Вы тут

Штогод 40 тысяч беларусаў здаюць кляшчоў на даследаванне


Першыя ўкусы кляшча зафіксаваны сёлета яшчэ ў лютым у Брэсцкай вобласці. Спецыялісты адзначаюць, што сезон кляшчоў з кожным годам пачынаецца ўсё раней, нягледзячы на тое, што актыўнасць гэтыя членістаногія праяўляюць, калі тэмпература паветра падымаецца вышэй за пяць градусаў. Штогод з іх укусамі да медыкаў звяртаецца каля 40 тысяч беларусаў. Пры гэтым у дзвюх тысяч з іх выяўляюць клешчавы барэліёз, а каля сотні хварэе на клешчавы энцэфаліт.


— Актыўнасць кляшчоў пакуль нізкая. З пачатку года зафіксавана ўсяго 100 выпадкаў укусаў, — адзначае загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Дзмітрый Галоцік. — А вось праз пару тыдняў яны пачнуць абуджацца — пік іх актыўнасці звычайна прыпадае на май-чэрвень.

Кляшчы любяць не вельмі высокую тэмпературу і дастатковую вільготнасць, і звычайна ў цёплы перыяд здараецца два пікі іх актыўнасці. Праўда, летась, калі выдаўся доўгі перыяд без дажджоў, кляшчы сябе не праяўлялі. Водзяцца гэтыя членістаногія ў прэлай лістоце, бураломе, скошанай траве. Іх любімае месца — узлесак, дзе яны нападаюць на грызуноў, зайцоў, ліс, ваўкоў, дзікоў. Але з «дапамогай» тых жа грызуноў ці дробных жывёл клешч можа аказацца і на вашым дачным участку, дзе таксама фіксуюцца ўкусы. Дарэчы, кляшчы распаўсюджаны па ўсёй планеце, іх знаходзілі нават на пінгвінах у Антарктыдзе.

Звычайна кляшчы знаходзяцца ў траве на вышыні 30—40 сантыметраў. Ёсць выпадкі, што яны могуць забірацца на вышыню да 1,5 метра, але такое сустракаецца рэдка. Тое, што кляшчы маюць крылы і злятаюць на сваю ахвяру з дрэваў, — памылковы погляд. Хутчэй за ўсё ў такім выпадку кляшча блытаюць з аленевай крывасоскай (або ласінай вошшу). Затаіўшыся ў траве, клешч чакае гаспадара ў так званай позе «таго, хто моліцца». Гэтыя членістаногія добра рэагуюць на пахі і адчуваюць цяпло цела жывёлы ці чалавека. Але яны не могуць пераадольваць вялікія адлегласці.

— Добра, калі за ўсё жыццё клешч прапаўзае дзесяць метраў, і хуткасць яго руху вельмі нізкая. Звычайна ён жыве і размнажаецца ў адным месцы, — расказвае Дзмітрый Галоцік.

На ўсіх стадыях свайго развіцця (лічынка, німфа і палаваспелая асобіна) кляшчы нападаюць на ахвяр і сілкуюцца крывёй. Дарэчы, у галодным стане клешч можа знаходзіцца да года.

Якую ж небяспеку для здароўя тояць укусы гэтых насякомых? Яны заражаюцца ад жывёл і да 5-6 пакаленняў перадаюць хваробу сваім нашчадкам. Чалавеку кляшчы могуць перадаваць да дзевяці ўзбуджальнікаў. Паводле статыстыкі, каля 20 % гэтых членістаногіх заражаны барэліёзам і каля 10 % — энцэфалітам. Але ўкус нават хворага кляшча не абавязкова прывядзе да заражэння, імавернасць — каля 50 %, хоць меры перасцярогі прымаць усё ж важна.

Па-першае, яны заключаюцца ў тым, каб пазбегнуць кантакту з гэтымі членістаногімі. Па магчымасці варта не хадзіць у тых месцах, дзе могуць знаходзіцца кляшчы. Звычайна ў лесе гэта сцежкі жывёл. Таксама трэба добраўпарадкаваць тэрыторыі: прыбіраць апалае лісце на прысядзібным участку, буралом, скошаную траву. Збіраючыся ў лес, варта выбіраць глухое адзенне з манжэтамі, пажадана светлых адценняў, бо на ім лягчэй убачыць «чужынца». Важна выкарыстоўваць і рэпеленты, якія наносяцца на адкрытыя ўчасткі цела. Эфектыўнасць такіх сродкаў — 1-2 гадзіны, таму апрацоўку трэба перыядычна паўтараць.

