Вы тут

У чым небяспека дзiцячай траўмы ад здрады бацькоў


За мiнулы год 26 усыноўленых дзяцей паўторна сталi сiротамi. Аднойчы яны ўжо засталiся без самых блiзкiх на зямлi — сваiх родных бацькоў. Але раптам з'явiлася надзея. Iх знайшлi iншыя людзi, якiя прынялi рашэнне: дапамагчы маленькiм чалавечкам перажыць iх вялiкую трагедыю. Яны прытулiлi малых да сябе i паабяцалi быць iх новымi бацькамi. I вось зноў — падман, зноў нiкому не патрэбныя...


Чаму так адбываецца i як уплывае на жыццё дзяцей такая здрада, расказваюць спецыялiсты Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення.

— Ёсць некалькi прычын, чаму здараюцца адмены ўсынаўлення, — тлумачыць Вольга ГЛIНСКАЯ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Гэта смерць усынавiцеляў, развод — калi раптам дзiця ўжо непатрэбнае, нейкiя ўнутрысямейныя канфлiкты, напрыклад, у бацькоў, дзе побач з усыноўленымi выхоўваюцца бiялагiчныя дзецi. Ёсць i выпадкi, калi людзi ўвогуле аказалiся не гатовы да бацькоўства.

Дарэчы, адмена ўсынаўлення адбылася ў дачыненнi да дзяцей, якiх усынавiлi ў 2011—2015 гадах, — на гэты перыяд прыйшоўся пiк усынаўлення ў краiне. Падчас тых кампанiй па ўладкаваннi дзяцей у сем'i ў год усынаўлялi амаль па 580 дзяцей.

У чым небяспека

Страта бацькоў лiчыцца адной з самых цяжкiх траўмаў. Дзецi, у якiх псiхiка больш-менш моцная i здароўе дазваляе, пры ўмелым падыходзе прыёмных бацькоў могуць перажыць першую траўму. Але аднаўленне псiхiкi праходзiць значна больш цяжка, калi траўму страты дзiця атрымлiвае паўторна.

— Уявiце сабе, што вы зламалi руку, — гаворыць Надзея ЧЫРКОВА, педагог-псiхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Працэс аднаўлення магчымы. Прайшоў час, рука зажыла, вы прайшлi курс рэабiлiтацыi. I тут раз — на тым жа месцы рука зноў зламалася. Вынiк — зажыўленне будзе праходзiць цяжка, i на гэта спатрэбiцца больш часу. З псiхiкай працэсы «зажыўлення» яшчэ больш складаныя.

Аднаўленне даверу да людзей, жыцця i свету ў дзяцей праходзiць паступова i даволi павольна пасля атрымання першай траўмы. Калi ж здраднiцтва паўтараецца — наступствы могуць быць вельмi трагiчныя. Пры такiм развiццi падзей першая i галоўная небяспека — гэта павышэнне схiльнасцi да суiцыду.

— Самай складанай лiчыцца сiтуацыя, калi бацькi вырашаюцца на адмову падчас уваходжання дзiцяцi ў падлеткавы ўзрост, — расказвае Надзея Чыркова. — Гэты перыяд цяжка пераадольваюць маладыя людзi нават з паспяховых сем'яў, дзе ўважлiвыя i клапатлiвыя бацькi. Падчас пераходнага ўзросту адбываецца гарманальная, фiзiчная i псiхалагiчная перабудова, калi маладыя сумняваюцца ва ўсiм. А тут да гэтага дадаецца здрада блiзкiх, якiя некалькi гадоў запар даказвалi, што iм можна давяраць, што свет — не варожы... У такой сiтуацыi не кожны здаровы зможа выстаяць, не тое, што траўмаванае дзiця.

Яшчэ адна небяспека такiх падзей у жыццi сiрот — з'яўленне ў iх дэвiянтных паводзiн. А гэта азначае схiльнасць да рознага роду залежнасцяў, напрыклад, алкагольнай цi наркатычнай, да бадзяжнiцтва, да здзяйснення розных злачынстваў.

— Але самае крыўднае, што дзiця сыходзiць у соцыум без веры ў сям'ю, без яе падтрымкi, — дадае спецыялiст. — У такiх людзей быццам бы няма ўнутранай асновы, фундамента... Яны часта становяцца ахвярамi педафiлаў i злачынцаў, якiя знiшчаюць цi падаўляюць iх унутраную асобу.

