Вы тут

Гісторыя салдата Андронія Мішурэнкі


Чым далей ад нас кровапралітныя гады Вялікай Айчыннай вайны, тым з большай удзячнасцю мы ўспамінаем сваіх дзядоў і прадзедаў. Напэўна, таму дагэтуль адчуваецца пачуццё віны перад імі: мала добрых слоў сказалі, мала аказалі павагі, мала падарылі цяпла і любові. Аднак адкуль гэтыя эмоцыі і слёзы на вачах, калі мы гаворым пра франтавікоў. Іх імёны жывуць у нашай памяці, назвах вуліц, помніках. Але павагі ніколі шмат не бывае. Сённяшняя гісторыя якраз пра такога чалавека. Наш герой — Салдат з вялікай літары. Знаёмцеся, гвардыі старшына Андроній Мішурэнка, поўны кавалер ордэна Славы.


На гэта імя Яўген Балбераў, галоўны захавальнік фондаў Музея гісторыі Магілёва, а па сумяшчальніцтве яшчэ і пошукавік «ВІККРУ», натрапіў выпадкова. Але, як справядліва заўважае ён, нічога выпадковага не бывае. У энцыклапедычным даведніку «Магілёў» 1990 года выдання знайшлася невялічкая нататка, дзе паведамлялася, што на гарадскіх могілках па вуліцы Ангарскай ёсць магіла поўнага кавалера ордэна Славы. Прачытаў і здзівіўся: чаму так сціпла? У той жа дзень разам з таварышам паехаў на месца, каб сваімі вачамі пабачыць месца спачыну таго героя. Яно ж падказала, як выйсці на сваякоў. Па прозвішчы яго дачкі, якая была пахавана побач, атрымалася знайсці ў Магілёве ўнучку салдата.

— Чаму гэта важна і чаму зачапіла? — перапытвае мяне Яўген. — Гэта ж наша гісторыя, тое, на чым выхоўваецца моладзь, наша падрастаючае пакаленне. Поўны кавалер ордэна Славы адпавядае Герою Савецкага Саюза. І ўсе тыя эпізоды з біяграфіі, якія атрымалася знайсці, пацвярджаюць, што гэта быў вельмі мужны чалавек. У яго жыцці было шмат выпрабаванняў. Нарадзіўся ён у вёсцы Падбярэззе Краснінскага раёна Смаленскай вобласці, рана застаўся без маці, потым лёс закінуў у Петраград, адтуль ён добраахвотнікам пайшоў на Першую сусветную вайну, потым працаваў у Сібіры, пакуль не пачалася Вялікая Айчынная вайна. Адтуль прызываўся на фронт і да канца вайны быў на перадавой у якасці наводчыка-артылерыста 173-й стралковай дывізіі, якая ў сакавіку 43-га стала 77-й гвардзейскай. За свае подзвігі атрымаў усе ступені ордэна Славы — самай ганаровай узнагароды той вайны. Першы ордэн, дарэчы, яму далі за гераічныя дзеянні падчас баёў на беларускай зямлі. На падыходах да Калінкавіч ён прамой наводкай знішчыў два агнявыя пункты, падбіў варожую гармату і знішчыў каля 30 гітлераўцаў.

Пасля вайны вярнуўся да сям'і ў Сібір, але апошнія пяць гадоў жыцця правёў у дачкі ў Магілёве. І мы лічым, што абавязкова трэба ўшанаваць яго памяць у нашым горадзе. Так, ён не ўраджэнец гэтых мясцін, але жыццё, нават такі кароткі прамежак звязваў яго з Магілёвам. Было б цудоўна ўстанавіць памятную дошку на доме, дзе ён жыў. Каб памяць пра яго захавалася.

Прывітанне ад дзеда

Андронія Мішурэнкі няма ў жывых роўна сорак гадоў. Дарэчы, сёлета спаўняецца 120 гадоў з моманту яго нараджэння. Здаецца, столькі часу прайшло, а вось ва ўнучкі Наталлі Падглазавай, калі яна расказвае пра свайго дзеда, голас і зараз дрыжыць і наварочваюцца слёзы. Асабліва, калі яна расказвае пра мемарыяльны комплекс, які нядаўна адкрыўся ў гарадскім пасёлку Красны на Смаленшчыне. Там з'явілася алея з бюстамі 11 Герояў Савецкага Саюза, адзін з якіх яе дзед — поўны кавалер ордэна Славы. Тутэйшая зямля ўся палітая крывёю, тут ляжаць тысячы салдат.

