Вы тут

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе


Чаму лётчыкі ядуць шмат шакаладу і ходзяць па зямлі з цацачнымі самалёцікамі

«Першым чынам самалёты, а дзяўчаты — потым». Гэтыя словы з песні «Нябесны ціхаход» актуальныя для лётчыкаў дагэтуль. Пакуль мужы ў небе, жонкі завіхаюцца на зямлі, а пасля сужэнцы разам пачынаюць... тварыць. У прыватнасці, так адбываецца ў Яна і Валерыі Макаранкаў, якія па выніках конкурсу «Сям'я — крышталь грамадства» сталі найлепшай маладой сям'ёй 116-й штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе. Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.


Паветраны шар і тройка коней

Валерыя заўжды марыла атрымаць прапанову рукі і сэрца на паветраным шары, каб вакол было цёпла, прыгожа, а ўдалечыні ружавеў захад... У рэальнасці гэта здарылася ўзімку на вяршыні гары, калі надвор'е было марозна-ветранае. Зразумела, гэта зусім не сапсавала ні мары пра шчаслівае жыццё, ні яго далейшы ход. Сваю гісторыю маладыя ўспамінаюць з цеплынёй і натхненнем.

Ян і Валерыя пазнаёміліся ў 2013-м на парадзе з нагоды 70-годдзя Перамогі. Ян, тады яшчэ курсант другога курса, стаяў у ачапленні і знайшоў Валерыю вачыма ў натоўпе людзей. Пасля мерапрыемства яны сустрэліся.

— Калі двое хочуць знайсці адно аднаго, гэта не праблема, нават калі будзе процьма людзей, — кажа хлопец.

— Мне падабаюцца мужчыны ў форме, падабаецца, як яны выглядаюць, як даглядаюць сябе. Ну як не паглядзець на такога прыгажуна? — смяецца Валерыя. — А калі пачалі размаўляць, зразумела, што гэта вельмі душэўны і блізкі па светапоглядзе чалавек.

Прапанову Ян зрабіў Валерыі падчас адпачынку ў Карпатах. Дзяўчына чакала, пакуль каханы накатаецца на лыжах, бо, як яна прызнаецца, у самой яе з лыжамі не вельмі заладзілася. Нарэшце перад замёрзлай сяброўкай з'явіўся Ян, і яна ўзрадавана рушыла да фунікулёра. Але хлопец нагадаў: «Дык мы ж хацелі на санках з коньмі праехацца, памятаеш?»

— Што было рабіць? Раз ён так сказаў, прыйшлося пагадзіцца, — успамінае Валерыя. — І вось мы імчым на самы верх гары. Я ў трымценні ўся, аднак раблю выгляд, што любуюся наваколлем. Тут ён прапаноўвае мне зрабіць пару здымкаў гэтай прыгажосці. Я, хоць ледзьве трымаю апарат ледзянымі пальцамі, паслухмяна фатаграфую. Паварочваюся і бачу свайго каханага на калене. Вядома, я адказала «так».

Ян кажа, што прапанова на паветраным шары не была б для будучай жонкі нечаканасцю, а яму хацелася менавіта такога эфекту.

Ажанілася пара крыху менш як год таму і сёлета сімвалічна будзе адзначаць першую гадавіну сямейнага жыцця, 5-годдзе з дня сустрэчы і 75-годдзе Перамогі. Тлумачаць, што так доўга сустракаліся, бо ставіліся сур'ёзна да стварэння сям'і.

— Пакуль вучыўся, разумеў, што жаніцьба нічога не зменіць, — успамінае Ян. — Пасля выпуску я стаў паўнапраўным афіцэрам і мне ўжо было куды прывесці жонку. Тым больш што я хацеў зрабіць прапанову рукі і сэрца рамантычна, вось і чакаў, пакуль закончу акадэмію.

