Вы тут

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці


У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. З іх 57 абраны ў абласны Савет, 607 — у Саветы базавага ўзроўню і 2298 — у Саветы першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню, значыць, у сельскія і пасялковыя. Гэта людзі, за якіх прагаласавалі выбаршчыкі, людзі, — адказныя перад жыхарамі сваіх акруг за тое, як развіваюцца тэрыторыі, якія рашэнні выпрацоўваюць і прымаюць органы ўлады на месцах. Аб рабоце дэпутатаў, Саветаў і ініцыятывах, якія становяцца рэальнымі справамі, — наша размова са старшынёй Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрыем НАРКЕВІЧАМ.


— На апошніх выбарах дэпутацкі корпус Брэстчыны абнавіўся амаль на 46 працэнтаў, — пачаў гаворку Юрый Іосіфавіч. — Значыць, крыху больш за палову дэпутатаў маюць вопыт работы. Такія суадносіны дазволяць захаваць пераемнасць з самымі лепшымі напрацоўкамі ў справе ажыццяўлення мясцовага самакіравання. Яшчэ на першай сесіі мы з дэпутатамі абласнога Савета зноў зверылі нашы пазіцыі і вызначылі прыярытэты ў рабоце. У полі зроку мясцовай улады шмат пытанняў. Гэта садзейнічанне выкананню прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкання бюджэту, падтрымка стварэння новых вытворчасцяў і садзейнічанне занятасці насельніцтва, прыцягненне ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая выкарыстоўваецца неэфектыўна, добраўпарадкаванне, развіццё сацыяльнай інфраструктуры, работа з пажылымі, адзінокімі грамадзянамі, сацыяльна неабароненымі слаямі насельніцтва, прафілактыка правапарушэнняў і прапаганда здаровага ладу жыцця, развіццё асабістай дапаможнай гаспадаркі, арганізацыя закупу малака ў насельніцтва, знос пустых і старых дамоў, вываз смецця і прывядзенне ў парадак палігонаў ЦБА, спрыянне выкарыстанню турыстычнага патэнцыялу рэгіёна. І гэта далёка не поўны пералік пытанняў, тэм, праблем, якімі займаюцца мясцовыя Саветы. Летась мы распрацавалі крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці работы старшынь Саветаў базавага ўзроўню. Вынікі падводзім кожны квартал.

— Часта бываю ў сельскіх Саветах і ведаю, што кіраўнікі сельвыканкамаў сваёй работай бачаць найперш навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне, падтрыманне ў належным стане тэрыторый. Хоць гэта і не проста, асабліва пры сціплых бюджэтах мясцовых выканкамаў у глыбінцы, некаторыя працуюць даволі цікава, дабіваюцца, каб вёскі, аграгарадкі выглядалі прывабна.

— Так, парадак на зямлі — той кірунак работы, які заўсёды меў асаблівую актуальнасць. А цяпер, калі мы жывём пад знакам Года малой радзімы, гэтая тэма набывае асаблівае гучанне. Хочацца, каб кожны куток нашай вобласці выглядаў прывабна. І, галоўнае, што нам гэта пад сілу. Трэба праявіць ініцыятыву і жаданне, не баяцца працаваць. Думаю, многім варта было б павучыцца ў Клейнікаўскім сельсавеце Брэсцкага раёна. Гэта прыгарадны сельсавет, які суседнічае з гарадской рысай Брэста, ён яшчэ і памежны. Па тэрыторыі праходзіць дзесяць кіламетраў дзяржаўнай мяжы з Польшчай. На тэрыторыі размяшчаюцца памежная застава і пункт пропуску. Усё гэта абавязвае падтрымліваць парадак на ўзроўні і займацца добраўпарадкаваннем з прыцягненнем магчымых сіл і сродкаў. У Клейніках менавіта так і робяць.

Некалькі гадоў таму ў квартале новай жылой забудовы стварылі дзіцячую пляцоўку. Квартал гэты вырас прыкладна за кіламетр ад асноўных вуліц аграгарадка. Жыллё там узвялі маладыя сем'і, у тым ліку шматдзетныя. А каб трапіць на бліжнюю дзіцячую пляцоўку, маці з каляскай трэба было прайсці кіламетр, а то і болей. І старшыня сельскага Савета Алена Мельнік вынесла гэтае пытанне на сельскі сход. Стварылі ініцыятыўную групу, сабралі грошы, за якія набылі будаўнічыя матэрыялы. Сельвыканкам купіў абсталяванне для пляцоўкі. А на расчыстку пляцоўкі, добраўпарадкаванне тэрыторыі выйшла большасць жыхароў квартала. І цяпер пляцоўкай карыстаюцца ўсе.

