Вы тут

Колькасць захварэлых на адзёр у свеце імкліва расце


Выпадкі рэгіструюцца нават у тых краінах, дзе хвароба не фіксавалася год і нават болей. Паводле даных ЮНІСЕФ, тры чвэрці агульнага росту захваральнасці прыйшлося на дзесяць краін. У лідарах — Украіна, там толькі летась зарэгістравана больш за 44 тысячы выпадкаў адру, 15 чалавек загінулі. На Філіпінах захварэлі 13 тысяч чалавек, у Бразіліі — крыху больш за 10 тысяч. Успышкі хваробы адзначаны як у краінах, якія развіваюцца, так і ў развітых. У ЗША, напрыклад, колькасць захварэлых за мінулы год павялічылася ў шэсць разоў.


Працягваецца ўспышка і ў еўрапейскім рэгіёне, якая пачалася ў 2016 годзе. На тэрыторыі ЕС летась зафіксавана больш за 20 тысяч выпадкаў. З іх 35 — лятальныя. Найбольшая колькасць рэгістравалася ў Румыніі, Францыі, Італіі, Грэцыі. З еўрапейскіх краін, якія не ўваходзяць у ЕС, напружаная сітуацыя была ў Сербіі, Расіі.

У Беларусі ўжо сёлета зарэгістравана 45 лабараторна пацверджаных выпадкаў адру. З іх 24 — прывазныя, астатнія звязаны з імі. Адзёр у 2019-м рэгістраваўся ва ўсіх рэгіёнах краіны. Летась у нас было выяўлена 254 выпадкі гэтай інфекцыі. Тым часам міжнародныя арганізацыі звяртаюцца да кіраўніцтва краін, медыкаў і бацькоў з заклікам зрабіць больш для стрымлівання гэтай хваробы, у тым ліку змагацца з прадузятасцямі. Разуменне таго, што вакцыны бяспечныя і эфектыўныя, дапаможа спыніць адзёр. Што гэта за інфекцыя і ў чым яе небяспека, нам расказала ўрач-эпідэміёлаг аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Фясько.

— Адзёр — высоказаразнае захворванне. Індэкс кантагіёзнасці (уласцівасці інфекцыі перадавацца ад заражаных людзей да здаровых. — Аўт.) у непрышчэпленых — каля 100 %, — папярэджвае Вольга Сяргееўна. — Таму чалавек, які не пераносіў гэту хваробу раней і не праходзіў вакцынацыю, пры кантакце з хворым на адзёр, канешне ж, захварэе.

Вірус адру, дарэчы, самы лятучы і самы заразны з усіх вядомых на планеце. Ён можа прыводзіць да цяжкіх і лятальных наступстваў, уключаючы энцэфаліт (інфекцыя, якая вядзе да ацёку мозга), цяжкую дыярэю і дэгідратацыю (абязводжванне), пнеўманію, атыт і стойкую страту зроку. Грудныя і малыя дзеці, калі яны пакутуюць ад недастатковага харчавання і маюць аслабленую імунную сістэму, найбольш схільныя да развіцця ўскладненняў і нават смерці.

Інфекцыя трапляе ў арганізм праз слізістыя дыхальных шляхоў.

— Першыя сімптомы адру часта прымаюць за грып ці вострую рэспіраторную інфекцыю, — расказвае Вольга Фясько. — Павышаецца тэмпература цела да 38—40 градусаў, баліць галава, з'яўляецца насмарк, чханне, сухі кашаль. Але на другі дзень у ротавай поласці каля карэнных зубоў заўважныя невялікія белаватыя плямы. І на 4-5 дзень хваробы распаўсюджваецца сып: спачатку на твары і за вушамі, а затым па ўсім целе. Прычым адзёрныя плямы імкнуцца да зліцця ў адну вялікую пляму. Але варта ўлічваць, што маючы хоць бы адну прышчэпку супраць гэтай інфекцыі, захворванне можна перанесці лягчэй, клінічныя праявы няяркія, тэмпература цела можа не падымацца вышэй за 38 градусаў.

Адзёр вядомы чалавецтву даўно і цалкам апраўдваў назву «дзіцячай чумы», бо характарызаваўся ўсеагульнай захваральнасцю і высокімі паказчыкамі смяротнасці. Толькі пасля ўвядзення масавай вакцынацыі супраць адру ў 1967 годзе захваральнасць пайшла на спад. І вось ужо на працягу двух дзясяткаў гадоў у Беларусі адсутнічае мясцовая цыркуляцыя віруса. А ў 2016 годзе наша краіна атрымала сертыфікат Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па дакументальна засведчанай элімінацыі (выдаленні) адру і краснухі, які пацвярджаецца штогод. Але ў сувязі з сусветным дрэнным становішчам выпадкі рэгіструюцца і ў Беларусі.

— Больш за 73 % тых, хто захварэў на адзёр, не былі прышчэплены, у тым ліку і з прычыны адмовы ад вакцынацыі, або маюць толькі адну прышчэпку. Аднак далейшага распаўсюджання інфекцыі не адбылося дзякуючы імунізацыі і выкананню супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, — кажа Вольга Фясько. — Выпадкі завозу адру працягваюцца і сёлета. Але дзякуючы вакцынацыі ў нашай краіне сфарміравана дастаткова моцная імунная праслойка, якая не дазваляе вірусу актыўна цыркуляваць па тэрыторыі краіны.

Спецыяліст нагадвае, што ў адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак вакцынальны комплекс складаецца з дзвюх прышчэпак. Першая робіцца ў адзін год, другая — у шэсць.

Калі вы не ведаеце пра свае прышчэпкі супраць адру і плануеце паездкі за межы Беларусі, мэтазгодна ўдакладніць свой прышчэпкавы статус. Для гэтага варта звярнуцца ў арганізацыю аховы здароўя па месцы атрымання дапамогі для ўдакладнення наяўнасці прышчэпак ці здаць аналіз крыві на цітры антыцел у РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі або ў любой акрэдытаванай недзяржаўнай лабараторыі.

У выпадку вяртання з-за мяжы ці кантактавання з чалавекам, які выязджаў за мяжу, і з'яўлення інфекцыйнай хваробы (павышэння тэмпературы цела, сыпу, болю ў горле, кашлю, запалення слізістай вачэй) варта неадкладна звярнуцца да ўрача ці выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі (а не чакаць прыёму ў калідоры паліклінікі) і акцэнтаваць увагу медыкаў на нядаўнім вяртанні з-за мяжы.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Адзёр наступае!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.