Вы тут

Пуцёўкі ў санаторыі амаль не даражэюць


Але трапіць туды летам няпроста.

Датацыя на дзіцячыя лагеры сёлета будзе павялічана, і пабываць у іх змогуць усе ахвотныя. А вось месцаў у беларускіх санаторыях на летнія месяцы амаль не засталося. Пры гэтым цэны на іх у параўнанні з мінулым годам амаль не выраслі. Якой мяркуецца летняя аздараўленчая кампанія, расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.


За суткі — 53 рублі

З самага пачатку гэтага года на беларускія санаторыі ёсць устойлівы попыт. Іх запаўняльнасць у першым квартале вышэй, чым у гэты перыяд летась. Свабодная рэалізацыя пуцёвак вырасла на 14 %, а экспарт паслуг павялічыўся на 13 %. Вырас на 38 % і попыт на дадатковыя паслугі, якія не ўваходзяць у кошт пуцёўкі. Запаўняльнасць санаторыяў у летнія месяцы таксама абяцае быць высокай.

— Каля 80—90 % месцаў у санаторыях ужо забраніраваны, попыт вельмі высокі. Таму калі вы хочаце правесці лета ў санаторыі, варта ўжо сёння пра гэта паклапаціцца, — кажа Генадзь Балбатоўскі.

Пры гэтым значнага росту цэн не прагназуецца.

— Росту цэн не будзе, улічваючы, што 80—90 % пуцёвак забраніраваны па ранейшых цэнах. Адзін ложка-дзень у стандартным двухмесным нумары абыдзецца ў 53 рублі. Гэта прыкладна на 3 % даражэй, чым летась. Улічваючы высокі попыт, магчыма, што рэшткі пуцёвак будуць рэалізаваны крыху даражэй, але ў межах 55 рублёў за суткі ў стандартным двухмесным нумары, — прагназуе эксперт.

Штогод санаторна-курортныя ўстановы значныя сродкі выдаткоўваюць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Летась гэта лічба склала каля 70 мільёнаў рублёў. Набываецца самае сучаснае абсталяванне, якое ёсць у свеце, бо санаторыі ўсё больш арыентуюцца на гасцей з заходніх краін. У тым ліку і з прычыны лібералізацыі візавага рэжыму.

— Сёння дзесяць санаторыяў у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях працуюць у бязвізавай зоне, і да іх ёсць цікавасць. І яны не стаяць на месцы. Нашым брэндам застаецца медыцынскі складнік, высокі ўзровень дыягностыкі, унікальныя метады лячэння з выкарыстаннем прыродных фактараў, тыя працэдуры, якія не выконваюць ні ў якім іншым месцы, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.

Зрэшты, нягледзячы на цікавасць да нашых санаторыяў з боку заходніх суседзяў, пераважную частку гасцей у беларускіх санаторыях традыцыйна складуць расіяне — каля 80 %.

Датацыі — дзецям

На вясенніх канікулах у аздараўленчых установах пабывала 67 тысяч беларускіх школьнікаў. На гэтыя мэты было выдаткавана больш за 1,7 мільёна рублёў. На летнюю аздараўленчую кампанію рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва атрымае 47 мільёнаў рублёў.

— Плануецца аздаравіць 390 тысяч дзяцей. Летась гэта лічба была крыху меншай — 380,9 тысячы. Попыт на пуцёўкі ў дзіцячыя лагеры застаецца. Мы адышлі ад планавых аб'ёмаў і працуем толькі па заяўным прынцыпе. Усе тыя, хто мае патрэбу ў аздараўленні, а таксама ўсе ахвотныя атрымаюць пуцёўкі, — расказаў Генадзь Балбатоўскі.

Датацыі будуць павялічаны ў параўнанні з мінулым годам у сярэднім на 6 % у залежнасці ад тыпу лагера. Так, у лагеры з кругласутачным знаходжаннем датацыя складзе 196 рублёў, у дзённым лагеры на 18 дзён — 81 рубель, у спартыўным кругласутачным лагеры — 217 рублёў, у 9-дзённым профільным лагеры — 84—86 рублёў. Такім чынам, удзельная вага датацыі ў кошце пуцёўкі складзе ад 40 % (у кругласутачных) да 80 % (у дзённых і 9-дзённых профільных). Бацькам давядзецца заплаціць каля 10 % ад кошту пуцёўкі. Астатняе кампенсуюць за кошт прафсаюзных арганізацый, мясцовых бюджэтаў і іншых крыніц.

Плануецца, што сёлета школьнікаў прымуць 146 стацыянарных лагераў.

— Некалькі гадоў таму нам удалося спыніць негатыўную тэндэнцыю масавага закрыцця стацыянарных загарадных лагераў. Зацікаўленасць у такім відзе аздараўлення вялікая, і наша мэта — максімальна захаваць базу і развіваць яе, — падкрэслівае спецыяліст.

Сёлета, як і летась, сродкі, заробленыя на рэспубліканскім суботніку, часткова пойдуць на аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых лагераў і іх добраўпарадкаванне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».