— Калі я атрымала тое запрашэнне, мне падалося, што гэты ліст з таго свету, — кажа Наталля Фірсанцьеўна.— Чытаю, а там: паважаная Альбіна Андрэеўна, запрашаем Вас на адкрыццё мемарыяльнага комплексу. Альбіна Андрэеўна — гэта мая маці, яна ўжо памерла, я гляджу на яе імя і ў мяне з вачэй цякуць слёзы. Быццам дзед запрашае яе на адкрыццё мемарыяла. І я еду. Прыехала, іду па гэтай алеі Герояў, шукаю вачамі бюст дзеда, знаходжу, станаўлюся насупраць і ледзь не ўголас плачу. Нейкі мужчына падышоў, спытаўся, што са мной, а я толькі ківаю на помнік і кажу: гэта мой дзед. Ён потым дапамог знайсці мясцовы музей, дзе мяне чакалі. Там захоўваецца памяць і пра майго дзеда, праўда, рэчаў, звязаных з яго жыццём, вельмі мала. Але, калі я ўбачыла там ліст, напісаны рукой маці, з вачэй зноў паліліся слёзы. У пасланні для музея яна сцісла апісвае жыццё свайго бацькі.

Вельмі перажываю за тое, што шмат матэрыялаў аддалі нейкаму супрацоўніку Смаленскага ўніверсітэта марксізму-ленінізму, які існаваў у савецкія гады. Гэты чалавек прыязджаў да нас двойчы, збіраў інфармацыю пра франтавікоў. Дзед скрупулёзна запісваў свае ўспаміны ў сшыткі, іх было каля дзесяці. У яго была добрая памяць, і ён падрабязна фіксаваў, у якіх баявых дзеяннях прымаў
удзел, якія здзейсніў подзвігі, нават вершы пісаў. І мы ўсё гэта аддалі таму супрацоўніку. Нічога сабе не пакінулі. Ён казаў, што збіраецца напісаць кнігу. Але ніякай кнігі мы так і не ўбачылі. Добра, што розуму хапіла не аддаць дзедавы ўзнагароды. Усе тры ордэны Славы, ордэнскія кніжкі, ганаровы гадзіннік, падзякі засталіся ў сям'і.

На адкрыцці мемарыяла мне нечакана далі слова. І я сказала першае, што прыйшло на розум. Пра тое, што дзед быў звычайны чалавек, як і ўсе, любіў жанчын. Пра тое, як у яго на фронце была каханка, з-за якой бабуля мая потым доўга з ім не размаўляла. Расказала пра тое, што ў майго дзеда не было на некаторых пальцах цэлых фалангаў, таму што іх адбіла на фронце. І пра тое, як самазабыўна любіў ён усіх сваіх шасцярых дзяцей, ніколі іх не караў, мог толькі пагразіць сваім адстрэленым пальцам-абрубкам. Пра тое, як ён вельмі любіў жыццё і сваіх блізкіх.

Са сваёй жонкай Праскоўяй Мітрафанаўнай Елесеенкавай Андроній Афанасьевіч пражыў усё жыццё. Яна таксама родам са Смаленшчыны. Разам з ёй паехаў пакараць сібірскія прасторы, доўга жылі ў сяле Сотнікава Краснаярскага раёна. Адсюль у 1942 годзе пайшоў на фронт. На той момант яму было больш за 46 гадоў. Дома яго засталіся чакаць жонка і шасцёра дзяцей.

На полі танкі грукаталі...

У Магілёў да сваёй дачкі ветэран пераехаў, калі памерла жонка. Унучка ўспамінае, што яна тады якраз заканчвала школу.

— На ўсе святы мы хадзілі разам — ішлі з ім пад ручку, як самыя блізкія сябры, — усміхаецца яна. — Калі яго запрашалі на мерапрыемствы па лініі райкама партыі, ён заўсёды папярэджваў, што прыйдзе з унучкай. І мне пакідалі ў зале месца ў першых радах, дзе сядзелі розныя кіраўнікі. Усе свае прамовы заканчваў з падзякамі камуністычнай партыі і савецкай уладзе. Я пыталася, навошта ён так робіць. А ён усміхаўся: усе так па тэлевізары кажуць, і я так павінен казаць.

У Сібіры ў яго застаўся сябар, з якім яны вельмі часта размаўлялі па тэлефоне. А ў Магілёве галоўным яго таварышам была я. Дзеда абавязкова запрашалі на ўсе святы, але так, як яго ўшаноўвалі ў тым жа Краснаярску, не было. Там на ўездзе ў горад былі ўстаноўлены два партрэты — яго і яшчэ аднаго Героя. А ў горадзе Канск Краснаярскага краю ёсць нават вуліца яго імя.

Запомнілася, як ён выступаў перад студэнтамі Магілёўскага педінстытута. У яго спыталіся, які з ордэнаў для яго быў самы важны. Ён казаў, што самы цяжкі быў першы, а другі і трэці даліся ўжо крыху лягчэй.

На 9 мая заўсёды ў нас дома быў святочны стол, у госці прыходзілі два яго сыны, якія таксама жылі ў Магілёве. Дзень Перамогі быў самым важным для яго святам. А любімая яго песня пра вайну была: «На полі танкі грукаталі, салдаты ішлі ў апошні бой...» Сціплы, ніколі ні на што не скардзіўся, хоць перанёс вельмі цяжкія раненні і ў яго часта балелі старыя раны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Па слядах Героя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.