Вы тут

Мелодыі сяброўства ў Самары


Урачыстай імпрэзай ды яркай канцэртнай праграмай у Самарскай вобласці адзначылі Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі


Выступае беларускі вакальны ансамбль “Каданс”

Тое адбылося 2 красавіка ў плыні традыцыйнага, XV Абласнога конкурсу-фестывалю дзіцяча-юнацкага мастацтва “Единство”, асноўная мэта якога — захаванне й пашырэнне культуры братніх народаў, вялікага досведу сяброўства. “Штогод мы ладзім імпрэзы да Дня яднання, імкнемся зрабіць іх масавымі, цікавымі для ўсіх, — адзначае Ірына Глуская, прэзідэнтка Самарскай абласной грамадскай арганізацыі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. — Гэта і конкурс-фестываль “Единство”, і партнёрскія стасункі з агульнаадукацыйнымі ўстановамі гарадской акругі Самара. Сёлета на творчым форуме свае таленты паказалі навучэнцы 2-й гімназіі, 120-й школы”.

На пачатку ж урачыстасці, канцэртнай праграмы госці знаёміліся з выставамі нацыянальных галаўных убораў і лялек у нацыянальных касцюмах. Дэманстравалася выстава дзіцячых малюнкаў “В единстве наша сила”, праводзілася віктарына пра Саюзную дзяржаву — чатыры яе пераможцы атрымалі беларускія сувеніры, салодкія падарункі. Потым на сцэне гучалі віншаванні ад ганаровых гасцей, кіраўніцтва, прадстаўнікоў дэпутацкага корпусу вобласці, Пасла Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашкі, а таксама кіраўніка Аддзялення Пасольства Беларусі ў горадзе Уфе Пятра Балтруковіча.

Юлія Цяплянская, кіраўніца моладзевага аддзялення суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” нагадала нам: штогодні фестываль рыхтуюць беларусы рэгіёну, і гэта заўжды значная падзея ў ягоным жыцці. Сёлетні Дзень яднання народаў быў асаблівым як для саміх арганізатараў канцэртнай праграмы, так і для ўдзельнікаў, гледачоў. Як вядома, Беларусь адзначае сёлета 75-годдзе вызвалення беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — падзея паўплывала на рэпертуары юных артыстаў. Амаль 2 гадзіны гледачоў радавалі мастацкае слова, песенныя й харэаграфічныя кампазіцыі, маляўнічыя касцюмы ў стылістыцы адзення народаў, якія жывуць на самарскай зямлі.

Традыцыйна канцэртную праграму адкрыў прыгожымі песнямі беларускі вакальны гурт “Каданс”, якім кіруе Іна Сухачэўская. Потым гучала песня “Беларусачка” ў выкананні Ірыны Сакаловай з Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчество” (педагог у спявачкі — таксама Іна Ігараўна). Лірычную песню “Мир на двоих” выканала школьніца Аіда Акперава з Лігі азербайджанцаў Самарскай вобласці. “Аіда на ўсіх мерапрыемствах радуе нас, — тлумачыць Іна Сухачэўская. — Беларуска-азербайджанскія адносіны ў Самары — на вышыні, мы ласкава-жартаўліва называем іх “БелАз”, і нашае сяброўства мацнее. Далей Аліса Салдатава з Самарскага яўрэйскага нацыянальнага цэнтра спявала песню радасці “Хава нагіла”.

Арганізатары, ганаровыя госці і ўдзельнікі ўрачыстай імпрэзы

Святочную атмасферу стваралі й харэаграфічныя кампазіцыі: шырока былі прадстаўлены танцы народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у вобласці. Шмат апладысментаў, напрыклад, выклікалі армянскі, грузінскі, рускі народныя танцы. А “Беларускую польку” прадставіў харэаграфічны ансамбль “Радуга” (педагог Наталля Слепава) з 124-й школы.

З асаблівай цеплынёй гледачы й госці сустракалі чытальнікаў мастацкіх твораў. Верш Канстанцыі Буйло “Люблю наш край...” чытала Марыя Серабракова з 176-й школы (педагог Алена Балвашэнкава). І хоць верш напісаны ў 1913 годзе, па сваім змесце, эмацыянальнай насычанасці ён вельмі сучасны: “Люблю наш край, старонку гэту,/ Дзе я радзілася, расла,/ Дзе першы раз пазнала шчасце,/ Слязу нядолі праліла...”.

Арганізатары канцэрта ўдзячныя сябрам з нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў вобласці, гарадской акругі Самара за плённае супрацоўніцтва.

Мікалай Бойка

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?