуры збыту БМЗ. У гэтую краіну прадпрыемства рэалізуе металакорд, стальны дрот, бясшвовыя трубы, літую нарыхтоўку. У 2018 годзе аб'ём экспарту перавысіў 38 мільёнаў долараў.

«Для нас Турцыя з'яўляецца абсалютным прыярытэтам. Мы высока цэнім нашу дружбу і нацэлены на далейшае плённае ўсебаковае ўзаемадзеянне. Дарагі Рэджэп, у нас было шмат тэм (мы іх не агучваем), якія правяралі нашу дружбу, надзейнасць, перш за ўсё беларусаў. Я не думаю, што сёння ты можаш нас у чымсьці папракнуць. Мы заўсёды былі нацэлены на добрыя адносіны, выконвалі нашы дамоўленасці і, калі абяцалі, чаго б нам ні каштавала, заўсёды рабілі. Так будзе і надалей», — запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле БелТА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Выхад на новы ўзровень

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.