Вы тут

Наколькі хутка ў Беларусі мяняюцца ліфты?


Пачатак 1970-х стаў у гарадской забудове Беларусі пераломным часам. Дзякуючы таму, што ўдалося наладзіць масавую вытворчасць ліфтаў, жылыя дамы пераадолелі даўні бар'ер у пяць паверхаў і пачалі расці ўгору. Але, як і любы механізм, пад'ёмнікі маюць свой нарматыўны тэрмін эксплуатацыі. Для ліфтаў савецкай вытворчасці ён складае 25 гадоў. Але аўтара гэтых радкоў яшчэ не так даўно да кватэры паднімаў агрэгат, які размяняў 40 гадоў. А часцяком ён і ўвогуле ішоў уверх пешшу восем паверхаў, паколькі ліфт чарговы раз ламаўся.


— Яшчэ не так даўно тэмпы замены ліфтаў былі ў краіне вельмі марудныя, — адзначае начальнік упраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Дзяржпрамнагляда Пётр Клімко. — Напрыклад, у 2015 годзе ў нас зарэгістравана 41 тысяча пасажырскіх ліфтаў. 14 тысяч з іх яшчэ тады «ад'ездзілі» сваю чвэрць стагоддзя. У планах на замену стаяла ўсяго... 431 машына, а ўдалося абнавіць толькі 347 пад'ёмнікаў. То было ўсяго 2,5 працэнта ад агульнай колькасці зношанага парку. Прычына, як бы гэта трывіяльна ні гучала, была ў грошах. А дакладней кажучы, у іх хранічным недахопе. Калі ўзяць стандартны дзевяціпавярховік, то кошт новага ліфта разам з работай па дэмантажы старога і ўстаноўцы новага дасягае сумы прыкладна ў 50 тысяч рублёў. Але чым дом вышэйшы, тым і кошт большы. А калі дом дасягае ў вышыню 12 паверхаў, то ў пад'ездзе ўжо павінны стаяць два ліфты.

Так бы і працягвалася гэтае валаводжанне невядома колькі, калі б не быў прыняты тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Бяспека ліфтаў». У ім прапісана дакладнае патрабаванне: калі ліфт на момант набыцця сілы вышэйзгаданым дакументам ужо адслужыў свой нарматыўны тэрмін, то яго неабходна прывесці ў адпаведнасць з гэтым рэгламентам. Прасцей кажучы, замяніць. Кропкай адліку стала 15 лютага 2013 года. На выкананне рэгламенту адводзіцца сем гадоў. Менавіта таму ў Беларусі і была прынята падпраграма «Бяспечны ліфт», якая ўваходзіць у дзяржаўную праграму «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады.

— У рэгламенце прапісаны шэраг палажэнняў, выкананне якіх дазваляе падвысіць бяспеку як пасажыраў ліфта, так і персаналу, які яго абслугоўвае, — працягвае Пётр Клімко. — Напрыклад, на лябёдцы ліфта цяпер устанаўліваюцца два тармазы, якія працуюць незалежна адзін ад аднаго. Калі зламаўся адзін тормаз, то будзе працаваць іншы. Адначасова адмова двух вузлоў вельмі малаверагодная. А вось у старых ліфтах такі тормаз усяго адзін. І калі кабіна пачынае ехаць хутчэй, чым трэба, то спрацоўваюць лоўнікі. Адчуванні для пасажыраў пры гэтым не самыя лепшыя — ліфт у такім выпадку вельмі рэзка спыняецца, яго моцна трасе з грукатам.

Сталі значна больш жорсткімі і проціпажарныя патрабаванні. «Візітоўка» савецкага ліфта — гэта абшыўка сцен кабіны знутры, выкананая з ДСП. У новых машынах на змену ім прыйшлі металічныя панэлі. Істотна перароблена і сістэма асвятлення. Калі, як казаў адзін кінагерой, «электрычнасць канчалася», то святло ў кабіне гасла. Для тых, хто пакутуе на клаўстрафобію, варыянт не лепшы. Таму ў новых ліфтах святло застанецца ў любым выпадку. Новыя лямпы святлодыёдныя, якія не толькі служаць прыкметна даўжэй, але і могуць эканоміць да 50 % электраэнергіі. А па гэтым рахунку плацяць менавіта жыхары пад'езда.

Падпраграма «Бяспечны ліфт» была зацверджана пастановай Савета Міністраў яшчэ ў 2016-м. Першыя два гады яна выконвалася павольна. Сітуацыя зрушылася толькі пасля жорсткай крытыкі Прэзідэнта на рэспубліканскім семінары, які прайшоў увосень 2017 года і быў прысвечаны ўдасканаленню і развіццю жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Толькі пасля гэтага былі асігнаваны неабходныя сродкі. Напрыклад, з 2016 да 2020 года трэба было замяніць у краіне 13 686 ліфтаў. Але да ліпеня 2018 года з'явіліся толькі 1142 новыя пад'ёмнікі — гэта толькі восем (!) працэнтаў. Летась па краіне замянілі 1599 ліфтаў. Гэта прыкладна палова ад планаванага аб'ёму 2018 года.

