Вы тут

«Дзень у вачах — малады, малады»


Парадкуючы «Дні паэзіі», якіх у мяне не адзін дзясятак (спачатку іх выпускала выдавецтва «Беларусь», а пасля эстафету пераняла «Мастацкая літаратура»), напаткаў і той, на вокладцы якога пазначана «Дзень паэзіі — 81». Такога нечаканага падарунка і ўявіць не мог. Перад гэтым якраз перачытваў зборнікі Уладзіміра Лісіцына «Жураўлінае вясло» (1974) у колішняй серыі «Першая кніга паэта» і «Беларусь — мая калыска» (1990). Абодва пасмяротныя, хоць рукапіс «Жураўлінага вясла» падрыхтаваў сам аўтар.


Ёсць тое, што яшчэ жыве ў памяці, а штосьці і забываецца. Пры супастаўленні гэтых двух пластоў уяўленне аб творчасці У. Лісіцына (1944—1973) становіцца яшчэ больш поўнае. Каторы раз дзівішся, наколькі таленавіты ён быў, хоць, па сутнасці, толькі ўваходзіў у паэзію, намацваючы ў ёй уласную сцяжыну. Узяць хоць бы верш «***Пахнуць парэчкі ў нас адвячоркам…», якім згаданая падборка адкрываецца:

Пахнуць парэчкі ў нас адвячоркам,

З неба гурочнік націнне паплёў.

Поўня, як матчын чыгун шматвядзёрны,

Коціцца ў цішы паснулых палёў.

Змрок васільковы, сцежка у жыце.

Ціха паклаліся нанач сады.

Росы апалі. Колас цяжыцца.

Дзень у вачах — малады, малады.

Не менш уражлівыя вобразы і ў іншых вершах: «Глыток з вачэй тваіх адпіў, // І ўпершыню — з азёр» (***Вада смачнейшая з ручча…»), «Грай, кустоў расцягнуты гармонік, // Пра тугу вясёлую маю» («***Нават тым галубячым далоням…»), «Як першы зазімак, бялізна // Ляціць у траву пад дрэва» («Маці мые бялізну на сажалцы»), «Не глядзі з-пад лоба // Белай завірухай» («***За акном у садзе…»).

Ступаць менавіта сваёй дарогай яму было куды цяжэй, чым іншым. Але і прасцей. І гэта зусім не сумяшчальнасць, здавалася б, несумяшчальнага. Трагічна прасцей, бо ў беларускай літаратуры, бадай, няма больш такога творцы, які б у маленстве столькі перажыў. Як і ў сусветнай.

Часам сцвярджаецца, што нарадзіўся ён 13 красавіка 1944 года ў вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёна. Там пасля вайны жыў з маці і старэйшым братам Іванам. Пра з’яўленне на свет усё правільна. Ды Пагосцішча стала для яго сваім толькі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, а перад гэтым… Прыведзенае ў аўтабіяграфічнай паэме «Дзірваны» настолькі жудаснае, што калі б гэтага не было ў сапраўднасці, немагчыма было б паверыць. Бязлітасная праўда датычыцца не толькі яго самога, але і ягонага брата, каму твор і прысвечаны. Прайшлі праз нямецкае пекла і іх бацькі, вывезеныя ў Германію:

…Не верце метрыцы,

Дзе напісана: «… ў 1944 годзе…»,

шчэ «Лёзненскага раёна»,

«в. Пагосцішча…»

Праўда іншая: «Гэта маці // Апасля, па непісьменнасці — // Асцерагалася // Непрыемнасцей… // Мяне знайшлі на тым свеце… // У канцлагеры // «Асвенцім», // «Майданек», // «Дахау»… // Значэння не мае // Ўсё роўна дахаты // Дарогі не мае». Дакладней, лагер гэты называўся Флігегорт. Сюды трапілі і многія беларусы, каго «прыклады і боты каваныя… заганялі ў эшалоны». Бацьку свайго ён так і не пабачыў, бацька малодшага сына — таксама. Затое ўсё жыццё ў ягоным уяўленні паўставалі «пузатыя перапоўненыя баракі, як карасі», якія «аб’еліся таннага варыва».

Жудаснасць, бесчалавечнасць дэталяў, падрабязнасцяў лагернага быту ўлавіла, вядома, не яго дзіцячая памяць — пра гэта неаднойчы расказвалі пасля вызвалення маці і старэйшы брат. А ўжо гэтыя згадкі, асабліва братавы, не па-дзіцячы сур’ёзныя, атрымлівалі інтэрпрэтацыю У. Лісіцына праз сістэму вобразных дэталяў. Але значэння не мае, адкуль усё гэта. Галоўнае, што праўдзіва і пераканаўча. Як і тое, што немаўлём і сам прайшоў праз пакуты пекла.

