Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


Успамін

Надоечы Сяргей Мурашоў ехаў у маршрутцы з Гомеля ў Доўск. Даўнавата не выбіраўся на сваю малую радзіму, гады два нават на Радаўніцу не атрымлівалася трапіць — работа не адпускала. І вось неяк выбраўся ў родныя мясціны. Тут якраз сітуацыя так склалася, што ў школьнага сябрука быў дзень нараджэння, круглая дата, і ён цвёрда рашыў: «Паеду! І друга павіншую, і па родных сцежках пахаджу...»

Маршрутка лёгка каціла па шашы, пасажыраў у салоне было не вельмі каб, па дарозе нікога не падбірала, бо каго падбярэш, калі наогул жывую душу рэдка стрэнеш: вымерлі вёскі — як адна. А Мурашоў моўчкі дзівіўся на краявіды, што прабягалі перад ягонымі вачыма. Чым далей ехаў, тым больш чалавеку рабілася ніякавата — чамусьці сёння нібы ўпершыню ён ўбачыў, што амаль цалкам змянілася дарога. Не пазнаць яе. Нібы чалавека, які толькі што быў у адным адзенні і раптам пераапрануўся, і адразу стаў іншым да непазнавальнасці. Там, дзе некалі былі вёскі, — роўнае поле. У Халоччы, праўда, засталася адна хата. Кажуць, там дажываюць век старыя. Не пагадзіліся пераехаць. І яшчэ ў Халоччы — помнік салдату-вызваліцелю, яго можна было разгледзець праз галіны дрэў. Дом культуры, які стаяў побач, разабралі і добра, калі некуды перавезлі. Чарнобыль, забрыкай яго камар, набедакурыў, нягоднік!

Мурашоў прыгадаў мінулае, той час, калі ў яго былі малымі два сыны і яны дружнай сямейкай вельмі часта ездзілі па гэтай дарозе да старых бацькоў — памагалі тым па гаспадарцы, вядома ж. Дзеці ёсць дзеці: яны не зважалі на тое, свае гэта месцы ці не, а любым чынам лезлі да акна — каб глядзець, як хораша за тым аўтобусным акенцам, як прыгожа навакол! І яшчэ быў занятак у ягоных сыноў — лічыць хаты, што вынырвалі перад іх вачыма на працягу ўсёй дарогі. «Сто пяць... сто сорак...Не, сорак тры! А я кажу: сорак дзве!» Было, што збіваліся, адзін аднаго дакаралі, высвятлялі ледзьве не да слёз, хто вінаваты. Бацька супакойваў сваіх сыноў, суцяшаў тым, што не апошні раз яны едуць да дзядулі з бабуляй — будзе магчымасць пералічыць хаты зноў.

На зваротнай дарозе хлапчукі стараліся прыбіцца на другі бок аўтобуса — каб палічыць і тыя хаты, што беглі ім насустрач па дарозе на Гомель. Іх таксама набіралася вельмі многа!

Цяпер Мурашоў не помніць, колькі тады налічылі хат ягоныя сыны па абодва бакі дарогі. Шкадуе, што не запісаў.

А яшчэ больш шкадуе ён, што зусім няма хат...

І няма ягонай дарогі дадому, той дарогі, да якой некалі прывык і лічыў яе самай прыгожай і па-чалавечы ўтульнай. З абсталяванымі прыпынкамі. З крамамі і сціплымі буфетамі. З людзьмі, у рэшце рэшт, якія некуды ехалі-спяшаліся. Цяпер іншая дарога. Без людзей і хат. Трапіла пад пілу і шмат дрэў. Не проста так адразу прызнаць і прыняць яе. Пакуль што падаецца дарога чужой. І не пярэчце!

Таму неяк сумна Мурашову. Балюча на душы і сэрцы ад гэтага ўспаміну... Калі толькі час вылечыць. На яго ўся надзея.


Артыст

Пятра Карпавіча застаю на двары. Стары нешта габлюе. Мяне сустракае ветла і ў той жа час крыху буркліва: «А, прыехаў! Чаму ж не патэлефанаваў? Я б прыбраўся хоць...» Ён акідвае сябе прыдзірлівым позіркам: маўляў, бачыш, у чым я — у старых пантофлях і парваных партках. Супакойваю чалавека: ды кінь ты, дзядзька! Цяпер вунь моладзь у горадзе так апранаецца, яшчэ і горш, бывае, і лічыць гэта нават шыкоўным прыкідам, так што, дружа, не зважай на тое, што на табе, галоўнае ўсё ж — што ў цябе ў сярэдзіне. А там — поўны парадак: дабрэйшага чалавека пашукаць трэба! «Ды не, — кажа, — я з табой не згодны... Пазней паведаю — чаму... Праходзь, праходзь у хату...»

