Вы тут

Як плануецца змяніць Правілы дарожнага руху


На дарогах краіны за апошнія дванаццаць гадоў уратавана больш за 1 200 жыццяў. Тысяча дзвесце чалавек могуць адзначаць другі дзень нараджэння. Праўда, не заўсёды мы ведаем, хто абараніў нас ад п'янага кіроўцы, напалоханага лася ці ўчастка з дрэннай бачнасцю. Дзяржаўтаінспекцыя кіруецца прынцыпам «лепш папярэдзіць, чым потым лячыць».


Шчасліва даехаць дадому

Як паведаміў на пасяджэнні круглага стала «Удасканаленне прававога рэгулявання бяспечнасці дарожнага руху» ў Палаце прадстаўнікоў начальнік упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі Дзмітрый КАРЗЮК, дзякуючы ўзмацненню жорсткасці адказнасці нецвярозых кіроўцаў колькасць п'яніц за рулём скарацілася ў два з паловай разы — да дваццаці тысяч. Пасля ўвядзення адміністрацыйнага арышту за паўторную язду без права кіравання транспартным сродкам сёлета да адказнасці прыцягнулі на 42 % менш беларусаў, на 15 % менш зарэгістравана дарожна-транспартных здарэнняў, на 17 % менш чалавек загінула. «ДАІ не карны орган. Асноўная наша задача — стварыць такія ўмовы, пры якіх кіроўцам будзе немагчыма парушыць правілы. Жорстка? Магчыма. Але тое, што датычыцца жыццяў, напэўна, павінна быць жорстка», — адзначыў начальнік упраўлення.

У парламенце агульныя погляды на прававое рэгуляванне шукалі супрацоўнікі міністэрстваў унутраных спраў і транспарту і камунікацый, навукоўцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце і Праграмы развіцця ААН.

Бальную сістэму не абмяркоўвалі. Дзмітрый Карзюк адзначыў толькі, што ў краінах, дзе яе ўвялі, за першы год на 27 % знізілася колькасць парушэнняў. У Беларусі тых, хто парушае правілы сістэмна (каго бальная сістэма палохае больш за ўсіх), — восем тысяч на тры мільёны сто тысяч выдадзеных пасведчанняў кіроўцаў. Норма аб укараненні бальнай сістэмы будзе разгледжана з удзелам кіраўніка дзяржавы.

«Правілы таксама павінны з'яўляцца прэвентыўнай мерай, каб дарога стала бяспечным месцам для ўсіх. Пытанне бяспекі датычыцца кожнага, нездарма людзі часта пытаюць: а як самі грамадзяне могуць змагацца з ямай на дарозе, закрытым дрэвам знакам, прыпаркаванымі машынамі», — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй РЫБАК.

Дэпутаты выступаюць за пашырэнне станоўчага досведу, каб удзел у праграме «Добрая дарога» па прыкладзе Мінска ўзялі рэгіёны.

Хай дарога будзе добрай

Канцэпцыя забеспячэння бяспекі дарожнага руху ў Рэспубліцы Беларусь «Добрая дарога» прадугледжвае зніжэнне колькасці загінулых у ДТЗ да 2020 года да лічбы не болей за 500, а ў 2025 — не болей за 350 чалавек. Праграма дасягнення гэтых мэт заснавана на шведскай сістэме: менавіта Швецыя лідзіруе ў свеце па бяспецы дарожнага руху.

Начальнік аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі УДАІ МГБ Дзмітрый НАВОЙ падкрэсліў, што сістэма знаходжання вінаватага працуе ідэальна яшчэ з савецкіх часоў, але ніхто не аналізаваў фактары, што прывялі да здарэння. А ў ДТЗ заўсёды ёсць прычына: дзікія жывёлы, слізкасць дарогі, блізкасць крамы, дзе прадаецца алкаголь. Цяпер рабочыя групы аналізуюць гэтыя фактары і прапануюць меры па зніжэнні іх уплыву.

«У гэтую работу павінны ўключацца праекціроўшчыкі, — лічыць начальнік аддзела. — Не толькі выкананне тэхнічных нарматываў важнае пры будаванні шляхоў і развязак. Акрамя таго, распрацоўваецца ацэнка кошту жыцця беларуса».