У расповедах пра паэзію У. Лісіцына згадваецца і пра паэму «Дзірваны», бо менавіта яна гучыць трывожным набатам, што нагадвае: «людзі, памятайце, не забывайце, што такое вайна». Але гэта не толькі набат, а і рэквіем: «Настрой шмат якіх твораў (Уладзіміра Лісіцына. — А. М.) зліваецца з водгуллем таго рэквіема, што не аціхаў у душы паэта. Уражанне такое, нібы ён, радуючыся сонцу і блакіту неба, усмешцы дзяўчыны і звычайнай зеляніне ў полі ці лесе, чуў побач галасы вайны». Згадкамі аб вайне творчасць У. Лісіцына, безумоўна, не абмяжоўваецца. Ён нямала падарожнічаў. Водгулле гэтых паездак — у некаторых яго вершах: «У Каркініцкім заліве», «Калуга ўвечары», «На Таймыры», «На горнай рэчцы ў Якуціі» і інш. У гэтым шэрагу асабліва вылучаецца верш «Рацэ Лене», які прысвечаны вялікай сібірскай рацэ. Ды паняцце Лена набывае дваякае значэнне. Найперш, канешне, — гэта сама рака. Але адначасова ўспамінаецца і дзявочае імя, сугучнае гэтай назве.

Верш напісаны з такім замілаваннем, што гэтыя два найменні як бы зліваюцца ў адно цэлае. Трэба нават падумаць, пра што гаворка. Аднак гэта ніколькі не абцяжарвае ўспрыманне зместу. Яшчэ больш радуешся, наколькі па-майстэрску паэт дзеліцца пабачаным. Лірычны герой ненавязліва сведчыць сваю прысутнасць, становячыся не проста сузіральнікам, а тым, каго гэтая прыгажосць па-сапраўднаму радуе. Сузіранне ракі яму настолькі ва ўцеху, што гатовы абняць яе, захутаць:

У «Леначкі», у «Леначкі»

Каменныя каленачкі.

Зялёная касыначка,

Брывоў дзве каласіначкі.

Дарэмна просяць грузчыкі

Тваёй прыгожай ручанькі.

А я цябе, якутачку,

Увечары захутую…

Паэтычны малюнак становіцца яшчэ больш прывабнапрыцягальным. І яшчэ больш узмацняецца адчуванне, што нібыта і не рака перад табой, а дзяўчына.

У вершы «Рацэ Лене» спалучаны ярка выражаная вобразнасць і нават пэўная песеннасць, блізкія фальклорнай традыцыі. Разам з тым відавочна, што паэт, творча засвойваючы тое лепшае, што было да яго, сам пісаў так, што яно станавілася адкрыццём. На гэта ў прадмове да кнігі «Беларусь — мая калыска», назваўшы свой артыкул словамі самога У. Лісіцына «На Радзіме — усё паэзія», праўдзіва засведчыў Рыгор Барадулін: «Паэзія Уладзіміра Лісіцына падкрэслівае нязводнасць беларускай мовы, яе неабходнасць душы ўражлівай і зварушлівай, душы неачарсцвелай і па-велікоднаму світальнай. Даводзіцца толькі здзіўляцца, як помніў мову, як адчуваў слова паэт, які практычна мала жыў на Беларусі. Адчуваў гэтак глыбока і ўсебакова, што сам нават утвараў словы. І падчас цяжка разабрацца, дзе слова з Лёзненшчыны, а дзе слова, створанае самім паэтам».

Працаваў шахцёрам у Данбасе, там скончыў Лісічанскае педагагічнае вучылішча. Вярнуўшыся ў Беларусь, настаўнічаў на Лёзненшчыне, супрацоўнічаў з рэдакцыяй мясцовай раённай газеты «Сцяг перамогі». Некаторы час вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве. Завочна скончыў тэатразнаўчае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута — напісаў кандыдацкую дысертацыю. Пераехаўшы ў Крым, жыў у Джанкоі, дзе быў дырэктарам мясцовага Палаца культуры, а пасля настаўнічаў. Ды ніколі не забываў, што для яго Беларусь:

Беларусь — мая калыска,

Маці белая мая,

Прыглядзі, каб, як калісьці,

Зноў не выкуліўся я.

Дзе такія дажджасеі!