Праходзім, сядаем за стол, снедаем: я прыехаў хоць і перад самым абедам, але, як высвятляецца, сёння ні ў мяне, ні ў гаспадара гэтай утульнай хаты яшчэ і макаўкі не было ў роце. Запрацаваліся.

Крадком кідаю вока на рамку з карткамі, што вісіць на сцяне насупраць. Прываблівае погляд адзін здымак — на ім Пётр Карпавіч у абрадавым адзенні, густа аздобленым прыгожым нацыянальным беларускім арнаментам. Стаіць рукі ў бокі, заліхвацкая ўсмешка на твары — ну сапраўдны артыст! Яго, дарэчы, так і завуць у вёсцы: артыст. А чаму здзіўляцца, калі ён шмат гадоў спяваў у раённым вакальна-інструментальным ансамблі «Сустрэча». У раёне нават назвалі яго некалі залатым голасам, а з канцэртамі аб'едзіў мой знаёмы шмат навакольных вёсак. Ды што вёсак! Кожны месяц у санаторыі, які паблізу, ВІА даваў канцэрт. Па білетах, вядома. Грошы невялікія, бо за арэнду памяшкання плаціць трэба было, падатак той жа, але на ласункі ўнукам і на паліва для легкавушкі хапала. Ды і каб сваёй кабеце на восьмага сакавіка падараваць што, не трэба было ў яе прасіць грошай: адкладваў патроху з кожнага канцэрта.

— Я ж, братка, неяк у санаторыі, а там люд, ведаеш жа, і здалёку прыезджы бывае, нават з Масквы і Санкт-Пецярбярга, — апавядае Пётр Карпавіч, — неяк праспяваў «Вераніку», а пасля канцэрта да мяне падыходзіць такі піжоністы на выгляд дзяцюк і заяўляе: «Вось калі праспяваеш так гэтую песню чыстым голасам, на адлегласці працягнутай рукі ад мяне, тады паверу, што ты спявак. А то прывыклі пад фанеру! Ведаем вас, артыстаў!» Нічога не заставалася рабіць — праспяваў. Чалавек жа просіць. Трэба яму даць тое, чаго ён хоча. Бяры. Не шкада. Тады ён паціскае мне руку і лагодна кажа: «Малайчына! Цяпер веру, што ты артыст!»

Калі выбраліся з-за стала, я падзякаваў гаспадару і гаспадыні Ганне Сідараўне за гасціннасць, а Пётр Карпавіч прыгадаў яшчэ адзін выпадак са сваёй канцэртнай дзейнасці.

— Пасля канцэрта падыходзіць да мяне адзін зноў жа салідны мужчына, як потым высветлілася, з Расіі, і кажа: «А чаму ў вас штаны пакамечаныя... Асабліва ззаду?» Ды гэта, кажу, сёння мы другі канцэрт даём... Першы ў горадзе быў, дык у машыне прасядзеў амаль паўдня, чакаў гэтага канцэрта. А ён прынцыпова так заяўляе: «Гледача не павінна цікавіць, дзе вы сядзелі і колькі часу. Артыст перад ім павінен заўсёды быць як з іголачкі!» Нічога не заставалася, як папрасіць прабачэння. А чалавек той прызнаўся, што ён працуе ў філармоніі аднаго абласнога цэнтра.

Вось, аказваецца, чаму Пётр Карпавіч так прыдзірліва агледзеў сябе з ног да галавы, калі я захапіў яго нечакана на двары, і крыху нават засаромеўся: прабач, бо не чакаў... Пакуль я гаманіў з Ганнай Сідараўнай, гаспадар адлучыўся ў другую палову хаты, а калі выйшаў адтуль — я не пазнаў яго: перада мной стаяў Пётр Карпавіч у чысценькім, акуратненькім касцюмчыку і ў белай кашулі. Хоць зараз на сцэну!

Я, прызнаюся, паапладзіраваў артысту.

Шчыра парадаваўся за гэтага чалавека, бо ён, заўважце, умее не толькі браць, але — і даваць... А такое не кожнаму дадзена, пагадзіцеся.