Пра давер i недавер

Каб зразумець, што адбываецца з дзецьмi, якiя засталiся без апекi бацькоў, трэба ведаць сутнасць тэорыi прыхiльнасцi. Прыхiльнасць — гэта такая нябачная нiтка, якая звязвае мацi i дзiця.

— Сувязь памiж мацi i дзiцем вельмi моцная, — тлумачыць Наталля ГЕНЦАЛЕВА, педагог-псiхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Малое цалкам залежыць ад мацi, якая ў iдэале задавальняе фiзiчныя, псiхалагiчныя i эмацыянальныя патрэбы дзiцяцi. Прыхiльнасць з'яўляецца з пачаткам фармiравання плода. I першы крызiс узнiкае ў нованароджанага, калi ён пакiдае звыклае асяроддзе, у якiм знаходзiўся. Немаўля пачынае самастойна дыхаць кiслародам, яму трэба па-iншаму харчавацца, яно можа адчуваць холад, голад, дыскамфорт. Усё не так, як ва ўлоннi мацi. I гэта стрэс. Пачуццё бяспекi вельмi важнае для чалавека, i яно адыгрывае вырашальную ролю ў фармiраваннi даверу да жыцця. Давер фармiруецца ў мацi на руках. Калi бяспека iснуе ў адносiнах памiж мамай i дзiцем, то яна фармiруе базавы давер да дарослых. Адразу — гэта бацькi, потым — блiзкае асяроддзе.

— Гэта незвычайнае развiццё даверу да свету можна ўбачыць i збоку, — гаворыць спецыялiст. — Спачатку немаўля жыве быццам бы на руках у мацi, потым на каленях, потым — гуляе поруч, i толькi пасля ўсё больш смялее i тады аддаляецца ад мацi. Давер пачынаецца з матчыных рук i развiваецца павольна, раўнамернымi i невялiкiмi крокамi. Калi дзiця пачынае наведваць садок, межы яго даверу ўсё больш пашыраюцца, як i ў школе. Калi ўсё адбываецца так, як трэба, чалавек адчувае сябе ўпэўненым i ўмее дасягаць сваiх мэт. Чым больш даверу — тым вышэй мэты. Такая асоба не баiцца жыць, адчувае ўнутраную апору, якую дала яшчэ тая дзiцячая прыхiльнасць.

У дзiцяцi з неўладкаванай сям'i дэфармацыя прыхiльнасцi адбываецца ўжо на пачатковых этапах. Мацi несвоечасова задавальняе патрэбы немаўляцi. Давер да свету парушаны, дзiця не адчувае сябе ў бяспецы.

— Мы забiраем маленькага чалавека ўжо з парушанай прыхiльнасцю i змяшчаем у iншую сям'ю, — расказвае Наталля Генцалева. — Новыя бацькi паступова даказваюць малому, што свет не такi дрэнны i ў iм можна iснаваць, што дарослым можна давяраць, а ён, хоць i малы, але вельмi важны чалавечак на гэтым свеце. Але...

Калi мацi-ўсынавiцель ускладае на сябе гэту ролю, яна вельмi стамляецца. Быць усынавiцелем — гэта вельмi затратная эмацыянальная роля. Адаптацыя дзiцяцi ў новай сям'i i новая прыхiльнасць фармiруецца на працягу з года да пяцi гадоў. За гэты час, калi ўсынавiцелi не будуць клапацiцца аб сабе i аб сваiм эмацыянальным стане, то проста выгараць. Ужо i дзiця, здаецца, пачынае давяраць сваiм дарослым, а мацi ўжо нiчога не можа i не хоча, бо перагарэла.
У такiм стане яна падае заяву на адмену ўсынаўлення. У вынiку старая траўма малога абвастраецца, дзiця ўпэўнiваецца, што дарослым давяраць нельга. Увесь свет для яго становiцца варожы. I не важна, у якiм узросце малое атрымала паўторную траўму — усе яе былыя сiмптомы ўспыхнуць з новай, больш разбуральнай сiлай.

— Калi прыхiльнасць парушана, то новую сфармiраваць вельмi складана, — тлумачыць спецыялiст. — Але! Асоба чалавека шматгранная, мозг — вельмi разумны, i ён часта дапамагае ў такiх сiтуацыях. Напрыклад, уключае механiзм выцяснення, калi ўспамiны занадта траўматычныя. Ёсць дзецi, якiя перажывалi i па чатыры здрады з боку дарослых, але iм усё роўна ўдалося адаптавацца, атрымаць годную адукацыю i стварыць сям'ю.

