Вы тут

Жыхары Міншчыны сталі радзей звяртацца ў аблвыканкам па глабальных пытаннях


Старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў прыём грамадзян у Мінскім раёне.


«Жыхары Мінскага раёна сталі радзей звяртацца па глабальных пытаннях, а больш — па асабістых. Сістэмныя праблемы, якія былі агучаныя падчас мінулых прыёмаў, мы адсачылі, накіравалі фінансы, і гэта дало вынік. Напрыклад, мы выдзелілі больш сродкаў на раёны індывідуальнай забудовы і паспрабавалі прыцягнуць людзей, каб разам рабіць дарогі. Шчыльна працуем з медыцынай. На працягу месяца-двух плануем вырашыць пытанне з паркоўкай каля Мінскай раённай цэнтральнай бальніцы ў Бараўлянах. Акрамя таго, у гэтым годзе пачалі праектаванне часткі аб'ектаў аховы здароўя. Калі вырашым пытанне з грашыма, то ў наступным годзе плануем пачаць будаўніцтва чатырох бальніц і паліклінік у раёне», — адзначыў Анатоль Ісачанка. Яго словы прыводзіць карэспандэнт агенцтва БелТА.

Што да прыёму грамадзян, то ўчора да старшыні Мінаблвыканкама са сваімі пытаннямі і праблемамі прыйшлі дзесяць чалавек.

Жыхар Бараўлянаў папрасіў уладкаваць спартыўныя пляцоўкі і пешаходныя дарожкі каля яго жылога дома. Шматпавярховік быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2010 годзе, работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі не выкананы да гэтага часу. Анатоль Ісачанка адказаў: «Давайце падымем дакументацыю: калі зона адказнасці наша, то зробім».

Жанчына з аграгарадка Новы Двор звярнулася адразу па некалькіх пытаннях. Па-першае, папрасіла забараніць продаж алкаголю на аб'екце грамадскага харчавання на прыпынку грамадскага транспарту каля школы. Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінаблвыканкама Таццяны Шаўцовай, кафэ правяралі — гандаль слабаалкагольнымі напоямі на гэтым аб'екце вядзецца па законе.

Яшчэ адно пытанне датычылася добраўпарадкавання вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку Новы Двор. Генеральны дырэктар ДА «ЖКГ Мінскай вобласці» Васіль Шашок паабяцаў: да 30 красавіка работы будуць завершаны.

З нагоды якасці водаправоднай вады да губернатара звярнуўся жыхар пасёлка Юбілейны. Паводле яго слоў, вада цвёрдая і трубы гарачага водазабеспячэння забіваюцца налётам, даводзіцца перапайваць цэлыя стаякі. Старшыня Мінаблвыканкама даручыў спецыялістам у якасці эксперымента на паўгода паставіць у адным з дамоў сістэму памякчэння вады і потым далажыць яму аб выніках.

Заяўнік таксама папрасіў уладкаваць пешаходныя і веладарожкі вакол возера Сеніцкага. У сваю чаргу Анатоль Ісачанка прапанаваў вырашыць пытанне разам: улады ў гэтым годзе падрыхтуюць праектна-каштарысную дакументацыю, у наступным пачнуць будаўніцтва, але з умовай, што мясцовыя жыхары выйдуць на суботнік і дапамогуць з добраўпарадкаваннем.

На прыёме таксама ўздымаліся пытанні водазабеспячэння жылога дома, устанаўлення межаў зямельнага ўчастка, паляпшэння жыллёвых умоў шматдзетнай сям'і, адключэння электразабеспячэння.

У цэлым, адзначыў губернатар, складанасць прыёмаў грамадзян у тым, што часам цяжка ўлавіць, калі чалавек паступае меркантыльна, а ў якім выпадку яму сапраўды патрэбна дапамога. Вельмі складана разабрацца ў асабістых пытаннях. «Прыёмы грамадзян заўсёды цяжкія, калі іх праводзіць шчыра, спрабаваць зразумець сітуацыю, дапамагчы чалавеку», — сказаў Анатоль Ісачанка.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?