А хаціны, як грыбы,

Белай ножкай зрубы селі

У зялёную глыбінь…

Нельга не пагадзіцца з Р. Барадуліным, што ў У. Лісіцына, «не было традыцыйнага таптання пачаткоўца — уваходзіў у родную літаратуру бурна, стала, са сваёй тэмай, са сваімі адметнымі вобразамі, са сваёй манерай пісьма. Ён умела ўздымаў моўныя пласты, спяшаўся сказаць пра тое, што балела, што незагойнай ранай вярэдзіла ўспаміны». Хоць да сваёй творчасці ставіўся самакрытычна, можа, нават залішне. У адным з лістоў да Рыгора Іванавіча прызнаваўся: «Калі ж, аднак… вершаў пакуль што і няма, то ёсць задумы, ёсць! Як і ў кожнага пачаткоўца, бо тым ён і цікавы. А праходзіць час — і нідзе яны не ўвасобяцца. Гэтага баюся і я. Бо пры маім узросце і разам з пятнаццацігадовымі стукацца ў адны дзверы… Друк мяне зусім не вабіць. Недзе на Лёзненшчыне ў райгазеце можна было б з палову змясціць. Усё роўна там, у гэтым краі, паэтаў не было, і, відаць, не будзе…»

Уладзімір Лісіцын параўноўваў сябе з «жывым буслянём». Як буслянё, якое рана аперылася і ладзіла сваё гняздо на дзялянцы роднай Беларусі. Як успамінаў Барыс Бур’ян, паэт падахвочваў яго напісаць драму, героямі якой бы «былі паэт Міхась Чарот і актрыса Алеся Александровіч. Рамантычнае каханне. Сумесныя выступленні на падмостках новага, таго, што яшчэ толькі выпроствала крылы для палёту, беларускага нацыянальнага тэатра».

Барыс Іванавіч не ўдакладніў, чаму не ўзяўся за ажыццяўленне гэтай прапановы. Хоць, калі б пачаў пісаць такі твор, несумненна, ён атрымаўся б, бо аўтар меў творчы досвед і ў галіне драматургіі. Былі ў яго п’есы «Зорка Венера» (у суаўтарстве з Міколам Алтуховым), «Твой высокі поўдзень», напісаў і шэраг сцэнарыяў для радыё, тэлебачання і дакументальнага кіно.

Бадай, перашкодзіла ўвасабленню гэтай задумы ранняя смерць У. Лісіцына, — маглі б пісаць п’есу разам. Ды ўжо ягоны жыццёвы і творчы цягнік набліжаўся да свайго апошняга паўстанку. Магчыма, калі б знаходзіўся бліжэй да родных мясцін, ягонае жыццё склалася б больш шчаслівым. Падтрымка заўсёды значыць шмат. Маральная — не ў меншай ступені. Адно сяброўства з Р. Барадуліным дало вельмі шмат.

Аднак Рыгор Іванавіч знаходзіўся далёка ад Джанкоя. Пры ўсім жаданні пастаянна кантактаваць было немагчыма. Патэлефанаваць жа не выпадала заўсёды. Заставалася ліставанне. Аднак пры сціпласці У. Лісіцына гэта таксама не заўсёды з’яўлялася выйсцем. Часам перапісваўся з братам. Яму паслаў і свой роспачны верш, напісаны 9 красавіка 1973 года:

На развітанне не падам рукі.

Не быў, Джанкой, ты сябрам мне ніколі —

Тугі маёй зялёныя кругі

Штошырак разбягаюцца наўкола.

Канал надзеі — цёк ты без надзей.

І лёс глухі стаяў на вадаскідзе.

Цяпер прыйшоў мой самы светлы дзень,

Ім свой адзначу тыдзень.

У нікуды, а ўсё ж такі дамоў

Мяне цягнік зялёны перакоціць.

Гарачынёй матуліных камоў

Да горла радасць першая падкоціць.

Усход гарачы схопіць булаву

І сонцам б’е снягі на Беларусі.

…Узняўшы галаву, з’явіўся бусел,

І я прад ім схіляю галаву.

Гэты верш стаў апошнім ягоным паэтычным творам. Напісаўся за чатыры дні да дня нараджэння. Дваццаць дзявятага ў яго няпростым лёсе. Жыць заставалася яшчэ ўсяго тры месяцы. 12 ліпеня таго ж 1973-га ў адчаі, што ў яго ўсё не так, як у іншых, добраахвотна паставіў крыж на сваім зямным жыцці.

У вечнасці, несумненна, яму «сняцца сны аб Беларусі». Не могуць не сніцца, бо прызнанне «Беларусь — мая калыска» — не нейкая паэтычная дэкларацыя. Для кожнага, хто любіць Айчыну, гэтыя словы гучаць запаветам. У дадзеным выпадку запаветам У. Лісіцына — аднаго з найвыдатнейшых нашых паэтаў, талент якога згас на самым узлёце. Але як святло згаслых зорак паступова даходзіць да Зямлі, так і сапраўдная паэзія абавязкова знаходзіць новых прыхільнікаў.

Хоць і быў адарваны ад Бацькаўшчыны, Уладзімір Лісіцын адчуваў беларускамоўную стыхію вельмі глыбока (гэтаксама адчуваў, як і Максім Багдановіч, які трапіў у беларускамоўную стыхію толькі ў маі 1895 года, калі з маці і братамі жыў у вёсцы Вяззе пад Асіповічамі. Зусім яшчэ нядаўна чужая яму беларуская мова адразу стала роднай і блізкай).

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».