— Пры гэтым варта зазначыць, што дзеянне гэтай падпраграмы распаўсюджваецца толькі на жыллё, якое знаходзіцца ў сістэме Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — звяртае ўвагу Пётр Клімко. — Прамысловыя аб'екты, офісныя будынкі, інтэрнаты ад прадпрыемстваў у гэтую катэгорыю не ўваходзяць.

Такім чынам, тэрмінова замяніць трэба ліфты, выпушчаныя да 1988 года. Але гэта не азначае таго, што ў доме, здадзеным, напрыклад, у 1991 годзе, нічога рабіць не будуць. Проста пасля 25 гадоў эксплуатацыі гэты пад'ёмнік пройдзе праз тэхнічнае дыягнаставанне. Пры станоўчым выніку ліфту дадуць дабро на паездкі пасажыраў яшчэ на тры гады. За гэты час уладальнік мусіць або мадэрнізаваць стары агрэгат, або замяніць яго.

Немалаважнае пытанне для жыхароў пад'ездаў, дзе ўстаноўлены ўсяго адзін ліфт, — гэта тэрмін замены. Усё-такі хадзіць з грузамі «пад неба» — варыянт так сабе, але іншага элементарна няма. Напрыклад, у маім пад'ездзе ўсё было зроблена за месяц. У канцы лістапада пачаўся дэмантаж старога ліфта, і на Новы год я ўжо падымаўся да сябе на новым.

— Калі работы доўжацца месяц, то гэта ідэальны варыянт, — сцвярджае Пётр Клімко. — Экспертаў Дзяржпрамнагляда запрашаюць толькі на фінальны этап, калі ліфт ужо зманціраваны і падрыхтаваны для тэхнічнага агляду. Але нашы спецыялісты не заўжды даюць з першага разу зялёнае святло. Мы выяўлялі парушэнні патрабаванняў прамысловай бяспекі ў частцы зон абслугоўвання абсталявання і падыходаў да іх, а таксама парушэння памераў уваходных праёмаў у машыннае аддзяленне. А ў шахтах і машынных аддзяленнях ліфтаў знаходзяцца камунікацыі, якія не маюць да пад'ёмніка ніякага дачынення. Таксама мы адзначалі, што не ўсе работы выкананы ў адпаведнасці з зацверджаным праектам. Гэта значыць, падрадчык пагнаўся за часам, але забыў пра якасць. І больш за тое, здаралася так, што да нас паступалі заяўкі на тэхнічны агляд, калі да мантажу ліфта яшчэ і не прыступалі! Вось так падрадчык губляў грошы на роўным месцы — візіт нашага эксперта аплачваецца па каштарысе загадзя.

Як правіла, пасля першага ж фальстарту ўсе заўвагі выстаўляюцца. Паўторныя адмоўныя акты тэхнічнага агляду вельмі рэдкія. Тым самым эканоміцца час і нашых спецыялістаў — каб правесці ўсе неабходныя работы толькі на адным аб'екце, эксперту патрэбен дзень. І тое, што даволі працяглы час ліфты мяняліся маруднымі тэмпамі, цяпер адбіваецца на нас. Напрыклад, па Мінскім гарадскім упраўленні Дзяржпрамнагляда цяпер у рабоце 200 заявак на тэхнічны агляд ліфтаў. Здавалася б, няшмат, але трэба ўлічыць, што ў нашым штаце ўсяго толькі чатыры эксперты. Такім чынам, графік работ больш чым на два месяцы ўжо распісаны. А ў канцы мінулага года нашы эксперты працавалі і ў выхадныя дні, і нават давялося запрашаць спецыялістаў з рэгіянальных упраўленняў.

Дарэчы

Рэсурс новых ліфтаў большы, чым у іх савецкіх папярэднікаў. Мяркуецца, што новыя пад'ёмныя механізмы змогуць эксплуатавацца не 25, а 30 гадоў. Тэрмін гэты разлічаны пры дапамозе спецыялістаў з Акадэміі навук. Але з адной агаворкай — пры належным абслугоўванні, своечасовым рамонце і правільнай эксплуатацыі. І калі першыя два пункты знаходзяцца пад юрысдыкцыяй арганізацый-уласнікаў, то апошні — цалкам на сумленні жыхароў пад'ездаў і іх гасцей.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Асцярожна, дзверы зачыняюцца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.