Самалёты ў інтэр'еры і жыцці

Ян — былы мінчанін. Валерыя — родам з Сібіры. Яе дзядуля ў свой час паехаў з Беларусі ў Расію будаваць горад Лангепас, што ў Цюменскай вобласці.
А дзяўчына, якая па спецыяльнасці архітэктар, вярнулася адтуль у Беларусь, каб будаваць дамы ў Мінску. Так атрымаўся своеасаблівы кругазварот. Валерыя МАКАРАНКА, тэхнік-праекціроўшчык праектнай майстэрні «Інстытут Гроднаграмадзянпраект», працягвае павышаць сваю адукацыю і завочна вучыцца ў БНТУ на інжынера-будаўніка:

— Мінск даў мне цудоўны вопыт па прыватным домабудаўніцтве, у тым ліку па праектаванні павільёнаў, перапланіроўцы кватэр, і не толькі ў сталіцы, а па ўсёй краіне. Цяпер распрацоўваю генеральныя планы пад шматпавярховае будаўніцтва. І гэта прыемна — усведамляць, што ты прадумваеш, як зрабіць найбольш камфортнымі кватэры для людзей, у тым ліку і ваенных.

116-я штурмавая авіяцыйная база ў Лідзе стала для Яна МАКАРАНКІ, намесніка камандзіра авіяцыйнага звяна вучэбна-трэніровачнай эскадрыллі, першым месцам працы. Маладыя адразу ацанілі гэтую ціхую мясціну і старанна вывучаюць яе краявіды падчас прагулак з сабакам.

— Цяпер я адчуваю сябе больш спакойна, чым у Мінску. Няма такога, што пераехалі з вялікага горада ў маленькі і жыццё на гэтым спынілася, — кажа Валерыя. — Хоць мы вельмі любім ездзіць па ўсёй Беларусі, але Ліда стала месцам, дзе хочам уладкоўваць сваю будучыню.

Макаранкі жывуць у службовай кватэры, аднак наводзяць у ёй парадак, як ва ўласным сямейным гняздзе. Сцены дэкарыравалі карцінамі з самалётамі і рукадзельнымі работамі Валерыі, якія яна дарыла будучаму мужу падчас яго вучобы. У цэнтры пакоя размясціўся «лавец сноў», якога маладыя прывезлі з вясельнага падарожжа. Усе сувеніры яны стараюцца падбіраць так, каб іх можна было выкарыстаць у інтэр'еры.

А яшчэ дзяўчыне падабаюцца самаробныя брошкі. У дзень нашай сустрэчы да яе блузкі быў прыколаты паветраны шар.

— Калі жывеш з мужам-лётчыкам, паступова прывязваешся да авіяцыі, — смяецца Ян. — То бірулька-самалёцік, то значок на рукзак, і так плаўна ў авіяцыю ўлівацца пачынаеш.

Валерыя, дарэчы, на сабе паспытала адчуванні мужа. Калі Ян вучыўся на другім курсе, ён адвёў дзяўчыну ў аэраклуб. Там інструктар «пакатаў» яе ў небе, «выпісаўшы» на самалёце ўсе магчымыя фігуры.

— Ян не вельмі любіць дзяліцца тым, чым ён займаецца на рабоце. Але пасля таго палёту я пачала разумець, наколькі гэта складаная работа і не кожны зможа яе зрабіць. Пачала ставіцца да яго з большым разуменнем, тым больш што абстаноўка дома напрамую ўплывае на яго стан у кабіне, — дзеліцца яна.

У небе няма выпадковых

— Конкурс «Сям'я — крышталь грамадства» праводзіцца ва Узброеных Сілах краіны, каб фарміраваць станоўчы вобраз ваеннаслужачых. Тут яны паказваюць свае найлепшыя якасці і раскрываюць таленты, — далучаецца да размовы намеснік камандзіра вучэбна-трэніровачнай авіяцыйнай эскадрыллі Эдуард ЖМАКІН.

Пры гэтым спаборніцтвы праходзяць вельмі ярка і творча, прымушаць да ўдзелу нікога не трэба. Удзельнічаць Макаранкі хацелі яшчэ летась, аднак не атрымалася. Сёлета жаданне рэалізавалася. Яны з імпэтам рыхтаваліся да спаборніцтваў: пісалі вершы, песні, рабілі прэзентацыі...

Наперадзе наступны этап — спаборніцтва з іншымі найлепшымі парамі ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны. А пасля — конкурс Міністэрства абароны, дзе за званне найлепшай пары змагаюцца маладыя сем'і з воінскіх часцей усёй краіны. «І мы настроены на перамогу», — у адзін голас кажуць Ян і Валерыя.

