Вы тут

Як будуць супрацоўнічаць Беларусь і Францыя?


На гэтым тыдні дэлегацыя групы дружбы «Францыя — Беларусь» Сената Францыі, якую ўзначальваў намеснік старшыні Камісіі па фінансах Шарль Генэ, наведала з афіцыйным візітам беларускую сталіцу, пабывала на некаторых аб'ектах Мінскай і Гродзенскай абласцей.


За парламенцкімі кантактамі актывізуецца і бізнес

Вітаючы гасцей на сустрэчы ў Савеце Рэспублікі, спікер верхняй палаты беларускага парламента Міхаіл Мясніковіч з задавальненнем адзначыў актывізацыю ў апошнія гады беларуска-французскіх адносін:

— Гэта датычыцца палітычных кантактаў, міжпарламенцкага дыялогу, эканамічнага супрацоўніцтва, — падкрэсліў ён і выказаў упэўненасць, што ў межах візіту будзе магчымасць разгледзець разнастайныя цікавыя праекты, якія сёння гатовы прапанаваць беларускі бок.

— Гэта першы візіт на такім высокім узроўні, і я мяркую, што ён будзе паспяховым, — выказаў упэўненасць Міхаіл Мясніковіч.

На сустрэчы ён акцэнтаваў увагу на шматвектарнасці палітыкі, якую праводзіць Беларусь, і актывізацыі беларуска-французскіх адносін. Як вынік — рост тавараабароту паміж дзвюма краінамі. Так, леташні аб'ём узаемнага гандлю ў параўнанні з 2017-м вырас на 9 % і склаў 399 мільёнаў долараў. Беларускі экспарт у Францыю павялічыўся на 12,2 %, а французскі імпарт у Беларусь — на 8,3 %. Ужо сёлета пазітыўная дынаміка працягнулася, паказаўшы рост узаемнага гандлю амаль у 1,4 раза.

Адпаведны рост дэманструе і работа па прыцягненні французскіх інвестыцый у беларускую эканоміку. Летась было прыцягнута 8,1 мільёна долараў (172 % да ўзроўню папярэдняга года), з іх прамыя інвестыцыі — 7,7 мільёна. Дарэчы, у Беларусі зарэгістраваныя 63 арганізацыі з французскім капіталам. Найбуйнейшымі кампаніямі, якія працуюць у нашай краіне, з'яўляюцца Peugeot, Cіtroen, Renault, Danon і шэраг іншых.

— Гэта сведчыць аб тым, што і бізнес падцягваецца да таго ўзроўню палітычных кантактаў, якія ўсталёўваюцца паміж нашымі краінамі, — падкрэсліў спікер верхняй палаты беларускага парламента.

Узаемная падтрымка

Акрамя пытанняў двухбаковага парадку дня старшыня Савета Рэспублікі прапанаваў таксама абмеркаваць тэмы, звязаныя з узаемнай падтрымкай на міжнародных пляцоўках, у тым ліку і ў межах Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што Беларусь рыхтуе да летняй сесіі праект рэзалюцыі, прысвечанай развіццю навукі, тэхналогій і інавацый, і выказаў надзею, што французскія парламентарыі падтрымаюць беларускія ініцыятывы.

Асаблівая ўвага была нададзена і развіццю пабрацімскіх адносін і супрацоўніцтву паміж гарадамі і рэгіёнамі Беларусі і Францыі.

— Мы ведаем, што вы на працягу шасці гадоў былі адным з кіраўнікоў Сената Францыі, узначальвалі асацыяцыю мэраў гарадоў, безумоўна, у вас вельмі багаты вопыт, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч, звяртаючыся да Шарля Генэ з прапановай падумаць аб такім фармаце ўзаемадзеяння, як форум гарадоў-пабрацімаў.

У сваю чаргу старшыня групы дружбы «Францыя-Беларусь» Францыі падзякаваў за цёплы прыём і заўважыў, што ва ўзаемаадносінах дзвюх краін ёсць некаторае адставанне, якое, у тым ліку дзякуючы групе дружбы, неабходна пераадолець.

