Вы тут

Без права на прыватнасць?


У бацькоўскіх суполках абмяркоўваюць: адна сталічная мама змясціла на YоuTubе відэаролік уласных родаў. Не, нічога «такога»: на кадрах, знятых яе мужам, толькі перадродавы этап і немаўля ў пялюшках. Але ўласна наконт немаўляці і разгарэліся спрэчкі — навошта, дзеля чаго мама гэта зрабіла? Паказаць, што яна таксама ўмее нараджаць? Пахваліцца здаровым дзіцем? Цікава, ці будзе яно праз некалькі гадоў удзячнае бацькам за тую «хвіліну славы»...


Фота citypages.com

Дарэчы, вы ведаеце, што такое «шэрэнтынг»? А вось яно самае: спалучэнне слоў «shаrе» — дзяліцца, і «раrеntіng» — выхаванне (дзяцей), неўтаймоўнае жаданне бацькоў выкладваць у сацыяльныя сеткі фота сваіх дзяцей і дзяліцца гісторыямі з іх жыцця.

Многія лічаць, што ніякай праблемы тут няма: звычайнае і натуральнае жаданне бацькоў пахваліцца тым, якія прыгожыя, разумныя, таленавітыя (патрэбнае падкрэсліць) у іх дзеці. Маўляў, нашы фотаздымкі бацькі таксама паказвалі ў альбомах сябрам — і нічога, маральнай траўмы нам гэта не нанесла. Усё так, але, паклаўшы руку на сэрца, колькі чалавек маглі ўбачыць гэты альбом? Дзесяць, ну, дваццаць — сваякі, блізкія, але ніяк не выпадковыя людзі.
А ўжо наконт немаўляці даўней існавала вельмі жорсткая сістэма рэгламентацый, прадпісанняў і абмежаванняў: як хрысціць, каму і што паказваць і расказваць...

Безумоўна, час змяніўся. Цяперашнія дзеці — самае фатаграфуемае пакаленне з усіх папярэдніх, і, як падлічылі сацыёлагі, звыш 80 % малых ва ўзросце да 2 гадоў паспелі «адзначыцца» ў сацыяльных сетках дзякуючы бацькам. Але гэта далёка не заўжды выклікае замілаванне як у іншых карыстальнікаў сеціва, так і ў саміх дзяцей. Вас гэта здзіўляе? Чаму?

Блог-платформа Lіvеjоurnаl бярэ адлік з 1999-га, стваральнік Fасеbооk Марк Цукерберг заснаваў праект у 2004-м, сацыяльныя сеткі «Аднакласнікі» і «УКантакце» пачалі работу ў 2006 годзе. Атрымліваецца, аднагодкам сацсетак — не менш за 13—15 гадоў. Пры гэтым, паводле правілаў многіх платформаў, самі падлеткі не могуць заводзіць акаўнты ў іх да дасягнення ўзросту 13 гадоў, — а значыць, далёка не заўсёды ведаюць, што мы там пра іх расказваем і паказваем. Але гэта не азначае, што ў нашых дзяцей няма права на абарону асабістага жыцця. Так, фота дзіцяці з соскай і на гаршку, змешчанае ў вашым профілі, праз некалькі гадоў могуць знайсці яго настаўнікі, аднакласнікі, дзеці вашых сяброў — і не факт, што пасля гэтага дзіця не пачнуць дражніць альбо яно само не адчуе комплексы ад няўдалага ракурсу ці крыўдных каментарыяў. Хіба вам спадабалася б, калі б ваш самы няўдалы і недарэчны здымак з дзяцінства ўбачылі ваш муж/жонка, калегі, кіраўнік, суседзі?..

Не факт, што размешчанае ў свабодным доступе фота не будзе скарыстанае як ілюстрацыя — скажам, да матэрыялу пра сямейны гвалт або ў камерцыйных мэтах — напрыклад, як рэклама сродку... ад запору. Не факт, што хтосьці зусім незнаёмы не пазнае на фота ваш дом, школу або дзіцячы садок...

Канешне, тут варта не перагінаць палку і не ствараць праблем на пустым месцы. Але ўсё ж — успомніце, калі ласка, што бацькоўства не дае вам выключнага права распараджацца асабістай прасторай дзіцяці. Проста пастаўцеся да гэтага больш сур'ёзна: як мінімум абмяркуйце публікацыю асабістых момантаў і ўключыце настройкі прыватнасці.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.