Вы тут

Франтавы повар аб тым, чым кармілі чырвонаармейцаў


Чым кармілі чырвонаармейцаў на фронце і ці было месца каханню пад бамбёжкамі

Разам з карэспандэнтам «Звязды» ветэран Вялікай Айчыннай вайны франтавы повар Ганна Воранава ўспомніла пра самыя шчаслівыя і самыя горкія моманты жыцця.


«Паміраць дык разам»

Акурат над столікам, за які мы з Ганнай Пракопаўнай сядаем піць чай, вісіць невялікі малюнак у рамцы. На ім украінская хатка-мазанка патанае ў высокай траве, пад акном кучаравіцца маладая бярозка.

— Ваш дом? — пытаюся.

— Я там нарадзілася ў 1925 годзе. Вёска Дацэнкоўка, што ў Сумскай вобласці, — тлумачыць жанчына. — Раней, калі здароўе дазваляла, я досыць часта выступала перад школьнікамі. Расказвала, дарэчы, не толькі пра вайну, але і пра тое, што было да яе. Маладым карысна паслухаць пра жыццё без тэлефонаў і электрычнасці. Мы былі першым вясковым пакаленнем, якое ў абавязковым парадку вучылі грамаце. Зімой я бегала ў чатырохгодку басанож па снезе. Пасля заканчэння ўсё лета штодзень ірвала па два мяхі крапівы голымі рукамі — толькі б кабанчыка адкарміць, прадаць і набыць паліто. Без яго ў сямігодку маці б не пусціла. А мне так хацелася, там такая настаўніца была! Адукаваная, мудрая. Я ўсё дзяцінства марыла быць на яе падобнай. Падчас галадамору (масавы голад ва Украіне ў 1932—1933 гадах. — Аўт.) мы, дзеці, елі толькі ў школе. Матулі па чарзе гатавалі нам жыдзенькі суп з таго, што маглі знайсці. Пасля абедаў настаўніца казала: «Калі прыйдзеце дадому, а бацькі нічога паесці не дадуць, не плачце, лепш кладзіцеся спаць. Вы ж сёння паелі, гэтага маленькаму арганізму на тры дні павінна хапіць». Праз шмат гадоў я зразумела, што менавіта вера ў лепшае, пазітыўны настрой нас і выратавалі. У тыя гады многія паміралі не толькі ад голаду, але і ад страху. Баяліся да смерці ў літаральным сэнсе...

У 1941-м пятнаццацігадовая Аня Лабанава, скончыўшы сямігодку, падалася да старэйшай сястры ў Варашылаўград (цяпер Луганск). Планавала працягнуць вучобу: не пакідала мара стаць настаўніцай. Магчыма, так бы яно і было, але прыйшла вайна. Ганна Пракопаўна добра памятае 22 чэрвеня. Напярэдадні ў яе жыцці здарылася вельмі важная падзея — першы паход у фотасалон. Напамін пра той дзень і цяпер вісіць на сцяне ў кватэры ветэрана. На чорна-белым здымку — дзяўчына-падлетак. Ясны позірк, светлыя ленты ў косах, усё жыццё наперадзе.

— Не верыцца, што гэта я, — быццам саромеючыся, адводзіць вочы жанчына. — Тады я ўпершыню даведалася пра існаванне Брэсцкай крэпасці, ды і пра горад Брэст (геаграфію ў школе выкладалі добра, проста ў вёсцы не было ніводнай карты). Здавалася, што гэта так далёка і да нас немцы проста не змогуць дабрацца. Аднак тэлеграма ад мамы насцярожыла: «Вяртайся дадому. Паміраць дык разам». Яна адчувала, што нас чакаюць вялікія выпрабаванні. Але я не паехала.

У жніўні 1941-га Ганна, яе сястра і трое дзяцей выехалі ў Казахстан. Душны, цёмны эшалон. Навокал шмат дзяцей, якія апынуліся ў эвакуацыі.

