Вы тут

Футуралогія Андрыча: датычыцца не толькі сербаў


Наумова, А. Феномен культурного пограничья в творчестве Иво Андрича / А.В. Наумова; под науч. редакцией И. А. Чароты. — Минск: РИВШ, 2018. — 246 с.


Наўрад ці трэба камусьці даказваць, што літаратуразнаўства не павінна абмяжоўвацца праблематыкай, якая абумоўлена развіццём толькі айчыннай літаратуры. Гэта разумела. Так ці інакш, суаднясенне нацыянальнага досведу з замежным непазбежна выводзіць на кантэксты іншых маштабаў. А гэта, у сваю чаргу, дазваляе больш грунтоўна асэнсоўваць набыткі і арыенціры на будучыню. Прычым параўнальныя даследаванні непасрэдна спрыяюць таму, каб усталёўваліся і ўмацоўваліся міжлітаратурныя і наогул міжкультурныя сувязі. І зноў жа зразумела, што ў гэтым плане асаблівая роля належыць славістычным даследаванням, якія больш за ўсё стымулююць усведамленне і «самасці», і агульнасці.

Гэта дэманструе Г. У. Навумава ў аўтарскай манаграфіі «Феномен культурнага памежжа ў творчасці Іва Андрыча», прысвечанай творчасці югаслаўскага пісьменніка, нобелеўскага лаўрэата па літаратуры 1961 года.

Аднак змест названай кнігі не абмяжоўваецца творчасцю І. Андрыча. Тут мы маем справу са спробай асэнсаваць пэўныя асаблівасці існавання славянскай супольнасці наогул і нашага этнасу ў тым ліку. Г. Навумаву цікавяць пэўныя мадэлі міжкультурнага ўзаемадзеяння, генетычна і тыпалагічна блізкія нам, беларусам.

Нельга не адзначыць, што за апошні час гэта ўжо другая, прысвечаная сербскай літаратуры, кніга, выдадзеная пад навуковай рэдакцыяй доктара філалагічных навук, прафесара і акадэміка Сербскай акадэміі навук Івана Чароты (нядаўна «ЛіМ» прадстаўляў кнігу Л. С. Цымановіч «Рускія імпульсы ў творчасці Пятра ІІ Петравіча Негаша»). Так што плённасць беларускай югаславістыкі выяўляецца не толькі ў работах самога І. А.Чароты, але і таленавітых яго вучняў.

Відаць, не лішне згадаць пра асобу, якая стала аб’ектам даследавання. Іва Андрыч вядомы і ў нашай прасторы, бо яго выбранае трапіла ў распачатаю, але так і не рэалізаваную серыю «Скарбы сусветнай літаратуры». На беларускую мову Андрыча перакладалі Вячаслаў Рагойша, Алесь Разанаў, Леанід Самасейка, Барыс Сачанка, Галіна Тварановіч, Іван Чарота і іншыя. Карацей кажучы, беларусы не пазбаўлены магчымасці знаёміцца з яго творчасцю на роднай мове.

А кніга, пра якую мы вядзём гаворку, падштурхоўвае вярнуцца да твораў знакамітага югаслава і паглядзець на яго з іншага ракурсу. Г. Навумава спрабуе падагуліць досвед паўднёваі ўсходнеславянскага андрычазнаўства і даць адказы на пытанні, якія сёння хвалююць як паўднёваславянскіх братоў, так і нас.

Справа ў тым, што ўся творчасць Андрыча так ці інакш суадносіцца з надзвычай складаным пытаннем межаў, і праблематыка «памежнасці» ў яго мае самыя разнастайныя формы ўвасаблення. Г. Навумава падрабязна аналізуе гэта на прыкладзе структуры сюжэтаў, хранатопаў, вобразаў герояў, сістэмы рэлігійных, фальклорных і міфалагічных матываў.

Рэлігія і міфалогія паказваюцца як маркеры нацыянальнага светапогляду, якія вельмі істотна ўплываюць на агульнае ўспрыманне вобразаў, а таксама з’яўляюцца імпульсамі для разгортвання сюжэтаў. Г. Навумава абгрунтавана даводзіць, што ў творах Андрыча рэлігійны складнік выконвае дзве функцыі — светапоглядную і інтэгратыўна-дэзынтэгратыўную. Прычым першая з іх адлюстравалася больш за ўсё ў ранняй лірычнай прозе гэтага пісьменніка, а другая — у яго гістарычнай прозе пазнейшага часу.

