Вы тут

Тэнісны паўфінал у Аўстраліі


20—21 красавіка на хард Раt Rаftеr Аrеnа ў Брысбене зборныя Аўстраліі і Беларусі паспрачаюцца за пуцёўку ў фінал самага буйнога каманднага турніру ў жаночым тэнісе — Кубка Федэрацыі.

Беларуская каманда з пачатку тыдня ўжо знаходзіцца ў Аўстраліі і паспела апрабаваць хуткія корты Брысбена. Сёння да беларускай «дрым-цім» далучыцца Вікторыя Азаранка. Дарэчы, для яе паўфінал у Аўстраліі стане дэбютам на такой адказнай стадыі Кубка Федэрацыі, астатнія дзяўчаты ўжо маюць вопыт прадстаўлення сваёй краіны на вырашальных этапах каманднага Кубка свету. Нагадаем, капітан каманды Таццяна Пучак акрамя Вікторыі ўключыла ў склад першую ракетку краіны Арыну Сабаленку, Аляксандру Сасновіч, Веру Лапко і Лідзію Марозаву.


«Корт сярэдняй хуткасці дзяўчатам спадабаўся, вельмі шмат часу для таго, каб прывыкнуць, не спатрэбіцца, — падзялілася ўражаннямі Таццяна Пучак. — Сам стадыён і трыбуны не вельмі вялікія, усё даволі кампактнае, утульнае, і я думаю, што гэты стадыён нам падыдзе. Падрыхтоўка да матча пачалася ў штатным рэжыме».

За зборную Аўстраліі, якой кіруе Алісія Молік, згуляюць Эшлі Барці, Дар'я Гаўрылава, Саманта Стосур і Прысцыла Хон.

«Нам удалося сабраць па-сапраўднаму моцную каманду, так што гэта будзе годная бітва, — запэўніла Алісія Молік. — Нашай камандзе вельмі пашанцавала, што ў нас ёсць такі фантастычны ўзор для пераймання, як Эшлі Барці. Дзякуючы сваёй універсальнасці ў адзіночным і парным разрадах, а таксама выдатным лідарскім якасцям і сваёй актыўнасці яна з'яўляецца адным з найлепшых гульцоў Кубка Федэрацыі ў свеце. Таксама вельмі прыемна зноў бачыць у камандзе Саманту Стосур, якая валодае рэкордам па колькасці перамог за краіну. Я ведаю, што ўсе дзяўчаты неверагодна ганарацца тым, што прадстаўляюць сваю краіну, і яны зробяць усё магчымае, каб мы выйшлі ў фінал».

Нагадаем, зборная Беларусі прымае ўдзел у розыгрышы Кубка Федэрацыі з 1994 года. За гэты час нашы тэнісісткі правялі
101 міжнародную сустрэчу і атрымалі 71 перамогу. Сёлета беларускія спартсменкі стартавалі матчам супраць Германіі і атрымалі пераканаўчую перамогу з лікам 4:0. З саперніцамі з Аўстраліі раней беларускі не сустракаліся. На дадзены момант наша зборная займае 3-е месца сярод 105 удзельніц Кубка Федэрацыі.

Каманда Аўстраліі ў гэтым рэйтынгу 6-я і з'яўляецца адной з чатырох зборных у свеце, якія ўдзельнічалі ў кожным розыгрышы Кубка Федэрацыі з моманту яго заснавання ў 1963 годзе. На рахунку аўстралійскіх тэнісістак 17 фіналаў, у якіх здабыта сем перамог. Апошні раз запаветны Кубак прадстаўніцы гэтай краіны ўздымалі над галавой у далёкім 1974 годзе, а ў фіналах не гулялі з 1993-га.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.