Вы тут

Прыемна пазнаёміцца: балотныя істоты


Якіх жывёл можна сустрэць на балоце? Якія расліны там растуць і што трэба браць з сабой у вандроўку, калі збіраешся прайсці па балотных мясцінах? Пра гэта распавядае Алена Масла ў новай кнізе «Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі», прэзентацыя якой адбылася ў Міжнародны дзень дзіцячай кнігі ў краме «Кнігаполіс» г. Мінска.


Кніга «Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі», што ўбачыла свет у выдавецтве «Пачатковая школа», распавядае пра таямнічы і захапляльны свет беларускіх балот. Дырэктар выдавецтва Вольга Ваніна адзначыла, што аўтар у займальнай форме знаёміць дзяцей з асаблівасцямі ўтварэння балот, іх відамі і значэннем. Асобнае месца ў кнізе адведзена знаёмству з жывёльным і раслінным светам балот. Разам з галоўнымі героямі — цікаўным і дасведчаным хлопчыкам Бульбінкам і дзяўчынкай Журавінкай — маленькія чытачы здзейсняць казачнае падарожжа па балотных абшарах, наведаюць хатку баброў, высветляць, чаму ласі скідаюць рогі і ці можа выдра працаваць карэспандэнткай.

Алена Масла паказала, што на балоце не абысціся без гумовікаў, таму падчас прэзентацыі абула іх, каб не праваліцца ў імправізаваны вадаём. Дзецям было цікава слухаць гісторыі аўтара, легенды, а таксама знаёміцца з героямі. За адказы на пытанні пра балота, яго жыхароў і міфічных істот пісьменніца пачаставала трох самых дасведчаных і актыўных журавінавым варэннем. Цікава, што сярод гасцей аказалася маленькая і разумная чатырохгадовая дзяўчынка Ева, якая распавяла, што на балоце можна сустрэць вадзяніка.

Не толькі салодкія пачастункі панеслі з сабой госці святочнай імпрэзы, але і кнігі з подпісам самой пісьменніцы. Выданне прыцягальнае яшчэ і тым, што ўтрымлівае простыя кулінарныя рэцэпты і займальную гульню па матывах казачнага падарожжа. Праілюстравала кнігу беларуская мастачка Аксана Аракчэева.

Напрыканцы прэзентацыі быў праведзены розыгрыш, пераможца якога атрымаў у падарунак «Балотныя прыгоды. Цікавінкі ад Бульбінкі і Журавінкі».

Таццяна НАХАНЬКОВА

Фота Яны Сабіны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.