Феномен памежжа на розных узроўнях мастацкага тэксту разглядаецца праз метадалагічныя наробкі такіх тэарэтычных напрамкаў, як кампаратывістыка, рэцэптыўная эстэтыка, герменеўтыка, нараталогія, семіётыка. Напрыклад, мастацкі свет у яго прасторавым вымярэнні Навумава прапаноўвае разглядаць як шматсастаўную структуру «свой» — «чужы», што, ў мастацкім тэксце выяўляецца з дапамогай арыгінальных наратыўных прыёмаў. Прычым інтэрпрэтацыя семантыкі гэтых структур чытачом будзе адрознівацца ў залежнасці ад яго ўласных гарызонтаў чакання, а таксама іншых параметраў, якія вызначаюць стаўленне рэцыпіента да тэксту.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца вобразу чалавека памежжа. Разглядаючы спосабы мадэлявання гэтага вобраза, даследчыца паказвае асаблівую ўскладненасць унутранага свету чалавека, залежнага ад некалькіх рэальнасцяў. Яна асэнсоўвае, што значыць адначасова несці некалькі ідэнтычнасцяў, належыць да дзвюх ці трох культур, лічыць кожную з іх сваёй, а пры гэтым па-сапраўднаму з ніводнай не ідэнтыфікаваць сябе. Той, хто некалі апынаўся ў падобнай сітуацыі, павінен разумець рэфлексіі Г. Навумавай наконт спецыфікі вобразаў так званых вандроўнікаў культур у Андрыча.

Як паказвае Навумава, існуюць падставы для таго, каб па розных параметрах параўноўваць этнакультурную сітуацыю рэспублік былой Югаславіі і былога Савецкага Саюза. «Памежнасць» можна лічыць рысай як быцця многіх краін і народаў. Прычым гэта праяўляецца не толькі ў гісторыі.

Адзін з раздзелаў кнігі дае цікавы агляд матэрыялаў СМІ: аказваецца, украінскія журналісты неаднаразова параўноўвалі сітуацыю на сваёй радзіме з сітуацыяй у Босніі і Герцагавіне, а ў некаторых выпадках нават непасрэдна звярталіся да творчасці Андрыча, шукаючы ў яго прозе тлумачэнні гістарычных працэсаў, якія праходзілі на ўкраінскіх землях, і іх вынікаў. Цікава таксама, што і пра Беларусь мінскі журналіст Д. Скрынчанка на пачатку ХХ стагоддзя пісаў: «У нас свая Боснія».

Але ж падобныя канстатацыі нельга інтэрпрэтаваць выключна як перасцярогу. Памежжа як такое — месца плённай і эфектыўнай «сустрэчы» супрацьлеглых сэнсаў, узаемадзеянне якіх прыводзіць да нараджэння новых феноменаў культуры. Трэба толькі разумна падысці да працэсу ўзаемадзеяння, каб не дапусціць ператварэння міжкультурнага дыялогу ў канфрантацыю. Так трэба разумець андрычаўскую мастацкую філасофію ў тлумачэнні Навумавай.

Пры гэтым нельга не згадзіцца з тым, што літаратурны твор здольны часам аказаць наймацнейшы ўплыў на працэсы грамадскага развіцця, чым палітыка, навука і філасофія, бо, як піша Навумава, «калі нейкай канцэпцыі надаць мастацкую форму і з дапамогай сродкаў мастацтва прымусіць чытачоў адчуць яе, можна дабіцца многага: засвоіць важныя ўрокі, якія дапамогуць вырашыць шэраг найважнейшых пытанняў сучаснасці, пазбегнуць кровапраліццяў і вызначыць стратэгію развіцця ўласнай дзяржавы, якая знаходзіцца ў стадыі транзітыўнага грамадства». Аўтарка манаграфіі якраз паспрабавала актуалізаваць гэтую праблематыку творчасці сербскага пісьменніка дзеля пераасэнсавання надзённых балючых пытанняў. Адно з іх датычыцца ўзаемадзеяння хрысціян цяперашняй Еўропы з мусульманамі. А гэта ж было на парадку дня падчас акупацыі Асманскай імперыяй Балканаў…

Абгрунтоўваючы думкі Андрыча і ўласныя інтэрпрэтацыі, Навумава звяртаецца да распрацовак вядомых прадстаўнікоў цывілізацыйнага падыходу ў філасофіі О. Шпэнглера, А. Тойнбі і С. Хантынгтана. Ёсць шмат падстаў для параўнання ідэй югаслаўскага пісьменніка і заходніх мысляроў. Дарэчы, звернем увагу, што Тойнбі і Хантынгтан, ведучы гаворку пра ўзаемадзеянне лакальных цывілізацый, указваюць і на беларускія тэрыторыі як на памежжа культур.

Для беларускага чытача найбольшую цікавасць, пэўна, уяўляе раздзел «Футуралогія Іва Андрыча». У ім аўтарка разважае пра створаныя пісьменнікам вобразы будучыні. І звяртае ўвагу на небяспеку існавання ва ўмовах памежжа культур і цывілізацый, ставіць пытанне пра перспектывы вырашэння супярэчнасцяў, якія суправаджаюць быццё ўсіх народаў-«памежнікаў». Зрэшты, надзея на мір і гармонію ўсё ж такі не пакідае чытачоў твораў Андрыча і манаграфіі Навумавай.

Аляксей ЦІМАФЕЕЎ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: На памежжы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».