— Помню, на вакзале ў Алма-Аце абвяшчалі: «Прыбыў цягнік. Просім забраць дзяцей. Іх бацькі жывыя, яны адсталі ў дарозе». За гадзіну малых разбіралі казахстанскія сем'і, потым падыходзіў наступны эшалон, — расказвае жанчына. — Для нашай вялікай кампаніі месца знайшлося толькі ў вёсцы.
Я працавала ў калгасе, сястра сядзела з дзецьмі. У непагоду нават паспявалі вязаць рукавічкі і шкарпэткі, якія адпраўлялі на фронт. Жылося нядрэнна, але праз некаторы час дзеці пачалі хварэць. Вырашылі ехаць назад. Думалі, пакуль дабяромся, вайна скончыцца. Маскву ж адстаялі! Так і даехалі да Белгарадчыны, праз якую адступалі нашы войскі.

«Шрапнель», яна ж «бранябойна-запальная»

Пра та­ва­ры­шаў са свай­го ба­таль­ё­на Ган­на Пра­ко­паў­на ўспа­мі­нае, бе­ру­чы ў ру­кі па­жоў­к­лыя фо­та­карт­кі і за­чы­та­ныя да дзі­рак ліс­ты.

— Шаснаццацігадовая дзяўчынка пайшла кашаварыць на фронт — сёння гэта гучыць дзіўна, а тады мы марылі дапамагчы чым-небудзь арміі. Я спачатку выходзіла на рамонт дарог, па якіх адступала наша тэхніка. Неяк убачыла аб'явы пра набор повараў і зразумела — вось мой шанц. Досвед работы на палявой кухні быў: у Казахстане мы па чарзе варылі абеды, убіраючы хлеб. Таму, калі сястра эвакуявалася другі раз, я пайшла ў 123-і асобны аўтатранспартны батальён, які абслугоўваў аэрадромы. Спачатку вольнанаёмнай, мяне нават у спіс не ўносілі. Думалі, часова кашку павару, стамлюся і сыду. А я ўзяла і да Берліна праз Сталінград дайшла! — смяецца Ганна Пракопаўна. — Першыя месяцы былі спакойныя. Стралялі, канешне, але недзе далёка. Я нават пачала думаць, што вайна — гэта не так ужо і страшна. Стаяў ліпень 1942-га, мы знаходзіліся каля самага Дона...

Тады яна нават уявіць не магла, што апынецца ў самым пекле падчас баёў за Растоў-на-Доне, а сёння ўспамінае перажытае спакойна, без слёз.

— Нямецкія самалёты, не шкадуючы боепрыпасаў, пасыпалі нас імі праз кожныя 15 хвілін. Не схаваешся, не збяжыш... Калі чарговы раз мы з напарніцай Машай кінуліся на зямлю, мне падалося, што па мне «нехта прабег», закрануўшы галаву. Усё суцішылася. Падымаю вочы і бачу застылы твар сяброўкі: рот адкрыты, вочы не міргаюць. Што здарылася? Праз імгненне адчуваю, што па лбе цячэ кроў і павольна капае на маю гімнасцёрку. Балюча? Страшна? Не. Я тады думала пра сапсаваную форму, нахілялася да вады адмыць кроў. Гляджу — мае косы паплылі. Вось гэта мяне напужала. Аказалася, асколак рассек адну касу, прайшоў праз другую і засеў у галаве. Як мне пашанцавала, што я хавала валасы пад бярэткай! Гэта мяне і выратавала.

Ганне Пракопаўне пашчасціла трапіць у аўтатранспартны батальён (а не артылерыйскі ці танкавы, якія ўвесь час былі пад абстрэлам). Тым не менш вораг пастаянна стараўся зачапіць шафёраў. «Вадзіцелі ў Чырвонай арміі былі вялікім дэфіцытам. Немцы гэта ведалі і імкнуліся іх «прыбраць». Калі зверху стралялі, дык у кабіну мецілі». На гэтым фоне малады повар і вучылася гатаваць на сотню-другую галодных ратоў.