Па-другое, калі ўкус усё ж здарыўся, трэба строга прытрымлівацца пэўнага алгарытму дзеянняў, які дазволіць мінімізаваць шкоду. Па магчымасці лепш за ўсё адразу звярнуцца да медыкаў, якія дастануць кляшча і пракансультуюць наконт далейшых дзеянняў. Калі ж такой магчымасці няма, трэба выцягнуць кляшча самастойна. Памятайце, што членістаногае глыбока ўпіваецца, прычым выбірае месцы ў складках скуры. Іх любімыя вобласці — пахвінныя складкі, падпахі, шыя, далікатная скура за вушамі і іншыя. Дастаць павукападобнае можна з дапамогай спецыяльных прылад заводскай вытворчасці — так званых клешчавыдаляльнікаў або з дапамогай пінцэта ці ніткі. Кляшча выдаляюць з сухой чыстай скуры — змазваць яе ці прыпякаць ні ў якім разе нельга. Важна выдаліць членістаногае цалкам, бо ўзбуджальнікі хвароб знаходзяцца ў слінных залозах кляшча. А вось пасля гэтага месца ўкусу трэба апрацаваць ёдам, зялёнкай ці любым іншым антысептыкам.

Несці насякомае на даследаванне ў лабараторыю не трэба. Пры гэтым важна ў першыя 72 гадзіны пасля ўкусу правесці спецыфічную хіміяпрафілактыку. Гэта адна таблетка даксіцыкліну (200 мг), якая прымаецца аднаразова.

— Як правіла, гэты прэпарат знішчае ўсіх узбуджальнікаў, акрамя энцэфаліту, — тлумачыць Дзмітрый Галоцік. — У дзяцей да васьмі гадоў і цяжарных жанчын прымяняюцца іншыя прэпараты, ім варта звярнуцца да доктара. Калі за 72 гадзіны не паспелі правесці прафілактыку, трэба звярнуцца да ўрача, які прызначыць лячэнне, што ў сярэднім цягнецца два тыдні. Пасля гэтага варта на працягу месяца назіраць за сваім станам: калі павысіцца тэмпература, на целе з'явяцца плямы, звяртацца да ўрача.

Да якіх наступстваў можа прывесці ігнараванне хіміяпрафілактыкі пасля ўкусу, расказаў намеснік галоўнага ўрача гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска, кандыдат медыцынскіх навук Святаслаў Вельгін:

— Самая распаўсюджаная хвароба — скурная форма клешчавага барэліёзу. Спачатку ў месцы ўкусу з'яўляецца пляма, якая праз некалькі дзён распаўзаецца, — гэта так званая мігрыруючая эрытэма. Варта адразу ісці да інфекцыяніста, ён прызначыць лячэнне. У 90 % выпадкаў пацыент папраўляецца. Але з розных прычын можа надысці наступная стадыя хваробы, калі паражаюцца суставы, нервовая сістэма, з'яўляюцца нейрапатыя, менінгіты і іншае. Стан востры, але і ён вылечваецца. У некаторых выпадках можа наступіць і трэцяя стадыя, калі мішэнню становіцца пэўны орган — сустаў, скура і іншае. Але такое здараецца надзвычай рэдка.

Часам заразіцца можна і клешчавым энцэфалітам. Штогод у Мінску рэгіструецца каля 17—19 такіх выпадкаў.

— На працягу першых 7—10 дзён назіраецца грыпападобны сіндром. Потым усё праходзіць. А праз 10—14 дзён наступае другая хваля — з прыкметамі менінгіту: моцным галаўным болем, светлабояззю, тэмпературай. Такі сур'ёзны стан патрабуе неадкладнага ўмяшання медыкаў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Кляшчы пачынаюць паляванне

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.