Цi можна гэта прадухiлiць?

Жанчына марыла аб дзiцяцi. Яна нарадзiлася ў шматдзетнай сям'i i таму для яе было натуральным i важным рэалiзаваць сябе як мацi. Ужо будучы замужам, яна даведалася, што не можа мець дзяцей. З мужам прайшлi ўсё: i складанае лячэнне, i няўдалыя спробы ЭКА. Вырашылi ўдачарыць дзяўчынку. I вось, калi, здаецца, мара здзейснiлася, нешта пайшло не так. Усё, што да гэтага ўяўляла сабе жанчына: жыццё з дзiцем, блiзкiя адносiны з мужам, — аказалася iлюзiяй. Даглядаць малое было вельмi складана, муж не дапамагаў, часта з'язджаў у працяглыя камандзiроўкi. Жанчына адчувала сябе прывязанай да гэтай дзяўчынкi. Родныя не разумелi яе пакут i стомленасцi.

У вынiку, калi муж вяртаўся дадому, яна зрывалася. У хуткiм часе муж сышоў. Жанчына стала патроху выпiваць. Яна не мела зносiн з iншымi ўсынавiцелямi, якiя маглi б яе падтрымаць, i не звярнулася да спецыялiстаў па дапамогу. Калi ж даведалася, што яе былы муж ажанiўся i ў яго нарадзiлася дзiця, то больш не стрымлiвала сябе. На адмену ўсынаўлення падалi дакументы органы апекi. Жанчыну пазбавiлi бацькоўскiх правоў.

— Канешне, мы праводзiм падрыхтоўчую работу з будучымi бацькамi, — гаворыць Аляксандр МАЛАШУК, педагог-псiхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. — Тэсцiруем усынавiцеляў i можам убачыць iх рэсурсы, праблемы цi крызiсы, якiя ёсць у сям'i, але толькi на момант тэсцiравання. Мы можам ацанiць iх кампетэнцыi, здольнасць кантраляваць сябе i разумець свае патрэбы. Аднак гэта нiколi не дасць гарантыi, што адмена ўсынаўлення не здарыцца. Мы кансультуем будучых бацькоў, расказваем, дзе ў iх ёсць рызыка, зыходзячы з асаблiвасцяў iх тэмпераменту. Нават можам парэкамендаваць узрост дзiцяцi. Працуем на апярэджанне: расказваем, якiя iх могуць чакаць складанасцi, як выглядаюць першыя прыкметы выгарання, вучым iх быць больш адкрытымi, каб яны не баялiся звяртацца па дапамогу. Аднак часта для ўсынавiцеляў звярнуцца да спецыялiстаў — значыць прызнаць, што яны не справiлiся. Хоць многiя праблемы маглi б даволi хутка вырашыцца. Часцей за ўсё iнфармацыя да нас прыходзiць ужо позна, калi адмена ўсынаўлення адбылася.

Каб зменшыць колькасць адмен, НЦУ стварае сёння сiстэму суправаджэння бацькоў-усынавiцеляў. Так, напрыклад, адкрыты клуб для бацькоў-усынавiцеляў, для ўсыноўленых дзяцей, дзе з дзецьмi працуюць псiхолагi. Пачалi наладжваць работу з дзiцячымi дамамi сямейнага тыпу i прыёмнымi сем'ямi, каб прадухiлiць выгаранне прыёмных бацькоў i даць магчымасць выхавацелям высокага ўзроўню дапамагчы маладым усынавiцелям. У сацыяльных сетках стварылi групу для ўсынавiцеляў i прыёмных бацькоў, дзе людзi могуць падтрымаць адно аднаго, задаць пытанне спецыялiстам i атрымаць кампетэнтны адказ.

— Усе гэтыя групы толькi пачалi сваю работу, — гаворыць дырэктар Вольга Глінская. — Але ўжо прайшлi першыя сустрэчы. Удзельнiкi былi вельмi задаволены, бо ўжо на пачатку свайго бацькоўства адчуваюць, што не застануцца сам-насам са сваiмi праблемамi. Ёсць людзi, якiя прыйдуць iм на дапамогу. Магчыма, такая форма суправаджэння дазволiць скарацiць колькасць дзяцей з паўторнай траўмай страты.

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.

Грамадства

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Як з дапамогай кода стварыць уласную анімацыю і «ажывіць» касмічны карабель? 

Грамадства

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Наш карэспандэнт пастараўся згадаць самыя цікавыя прыклады сумеснай рэалізацыі праектаў.

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.