А вуліца Пагранічная ў Клейніках была адрасам, куды пастаянна прыходзілі адказы на скаргі жыхароў. Бо па названай вуліцы вясной і восенню было цяжка як прайсці, так і праехаць. І вось жыхары на адным з чарговых сходаў вырашылі, што прыйшоў час дзейнічаць, а не толькі пісаць скаргі. Сабралі грошы, купілі матэрыял для падсыпкі. Потым за справу ўзяліся дарожнікі, ДРБУ-138 правяло падсыпку і грэйдзірванне 590 метраў дарогі, па якой цяпер камфортна хадзіць у любое надвор'е. І што цікава, жыхары Пагранічнай вуліцы да сваёй дарогі ставяцца надзвычай беражліва. Самі сочаць за тым, каб па дарозе не хадзілі цяжкагрузы. У адваротным выпадку інфармуюць кампетэнтныя службы. Калі толькі хто пачынае праводзіць спецыфічныя работы, адразу паступае званок у сельсавет: грамада Пагранічнай вуліцы цікавіцца, ці мае дазвол на капанне траншэі арганізацыя альбо прыватная асоба, што яго распачала. Калі ж дарожнікі праводзяць чарговую прафілактыку дарожнага пакрыцця, ім пакажуць нават на невялікія агрэхі. Адным словам, людзі адчулі сябе гаспадарамі і паводзяць сябе адпаведным чынам. І гэта вельмі добра.

Такім жа чынам, з прыцягненнем грамадскасці ўдалося вырашыць глабальную для Клейнікаў праблему — абсталяваць парковачную пляцоўку. Раней цэнтральная плошча аграгарадка не раз станавілася месцам канфліктаў. Справа ў тым, што тут знаходзяцца школа мастацтваў з актавай залай, а таксама цэнтр карэкцыйна-развівальных заняткаў і рэабілітацыі інвалідаў. Тут жа размешчаны канцавы прыпынак грамадскага транспарту. Здаралася, што бацькі, якія прыязджалі на канцэрт сваіх дзяцей у школу мастацтваў і тыя, хто прыводзіў сваіх родных у цэнтр інвалідаў, застаўлялі машынамі плошчу так, што рэйсавы аўтобус развярнуцца не мог. Тады адбываўся канфлікт з выклікам ДАІ і высвятленнем адносін.

Кіраўнік Клейнікаўскага сельвыканкама са сваім актывам сумелі прыцягнуць спонсараў, дзяржаўныя і прыватныя структуры, якія працуюць на тэрыторыі, да фінансавання важнага для аграгарадка аб'екта. А мясцовыя жыхары, сталыя і моладзь, выйшлі на суботнікі і дапамаглі добраўпарадкаваць новую парковачную пляцоўку. У вёсках названага сельсавета ўжо стала традыцыяй прыбіраць прыбярэжныя зоны рэк Лясная і Буг. І ўзначальваюць гэту работу дэпутаты сельскага Савета, старасты вёсак. Людзі выходзяць маленькімі групамі і прыводзяць у парадак той участак ракі, які пацярпеў ад «набегу» адпачывальнікаў. Выхоўваць аматараў адпачынку на прыродзе тут узяліся чысцінёй і прыгажосцю. І вынік не прымусіў сябе чакаць: калі тры-чатыры гады таму на сабранае смецце патрабавалася два прычэпы трактара, то цяпер удаецца абысціся 8—10 мяхамі.

— Пагаджуся, гэты прыклад вельмі паказальны, калі сельская ўлада ўмела накіроўвае ды ўзначальвае ініцыятыву грамадзян. Але ж адна справа — вялікі аграгарадок побач з абласным цэнтрам, дзе людзей многа, іх матэрыяльнае становішча не горшае, ды на тэрыторыі працуюць паспяховыя прадпрыемствы, і зусім іншыя магчымасці для ажыццяўлення самакіравання ў невялікай вёсцы ў глыбінцы, дзе засталіся ледзь не адны пенсіянеры...

