Вы тут

Ці лёгка быць маладым дырэктарам школы?


Поспех установы адукацыі — заслуга педкалектыву, а няўдача — памылка яе кіраўніка.

«Што я адчуў, калі мне прапанавалі ўзначаліць установу адукацыі, апісаць цяжка. З чаго пачаць і як? Я рэальна глядзеў на рэчы і разумеў, што гэта вялікая адказнасць перад вучнямі, бацькамі, калегамі. А ці змагу я кіраваць? Ці здолею павесці за сабой калектыў? — падзяліўся сваімі думкамі і сумненнямі дырэктар Ліцвянскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — базавая школа Уздзенскага раёна Анатоль АТРАХОВІЧ. — Першыя дні кіраўніцкай дзейнасці дапамаглі мне зразумець, што кіраваць — не толькі вельмі адказна, але і цікава. Быць дырэктарам — значыць, шмат працаваць, працаваць над сабой, знаходзіць падыходы да вучняў, бацькоў, педагогаў. Кіраўнік у сучасных умовах павінен быць натурай, здольнай пераадольваць стэрэатыпы і знаходзіць нетрадыцыйныя шляхі вырашэння праблем, якія стаяць перад установай».


Пяць фі­на­ліс­таў кон­кур­су «Ма­ла­ды ды­рэк­тар»:  Аляк­сандр БА­РЭЙ­КА, Люд­мі­ла ПАЎ­ХЛЕБ, Але­на БУ­ЦЭН­КА, Але­на ВЛА­СІ­ХІ­НА і Ста­ні­слаў ВОЙ­НІЧ.

Анатоль Атраховіч і яшчэ 22 кіраўнікі-«навабранцы», якія маюць стаж работы на кіруючай пасадзе да пяці гадоў, сталі ўдзельнікамі конкурсу «Малады дырэктар», што быў арганізаваны на Міншчыне сярод кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі галоўным упраўленнем па адукацыі Мінскага аблвыканкама, Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і абласным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Не сесці на рыфы

Сярод удзельнікаў абласнога конкурсу «Малады дырэктар» пяцёра мелі стаж кіраўніцкай дзейнасці да аднаго года (пад увагу бярэцца менавіта стаж, а не ўзрост. — Аўт.). 17 дырэктараў працуюць у сельскай мясцовасці, шасцёра прадстаўляюць вучэбна-педагагічныя комплексы, двое ўзначальваюць гімназіі. А мужчын-кіраўнікоў было аж сем чалавек! Для адукацыі, якая стала практычна жаночай галіной, гэта вельмі пазітыўная тэндэнцыя.

Усіх канкурсантаў чакалі два завочныя выпрабаванні: яны павінны былі прадставіць на суд журы праграму развіцця сваёй установы адукацыі і відэакейс «Я дырэктар». Апошнія былі размешчаны на сайце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, і кожны зацікаўлены мог прагаласаваць за відэакейс, які яму спадабаўся. Удзел у анлайн-галасаванні ўзяло каля 27 тысяч чалавек, а пераможцай у гэтай намінацыі стала дырэктар Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Мінскага раёна Алена БУЦЭНКА. «Час патрабуе новых падыходаў да кіравання школай, — упэўнена яна. — Для мяне мая работа даўно перастала быць проста работай, яна ператварылася ў сэнс, які кожны чалавек шукае ў сваім жыцці. «Кожнай справе — кавалачак сэрца» — гэта мой дэвіз. Як і ў любога чалавека, у мяне ёсць і слабыя бакі: не ўсё заўсёды атрымліваецца або атрымліваецца не з першага разу. Я вельмі ранімая і не ўмею адпачываць. Сучасная жанчына-кіраўнік — гэта і маці, і клапатлівая нянька, і гаспадыня, і менеджар, і юрыст, і проста старанны работнік са шчыльным графікам. Разважаючы пра свой жыццёвы шлях, я цудоўна разумею, што не магу дакладна правесці мяжу, дзе заканчваецца работа і пачынаецца асабістае жыццё. Напэўна, гэта і ёсць мая філасофія, мая дарога, якая вядзе да поспеху маладога дырэктара ўстановы адукацыі...»

Алена БУЦЭНКА: "Сучасная жанчына-кіраўнік — гэта і маці, і клапатлівая нянька, і гаспадыня, і менеджар, і юрыст, і проста старанны работнік са шчыльным рабочым графікам".