— Калі мяне прывялі знаёміцца з поварам (сапраўдным, з адпаведнай адукацыяй), ён быў настолькі выпрацаваны і стомлены, што нават стаяць сам не мог. Таму першую «салдацкую кашу» прыйшлося варыць самастойна. Паставілі перада мной мех: перабірай. Я аж абамлела. Успомніла, як дома маці давала шклянку з зернем і трэба было аддзяліць пшано ад проса. Паўдня мучылася, а тут цэлы мяшок! Убачыўшы спужаны твар, мяне «супакоілі»: «Пашуруй рукамі, каб мышы павыскоквалі». Я ад гэтых слоў яшчэ больш напружылася, — зноў усміхаецца Ганна Пракопаўна. — Каша той раз атрымалася ладная. Доктар пахваліў, хлопцы елі так, што за вушамі трашчала. Няладнае наш повар заўважыў, калі байцы пачалі прасіць дабаўкі. «Пярлоўку давалі тры разы на дзень, усе яе ледзь у сябе запіхвалі. А тут — дабаўкі!» Паглядзеў повар на правізію і ўсё зразумеў: я ўкінула ў кашу ўсё масла, што было. Нам за той пралік пасля яшчэ некалькі месяцаў не дадавалі прадуктаў. Затое шафёры ўсю вайну пыталіся: «Аня, ну калі ты зварыш нам такі абед, як першы раз?»

Франтавы повар — гэта калі ты не толькі каля вогнішча з ранку да ночы стаіш. Твае задачы — дровы нарыхтаваць, ваду знайсці і ачысціць (бралі мы яе з рэк, азёр, балот, канаў і нават лужын), акрамя таго, выкапаць сабе абарончы акоп. Рабочы дзень звычайна цягнуўся каля дваццаці гадзін, а было, што і ўсе дваццаць чатыры. Спалі седзячы на стуле, паклаўшы галаву на спінку.

— Страву з пярлоўкі байцы называлі «шрапнель», ці «бранябойна-запальная», з проса — «бландзінка», ці «страявая». Гатавалі мы таксама з гароху і аўсянкі, прывозілі са склада кансервы і мяса. Але былі дні, калі гатаваць прыходзілася літаральна з «нічога». Бярэш вядро і выходзіш «у народ»: хто сухар ці бульбіну кіне, хто гароху адсыпле, у каго канцэнтрат пшана застаўся.

Каханне, дастойнае кінастужкі

— З мужам таксама на фронце пазнаёміліся? — пытаюся, гледзячы на шматлікія партрэты Васіля Воранава, якія жанчына раскладвае перада мной.

Ганна і Васіль у першыя гады сумеснага жыцця…

— Не. Наша гісторыя кахання пачалася да вайны, — голас Ганны Пракопаўны становіцца загадкавым, а ў вачах з'яўляюцца іскрынкі. — Помню, быццам гэта было ўчора: я прыехала да сястры ў горад Сумы і выйшла прагуляцца з яе гадавалым сынам. Адна незнаёмая вуліца, другая, сама не ведаю, як апынулася ў двары сярод гаманкіх дзяцей і дзяўчат. Раптам выйшла з дома жанчына ва ўзросце з фотакарткамі: «Людзі, паглядзіце! Васько мой які стаў». Здымкі пераходзілі з рук у рукі, дайшоў адзін да мяне. Як глянула — так адразу і закахалася. Малады, прыгожы. Вачэй не адарваць. Неўзабаве мой пляменнік заплакаў, я адыйшла на хвілінку. Калі вярнулася, жанчыны ўжо не было. Як яе зваць? Куды несці фатаграфію Васі? Невядома. Так у мяне гэтая картачка і засталася. Я не ведала ні яго прозвішча, ні ўзросту, ні адраса.

Ці ж магла дзяўчынка ўявіць, якія дзівосныя, не падпарадкаваныя ніякай логіцы падзеі чакаюць яе наперадзе?

— Цяпер ніводны фільм пра вайну не абыходзіцца без любоўнай лініі. Аднак у рэальнасці ніякія шуры-муры не дапускаліся. Былі ў нас двое — муж і жонка. Тры гады таіліся і пра свой шлюб нікому ні слова. Пакуль яна не захварэла на малярыю. Сабраліся камісаваць, і тут раскрылася яе цяжарнасць на першых месяцах. Ой, які падняўся шум! Такі сорам для батальёна! Прыйшлося парачцы прызнацца, кім яны адно аднаму насамрэч прыходзіліся. Ці яшчэ выпадак. Неяк да камісара Кузняцова прыехала жонка. Толькі ён яе прыабняў, гэта ўбачылі іншыя: «Хто такая? Жонка? Дзе дакумент? Няма? Пад арышт». А калі сапраўды пацвердзілася, што яны муж і жонка, — кіраўніцтва адразу ж іх па розных часцях развяло. Вайна ёсць вайна.