— Я вельмі задаволена, што магу дапамагчы мужу ў такіх конкурсах і рэалізаваць свой творчы патэнцыял, і мы здольныя разам зрабіць шмат прыгожага і дзіўнага, — дзеліцца Валерыя. — Пакуль складалі вершы, шмат новых якасцяў у сабе адкрылі.

— У наступным туры мы спадзяёмся так прадставіць нашу базу, каб людзям стала цікава даведацца пра яе больш і, магчыма, прыйсці сюды служыць, — мяркуе Ян.

Ён — першы ваенны ў сваёй сям'і. Прычым пайсці ў Ваенную акадэмію вырашыў толькі ў дзясятым класе. А яшчэ заўжды хацеў скокнуць з парашутам. Гэта вырашыла справу. Лятаць курсанты пачалі з першых курсаў — на планёры. На апошніх Ян ужо лунаў у небе над Лідай.

— Як толькі сеў упершыню за штурвал — зразумеў, што не памыліўся з выбарам, гэта маё, — кажа ён.

— У авіяцыі ўвогуле не бывае выпадковых людзей, — дадае Эдуард Жмакін. — Часам прыходзіцца ахвяраваць нейкімі момантамі прыватнага жыцця дзеля неба, таму чужыя тут не затрымліваюцца. Прафесія ваеннага пераносіцца і ў штодзённы быт сям'і. Жонкі нашых лётчыкаў, напрыклад, адрозніваюць самалёты па гуку, не гледзячы ў неба. Нават шпалеры ў некаторых у «самалёціках».

Не менш, чым трое

Лідскаму аэрадрому больш за 100 гадоў. За гэты час тут склаліся свае традыцыі, наладзілася пераемнасць пакаленняў. Многія рэчы застаюцца нязменнымі. Напрыклад, праз празмерныя нагрузкі лётчыкам патрэбна шмат вугляводаў і вітамінаў. А іх найбольш у шакаладзе і згушчоным малацэ, таму гэтыя прадукты ў іх пайку абавязковыя. «Здаровы сон і харчаванне — залог паспяховага лятання». Насамрэч гэтыя жартаўлівыя словы — чыстая праўда. Такі рэжым лётчыкам неабходна вытрымліваць для якаснай работы.

— Лётчык павінен быць у добрай форме, каб выконваць фігуры вышэйшага пілатажу, манеўраваць падчас баявых дзеянняў, вытрымліваць перагрузкі і іншае. У лётчыкі ідуць найлепшыя з найлепшых, бо многіх адсейваюць па медыцынскіх паказчыках. Мы не маем права памыліцца, таму што гэта не толькі наша жыццё, а і навакольных, плюс дарагое абсталяванне, — расказвае Эдуард Жмакін і паказвае сімулятар палётаў ЯК-130, на якім лётчыкі адпрацоўваюць разнастайныя сітуацыі.

Сядаючы ў кабіну, трапляеш у трохмерную прастору і адчуваеш, як уздымаецца самалёт, як пераварочваецца ў небе, як саджаеш яго. Нават проста назіраючы, як зямля з небам перакульваюцца, мяняючыся месцамі, я адчула, як зашумела ў галаве. Што ўжо казаць пра сапраўдную вышыню...

А яшчэ траекторыю палёту адпрацоўваюць на зямлі — «пешым па лётнаму», як кажуць тут. Незалежна ад звання бярэш мадэль самалёта ў руку і «ляціш» з ім па зададзенай траекторыі, ідучы па зямлі.

У найбліжэйшых планах сям'і Макаранкаў, акрамя перамогі ў конкурсе Міністэрства абароны, — цвёрда ўстаць на ногі, набыць аўтамабіль. А далей ажыццявіць мару пра траіх дзетак. Ян кажа, што зробіць усё магчымае, каб іх будучы сын пайшоў па слядах бацькі. А Валерыя дадае: «Галоўнае, каб ён стаў такі ж шчаслівы, як мы. Абстаўляючы кватэру, я ўжо паціху думаю, дзе паставіць ложачак».

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Нябесная сям'я Макаранкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка.

Грамадства

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Першыя беларускія Соdе Сlub далучыліся да сусветнага руху

Як з дапамогай кода стварыць уласную анімацыю і «ажывіць» касмічны карабель? 

Грамадства

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Як Віцебшчына развівае стасункі з Кітаем

Наш карэспандэнт пастараўся згадаць самыя цікавыя прыклады сумеснай рэалізацыі праектаў.

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.