Бяда

Старая Макарыха дажывала век адна. Даўно ўжо няма яе на гэтым свеце, але я іншы раз успамінаю бабульку-суседку, і ўспаміны гэтыя надта светлыя, цёплыя і — вясёлыя. Хоць саму яе не прыгадаю, каб бачыў калі ў светлым ці якой-небудзь пярэстым, вясёленькім адзенні. Відаць, ёй не было куды апранацца па-святочнаму, а таптацца па двары і агародзе можна і ў тым, што ёсць і ў чым табе зручна. Не цаца. Ды калі і запэцкаецца адзежа, то на цёмнай апранашцы не так відаць бруд той.

Тады-сяды наведвалі старую дочкі, іх у яе тры, усе замужам, жывуць у адным горадзе. Неяк прыехалі ўсе разам — і дочкі, і зяці, і ўнукаў плойма. Хто чым займаецца. Толькі, палічыла старая, не тым, чым трэба. Дзеўкі — добра, у ягады пайшлі, хоць маглі б і градкі спярша прапалоць. Кажуць, не хвалюйся, матуля, заўтра ўсё зробім. Некаторыя дзеці таксама з імі ў лес гайсанулі, а тыя, што засталіся, носяцца па вуліцы, як угарэлыя — гэта так лічыць яна, Макарыха. Зяці пасеклі дровы, зрабілі гэта хуценька, склалі іх у хлеўчуку акуратненька і рукамі паціраюць, хітруны: матуля, цешча наша дарагая, хвалі за працу. Заслужылі. Яна і пахваліла, сціпла сказала: «Малайцы, дзеці мае. Адпачніце». Ну, калі цешча загадвае адпачыць, то чаму і не. Тым больш што крама за два крокі. Сядзяць у хаце малайцы старой Макарыхі, віно п'юць — раз-пораз хто-небудзь з іх нырае ў дзверы крамы і вяртаецца з чарговай пляшкай. Усё гэта бачыць старая. Нервуецца. У сярэдзіне кошкі скрабуць. А сказаць, каб асабліва не ўцягваліся ў п'янку, не асмельваецца — не сыны ж, а ўсяго толькі зяці. Свае-чужыя, адным словам, людзі. «Што б такое прыдумаць, каб адарваць іх ад стала?» — думае Макарыха і неўзабаве знаходзіць тое, што шукала. Яна вяртаецца ў хату з двара, войкае і рукамі пляскае: «Што ж гэта робіцца, га?! Вы тут седзіце, зяцёчкі, а палісаднік забурыўся. Стаяў-стаяў, і лёг. Плазам. Ай-я-яй! Вось паедзеце вы ў горад, а хто ж мне палісад адрамантуе? Ай-я-яй! Бяда! У мяне ж там кветнік, то куры, халеры, усё выдзеруць». Хлопцы моўчкі пераглянуліся, узнімаюцца з-за стала, выходзяць. Праўда, ляжыць паркан. Усе чатыры слупкі таксама побач. І чаму гэта палісад раптам паляцеў? Ні ветру ж, нічога...Чым яму жыццё не спадабалася, што набраўся нахабства і ляснуўся? Падыходзіць сусед Цімох, пытае: «А навошта гэта ваша цешча палісад паваліла? Доўга трэсла яго, туды-сюды шкумутала, хістала, але свайго дамаглася. Хіба ж вас не магла папрасіць? Што, хлопцы, новы будзеце рабіць?» Зяці нічога не адказалі Цімоху, а толькі гучна ўсміхаюцца: ну, цешча! Ну, малайчына! Дадумацца ж! Аднак ёй нічога не гавораць, а прымаюцца за работу. Да вечара палісад быў адноўлены. Па чарзе зяці паспрабавалі, ці надзейна стаіць. Яшчэ як надзейна! Цяпер няхай паспрабуе забурыць яго наша Макарыха і любая цешча! Не атрымаецца!

Апошні раз я бачыў Макарыху, калі чарговы раз прыехаў да бацькоў. Пайшоў у калодзеж па ваду з вядзерцамі, а бабулька стаяла перад высокім парогам і кідала дровы ў сенцы — цурку за цуркай, бо з бярэмем, як здагадаўся, падняцца па прыступках было ёй ужо ніяк. Старая паглядзела на мяне, мы павіталіся кіўком, і яна роспачна, сумна і бездапаможна прамовіла:

— Бяда.

І ўслед за цуркамі схавалася ў сенцах.

Васіль ТКАЧОЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.