«Каб дайсці да мэты — трэба ісці», — лічыць дырэктар Лебедзеўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна Аляксандр БАРЭЙКА. У сваёй дзейнасці на пасадзе кіраўніка ён прытрымліваецца прынцыпу «Песіміст бачыць цяжкасці ў кожнай магчымасці, аптыміст — магчымасці ў кожнай цяжкасці». «Кіраваць школьным калектывам — задача няпростая, — канстатуе ён. — Задача-мінімум — не сесці на рыфы і не напароцца на міны. Кіраўнік павінен прадбачыць наступствы прымаемых ім рашэнняў, ніколі не апускаць рукі і ўмець выходзіць са складанага становішча».

«Я дырэктр. На першы погляд, гучыць неяк пафасна. Але што за гэтым стаіць? Я арганізатар адукацыйнага працэсу, калега, адміністратар, псіхолаг, работадаўца, а яшчэ інспектар па тэхніцы бяспекі, будаўнік... Насамрэч, сёння складана зразумець,
хто ж я?» — а гэта ўжо відэакейс дырэктара сярэдняй школы № 3 горада Мар'іна Горка Пухавіцкага раёна Алены ВЛАСІХІНАЙ. — Стараюся ніколі не станавіцца ў позу начальніка, бо розніца паміж падначаленым і кіраўніком толькі ў меры адказнасці, а ва ўсім астатнім мы аднолькавыя і робім агульную справу...»

Падчас пасяджэння клуба дырэктараў.

 

Добрае слова ці прэмія?

Вочныя конкурсныя выпрабаванні расцягнуліся для канкурсантаў на два дні. У першы іх чакала тэсціраванне, якое вызначала ўзровень навукова-метадычнай і псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі кіраўнікоў. Затым адбылося пасяджэнне клуба дырэктараў, дзе перад членамі журы канкурсанты абмяркоўвалі актуальныя праблемы развіцця сучаснай адукацыі. Усіх удзельнікаў падзялілі на групы па чатыры чалавекі. Кожная выцягвала паперку з тэмай, якую кіраўнікі мусілі абмеркаваць. Адным з крытэрыяў ацэнкі было ўменне ўключыцца ў дыскусію. А пытанні трапляліся не з лёгкіх, напрыклад: што думаюць маладыя дырэктары пра матывацыю і стымуляванне ў кіраванні? Асабліва з улікам таго, што матэрыяльныя рэсурсы для заахвочвання абмежаваныя... Высветлілася, што для кагосьці з педагогаў добрае слова і падзяка, сказаныя своечасова, бываюць значна даражэйшыя за прэмію. І нават унутрышкольны вайбер, дзе педагогі дзеляцца ўсімі сваімі поспехамі, таксама неблагі рэсурс для павышэння самаацэнкі педагогаў. А ці могуць кіраўніцкія рашэнні абмяркоўвацца або яны павінны адразу выконвацца? Як кіраўніку папоўніць дэфіцыт веры ў сябе? І калі той самай веры ў свае сілы больш: у пачатку ці ў канцы навучальнага года? Аксана КАНАПЕЛЬКА, дырэктар чэрвеньскай сярэдняй школы № 4, выказала думку, што эфектыўным сродкам могуць стаць кантакты з пазітыўнымі людзьмі, бо іх упэўненасць перадаецца і іншым. А ўвогуле трэба ставіць высокія мэты: чым большая мэта, тым прасцей у яе патрапіць...

Што першаснае: любоў да дзяцей ці прафесіяналізм? «Як, не маючы любові, можна працаваць з дзецьмі? Я лічу, што прафесіяналізм — гэта надбудова над базай, яму можна навучыцца, ён прыходзіць з вопытам, але ў аснове павінна ляжаць любоў», — упэўнены Анатоль Атраховіч. «Нават валодаючы самымі сучаснымі тэхналогіямі, без любові да дзяцей стаць сапраўдным настаўнікам немагчыма», — падтрымлівае калегу дырэктар Ванелевіцкай сярэдняй школы Капыльскага раёна Сяргей МЯЛЕШКА.

Апошняй групе дасталася ну вельмі мудрагелістая тэма: «Кіраўніцкія і педагагічныя патрабаванні і супярэчлівасці».