Аднак пачуцці і памкненні маладых палкіх сэрцаў ніхто не адмяняў. Да самой Ганны Пракопаўны байцы «сваталіся» пастаянна.

— Я ўсіх пасылала к чорту без разбору. Аднойчы мой грубы адказ пачуў камсорг і такі «прачухрай» мне зладзіў: «Ты думаеш, хлопцу лёгка ў каханні прызнацца? Тры словы дзяўчыне — гэта складаней, чым у штыкавую атаку ісці». Ён жа мяне і навучыў адказваць усім, быццам у мяне жаніх ужо ёсць.
У мяне якраз была фотакартка незнаёмца ў будзёнаўцы, — на хвілінку жанчына замаўкае, прыпамінаючы былое. — І вось, калі падчас вайны ехала дадому ў водпуск, то праязджала праз Сумы. Там на вакзале мяне спыніла жанчына: «Ці не чулі вы што пра Васю Воранава?» Чуць я не чула, але параіла жанчыне напісаць свайму сыну ліст, калі ёсць адрас. «Сама не напішу, граматы не ведаю. Дапаможаш? Я табе гарбаты завару». Яна была такой настойлівай, што адмовіцца я не змагла. Толькі мы пераступілі парог яе кватэры, у мяне падкасіліся ногі. На сцяне вісеў партрэт таго самага Васько, у якога я закахалася перад вайной па фотаздымку. Наплакаліся мы тады з яго мамай, паўспаміналі мірны час, а пасля і ліст яе сыну напісалі. Унізе пазначылі, што вестку ад матулі пісала зямлячка Аня.

Ліставанне цягнулася паміж Васілём і Ганнай тры доўгія гады. Лісты ад каханага Васі — самыя дарагія для яе. Шкадуе толькі, што не захаваліся самыя першыя. Іх пісалі на палях газет — вось дзе кожнае слова было з сэнсам! Вучыся, моладзь! Гэта вам не паведамленні ў «тэлеграме» страчыць.

— Васіль прыехаў у водпуск толькі ў сакавіку 1947-га. Першае, што я ад яго пачула: «Дзе ж вашыя касічкі?» Ведаў жа мяне толькі па фота. А я акурат да Міжнароднага жаночага дня абрэзала валасы, тады так модна было. Тым не менш знаёмства адбылося. Схадзілі мы ў кіно, пасля ў тэатр, на танцы... Адным словам, апошні дзень перад ад'ездам падкраўся незаўважна. Тады каханы і запрасіў мяне ў загс.

— Вясельную сукенку памятаеце?

…праз 61 год разам.

— Якая сукенка, дзетачка? Я распісвалася ў Васевых ботах. Ён прыехаў у новенькіх хромавых, мне іх і аддаў. Бо ўсё, што мела я, — кірзаўцы 43-га памеру, пры тым што мае ногі — 35-га. Зімой запіхвала ўнутр паперу, анучы, летам бегала басанож... Ой, усякае было. І цяжка, і страшна, і балюча. Але разам, душа ў душу,
61 год ішлі па зямлі, — прызнаецца ветэран, і, каб не заканчваць размову на сумнай ноце, кажа: — Ведаеце, Брэст для нас з Васем — самы любімы горад. Стаў ім яшчэ тады, калі мы праязджалі праз яго, вяртаючыся з Германіі, дзе муж служыў, дадому. Нават хадзілі тут у парк і кідалі пятакі ў фантан, каб вярнуцца. Як толькі Васіль пайшоў у адстаўку — мы без роздумаў пераехалі ў горад над Бугам. Хораша тут!

Ганна КУРАК

Фота аўтара і з архіва гераіні

Мінск — Брэст — Мінск

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.