Вы тут

Андрэй Сідарэйка. Тайны госць


Наверсе шафы, у антрэсолі, нешта зашамацела.


«Мыш, — падумала я, але тут жа засумнявалася: — Мышэй у нас не магло быць. Яны ж не сябруюць з нашым Мурзікам».

Не паспела так падумаць, як дзіўны гук паўтарыўся.

Хто ж гэта можа быць?

Я хацела ўзяць табурэт, падставіць яго бліжэй да шафы, адкрыць дзверцы антрэсолі і зазірнуць туды. Пэўна, я так і зрабіла б, але ў гэты момант у мой пакой забегла Маша.

— А нам мама сёння яблычны пірог пякла! Смаката якая! Я табе прынесла пакаштаваць! — Маша паставіла талерку з кавалкам пірага на стол і дадала: — Нясі гарбату, будзем піраваць!

Я прыклала ўказальны палец да вуснаў і прашаптала:

— Ціха! — І паказала на антрэсоль: — Там хтосьці ёсць!

Маша прысела на канапу і зацікаўлена зірнула ўверх:

— Хто?!

— Каб я ведала! Дакладна не мышы, бо яны не сябруюць з Мурзікам.

— А я ведаю! — усміхнулася Маша. — Гэта іншапланетны госць. Я ўчора вечарам разам з татам глядзела навуковую перадачу пра іх. Часам здараецца так, што іншапланецяне могуць збіцца з курсу і да каго-небудзь заблукаць. Нават ёсць сведкі.

— Іншапланецянін? — здзівілася я і таксама прысела на канапу. — Неяк я пра гэта не падумала. — І пра што мы будзем з ім гаварыць? І ці зразумее ён нас?

— Зразумее, — сказала Маша. — У іх да вуха прыстасаваны такі прыборчык, які перакладае на іх мову ўсе мовы свету!

— Тады трэба падрыхтаваць пытанні, якія мы яму зададзім, — вырашыла я.

— Я запытаюся, ці ёсць на іх планеце марожанае і шакаладкі і колькі гэтыя прысмакі ў іх каштуюць. Калі бясплатна ці танна, я палячу з ім. Хоць тыдзень паем прысмакаў удосталь.

— А я запытаюся, ці ёсць на іх планеце школа і дамашнія заданні. Калі няма, то таксама палячу на яго планету.

— А як мы ўсе памесцімся ў лятучай талерцы? — запыталася Маша.

Тут ужо прыйшлося мне падключаць сваю эрудыцыю:

— Талерка набывае форму тых, хто ў ёй знаходзіцца!

— А ты не будзеш сумаваць па родных, сябрах, школе?

— Ну, мы толькі на тыдзень. А там, на іншай планеце, ён праходзіць вельмі хутка. Ніхто і не заўважыць нашай адсутнасці, — запэўніла я сяброўку.

— Тады давай ужо адчынім дзверцы антрэсолі і зірнём на яго — іншапланетнага госця, — прапанавала Маша.

Я ўзяла табурэт і паставіла яго ля шафы. Не паспела ўзлезці на яго, як дзверцы антрэсолі расчыніліся і з яе паказалася пухнатая галава... Мурзіка! Дык вось хто ўвесь гэты час палохаў мяне! Мурзік скокнуў на падлогу.

— І калі ты толькі забраўся туды? — запыталася я ў ката.

На гэта, вядома, Мурзік нічога не адказаў.

Мы з Машай селі за стол, сталі піць гарбату з яблычным пірагом і абмяркоўваць тэлепраграму пра іншапланецян. Так хацелася, каб аднойчы госць з іншай планеты ўсё ж завітаў да нас у госці. Такі пірог, які пячэ Машына мама, павінен паспытаць кожны!

Андрэй СІДАРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.