«Калі я прыйшоў на пасаду кіраўніка, то дапусціў вялікую памылку — вырашыў пабудаваць сістэму па-новаму, не захоўваючы старыя традыцыі. Малады, кроў кіпіць... Добра, што хутка апамятаўся і зразумеў, што ні ў якім разе нельга парушаць традыцыі, проста да іх трэба дадаваць штосьці сваё, — шчыра прызнаўся дырэктар Аталезскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна Станіслаў ВОЙНІЧ. — Тут шашкай махаць нельга, бо працуеш з людзьмі...» Трэба заўважыць, што Станіславу Войнічу ўсяго 27 гадоў. На момант, калі яму паступіла прапанова ўзначаліць установу адукацыі, ён сумяшчаў працу настаўніка гісторыі і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. А калі дырэктар пайшла ў дэкрэтны адпачынак, перад ім адкрыліся новыя гарызонты, якія патрабавалі зусім іншага ўзроўню ведаў, кампетэнцый і адказнасці... Спачатку працаваў выконваючым абавязкі кіраўніка, а з верасня 2018 года афіцыйна ўзначаліў сваю ўстанову адукацыі. Журы пацікавілася ў маладога дырэктара, ці не прызямліў яго конкурс «Малады дырэктар».

— Наадварот, узвысіў! — адказаў малады чалавек. — Так цікава кантактаваць са сваімі калегамі, даведвацца, што адбываецца ў іншых раёнах. Конкурс — гэта развіццё!

Алена ВЛАСІХІНА: "Стараюся ніколі не станавіцца ў позу начальніка, бо розніца паміж падначаленым і кіраўніком толькі ў меры адказнасці".

Ці забараняць прагрэс?

Па выніках чатырох конкурсных выпрабаванняў журы адабрала пяць фіналістаў, Станіслаў Войніч аказаўся сярод шчасліўцаў. Фінал аказаўся надзвычай відовішчным і сабраў групы падтрымкі з розных рэгіёнаў. Падчас «Кіраўніцкіх паядынкаў» кожны канкурсант выступаў па прапанаваных тэмах спачатку ў ролі спікера, а затым у ролі апанента. Журы брала пад увагу адпаведнасць прыведзеных аргументаў заяўленай тэме, пераканаўчасць выступлення маладога кіраўніка, а таксама яркасць і вобразнасць яго прамовы.

«Ці патрэбна змяняць школу?» — пытанне зусім не рытарычнае. Людміла ПАЎХЛЕБ, дырэктар дзяржынскай гімназіі, лічыць, што ў гэтым няма патрэбы, лепш знаходзіць нейкія цікавінкі ў рабоце свайго калектыву, удасканальваць кампетэнцыі сваіх педагогаў, прыцягваць у гімназію зацікаўленых настаўнікаў і рабіць іх майстрамі. «Школа павінна быць адлюстраваннем сучаснага грамадства, яна не можа быць адарваная ад жыцця, — парыраваў Аляксандр БАРЭЙКА. — Свет дынамічна змяняецца, і школа павінна адпавядаць тым патрабаванням, што прад'яўляюць да яе вучні і іх бацькі. Адзінае, з чым я пагаджуся, — школе не патрэбныя рэвалюцыі. Усе змяненні павінны быць эвалюцыйныя і паслядоўныя».

Прапанавалі кіраўнікам таксама паразважаць і на тэму сучасных гаджэтаў. «Усе, хто тут прысутнічае, паспелі пажыць да іх з'яўлення. І жылі мы быццам бы добра, і знаходзілі адзін аднаго без мабільных тэлефонаў, і адукацыю атрымлівалі без інтэрнэту. Але жыць і працаваць, як раней, мы сёння ўжо не можам, — лічыць Станіслаў Войніч. — Таму наша задача — зрабіць так, каб усе тэхнічныя навінкі працавалі на паляпшэнне якасці адукацыі. Хоць асабіста я — за жывыя стасункі. Дзеці сёння стаяць на перапынку побач і не размаўляюць паміж сабой, а перапісваюцца. Для іх праблематычна сфармуляваць сваю думку. Вось з гэтым трэба штосьці рабіць. Абавязкова трэба паказваць ім жыццё, якое існуе па-за сецівам...»

Па рашэнні журы дыплом ІІІ ступені заваявала дырэктар сярэдняй школы № 3 горада Мар'іна Горка Алена Власіхіна. Другое месца — у дырэктара Аталезскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — сярэдняя школа Стаўбцоўскага раёна Станіслава Войніча. А пераможцам конкурсу была прызнаная дырэктар Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы Алена Буцэнка. Лаўрэатамі сталі дырэктар Дзяржынскай гімназіі Людміла Паўхлеб і дырэктар Лебедзеўскай сярэдняй школы Аляксандр Барэйка.