— Мы тут дзеля таго, каб нарошчваць наша супрацоўніцтва як у культурнай сферы, так і ў эканамічнай галіне, — падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, за 18 месяцаў існавання адпаведнай групы ў французскім Сенаце з'явіўся шэраг напрацовак, якія маглі б пашырыць супрацоўніцтва па некалькіх кірунках. У прыватнасці ў лясной прамысловасці і ўсім, што з ёю звязана. Прывабнай, з пункту гледжання французскіх парламентарыяў, бачыцца і сфера турызму (так званы турыстычны інжынірынг). У фокусе ўвагі знаходзіцца і стварэнне найноўшых тэхналогій, штучнага інтэлекту, лічбавых тэхналогій.

Па выніках сустрэчы ў Савеце Рэспублікі Шарль Генэ расказаў, што бакі вызначылі шэраг напрамкаў, па якіх магло б развівацца двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва. У прыватнасці, адзін з прыярытэтных — развіццё ІТ-сферы. Таксама гаворка датычылася супрацоўніцтва па вырабе прадуктаў харчавання і ў галіне аўтамабілебудавання.

Акрамя таго, на сустрэчы бакі закранулі пытанне ядзернай энергетыкі:

— Паколькі Францыя валодае велізарным вопытам у гэтай сферы, мы абмеркавалі магчымасці абмену ім паміж спецыялістамі Беларусі і Францыі, у прыватнасці ў галіне бяспекі ядзернай энергетыкі, паколькі пытанне бяспекі хвалюе насельніцтва як вашай краіны, так і нашай, — падкрэсліў парламентарый.

Вучаць у школе, вучаць у школе...

Кіраўнік рабочай групы па супрацоўніцтве з Францыяй у Савеце Рэспублікі, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар СІРЭНКА ў гутарцы з журналістамі падкрэсліў значнасць першага візіту парламенцкай дэлегацыі. Ён акцэнтаваў увагу на двухбаковым супрацоўніцтве ў галіне нарматыўнай базы, адукацыйнай, навукова-тэхнічнай сферах, развіцці адносін, звязаных з ядзернай бяспекай і ўтылізацыяй ядзерных адходаў.

Паводле яго слоў, французскі бок хвалюе і праблема вывучэння французскай мовы ў Беларусі: з кожным годам зніжаецца колькасць дзяцей, якія вывучаюць яе ў школе.

— Мы гатовыя да дыялогу абсалютна па ўсіх напрамках, — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што развіццё міжпарламенцкіх кантактаў паслужыць пазітыўным сігналам для бізнесу. — На сённяшні дзень пунктаў судакранання для паглыблення кантактаў досыць шмат, мы павінны іх убачыць, абмеркаваць і даць штуршок далейшаму развіццю супрацоўніцтва.

У рамках візіту парламенцкай дэлегацыі Францыі ў Беларусь адбыўся шэраг сустрэч з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў, Канстытуцыйнага Суда, Парка высокіх тэхналогій. Парламентарыі Сената Францыі наведалі ААТ «БелАЗ», шэраг аб'ектаў Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Наша даведка

Найвышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органам Францыі з'яўляецца двухпалатны парламент. Ніжняя палата — Нацыянальны сход, дэпутаты якога абіраюцца тэрмінам на пяць гадоў на аснове ўсеагульнага і прамога галасавання, разглядаецца як орган агульнанацыянальнага прадстаўніцтва.

Сенат, члены якога абіраюцца тэрмінам на дзевяць гадоў шляхам ускосных выбараў, прадстаўляе інтарэсы тэрытарыяльных калектываў.

Палаты фактычна валодаюць аднолькавай кампетэнцыяй, адрозненні ў асноўным датычацца толькі заканадаўчага працэсу, а таксама сферы парламенцкага кантролю.

Рабочая група па супрацоўніцтве з Францыяй у Савеце Рэспублікі і група дружбы «Францыя — Беларусь» у Сенаце Францыі былі створаны ў 2018 годзе. Дзейнасць груп накіравана на пашырэнне супрацоўніцтва пабрацімскіх гарадоў Беларусі і Францыі, усталяванне прамых кантактаў паміж дзелавымі коламі, развіццё двухбаковых адносін у інвестыцыйнай, сельскагаспадарчай, экалагічнай і іншых сферах.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.