— Так, гэта іншыя магчымасці. Але і там ёсць добрыя прыклады сумеснай работы на карысць насельніцтва. Вёска Чамялы Волькаўскага сельсавета Івацэвіцкага раёна зусім не аграгарадок, там пражывае крыху больш за сто чалавек. З усіх сацыяльна-бытавых аб'ектаў працуе толькі магазін райспажыўсаюза. Дык вось самі жыхары абсталявалі Дом сацыяльных паслуг. Пры гэтым, заўважце, памяшканне прыстасавана не з былога клуба, КБА, закрытай школы, як звычайна бывае, а з прыватнага жылога дома. Больш за тое, у дома ёсць законны гаспадар, які пражывае ў райцэнтры. Дык вось стараста вёскі Ганна Емельяновіч знайшла паразуменне з гаспадыняй. Гэтая жанчына вырасла ў згаданым доме, цяпер яна пенсіянерка, пасля смерці бацькоў не мае магчымасці яго даглядаць, але і прадаваць не вельмі хоча. Таму яна і згадзілася даць сваю маёмасць ў карыстанне вясковай грамадзе ўзамен на падтрыманне парадку.

Цяпер тут праводзяцца сельскія сходы, прымае пацыентаў раз на месяц участковы тэрапеўт з Даманаўскай амбулаторыі, сюды зазіраюць участковы і інспектар пажарнага нагляду падчас прафілактычных мерапрыемстваў. Нават святар здзяйсняе споведзь для састарэлых людзей ды праводзіць асвячэнні. А вяскоўцы на чале са старастам прыбіраюць у доме і на двары, праводзяць касметычны рамонт памяшкання. Той выпадак, калі ініцыятыву грамадзян трэба ўсяляк падтрымліваць, накіроўваць, як і зрабіў старшыня сельвыканкама Ігар Карповіч.

— У гісторыі вясковага Дома сацыяльных паслуг ключавую ролю сыграла стараста вёскі, якая, трэба разумець, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. І такія ёсць у кожным раёне. Людзі займаюцца гэтай работай на грамадскіх пачатках, многія даволі паспяхова. І ў сённяшнім выпуску расказваецца пра адну з такіх старастаў. Стараста вёскі Яглевічы Валянціна Якімовіч на сваёй грамадскай працы кожны дзень. Ці дзейсная, на ваш погляд, сістэма заахвочвання старастаў, якая цяпер існуе?

— Штогод праводзім конкурсы-агляды работы старастаў як у вобласці, так і ў раёнах, пераможцы атрымліваюць грашовыя прэміі, падарункі. Згаданая вамі стараста летась па выніках папярэдняга года станавілася пераможцай абласнога конкурсу. Ёсць свая сістэма заахвочвання ў кожным раёне. Раённыя Саветы адзначаюць найлепшых старастаў каштоўнымі падарункамі, граматамі, расказваюць пра іх у раённых сродках масавай інфармацыі.

Варта сказаць, у многіх сельсаветах ёсць старасты, якія працуюць цікава, нават творча. Гэтае азначэнне можна прымяніць, напрыклад, да старасты вёскі Залуззе Жабінкаўскага раёна Аляксандра Казака. Ён і суботнік арганізуе, і сам, калі трэба, дапаможа пажылому чалавеку. Адзінокай пенсіянерцы Надзеі Яшчук адрамантаваў печ. Стараста з Малькавіч Ганцавіцкага раёна Мікалай Хілюціч галоўны ўхіл робіць на парадак. Разам з аднавяскоўцамі Мікалай Мікалаевіч вывозіць смецце з усталяваных на могілках кантэйнераў, кантралюе стан міні-палігона для адходаў, абкошвае тэрыторыю. Ён праводзіць тлумачальную работу пра карысць раздзельнага збору адходаў і сам паказвае прыклад. Стараста вёскі Вялікія Круговічы гэтага ж раёна Ванда Чабатарэнка вядзе вялікую работу па прафілактыцы п'янства і алкагалізму, эфектыўна працуе з праблемнымі сем'ямі. Яе сусед Іван Муха за свае сродкі абнавіў помнік загінулым воінам у вёсцы Кукава. Стараста вёскі Хатынічы Андрэй Ярашэвіч стварае летапіс сваёй вёскі. Хоць, улічваючы працоўныя і грамадскія заслугі былога сельскага настаўніка, можна складаць летапіс пра яго самога.