Цікава прайшлі інтэрактыўныя міні-педсаветы. Фіналістам падыгрывалі іх калегі: яны маглі пагаджацца або спрачацца.

Школа — лад жыцця

Напэўна, калі б быў прадугледжаны прыз глядацкіх сімпатый, то яго адназначна атрымаў бы Станіслаў Войніч, самы «юны» ўдзельнік фіналу — з выдатным пачуццём гумару, творчы, крэатыўны, спартыўны, пазітыўны, лёгкі ў стасунках малады чалавек. Ён разбурае ўсе стэрэатыпы пра педагогаў.

Станіслаў захапляецца плаваннем, настольным тэнісам, веласіпедным спортам прафесійна займаецца фатаграфіяй і любіць вандраваць. У цёплую пару года абавязкова адпраўляецца на работу на ровары — 15 кіламетраў у адзін бок і столькі ж назад. Кажа, што ровар — найлепшы сродак ад стрэсу, ад дрэнных эмоцый трэба абавязкова пазбаўляцца. Станіслаў вандраваў па Грузіі, Францыі, Бельгіі, Літве, Германіі, Польшчы, Расіі, Украіне, ну і, вядома, аб'ездзіў усю Беларусь. Прызнаўся, што замахнуўся з сябрамі цяпер на азіяцкі напрамак.

— Я вандрую не таму, што шмат грошай атрымліваю (ніхто не ідзе ў сістэму адукацыі па вялікія грошы), а таму, што ўмею рацыянальна іх размяркоўваць. Можна вандраваць аўтастопам, задзейнічаць каўчсёрфінг, сачыць за рознымі зніжкамі на білеты. У нашага спартыўнага клуба ёсць дэвіз: «Грошы не праблема». Гэта не значыць, што яны зусім не патрэбныя, проста іх адсутнасць не можа нас спыніць. Сёння хапае магчымасцяў вандраваць бюджэтна.

Станіслаў ВОЙНІЧ, самы "юны" ўдзельнік фіналу, разбурае ўсе стэрэатыпы пра педагогаў.

А яшчэ Станіслаў стаў удзельнікам праекта на канале АНТ «Спорт-фактар», прымеркаванага да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Кажа, што яго паклікаў сябар, але сам кастынг не прайшоў. Паспрабаваць сябе ў новым тэлевізійным праекце пажадалі каля 150 актыўных і спартыўных тэлегледачоў. Пашанцавала пяцярым...

— Маё раённае ўпраўленне адукацыі ва ўсім мяне падтрымлівае, а падтрымка вышэйшага кіраўніцтва вельмі важная, — кажа малады дырэктар. — У мяне актыўная жыццёвая пазіцыя, я не прапускаю ніводнага шанцу, хачу развівацца, не стаяць на месцы. Ці не шкадаваў я, што пагадзіўся стаць дырэктарам? Думка, як жа цудоўна працавалася звычайным настаўнікам, можа прамільгнуць, толькі калі бачу, як мае калегі ўжо шпацыруюць дадому, а ў мяне спраў — пачаць і кончыць. Сёння я сябе па-за сістэмай адукацыі не бачу. Школа — гэта лад жыцця, тое, ад чаго я атрымліваю асалоду. Не ўсім жа ў рэшце рэшт быць праграмістамі...

«Калісьці я быў вучнем нашага настаўніка фізкультуры ў стаўбцоўскай школе, і ён мне крычаў на ўвесь калідор: «Войніч! Убяры кашулю ў штаны, а то ходзіш, як невядома хто!» А цяпер я ў яго строга пытаюся: «Рэнат Генадзевіч, а дзе план фізкультурна-спартыўнай работы?» — жартуе Станіслаў Войніч.

Цікавімся, няўжо не спрабуюць пажаніць маладога дырэктара сельскай школы? «Маці пастаянна кажа: ну калі ты створыш сям'ю? Табе ўжо 27 гадоў! — усміхаецца Станіслаў. — Але ж трэба сустрэць дык сустрэць — адзін раз і на ўсё жыццё. Вось калі я знайду сваю палавінку, то ўжо дакладна яе не адпушчу. Калегі на конкурсе паказвалі мне фота сваіх незамужніх настаўніц. І сярод іх былі вельмі прыгожыя. Напэўна, трэба будзе заняцца гэтым пытаннем».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.