Вы тут

Ненавязлівае свячэнне


Як паэтэса здолела захаваць у сабе багацце свету? Як удаецца ёй ісці з годнасцю па лязе вострай брытвы, на якім заскарузлі крывавыя сляды горкай памяці папярэдніх пакаленняў? Творчасць Тамары Бярэзінай — прыклад таго, пра што пісаў Мікалай Рэрых: «Спытаюць: як перайсці жыццё? Адказвайце: як па струне бездань — прыгожа, ашчадна, імкліва».


Кніжачка «Рэха спадчыны» выйшла летась у выдавецтве «Кнігазбор». Яна невялічкая, усяго сто старонак. Гэта сто файлаў не проста адмысловай інфармацыі і свежых паэтычных вобразаў. Гэта сто імгненняў: прыгожых, беражлівых, імклівых, у кожным з якіх, нібы ў кроплі расы, адлюстраваўся навакольны свет з яго гукамі, фарбамі, расчараваннямі, пакрыўджанай годнасцю і адноўленай душой. Гэта рэдкая кніга, у якой можна чытаць радкі і тое, што занатавана паміж радкамі.

Расчараваная душа ізноў

Губляе лёгка свой спакой маўкліва,

Разгублена, трывожна, сіратліва

Хвалюе гордую ў жылах кроў…

У гэтым санеце паэтка падсвядома занатавала лейтматыў усёй сваёй творчасці, толькі ёй уласцівых матывацый і абуджальнікаў натхнення. І хоць сцвярджае ў наступным вершы, што «Гасподзь трымае лёс наш у руках», але не перакладае адказнасці за сваё жыццё на сілы нябесныя, а стварае ўласны апаэтызаваны свет на свой густ і па сваіх маральна-этычных канонах. У гэтым свеце «сонца казыча руку прамянём», «мароз спявае песні вечарамі», «зорныя пацеркі мераюць травы», «Сцішана дыхае ветрык». Метафары, магчыма, не самыя новыя, але ж як да месца прыстасаваныя, як гарманічна ўпісаныя ў канву твораў.

Кніга «Рэха спадчыны» — вынік творчай працы маладзечанскай пісьменніцы. Аўтар у ёй паўстае спачатку вельмі ўражлівай, далікатнай, эмацыянальна ўзрушанай паэткай, а ў другой частцы — летапісцам, прычым вельмі дакладным і аб’ектыўным у апісанні падзей з гісторыі сям’і, роду, творчага акружэння. У мемуарных творах цешыць тое, што аўтарка не выпінае сваё асабістае «Я» на першы план, чым часам грашаць многія мемуарысты. Яна хоць і непасрэдны ўдзельнік многіх падзей, але застаецца назіральнікам, які фіксуе і занатоўвае рэчаіснасць, не даючы ацэнак і не выносячы прысуду.

Не агрубела, не счарсцвела, не страціла пяшчоты яе душа ад несправядлівасцяў, што выпалі на долю роду і блізкіх. Моцны дух паспрыяў захаванню маральнага стрыжня, які дазваляе быць па-над брудам будзённасці і пустой мітуснёй у пошуках матэрыяльных выгад.

Энергетыка паэтычных радкоў выпраменьвае роўнае, цёплае, ненавязлівае свячэнне. Вобразы не раздражняюць празмернай мудрагелістасцю, надуманнымі пасажамі. Яны не заўжды «новаспечаныя», але апраўданыя кантэкстам.

Як адзначыў ва ўступным слове да зборніка краязнаўца, пісьменнік Міхась Казлоўскі, «гэтыя вершы вельмі адметныя, са сваім аўтарскім поглядам і почыркам і вельмі асабістым паэтычным светаадчуваннем». І нават калі нешта не адпавядае рэальнасці («жураўліным клінам восень адлятае» (бо клінам лятуць вадаплаўныя)), банальная сініца ў руках — зусім не сімвал пакоры лёсу, не апраўданне, а чарговая матывацыя для пошукаў сэнсу жыцця ва ўмовах, якія немагчыма перарабіць, нельга абмінуць, і застаецца толькі сцвярджацца ва ўласным свеце.

Ала КЛЕМЯНОК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.