Многія пытанні вырашаюць мясцовыя дэпутаты. Можна сказаць, што у выніку ажыццяўлення дэпутацкіх ініцыятыў вырашаны канкрэтныя праблемы добраўпарадкавання ў населеных пунктах, транспартнага абслугоўвання. Дэпутата Пінскага раённага Савета па Лагішынскай акрузе Андрэя Ціханава выбаршчыкі прасілі дапамагчы з арганізацыяй дадатковага рэйса з Лагішына ў Пінск. Па дэпутацкім запыце такі рэйс раніцай быў уведзены. Гэта вельмі актуальна, бо апошнім часам многія жыхары пасёлка дабіраюцца на работу ў горад. А, скажам, у Пінкавічах раней не было цывілізаваных умоў для гандлю сельгаспрадукцыяй. Дэпутаты сельскага Савета Дзмітрый Кісель і Аляксандр Вайтовіч, адзін з якіх намеснік дырэктара прадпрыемства, другі — начальнік участка ЖКГ, арганізавалі выбаршчыкаў на працоўную акцыю. Была праведзена работа па добраўпарадкаванні будучага мінірынку. Цяпер у сезон камфортна сябе адчуваюць як прадаўцы, так і пакупнікі.

— Наколькі я ведаю, ёсць цікавы вопыт вырашэння праблемы сезоннага гандлю ў Баранавічах...

— І заслуга гэта Савета дэпутатаў бягучага склікання. Прэзідыум гарадскога Савета вясной летась прыняў рашэнне аб упарадкаванні стыхійнага вулічнага гандлю. Замест таго, каб забараняць вулічны продаж агародніны, ягад, фруктаў, у горадзе акультурылі гандлёвыя месцы. З прыцягненнем рэкламнага прадпрыемства вырабілі навесы-павільёны, дзе сядзяць у асноўным пенсіянеры і прадаюць вырашчанае на лецішчы і прысядзібных участках. Канструкцыі паставілі там, дзе людзі гадамі альбо нават дзесяцігоддзямі прадавалі прадукцыю з агародаў і садоў. Такім чынам з'явілася 58 гандлёвых месцаў. І гэта стала своеасаблівым сацыяльным праектам для пенсіянераў, якія атрымліваюць прыбаўку да пенсіі, і дадатковай зручнасцю для гараджан.

Баранавічы наогул знакамітыя многімі ініцыятывамі ў галіне самакіравання. Адна з іх — першы ў краіне камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Надзея». Добрая справа ва Усходнім мікрараёне Баранавіч, дакладней, па вуліцы Паркавай, пачалася ў 2003-м. Так што летась камітэт адзначаў сваё 15-годдзе. Былі аб'яднаныя намаганні жыльцоў 15 кааператыўных дамоў па вуліцы Паркавай па добраўпарадкаванні і падтрыманні парадку на прыдамавых тэрыторыях. Гаворка ішла тады пра тры тысячы жыхароў. Людзі адарваліся ад канап, выйшлі ў двары і многае зрабілі сваімі рукамі. Калі ж агульная справа атрымала арганізацыйнае ўвасабленне, з'явілася магчымасць атрымліваць гранты, у тым ліку замежныя. За еўрапейскія грошы, сродкі, выдзеленыя з бюджэту і сабраныя грамадзянамі карэнным чынам палепшылі асвятленне, азелянілі мікрараён, абсталявалі дзіцячыя пляцоўкі. Зараз камітэт аб'ядноўвае 25 дамоў з колькасцю насельніцтва каля пяці тысяч чалавек. Адзін з апошніх праектаў «Надзеі» — падтрымка маламаёмасных катэгорый насельніцтва, шэфства над пенсіянерамі ў арганізацыі іх вольнага часу.

Эфектыўна працуе вулічны камітэт у Століне па вуліцы Дзяржынскага, у склад якога ўваходзіць дзевяць чалавек. За дзесяць гадоў работы камітэта памяняўся знешні выгляд прыдамавых тэрыторый. Шмат робіцца дэпутатамі абласнога цэнтра напярэдадні святкавання 1000-гадовага юбілею горада.

Гэты вопыт надзвычай каштоўны. Яго трэба выкарыстоўваць паўсюль у гарадах. Дамавыя камітэты, калі знайсці актыўнага лідара, могуць шмат зрабіць для навядзення парадку. А гэта і ёсць першасныя формы самакіравання. У падобных стасунках людзі знаёмяцца, пачынаюць камунікаваць, у найлепшых выпадках такая работа не абмяжоўваецца ўсталяваннем, напрыклад, адной дзіцячай пляцоўкі, а ідзе далей, развіваецца. І вось з такіх нефармальных лідараў дамоў, вуліц, кварталаў павінны вырастаць дэпутаты гарадскіх ці раённых Саветаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.