Дзмітрый Навой лічыць, што неабходна знізіць дазволеную хуткасць у жылых раёнах да 50 км/г, што значна зніжае магчымасць гібелі пры сутыкненні з пешаходам у параўнанні з 60—69 км/г. Іншыя тэхнічныя меры таксама здольныя значна паўплываць на дарожную абстаноўку: напрыклад, «ляжачыя паліцэйскія» практычна выключаюць ДТЗ са смяротным зыходам.

Сёння Мінск па бяспецы дарожнага руху знаходзіцца на ўзроўні самых прасунутых гарадоў свету і з'яўляецца адным з самых бяспечных гарадоў Еўропы. У доказ старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Юрый ВАЖНІК прывёў лічбы: «У 2006 годзе ў Мінску ў ДТЗ загінулі 128 чалавек, у 2018-м — 28. У краіне ў цэлым у 2006 годзе было 1650 загінулых, у 2018-м — 580».

Як падкрэсліў старшыня праўлення БАЭС, усе простыя меры ўжо выкарыстаныя, досвед узорных краін пераняты. Каб паляпшаць статыстыку надалей, давядзецца прыдумваць нешта інавацыйнае. Дарэчы, назваў Юрый Важнік і прыкладны кошт жыцця беларуса: ён складае каля 350 тысяч долараў. У ЗША — тры мільёны долараў. Такую суму дзяржава гатовая патраціць на ўратаванне жыцця аднаго грамадзяніна.

Тры галоўныя навіны

«Правілы дарожнага руху не паспяваюць за развіццём самога транспарту», — прызнаў начальнік аддзела забеспячэння правапрымяняльнай дзейнасці УДАІ МГБ Аляксандр ЗАНІМОН. Размова, перш за ўсё, пра гіраскутары, электравеласіпеды, скейтборды з электрарухавіком.

Начальнік аддзела паведаміў, што ў праекце Указа аб унясенні змяненняў у Правілы дарожнага руху гэты транспарт вызначаны як «сродак персанальнай мабільнасці». Іх кіроўцаў прапанавана аднесці да пешаходаў і абавязаць рухацца па вылучанай веладарожцы, а калі яе няма — па тратуары, але не ствараць перашкод пешым удзельнікам руху.

Скутары, мапеды, матацыклы, аўтамабілі з электрарухавіком — фактычна тыя ж самыя транспартныя сродкі, а значыць, павінны рухацца па агульнай праезнай частцы па агульных правілах. Адзіная прэферэнцыя: прадугледжана магчымасць руху электрамабіляў па паласе для маршрутных транспартных сродкаў.

Шматлікія скаргі і заявы веласіпедыстаў звязаны з патрабаваннем спешвацца перад праезнай часткай. ДАІ прапануе дазволіць веласіпедыстам не злазіць з веласіпеда на пешаходных пераходах на рэгулюемых скрыжаваннях, але запавольвацца і рухацца з хуткасцю тых, хто ідзе. Абавязак злазіць на пешаходных пераходах, дзе няма святлафора, застаецца.

Для зручнасці і інтуітыўнага разумення плануецца таксама пашырэнне магчымасці выкарыстання дарожнай разметкі, у прыватнасці, веладарожак і пешаходных зон.

Нарэшце, паведаміў Аляксандр Занімон, вырашана замацаваць «правіла дзвюх палос» пры перасячэнні пешаходнага перахода, згодна з якім кіроўца павінен саступіць дарогу пешаходу, калі між імі застаецца дзве паласы (ці паласа і трамвайныя шляхі, ці паласа і «астравок бяспекі»).

Каментуючы пытанні дэпутатаў, начальнік аддзела праінфармаваў, што знак «Фотакантроль» аднесены да папераджальных і павінен устанаўлівацца загадзя: за 50—100 метраў да радара ў населеным пункце, 150—300 метраў па-за ім; пад знакам «Прыпынак (стаянка) забаронены».

Падчас пасяджэння супрацоўнікі ДАІ звярнулі ўвагу, што думаць пра «сёння» — гэта ўжо позна. У сваім планаванні інспектары жывуць 2035-м годам, улічваючы перспектывы і патрабаванні будучыні, ставячы перад сабой адпаведныя мэты.

Варвара МАРОЗАВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: На самакаце? Значыць, пешаход

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.